1956–1970

1956–1970

Рэдакцыя „Нівы” ў лютым 1956 г. уяўляла сабою высозную мяшчанскую кватэру, застаўленую пісьмовымі сталамі, рэгаламі, канцылярскімі шафамі, крэсламі; стукацелі пішучыя машынкі, дзве. Радавала нявымушанае ў фірме беларускамоўе без следу польскага акцэнту. Іншы раз мелася ўражанне, што неўзабаве загаворыць па-беларуску ўвесь Беласток, яшчэ даволі ў руінах і не так вялікі, як цяпер (у 6-7 разоў). Сакратар рэдакцыі Міхась Баравік бачыўся жывым прыкладам выратавання беларуса ў беларусе. Гаварыў дзіўным слэнгам: – Товарышч Яновіч, – вылазіла з яго палешуцкае „о”, паходзіў з-пад Гайнаўкі, – s?uchajcie, товарышч Яновіч, я w waszym tek?cie ні всё понімаю. Мне кажэцца, prosze ciebie, ?e недостаточно показана роль месной organizacji partyjnej... Трэбо подкрэсліті, што той мосток построен дзякуючы актівной postawie cz?onk?w Partii...

У цеснаце гэтыя маналогі чула, згорбіўшыся, уся рэдакцыя. Яе малады шэф, Юры Валкавыцкі, не вытрымліваў ды бурчэў: – Ат, вы, таварыш Баравік, усё каплічкі ставілі б...

У той лютаўскі месяц прынялі мяне на пасаду перакладчыка. І Веру Ляўчук з арлянскай кафлярні, пра якую было вядома, што закончыла беларускі ліцэй у Бельску і піша беларускія вершы. Адзіным журналістам „Нівы”, які ўдала стараўся даваць рады пісаць артыкулы на культурнай роднай мове, быў менавіта сам шэф. Будучы абсальвентам Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага ў Маскве, ён, ясная справа, таксама ствараў вершы, але чамусьці на русском языке і публікаваў іх у лодзінскім „Русском голосе” Панцеляймона Юр’ева.

Я працаваў, так сказаць, плячо ў плячо з Верай; штораз выхопліваючы адно аднаму з рук таўшчэрны слоўнік акадэміка Кандрата Крапівы. Утомна сённячы вось падумаць пра ўзровень тадышніх нашых перакладаў! Але чытачы неяк разумелі і пісьмы пісалі, прыблізна ў стылі шаноўнага Баравіка. Пасыпаліся вершыкі ад людзей старэйшага ўзросту, памятаючых віленскую сатырычную „Маланку” або Шэршаня з акупацыйнай беластоцкай „Новай Дарогі”. Аднойчы атрымалі ліст, які хадзіў з рук у рукі таму, што быў „на чыстай беларускай”. Калі дачуўся я пра службовы намер запрасіць таго карэспандэнта на штатную работу, бо фатальна не хапала „беларускіх грамацеяў”, спалохаўся і прызнаўся: гэта – Міхасю Клімовічу з Крынак – я склаў тэкст, уласнаручна; стары чалавек і ледзь чытае па складах...

Потым прачнуліся амбіцыі ў Ваські Баршчэўскага і Міхася Хмялеўскага: у першага на бандароўскім дыялекце, у другога – на астраўскім. З Васькам змагалася за чысціню мовы Вера, а я выбіваў з Міхасёвай галавы русізмы, якіх ён набраўся на ленінградскім універсітэце (найдоўга цягнулася між намі бітва супраць „клевера” замест „канюшыны”). А Васька заеўся не прызнаваць мяккіх канчаткаў „-ць”, „-дзь” (у яго ўсё „гаворат” замест „гавораць”, і т.п.). Шрайбавалі на „трасянцы”. Каб паспець здаць матэрыял у тэрмін, а друкарня не чакала, даводзілася працаваць над чысткаю пісаніны звыш усялякае нормы, дапазна.

Мне моцна спадабалася патрыятычная Вера! Перамагаючы заіклівасць, я паспрабаваў залётаў: аднае нядзелі запрасіў яе на цукеркі ў гарадскім парку, з ціхай надзеяй на шчаслівы пацалунак, але яна больш зацікавілася... буйным шчаўем у далінцы. Згледзеўшы пасля, што гэтак жа заінтрыгаваны ёю кавалерскі шэф, я, вядома, стуліў вушы і адступіўся ад далейшых планаў. Дзяўчаты заўважалі мяне на момант, да ініцыятыўнае размовы, да першапачатковых словаў „я ху-ху-хутка яб-яб-яблыка в-вам пррры-нясу...” Не зразу выпрацаваў недвухзначныя фразы.

Рыхтаваўся ўстаноўчы з’езд Беларускага грамадска-культурнага таварыства, на 26 лютага ў будынку Towarzystwa Przyja?ni Polsko-Radzieckiej, што на рагу вуліцаў Сянкевіча і Ліповай. Заперлі мяне перакладаць з пальшчызны статут і ўсякія прамовы; папярэджана, што буду весці пратакол з’езду, на змену з тым Васькам. Прычына тая ж: не мелі іншых беларуска-пісьменных (так засталося і да цяперашняга 2000-га). У пакойчыку на паверсе не аціхалі сварлівыя нарады тых, каго партыя і ўрад прадбачылі на лідэраў, будуючай сацыялізм беларускай нацыянальнай мяншыні. Шумела дзяльба: каму і які кавалак. Акрамя знаёмых дзядзькоў, Кізевіча і Літвінчыка, з’явілася плойма новых, нахмураных і баявітых, і страх было хоць зірнуць на іх. З’езд удаўся натоўпістым. З немалым здзіўленнем угледзеў я на ім сваю матку. Яна не зусім цяміла, куды яе занесла, але ёй спатрэбілася пабачыць мяне, прывезці свежую бялізну, і вось пакарысталася аказіяй: стаяў на крынкаўскім рынку грузавік з брызентам, у які бралі бясплатна „на беларускі з’езд”. Такім чынам трапіла мацерка „ў дэлегаты”. Відаць яе на публікаваных фатаграфіях тае векапомнай падзеі.

Рэдакцыйная работа – без элементарнага паняцця аб ёй – давалася нявыказна цяжка, але душа гарэла энтузіязмам. Здараліся дні і ночы, калі я амаль не спаў, малады і здаровы дваццацігодак. Сапраўднай журналістыкі раней палізаў трохі адзін Міхась Хмялеўскі; рэшта знаходзілася на сярмяжным узроўні тыпу: „Хлопці, будэмо пысаті газэту!” І хлопцы шпарылі! Сёння ў мяне няма адвагі глянуць на тыя нумары „Нівы”: прымітыў на ўзор перадваенных эфемерыдаў убогіх сялянскіх рэдактараў.

Некуды знік Мікола Калядка. Вынырнуў паважаным інструктарам Галоўнага праўлення Таварыства, але і ў гэтай ролі не вызначыўся. Сімпатычна з ім гаварылася, але быў з яго тып урадніка, не дзеяча. Як рэпатрыянту з-за савецкага кардону, магчыма, не надта і давяралі яму... Я, завалены тэрміновымі перакладамі, не меў калі на розгляды. Працоўны дзень апавяшчаў Баравік нараканнямі, што znowu няма з чаго зрабіць наступны нумар тыднёвіка. Калі, нарэшце, выходзіў з друку – здаецца, у чацвяргі? – склікалі нараду дзеля ацэнкі публікацыяў, іх ідэйнай важнасці ды тэматычнай разнастайнасці, агульнага выгляду часопіса. Панаваў настрой свята, які часам псаваў – заўсёды партыйнай крытыкай – Васька Баршчэўскі, пасля чаго арганізаваў ён складчыну на выпіўку. Яго пабойваліся шэфы і да п’янкі, зрэшты памяркоўнай, даходзіла без іхнага ўдзелу. Любіў пагаманіць з чаркаю ў руцэ вельмі таварыскі Міхась, а Васькаў успамагальнік, вечна падпіты Мікола Матэйчык – з Гарадка – пераўтвараўся ў аратара і дэкламатара чужых ды ўласных строфаў. Не пісаў вершыкаў, бадай, адзін Баравік. Аграном.

