Мухава карова
Мухава карова
Аціхлі ў краі і партызанскія выступленні. Перамагчы рэгулярнае войска, вядома ж, не ставала сілаў. Кіраўнікі паўстанняў разумелі гэта. Урэшце, разумелі і тое, што трэба захоўваць жыцці, жыцці лепшых беларусаў. А да ўсяго — у беларускую партызанку з БССР пачала ўглыбляцца бальшавіцкая выведка, і ўзнікала пагроза перарастання нацыянальна-вызвольнага збройнага руху ў бальшавіцка-антыпольскі.
Але не ўсе партызаны восеню пакінулі лясы. Па краі пайшоў погалас пра атрад Мухі.
«Хоць ужо скора маразы, але нашая Муха яшчэ жывучая, — на кірмашах пераказвалі адзін аднаму, пыхкаючы самакруткамі, мужыкі. — Чутно, на днях напаў на станцыю Лунінец і забраў з касы тры мульёны марак. І панам-абшарнікам пуду задае…»
А яшчэ праз тыдзень пайшоў новы погалас… Васіль Муха, чыё прозвішча лічылі атаманскім псеўданімам, сустрэў у лесе бабульку, якая ішла на торг купляць карову.
? Вось толькі, добры чалавеча, баюся, што грошы не хопіць, — бяззуба прашамкала старая.
? А ці здароўя за каровай хадзіць хопіць? — усміхнуўся Муха і заліхвацка пакруціў «мікалаеўскі» вус.
? А як жа! Трэ ж унукаў гадаваць. Асірацелі… Летам дзед з сенам расстараўся.
? Вунь як, — цмокнуў Муха, дастаў з кішэні пакунак — тысяч з дзвесце марак — і даў старой: — Гэтага яшчэ і на быка хопіць…
А купіўшы добрую кароўку, старая вазьмі ды пахваліся пра свайго ляснога дабрадзея… І вось ужо месяц не мае спакою: паліцыя, як толькі затрымае падазронага, валоча ейныя старыя косці ў пастарунак — каб пазнавала Муху. Кляне цяпер старая і Муху, і ягоныя грошы…