Купалаў дом
Купалаў дом
22 сакавіка адбылося паседжанне Белнацкама, якое акрэсліла ўрачыстыя мерапрыемствы па светкаванні другіх угодкаў абвяшчэння Радай БНР незалежнасці Беларусі. Купала, хоць і жартаваў часам, усё ж здаваўся крыху сумным — узлокціўся стомлена на стол і ўважліва слухаў выступоўцаў.
А праз два дні ў кабінеце Беларускай Вайсковай Камісіі чыталі рукапіс ягонага верша «Гадаўшчына-памінкі» — і разумелі, што на душы Купалавай увесь час пякло:
Не сьвята сьветлае спраўляці
Сягоньня будзе наш народ,
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год…
Край разрываны ўвесь на часьці —
Народ аграблены яго —
Не ўбараніўся ад напасьці
І ад пагібельля свайго.
Лунае груганьнё ў прывольлі
На ўсход, на захад, там і тут.
І сочыць косьці ў чыстым полі,
Дзе вые куля, вые кнут…
Не «незалежнасьць» праз час гэты
Сваё разводзіла сьвятло,
А паднявольле без прасьветы,
А рабства Беларусь гняло.
Народ спраўляць памінкі будзе —
Не сьвята сьветлае вясны, —
За стол жалобны сядуць людзі
Там, дзе крыжы, дзе курганы.
Але ўсё разумеў мудры Купала — і з друкаваннем верша не спяшаўся…
…Алесь Хведаравіч доўга стаяў каля былога Юбілейнага, былога Беларускага дома і пакрочыў далей. Тратуар шырокі, роўны — не тое, што раней… Каб спешным пешаходам не перашкаджаць, пад нагамі не блэндацца — паўз будынкі трымаўся. У падземны пераход спусціўся, доўга кветкі — беларускія ж! — разглядваў, пах лавіў, як здзяцінеў усёроўна… «ГУМ» мінуў, «Паўлінку». Чытаў і чытаў надпісы на сценах, у вітрынах — і ажно хмялеў, як ад кветкавага водару ў пераходзе: па-беларуску ж надпісы!
Толькі каля будынка КДБ да саменькай шашы прыліп далей ад высокіх пабеленых калонаў… Хтось з шафёраў не вытрымаў нават і папераджальна «папібікаў» на дзеда..
Так — як і юнаком колісь — пешшу да Чырвонага касцёла і дабраўся, і — дзіва! — не стаміўся нават, сэрца толькі па-галубінаму тахкала, таму і прысеў на першую лаўку, і глядзеў на касцёл, і не бачыў, і холаду не чуў…