Журналіста з класным пяром „Ніва” не займела. Бо і адкуль?! Талент праглядаўся менавіта ў Ваські, аднак не хапала яму адукаванасці. І характару – схільнасці працаваць над сабою, чытаць кніжкі, развіваць здольнасці. Удачы не акрылялі яго, а дэмаралізавалі. У камандзіроўках клеіліся да Ваські гарачыя бабы, што не магло закончыцца дабром. У тым якаясьці біялагічная загадка: ёсць мужчыны, бы чараўнікі, якім нічога не каштуе спадабацца жаночай пекнаце. Наогул досыць вульгарныя яны самцы, што іншы Колька – Куц – тлумачыў арыфметычна: з дзесяці апланаваных каханак толькі... дзевяць б’е ў морду.

Я тым часам верыў у моц друкаванага слова, у ягоную публічную цудадзейнасць, і заядла ўзяўся за свае дыдактычныя апавяданні. Дастаткова нагадаць загаловак „Гнілое ў здаровым” з травеньскай „Нівы”, каб адразу адчуць, аб чым мой твор. Або „Родная глухамань” – у некалькіх укрыўках, летам таго ж пяцьдзесят шостага. Задаволенасць Валкавыцкага маім дэбютам была, як думаю, выключна практычная – меў чым запоўніць старонкі, прычым тэкстамі вытрыманымі ў строгім сацыялістычным рэалізме, з непазбежным маралітэтам, пазітыўным. Даваў мне, электратэхніку, „азбучные” веды пра тэхналогію літаратурнага запісу. На падабенства эксклюзіўнага выкладу. Хоць не ўсё да мяне даходзіла ад яго, але я інстынктыўна прадчуваў, што надарыўся шанц нечага падвучыцца ў чалавека, які ведае, што такое літаратура. Як аказалася пасля, як ніхто акрамя яго ў нашым пасляваенным асяроддзі паўінтэлігентаў у першым пакаленні. Без паняцця пра жыццё і свет.

* * *

„Ніваўцы” не мелі дзе жыць. Мяне паратаваў Серафім Раманюк, якога род ад Чаромхі; удаўся ён польскамоўным беларусам, дзіка саромеўся свайго „хахлацкага” дыялекту. Шмат дапамог мне яшчэ ў Электрычным тэхнікуме, будучы найвыдатным абітурыентам, а цяпер нараіў кватаранта цёткі, што знайшоў сабе самастойны пакоік. Аказаўся ім высозны хлопец з-пад Саколкі, які ахвотна гаварыў са мною па-беларуску. Не таму, што патрыёт, бо католік у нас не можа стацца беларускім патрыётам, ксёндз пракляне. Той высозны хлопец ненавідзіў беластачанаў за іхныя пажартункі з няпольскага акцэнту ды сялянскіх навыкаў, скупасці на выпіўку. Раманюк у гэты раз з адчувальнай палёгкаю пазбыўся кантакту са мною, бо я нацэліўся зрабіць з яго стопрацэнтнага беларуса, тыцкаючы яму ў рукі нумары „Нівы”, на „буквы” якое глядзеў ён з авечым здзіўленнем.

У таго хлопца – на смерць забыў імя! – ужо знайшоўся сябра для кватаранцкае суполкі, пачынаючы геаметр ад Карыціна, і мы ўтрох gadali?my w tym ch?opskim j?zyku. Усяляк пляваліся на мяшчанаў, якія і здаля не падпускалі нас да сябе. Пасля, вельмі ўжо потым, пашанцавала ім пажаніцца з беластачанкамі і, калі каторы ўгледзеў мяне на тратуары, дык, мала ног не паламаўшы, перабягаў на другі бок вуліцы! Такі вось гонар, зжалься Божа, у чалавека з вёскі.

Пакоік падаўся прасторным, і з кафлёваю плітою, але чамусьці з цэментавай падлогаю, і з адным акном, што ўпіралася ў хляўчук з паршуком ды курамі. Напрыканцы вуліцы Сянкевіча, блізу сённяшнага гарадскога шпіталю. У рэштавіне местачковага Беластока. З надыходам восені і маразоў валасы прымярзалі да падушак. Тады злітаваўся нада мною Аляксандр Давідзюк, былы шэф беластоцкай цэнзуры, актуальна старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства; дазволіў начаваць у сваім службовым кабінеце.

Рэдакцыю „Нівы” за гэты час перанеслі з Кілінскага на Маніфэсту Ліпцовага, у правае крыло кіно „Сырэна”. На высокім паверсе там, з авальнай заляй з траскочучым паркетам знаходзіліся тры пакоі па лініі антрэсолі як быццам, два з якіх займала Таварыства; у трэцім, за калідорчыкам, гнездаваў Валкавыцкі з Баравіком; журналісты і машыністкі – Люба Сліжэўская, Ніна Бручка – гугнявілі, як гусі на выгане, на той аграмадзіне з туалетам

у глыбокім закутку (сталы стаялі паўкругам). Вечарамі адбываў тут рэпетыцыі тлумны хор, пасля чаго пару паненак спрабавала хутка выйсці замуж папоцемку... Кіраўнічка балетнай групы, спадарыня Таццяна Гіжэўская, трымала свой табунік у моцнай дысцыпліне, слушна лічачы, што любашчы кепска ўплываюць на фізічную кандыцыю танцорак, танцораў.

Валкавыцкі наважыўся ўрэшце ўзяць шлюб з Ляўчучкаю і, відаць, па гэтай прычыне пакінутае памяшканне на Кілінскага ўлады прызналі яму як кватэру. Але, недзе каля іх карпеў асобна Аляксандр Амільяновіч, бяздомны сувальскі паляк-галяк, якога ўзялі ў рэдакцыю, як хоць трохі ўмеючага быць пісакаю. Амільяновіч, гэты дэградаваны афіцэр бяспекі, што пасядзеў быў у турме за грахі, нечуваныя нават у сталінізм, – не імпанаваў лаяльнасцю і мы рэгулярна ведалі, зазвычай назаўтра, што Валкавыцкія менавіта елі і як спалі. Пра шэфа азываўся даволі баязліва, на Верцы затое не пакідаў сухое ніткі. Што казаць: прафесійная звычка, не мог ён не даносіць.

А маё начаванне ў Давідзюковым кабінеце закончылася ў камедыйным стылі. Ягоная сакратарка, маладая мужычка з Гарадка, з’яўлялася на службу раней за ўсіх і за ўсё, так сказаць: з усходам сонца. Маё спаннё на раскладной пасцелі выклікала ў яе сексуальныя фантазіі. З гэтым было паўбяды, пакуль таварыш Давідзюк не асмяшыўся – па маёй віне – перад міністэрскімі візітантамі. Чалавек з яго бачыўся спакойным, ураўнаважаным, і, вядома, не шануючым усякія паперы, дакументы; у шуфляды свайго пісьмовага стала ён і не заглядаў; поначы ў якойсь з іх дзерлася аж мыш! Я звярка ўпаляваў і запоўніў пустыя скрыначкі сваей ежаю – цыбуляю, хатнім салам, хлебам, сырам, маслам, яйкамі, малою патэльняй (смажыў вячэру на электрычнай плітцы).

Аднойчы кліча ён мяне.

– Товарышч Яновіч, понімаеце, надо што-то робіті, бо tak dalej by? nie mo?e, – сказаў сіплым ад злосці голасам. – Былі ў меня towarzysze z Warszawy, пытают про одін dokument, а я забыв о вас, давай высовываті шуфляды, а в ніх, понімаеце, цыбуля, сала, колбасы... Воны тое бачат, понімаеце, ну, молчат, але што про меня подумалі... Што я какой-то п’яніца! Ну і самі шуфляды ?e не для цыбулі, добрэ понімаеце, но для документов, товарышч Яновіч!

Памаўчаўшы, Давідзюк дадаў: – І вообшчэ говорат, што вы, товарышч Яновіч, тут бабамі занімаетесь... Уборшчыца находіт по кутках... intymn? bielizn?, вот так, дорогой. Но не будемо это расследоваті, это другое дело.

Я зразумеў: Давідзюк месяцамі не кранаў тыя шуфляды, ну, і трэба мне цяпер кудысьці падзецца. На маю радасць – вырашэнне знайшлося: мужчына, што паліў на дзень печы, адкрыў пусты паддашак, з узвілістымі ўсходкамі ад дзвярэй, застаўленых канцылярскімі шафамі кіраўнічкі сакратарыята „Нівы”, сівавалосай „цёткі рэвалюцыі”... Надзеі Кусьмерак. Пазней яна заелася ажаніць мяне з Любкаю з Парослаў, сакратаром партыі ў прадзільным цэху фастаўскага камбіната, пабудаванага за тамтэйшымі агародамі, „коло Хвостоў”. Узнікла праблема з маёй непартыйнасцю.

На двары стаялі лютыя тэмпературы пяцьдзесят сёмага і сцены ў маім паддашку блішчэлі інеем. Мужчына напытаў мне прытулак у бацькоў рэдакцыйнага ганца, радаснага юнака Шарэйкі, што насіў матэрыялы ў друкарню (рог Мальмэда і Ліповай, дзе зараз гатэль Cristal). Жылі тыя пачцівіскі ў абасцанай валакітамі аблупленай камяніцы з кветкамі ў вокнах, душна і цёмна. Недзе ля Старабаярскай. Пажыў бы я ў іх, можа быць, і доўга, але спугнула мяне іх дачка з паненскім дзіцём, якая выразна зацікавілася мною. Яе не рассмяшала мая заіклівасць ані паслядоўнае беларускамоўе маладога нацыяналіста. Ёй ужо было byle mie? ch?opa, mo?e by? Bia?orus. Нагадаю дадатковую прычыну майго панікавання перад дзяўчатамі – гэта сваркі мае маткі з маім бацькам, камандзерства бабы, і катэгарычны матчын напамін, што не пацерпіць яна аніякае, Бог ведае адкуль, нарачонай. Бацька адносіўся да тых наказаў лагадней, кажучы: – От, калі не палячка, то няхай будзе... – Я табе дам: няхай будзе, – бушавала мацерка. – Ажэнім у Крынках з праваслаўнай, то хоць вядома будзе, з кім!

Як кавалер пры грашах я кінуў хадзіць на ludowe беластоцкія танцы; асабліва знеахвоцілі мяне забавы ў фабрыцы Сяржана, дзе завялася пралетарская традыцыя жуднага мардабойніка. І з танцоркамі там не пабеларусіш. Сваякі па вёсках у тую пару чамусьці жаніліся адзін за адным і было незвычайна прыемна на вяселлях. Запамяталася – у Курцэвічаў, што ў Белагорцах: свае людзі, свая вера, свая мова, усёй свет свой! Ад скокаў пры музыкантах ламалася падгніўшая падлога ў паўшляхецкім іхным дворыку. І начлег дружбантаў з дружкамі, запамятаўся, бы забыты анахранізм груповага спароўвання ў першабытных славянаў. У прадвесную халадэчу хату засцілалі апоўначы саломаю, вясельнікі кладавіліся на яе снапамі, накрываючыся радзюжкамі; у адзенні. Дружкі абачліва нацягвалі на сябе мужчынскія нагавіцы, распорамі дазаду. Гасілі нафтовыя лямпы. Сну не было да світання, але і распусты таксама не, адно імітацыя купальскае оргіі. Нешта кшталтам школенасці будучых шлюбных пар, дашкольнага прадшколля, дзіцячай гульні ў мужа і жонку. Гэта насіла ў сабе глыбейшы сэнс, чым падумаецца. Прызнацца, я быў у стане шоку ад таго, умомант цверазеў, але куды ты пойдзеш – за вакном снегавіца. Мая Райка не ўпалохалася, яна рабіла ў фастаўскім камбінаце і сёе- тое бачыла, хоць дзяўчаты болей звычайна трактуюць te rzeczy. Зрэшты, які з мяне мог быць кандыдат на мужа і бацьку сям’і?

Ажыло сяброўства з Раманюком. У суботы не раз мы бралі ў турыстычнай пазычальні ровары і ехалі ў Вялікія Азяраны, у якіх ён наведваў нарачоную, а я сваякоў. Кавалеруючыя азяранцы згаджалі музыкаў і тады ў невялікай мясцовай школе тупацелі полькі. Грымеў вальс „чапляйся”. Каб я не пачуваўся самотна, нарачоная і мне вынайшла нарачоную. Серафім меў тую перавагу нада мною, што ён цалаваўся са сваёй Любкаю, а я з рэкамендаванаю Нінкаю аніяк. Проста не той стаж. У нядзельную спякоту хадзілі купацца ў гранічнай Свіслачы, па супрацьлеглым беразе якое паходжваў савецкі салдат з доўгаю вінтоўкаю, нічога не казаў, смуглявы і касавокі – няйначай – кіргіз... Нарачоныя не лезлі ў ваду, не выпадала ім агольваць смачноты цела; парыліся ў сукенках (на траве).

З нас усё не абсыпаўся „польскі кастрычнік” пяцьдзесят шостага, боязь вянгерскага варыянту развіцця сітуацыі ў неспакойнай краіне, чаканне раптоўнага грукату савецкіх танкаў на вуліцах. Пагрозу лагодзіў прыход Гамулкі да ўлады. Гэты towarzysz Wies?aw карыстаўся аўтэнтычнай папулярнасцю ў палякаў, на руках насілі яго, песні аб ім складвалі, а ўсенька на фоне процірасейскай антысаветчыны. Вера Ляўчук тым часам піша, а яе Валкавыцкі друкуе шумны артыкул „Што з намі будзе?”, за які камітэцкія падлыжнікі мала не з’елі і яе і яго. Дэлегацыю Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства – з Піліпам Кізевічам – прыняў асабіста Гамулка(?). У рэдакцыі з’явіліся беларускія варшавякі, пасланцы „рэвалюцыйнай моладзі” (памятаецца шаленаваты Сіповіч, арганізатар нейкіх беларускіх секцыяў, у якіх узяўся бронтацца і я). Некуды ездзілі, бунтавалі па-сялянску ціхенькіх ліцэістаў у Бельску з Гайнаўкай. Трапіў у члены новага ваяводскага камітэта моладзевых арганізацыяў, адкуль неўзабаве даволі спрытна вытурыў мяне якісьці Мазурэк, прышыўшы наіўноце маску беларускага нацыяналіста ды брахлівага ворага палякаў...

„Ніваўскія” Ваські і Колькі селі на сраку. Баравік настойваў на тым, каб пісаць у публікацыях назвы мясцовасцяў на польскі лад: Грудэк, Бялысток, Гайнувка... Сокулка... Палітычныя перадавіцы koniecznie па-польску (у „Ніве”). Пярэпалах гэтага агранома паўстрымваў бурклівы шэф: – Таварыш Баравік, перастаньце...

Але таварыш не здаваўся, патрабаваў не весці размоваў па тэлефоне па-беларуску, бо... pods?uch, moi drodzy, pods?uch... На хвалях тае ўсерэдакцыйнай ды ўсенароднай шумечы пераплыў я на болей высокі бераг, з нізоў карэктуры і перакладаў адразу ажно ў журналісты. Крычаў: – Я хачу пісаць! Падставы меў, дэбютуючы апавяданнямі. Ці не месца Буры заняў быў, былога пракурора, які ў „Ніве” ведаў адно тырчэць ля акна і сумаваць па сваёй пракурорскай пасадзе (урэшце і вярнуўся назад туды).

У тадышняе ажыўленне прыходзілі на работу ў „Ніве” цікавыя людзі. Элегантны вільнюк Казімер Балінскі, праўда, не натужваўся завельмі, але пакінуў па сабе памяць незабыўным тэкстам „Рыбацкія слёзы” (пра рэпатрыянтаў ад нарачанскіх азёраў, што пашукалі сабе падобнага краявіду на Прусах). Юзік Рыбінскі з-пад Кузніцы, знойдзены на пасадзе білецёра ў кіне „Тон”, удала папісваў сентыментальныя кавалкі. Я любіў яго, бо ён заікваўся, часам мацней за мяне. З’явіўся Мадзэлеўскі, унікальна інтэлігентны паляк-валакіта, які праз месяц някепска ўжо пагаворваў на беларускай мове (ведаў заходнія). Таленавіта рысаваў, між іншага, ілюстрацыі да вершаванай Андрэем Сошкаю (Вацікам Асіповічам) аповесці „Прыгоды Агафона Аброткі”, і інш.

Каторагасьці дня пайшла чутка, што прыйшоў да Валкавыцкага сам Шэршань, той славуты Шэршань з акупацыйнае „Новай Дарогі”!

Каб павысіць культуру мовы, прынялі граматыка-знаўцу, нейкага Бройку (?), чалавека напэўна кампетэнтнага, але нясцерпна маруднага. А ў рэдакцыйнай практыцы трэба быць хуткім, іначай не выйдзе газета. Здольнасці ў журналіста ёсць іншага тыпу, чымсьці ў філолага.

За спіною шэфа вісеў на сцяне графік тыражу „Нівы”. Хоць не памятаю лічбаў на ім – не былі яны высокія, тры-чатыры апагейныя тысячы экз. – уцяміў на ўсю рэшту жыцця адно: кальпартаж тыднёвіка стрымгалоўна падаў, калі выбухаў чарговы польскі скандал, і рос у стабілізацыю настрояў. Беларусы баяцца паказацца беларусамі. Хадзіла нават наконт іх іншаназва: падпольныя беларусы. Або: хатнія беларусы. Калі сядзіць за чаркаю – баявы беларус, як жарабец! Калі працверазее – выпакладаны паляк.

* * *

Мая маладосць прайшла пад знакам „Нівы”. Моцна запамяталіся дэталі. Некаторыя ўяўляюцца, быццам было гэта ўчора. Бачу твары – чагосьці хітруючага Ваські Баршчэўскага, нясціхана смарклівага Міколы Матэйчыка, усё упалоханага Міхася Баравіка; бабскія пошапты Любы Сліжэўскай з Нінкай Бручка, драпежна патрыятычную Веру Ляўчук, няхуткага на ўздым эмоцыі Георгія Валкавыцкага... Асобна зазначу Міхася Хмялеўскага, супер-таленавітага свата. Я, нажыўшыся ў беластоцкіх кватэрах, імкнуўся да стабілізацыі, да жаніцьбы і не скакунскага быту. Дабрыня Міхась мяне ў гэтым паратаваў навек, на ўсю рэшту гадоў. Спачатку я спрабоўваў сам вырашыць сваю патрэбу, але вынікі аказваліся марнотнымі: дзяўчаты – вялікія рэалісты – з недаверам адносіліся да бязвусага дваццацігадовага гарачуна. У Залуках – не паўплываў у маю карысць нават аўтарытэт хроснага бацькі з заможнай Барсуковіны, хоць нарачонства тое ўжо былі запілі і замацавалі паненскім пярсцёнкам (Нюта палічыла за лепшае выйсці, аднак, за шафёра, а не за худога балбатуна з рэдакцыі). Пасрэдніцтва сваякоў давала фатальныя рэзультаты. Праставатая Райка з суседніх з Залукамі Навасёлак змарозіла мяне, беларускага нацыяналіста, непрабачальным надпісам на фотцы: Kocham Bia?ystok i Ciebie!

Я мала не ўмлеў у злосным прыступе ад такога прызнання.

У перадлета пяцьдзесят сёмага Валкавыцкі выправіў мяне ў замежную камандзіроўку, у СССР, у Вільню і ў Мінск, Гродна. Выдалі пашпарт, савецкіх рублёў. На дзён дзесяць. Вільня здзівіла паўсюднай у ёй літоўскай моваю. А Мінск – рускамоўнасцю. Маім віленскім цыцэронам быў Янка Шутовіч, даваенны беларускі інтэлігент, які нейкім цудам выжыў у сталінскую завіруху. Уражанне ад літоўскае сталіцы неблагое, надта падабаліся шыльды: вялізнымі літарамі па-літоўску і малымі па-руску. І ўсюды, куды я хадзіў з Шутовічам, патрэбны быў перакладчык у яго асобе. У той год бушавала хрушчоўская адліга ў палітыцы, вярталіся з сібірскіх лагераў натоўпы жэмайтаў (павывозілі саветы туды нешта пад трыццаць працэнтаў усяе тае нацыі). Аднойчы, знайшоўшыся сам адзін у горадзе, ніхто з сустрэчных не рэагаваў на мае рускія роспыты пра нейкі адрас, кажучы часам: нусупранту (– не разумею). Збавіў зусім не міліцыянер, а армейскі афіцэр-украінец.

Літоўцы памяталі ўласны перадваенны дабрабыт, хапаў іх калатун на гук мовы акупантаў.

З Вільні прывёз рэпартажык у „Ніву” пра Пятра Сергіевіча, вядомага мастака. Займаў ён высокастольную мяшчанскую кватэру з польскамоўнай жонкаю. Сцены завешаны карцінамі, якія потым я бачыў у фундаментальных мінскіх выданнях: Скарына ў друкарні, Каліноўскі сярод паўстанцаў... Я, дурань у палітыцы, неяк запытаў мастака, чаму не перабіраецца ён у Мінск. Сергіевіч прыгледзеўся да хлапечае наіўноты, і нешта адказаў, чаго я доўга не змог уцяміць. Прыблізна так: у Літве савецкая ўлада больш людская, чым у Мінску, у Беларусі. Даволі прыкра было такое пачуць. Рыхтык, як у сям’і таго ж Шутовіча, у якога я заначаваў, а мілая жонка якога гаварыла са мною культурнай беларускай моваю, як і ён, але з дачкою яны... па-літоўску. На маё немае запытанне, патлумачылі: хто ведае, як будзе, адно пэўнае – літоўцы ўмеюць жыць. З Літвою Масква цацкаецца. Літоўскія сакратары партыі найперш лічаць сябе літоўцамі, пасля камуністамі.

З Мінска, куды я быў выехаў, франты ездзілі ў Вільню шыць касцюмы і па закупкі. Не вельмі ўдаваліся ім, не ведаючым „литовского языка”. Загаворыць па-руску і добрага тавару яму няма. Бяры, савеце, што дадуць табе ласкавыя экспедыенткі, „лабасы” (ад вітання „лабас дыена” – добры дзень). Саветаў, гэту басоту, ненавідзіла Вільня. Асабліва тады, у хвалі выпушчаных з Сібіры.

Мінскія вуліцы непрыемныя, тратуары чамусьці заліты абы-як, парэпаным асфальтам. Нядбайна, з каўдобінамі. Які гэта ідыёт апланаваў?! Ашчаджаючы рублі на залаты пярсцёнак для нарачонае, стаў я на кватэру сваяцкага мне Юркі Семянякі, ужо даволі папулярнага кампазітара (яго род з Азерскіх, што каля Крынак). Жыў ён з маці і сястрою ў камуналцы на Савецкай. Я не адразу скеміў, што гэта такое, гэтая камуналка. А вось – трохпакаёвая кватэра, а ў ёй аж тры сем’і: чарга ў кухню, чарга ва ўбікацыю, і званок ля дзвярэй пачаргоўна (да Семянякаў – доўгі і два кароткія). Юркаў бацька дзейнічаў некалі – пры паляках – у заходнебеларускай канспірацыі. Удала ўцёк з маладою жонкаю, з Жэняй, цераз зялёную граніцу ў БССР, дзе і прапаў у чорныя трыццатыя. Спадарыня Жэня, прыгожая інтэлігентка, ведала ўсёй мінскі Парнас. Шмат наапавядала мне, хто быў кім у сэнсе характару, чалавечых якасцяў; наблізіла постаць Янкі Купалы, які карыстаўся бездыскусійным маральным аўтарытэтам. Ейная Рэна з братам Юркам, хліснуўшы долі дзяцей „врага народа”, падумвалі ў пяцьдзесят сёмым пераехаць у Польшчу, у гамулкаўскую рэпатрыяцыю з СССР (Рэна пабывала ў Варшаве, але перспектыў тут не прадчула).

Мая непрызвычаенасць да дарагіх рублёў спрыяла ўражанню, што ў саветаў усенька таннае, вельмі. Прычым урад увёў антыінтэлігенцкую палітыку: слесар зарабляў удвая больш, чым інжынер. Што не магло скончыцца дабром – тэхнічны прагрэс існаваў толькі ў газетах. Пачуў я пра катэгорыю „цэкоўскіх людзей”, г.зн. тых, хто знаходзіўся ў наменклатуры Цэнтральнага Камітэта. Тыя меліся найлепей. У іх ліку апынуўся Рыгор Шырма, слынны дырыжор народных хораў, у якога чаляднікаваў Семяняка. Беручы інтэрв’ю ў Шырмы мяне непрыемна ашаламіла, што ён гаворыць выключна па-руску, хоць цалкам нармальна цытуе беларускія тэксты песняў. Рыхтык як нашы рэгенты, заядла польскамоўныя.

Перада мною, з польскім замежным пашпартам у кішэні, настойліва шукаючым Беларусі ў Беларусі, расчыняліся дзверы ў кабінеты. Пузатыя начальнікі нічога істотнага – вядома – не казалі, але, бачачы перад сабою малакасоса, спадзяваліся яны даведацца нечага з першых рук, пра падзеі ў Польшчы, і хто такі Гамулка. Пасля хрушчоўскага даклада на славутым ХХ м з’ездзе партыі, зносілі ў Мінску або разбівалі помнікі Сталіну, людзі сталі гаваркія. У гэткім настроі пазнаёміўся я з Нілам Гілевічам, яшчэ студэнтам, але незвычайным, беларускамоўным. Прынцыпова беларускамоўным. Апублікаванае ў „Ніве” бязвіннае інтэрв’ю яго мне нарабіла яму нямала пертурбацый, аб чым сказаў ён праз... сорак гадоў пасля. Магчыма, усе мае субяседнікі перажывалі „энкавэдоўскія сенсацыі”, акрамя віленскіх (Літва, хоць крыху пахла Еўропаю, саветчыкаў там не занадта падпускалі да рэспубліканскіх структураў, „кругом одни лабасы”).

Вяртаючыся ў Беласток – зайшоў я ў Гродне да Міхася Васілька, жывое легенды заходнебеларускай паэзіі. Бурклівая жонка. Квашаныя агуркі і цыбуля на газеце на стале. Шклянкі і бутэлька. І сам паэт са шкляным позіркам. Па п’янаму сардэчны. Гаворыць круглымі складамі. Баіцца, а хоча нешта іншае сказаць; жонка пільнуе лепш цэнзара. У кватэры z ka?dego k?ta bieda a? piszczy. – І на якую халеру мы так ваявалі проці палякаў, у тое КПЗБ, – сказануў, калі ў адзінае імгненне апынуліся сам насам.

„Ніву” я засыпаў матэрыяламі з БССР. Шэф выгладжваў іх, я радаваўся друкам. Нехта нясмела пярэчыў мне: Беларуская ССР будзе магілаю беларускай нацыі і яе культуры, мовы. Аднак я горача аспрэчваў, верыў у Беларускую ССР як дзяржаву беларусаў, зрэшты адзіную, пра якую чуў і вось асабіста зведаў. Бо – пра Беларускую Народную Рэспубліку нават Шутовіч не заікнуўся. Я не быў супроць камунізму. Я быў „за”, з той умоваю, што камунізм у Беларусі зробіцца накшалт літоўскага – беларускім і беларускамоўным, нацыянальным. Адкуль мог ведаць, што на тым даўно і пакутна пагарэў беларускі рух.

* * *

Здараліся казённыя чаркі. У Дзень жанчын і ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нагодаў хапала, ці не штомесяц (не лічачы нарадзінаў-імянінаў). Васька, намаўляючы на складчыны, сам не меў грошай; хатні бюджэт знаходзіўся пад катэгарычным кантролем яго Любкі. Навылёт ведала яна звычкі мужыка. Не смярдзеў залатоўкамі і гультаяваты Колька: мала пісаў то і марна зарабляў. Прычым каштавалі кавалера бабы.

На папіюхі Валкавыцкі з Баравіком не пісаліся. Пабыўшы партыйным апаратнікам, а другі – дырэктарам заглушальнай радыёстанцыі пад Беластокам, арыентаваліся ў тэхналогіі ўлады: у кожнай рэдакцыі абавязкова ёсць „стукач” Службы Бяспекі або і два! Таму звон чарак мог закончыцца ім катастрофаю кар’еры. Язык возьме і распусціцца!

Іншая справа з афіцыйным застоллем: зыходзіліся ваяводскія функцыянеры, сакратары камітэтаў. Не выпадала выкручвацца. Рэдакцыйная моладзь сцябала гарэлчыну дарэмшчыну без літасці і лірычна спявала чырвонаармейскія: „Артиллеристы, Сталин дал приказ...”, „Автоматы наши крепки, автоматы крепко бьют, смерть фашистским оккупантам автоматчики несут...”

Заўсёдную паніку на шэфаў наводзіла конармейскае „На Дону и у Замостья тлеют белые кости, над костями шумят ветерки, помнят псы-атаманы, помнят польские паны, конармейские наши клинки...” Пабялелы Баравік праводзіў інтэрвенцыю: S?uchajcie, дорогіе товарышчы, tak nie mo?na, здзесь за столом сідят польскіе товарышчы, всэ чуют, і што воны про нас подумают, zastan?wcie si?... Не лучшэ співаты „белые паны”? Зачэм „польские”?

Дваццаты з’езд з хрушчоўскім дакладам, як і вяртанне Гамулкі на пасаду першага сакратара польскай партыі, беларусы сустрэлі неадназначна. Задаволенасць разгонам у Польшчы „калхозаў” псавала гарката ад выбуху касцельнага нацыяналізму. Пры Сталіне з Берутам жылося страшнавата, але хоць аніякі аковец не адважыўся крычаць: Kacapi do raju!

Гамулка ліквідаваў Urz?d Bezpiecze?stwa Publicznego. Утвораная затым S?u?ba Bezpiecze?stwa ўвяла ў сябе абавязак сярэдняй адукацыі (пажадана вышэйшай). І раптам зараіліся каля „Нівы” панура-мардатыя невукі, у пошуках спагады або і заробку (пазнавалася іх па – службовых убоўцам – скураных плашчах або куртках). Матэрыялу на журналісцкую прафесію сярод той публікі не заўважалася, акрамя Амільяновіча, аднак умелі яны здабываць інфармацыю (сырую), а пару тыпаў рабіла някепскія фатаграфіі, якімі ілюстравана тэксты пра імпрэзы, нарады, важныя пасяджэнні.

А я ўсё жаніўся і не надта цяміў, што вакол чаўпецца. Капічыў грошы, скупіўся на ежу, ездзіў да бацькоў па булкі хатняга хлеба і салёнае сала, яйкі. Валкавыцкі, пабачыўшы, што блага са мною, нараіў, каб я не трымаўся сухога, бо скончыцца тое хваробаю страўніка. – Вы піце хоць чай, на абед шклянку гарачае вады, – раіў ён як былы салдат.

Беларускае грамадска-культурнае таварыства заснавана ў нязручны час, калі Польшча кіпела. Вуліца ахрысціла Таварыства савецкай агентураю, дзеля чаго мела свае падставы. Структуры арганізацыі ўзначалілі sprawdzeni towarzysze, вядомыя ўбоўцы ці камітэцкія апаратнікі ў сталінскія гады. Калі: nie matura, lecz ch?? szczera zrobi z ciebie oficera. Носячы ў сабе крыўду да гамулшчыкаў, гэтыя паўпісьменныя „товарышчы” несумненна брынялі тэндэнцыяй пераўтварыць БГ-КТ у нешта накшталт істотнага патэнцыялу, масавага! Ад таго – ад гучнай кампаніі пашырэння Таварыства – і развялася плётка, што беларусы хочуць адарваць Беласточчыну ад Польшчы, далучыцца да Беларускай ССР. Неверагодна жывучая; і цяпер палякі дапытваюцца ў мяне, ці гэта праўда. Не памагае аргумент, што беларусы як сяляне не могуць марыць і не мараць аб тым, каб злучыцца з савецкім „калхозам”. А як жывецца пад Лукашэнкам, кожны бачыць, старое і малое. Мае размоўцы, факт, ціхнуць, але шостым-сёмым інстынктам я адчуваю, што яны мне не вераць. Ну і Бог з імі!

Хутка – у лютым 2001 – будзе сорак пяць гадоў існавання „Нівы”. Сам сабе не веру, што так доўга. Прыйшоў я да яе дваццацігадовым хлапчуком з дыпломам тэхніка-электрыка ў кішэні. У лютаўскія маразы пяцьдзесят шостага. Непрытомны ад беспаняцця, што і як рабіць у ёй.

„Ніва” была аўтэнтычна народнай газетаю. 3 пошты прыносілі штодзень пачак пісем; чытаў галоўны рэдактар, прыдзяляючы іх паасобным журналістам для далейшага разгляду, інтэрвенцыі. Начальнікаў, на жаль, магчыма было толькі хваліць, змаўчаць паскудствы. Адпаведна прынцыпу: партыя паставіла каго на пасаду – партыя за яго і адказвае. Гэта значыць: крытыкуючы, напрыклад, дырэктара ты падрываеш давер да... партыі! Таму выпрацавалася асаблівая стылістыка – каб падчапіць прасмердлага жуліка, спачатку артыкула ўзвялічваліся ягоныя дзеянні, пералічваючы і ордэны на грудзях, і пад канец ужо выказвалася дапушчэнне, што тыя дасягненні былі б яшчэ большымі, калі б ён...

Наконт ордэнаманіі ўзгадаўся выпадак, як фатаграфавалі, каб успяяць у „Ніве”, аднаго солтыса, здаецца, за рамонт нейкае дарожкі. Вывелі мы таго чалавека, бы на расстрэл, на тую жвіраванку, а ён тым часам давай выцягаць з кішанёў свае медалі ды чапляць на кажух, ад барады да пупа... Смех смехам, але і сумна: нацыя перайначвалася ў службістых парабкаў, а дзяржава ў вялізны фальварак.

Даволі наведвалася ў нашу сядзібу, што пакуль займала правае верхняе крыло „Сырэны” – пад погуды паравозаў ад блізкага вакзала, – мінскіх пісьменнікаў з арханёламі. Незабыўная сустрэча з Піліпам Пестраком; па-акторску прачытаў апавяданне. Жвавіста. Супрацьлегласць яму – Янка Брыль, дастойны, бы граф (падабаўся надзьмутым палякам). Пятро Глебка свабадней казаў і я да яго прыкіпеў, чаму не чуваць у Мінску беларускай мовы. – Будзе мова, усё будзе, партыя ачышчаецца, вось, – супакоіў. Уяўляю сабе, якім праставалосым я яму падаўся, бо на правакатара не змахваў, смаркуль.

Беларусы не былі б беларусамі, калі б не запаўцелі падкідаць нагамі беларускую мову. На пленарных сходах Таварыства паяўляліся фацэты з беластоцкага Русского культурно-просветительного общества і, адрэкамендаваўшыся як тоже-белоруссы, ціснулі на друкаванне „Нівы” па-руску. Засеў у маёй памяці інжынер Капчук з публіцыстычным псеўданімам „Белостоков”. Аргументацыя тыпова савецкая: „Белорусский язык – это язык националистов и врагов социализма. Русский язык – это язык коммунизма, язык Ленина!” Пратэставалі старыя КПЗБоўцы, Піліп Кізевіч, Базыль Літвінчык, Васіль Дзун... Wpieniali si?! Найразважна паводзіў сябе Валкавыцкі: мова „Нівы” – гэта не мая фанабэрыя, а такая пастанова Цэнтральнага Камітэта партыі. Канец дыскусіі. У Лодзі, зрэшты, выходзіў „Русский голос”, інтэлігенцкі; аніяк не ўкараніўся ў халопскай Беласточчыне. Тыраж таго элегантнага часопіса ў параўнанні з ніваўскім бачыўся несур’ёзным; дарэчы, неўзабаве – здаецца – самаліквідаваўся. Існавала мноства школаў з дадатковым навучаннем беларускай мовы і літаратары, у якіх выкарыстоўвалі „Ніву” ў якасці навучальнага дапаможніка. Таму, натуральна, узнікла пытанне дадатку для вучняў, за што ўзяліся жанчыны, Вера Ляўчук-Валкавыцкая, Зося Бусловіч. Але гэта мяне не цікавіла; баяўся кантакту з дзецярнёю, яна рагатала ад маіх заіклівых опусаў патрыёта.

* * *

Жаніліся рана. Замуж выходзілі яшчэ раней. На дваццаць першым годзе я рыхтаваўся да свайго вяселля. Гэта быў выхад у хлябнейшае жыццё. Дзве выплаты – не тое, што адна. І знаходзілася падставу дабівацца сякое-такое кватэры (тады давалі ўлады, нават талоны на халадзільнікі). Кавалер быў нічым. Жаніцьба рабіла з цябе партнёра адміністрацыі. Толькі ў такім цывільным стане з табою гаварылі, ты мог запісацца на патрэбны прыём у начальніка (сакратарка пытала: чаго?). Шантаж і мой быў дзяцінна просты: w?adza jest w?adz? ludu, a ja jestem w?a?nie z ludu. Першы данос на мяне – у магістрат – датычыў менавіта няпэўнасці ў маім ludowym паходжанні (бацька – шавец, маці – краўчыха, словам: буржуазія).

Тым часам закончвалі на вуліцы Весялоўскага (цяпер Суражская) пабудову Дома Друку, у які сялілі рэдакцыі. „Gazeta Bia?ostocka” пакідала мінулавечную камяніцу на Кілінскага; будыніну дзялілі бяздомным журналістам з сем’ямі. Пайшоў прасіцца і я, кажучы тав. Гаясу, дырэктару выдавецтва, што ў Каляды ў мяне шлюб. – Dobrze, kochany, ale bez metryki ?lubu nie przychod? do mnie. No i przyprowad? nam sw? narzeczon?... (зрабіў perskie oko). No, dzia?aj, ch?opie!

Часу, практычна, не заставалася, дзяльба тая ўжо набывала размаху; шлюбаў не давалі з ночы на дзень (чарга!), таму наш бог і начальнік у выдавецтве відавочна палічыў, што аднаго прэтэндэнта да шанцоўнай жыллёвай плошчы акажацца яму менш. Не ведаў ён, што мая Таня працавала ў магістраце якраз, дзе максімальна пайшлі ёй на руку як свайму чалавеку. Па-за чаргою, звычайна, аформілі нам шлюб, бы выпіску нейкага пасведчання. Без помпы, рытуалу. Przy biurku z papierzyskami. Бо сапраўдная ўрачыстасць чакала нас пасля, у зімовым Мікалаеўскім саборы.

Свядомасць важнай табе маемасці надта мацуе пачуццё адказнасці. Ёсць жонка. Кватэра! Праўда, не зусім: прызналі палову – ад дошкі да дошкі – былое рэдакцыйнай святліцы, з двума вокнамі на падворышча ды на запушчаныя агароды ўздоўж муроў палаца Браніцкіх, з пахіленымі нужнікамі ў лапухоўі (цяпер там бяжыць асфальт артэрыі захад-усход). На партэры. У падвале – пад падлогаю – буяў варштат Wyrуb trumien. Недзе побач, начамі рагаталі, бы гіены, прастытуткі. У зараслях валяліся п’яніцы.

У хляўчуках трымалі вугаль, лучыну на распалку.

Ахапіў непраўдападобны энтузіязм! Я накінуўся на работу ў „Ніве”, бы дзіця на цукеркі. Бывала, адну за адною дзве ночы не спаў, каб найбольш зарабіць. Хадзіў апухлы, усё роўна што пчоламі пакусаны. Так бараніўся арганізм ад перанатугі. Шанцавала на грашовыя аказіі; у тую восень пяцьдзесят сёмага паўрэдакцыі выкацілі застуды, здаровымі хадзілі адны гультаі. Сакратар „Нівы” Баравік малітоўна паглядаў на мяне: – Як себя чуствуеш, drogi, га?.. Будзь ласка, ешчо потэрпі. Сам бачыш, што нэма з кем робіті газэту, а тэрміны нэ чэкают, давай і давай в друкарню...

Упорань схопліваўся на халодным паддашку ад грукату якогасьці сваяка старажыхі; даглядаў печы. У перадзімовую камандзіроўку ў Мілейчычы, у сцюдзёную адліжнечу я набраўся грыпозы і злёг з тэмператураю ў хаце Сяргея Крэйзы, земляка мне з Малых Азяранаў, які служыў у Сямяцічах, у разагнаных потым Гамулкаю „органах”, там і ажаніўся; далі яму інструктарскую работу ў БГКТ, але, маючы слабое сэрца або і дыябет, ён нядоўга пабыў на незайздроснай пасадзе. Калі трохі палягчэла ў грудзях, Сяргей праводзіў мяне на самотную ў полі станцыю Баравікі, дзе я сеў у беластоцкі цягнік. Памятаю, балела цела, кожны крок, і зямляк раскладваў агнішчы ў ядлаўцовых зацішках, адаграючы мяне на вятрыску са снежнаю крупою. Была вечаровая субота, калі рэдакцыя пустая, і за нядзелю я падлячыўся. Старажыха, убачыўшы, што са мною, прыдбала бутэльку спірту. Напіўся я ў пасцелі да бяспамяці; праз суткі прачнуўся мокры ад поту, хоць у куце бліскацеў іней. Навучаны гэтым драматычным эпізодам, больш вельмі не застываў, ведаючы, што бяда бярэцца ад успацеласці ў вандраванне ў непагадзь.

Сакратар Галоўнага праўлення БГКТ, Аляксей Казёл, бегаў, як апараны, арганізоўваючы беларускую філалогію ў Завочнай Настаўніцкай студыі ў Беластоку. Сам ён абачліва запісаўся туды першым як студэнт, няйначай падумаўшы, што: калі нават і UB аказалася нявечным, дык тым болей сакратарства, а дыплом настаўніка ўсё ж гарантаваў хлеб. Дырэктар студыі, Радзюкевіч, пабойваўся Казла і ён, здаецца, досыць гладка праходзіў семестральныя экзамены. Быў гэта той штудыянт, невуцтва якога проста выпірала яму на бульбяны твар (Колька мармытаў пра незакончаную Аляксеем хаця б пачатковую школу ў родных лідэру Меляшках). – Towarzysze, nie by?o czasu na nauk?, kiedy trzeba by?o broni? w?adzy ludowej! Спадзвіжнік Казла, Танін астраўлянін Валодзік любіў паказацца культурным кавалерам, беручы пры паненцы газету ў рукі, але, на жаль, уверх нагамі... Поўны анальфабэт!

Тым часам тая w?adza дзесяты год моцна сядзела ў сядле і не патрабавала абаронцаў; ім выгодна было нічога не рабіць, шукаць ворагаў сацыялізму, і браць грошы. Ажно Гамулка паразганяў зграю, бы певень курэй. Шмат хто стуліўся перапёлкаю ў БГКТ менавіта.

Запісаўся ў студэнты і я. Дыплом атрымаў, бадай, ажно ў 1962 годзе, на тэму публіцыстыкі Кастуся Каліноўскага. Кіраваў мною чэплівы Мікола Гайдук, але запамятаўся Васіль Тарасаў; палкія выклады прафесара з Мінска пра беларускую літаратуру. Праз сорак гадоў пасля пазнаёміўся я з яго сынам, даследчыкам полацкіх старажытнасцяў; хораша пагутарылі мы і пахадзілі над Дзвіною. У гэтай першасталіцы Беларусі шумела тады свята беларускай пісьмовасці; на плошчы трымаў беларускую арацыю прэм’ер Чыгір. Без расейскага акцэнту.

Напрыканцы таго году віры ў Польшчы выгладжваліся. Бралася на стабільную пагоду ў палітыцы. Нашым „товарышчам” усё не даваў спакою Кастусь Майсеня, рэпатрыянт з-пад Нясвіжы, які нейкім цудам аб’явіўся ў Бельску. Як інжынер эканоміі з пазнанскім дыпломам, ён стаў дырэктарам Эканамічнага тэхнікума. Гожы і нежанаты мужчына, заварожваў бабаў не горш паслейшага паэта Барскага. Аднак, адрозніваўся ад вершапісца талентам арганізатара. Бельскі аддзел БГКТ пад ягоным старшыняваннем пераўтварыўся ў павятовую паралельную ўладу. На пасяджэннях управы „спавядаў” мясцовае начальства (па лініі беларускай дзейнасці). Жыватастыя дзядзькі, не кемячы ў гамулкаўскім пераломе, пакорліва давалі справаздачу і прымалі новыя абязацельствы. Такая сітуацыя была магчымая, пакуль краінаю хістаў хаос Кастрычніка ’56. Потым Майсеню здалі яны Гайнаўцы для ўзмацнення марных у „матаноў” кадраў (уперлі на пасаду прэзаса Павятовага саюзу гмінных спулдзельняў „Самапомачы”). Лёгка вышукалі на Кастуся „кручок” – да элегантнага кавалера з рэдкай у тую пару вышэйшай адукацыяй прыліпалі дочкі і палятухі наменклатурнікаў.

Пакуль нішто не прадвяшчала пагібелі вёсак, хоць шчасце ўжо гнездавала ў Беластоку; у кожнай існавала школа (прынамсі трохкласная). У той зазімак я круціў на бацькавым ровары да шматлікіх навакольных сваякоў, спрашаючы іх на сваё вяселле. Пераважна п’яны, бо ўчастоўвалі. І як бы на заканчэнне тае акцыі, вяртаючыся з Навасёлак пушчанскім гасцінцам пад зорным небам так грымнуўся на ростанях Зялёны Дуб, што адляцела педаль. Нічога: падаў, як мяшок з бульбаю. Давялося больш ісці, з’язджаючы ў месячным бляску з горак у даліны.

На мой з Таняй шлюб у калядныя святы бязбоязна прыйшла ў беластоцкі Мікалаеўскі сабор таксама партыйная экзекутыва „Нівы” і хто хацеў (шэфы, вядома, не). І дружбанцкая мая радня, зацікаўленая miastowymi. Весяліліся ў цесця на Сабескага, і ніваўцы а як жа; музыканцілі Дудзінскія з Крынак. Назаўтра у адвячорак бацька маёй Тані падставіў аўтобус: вясельнікі паехалі – толькі сваякі – ад маладой да маладога. Сыпаў снег з віхурным ветрам, закурганьваючы дарогу. Але даехалі ў мае Крынкі (палягчэлы „пэкаэс” назад не вярнуўся, на базу, закапаўшыся за высокаю Прафіткаю, блізу хутара Гутмана).

Каб змясціць усіх, крынскую хату разгарадзілі; начлегавалі ў суседзяў з паўвуліцы (зіма ж, у стадоле не ўкладавіш!). Цесната, бы ў кадушцы з селядцамі; гамана, бы ў фабрычным цэху; музыка, танцы... Го-оо-орка!!!

Чысты анахранізм. Сабралася племя. Дзеля чаго? Даўней гэта мела сэнс – жанімства яднала патэнцыял гаспадарак, пашырала канкрэтыку сувязяў, гуртавала род. А цяпер вяселле – лішні дэфіцыт, інвестыцыйная пустата, даніна звычаю, дарагая. Дзеці з канца ХХ ст. залежныя не ад цесцяў, дзядзькоў і цётак, але ад дырэктараў фірмаў і сваіх кваліфікацыяў. Іх адрасы – не вуліцы і вёскі, а www.togo@ingo.pl. Хто сённячы піша пісьмы? Старым уставілі тэлефоны, хоць і слаба чуюць.

* * *

Я з Таняй спрабавалі жыць у той частцы святліцы, якую прызналі нам (з выдавецтва). Збілі дыктавую сцяну, раздабылі жалезную печачку, трохі мэбляў, фіранкі на вокны. Але дзе там: узіму тут недастойка спаць нават у кажусе і з вайлакамі на нагах.

У снежную і марозную. У адзін траскучы вечар загарнулі мы свае манаткі ў радзюжку і, бы валакіты на карцінах мінулавечных мастакоў, пасунуліся Касцельнай вуліцаю на Сабескага, да цесцяў. Хоць у іх спалася, як снапам у стадоле, але было цяпло (прызначылі нам канапу за печкаю). Так мы зіму перазімавалі. Дамагліся капітальнага рамонту на Кілінскага, але ўсё дзякуючы Тані, якая, працуючы ў камунальнай гаспадарцы, ведала спосабы на неахвочых на высілак бюракратаў. Можна было ўжо жыць; атрымаўся даволі ўтульны пакоік на васемнаццаці квадратовых метрах, з добра пастаўленай печкаю, і з убікацыяй побач, каб не бегаць на сцюдзёны вецер, задраўшы кашулю на запацелай спіне.... Пачалі багацець. Набылі шафу на адзенне, крэдэнс, радыёлу, чэшскую пральку, і – спадзеючыся дзіцяці – раскладны ложак, пару крэсел і стол. Гэтыя васемнаццаць метраў дакладна заставілі набыткамі, пакінуўшы пераходныя сцежкі. Божа, колькі радасці было ў нас, што маем свой кут, маем дзе гнездаваць! Хадзіў ганаровым буслам.

Не скажу, каб хто з начальства дапамог. Шэф, Валкавыцкі, паогул прытрымліваўся прынцыпу наёмніка (зрабіў – заплацілі – ідзі сабе). Аніякіх сардэчных з ім гутарак, што марозіла падначалены яму калектыў. Але, пэўна, меў рацыю: сардэчнасць у тыя часы была патрэбна... даносчыкам і шпіёнам Службы Бяспекі. Неяк летам пяцьдзесят восьмага я адчуў, што паўсюдная Служба падступаецца ўжо і да мяне, бесклапотнага маладажона. Думаеце, тых усякіх „сваіх хлопцаў” цікавілі ворагі ўлады? Не, яны заеліся дапытвацца, што наогул думае... Валкавыцкі, Баравік, іх жонкі. Так, „ваабшчэ”. І ўсё пад пячаццю таямніцы дзяржаўнага ўзроўню (аж смешна чуць тое!). Як гэта трэба разумець? А вельмі звычайна: шукалі кампраметуючых матэрыялаў на тых асоб, бо на іх месца былі тым часам лепшыя па партыйнай лініі кандыдаты (работа спакойная, грошы цалкам вялікія, не трэба нікуды швэндацца). Мы цяпер дапускаем памылку, лічачы, што нешта важнае адбывалася ў імя ідэі? Не, не ў імя ідэі, а дзеля асабістае выгоды тых-сіх. Ідэя, што перамагае і бярэ дзяржаўную ўладу, перастае быць ідэяй. У нас гэтая параноіка валаклася да канца дэкады Герка, калі ў канстытуцыю бессаромна ўвялі абавязак кахаць Савецкі Саюз ды стаяць на каленях перад Партыяй. Сёння гэта калі каму тлумачыш – не верыць, падазрае, што брыдка жартуеш з яго. О, колькі смуроду пакідае пасля сябе гісторыя! На шчасце, доўга не стаіць над намі, развейваюць яго віхры наступных падзеяў.