Ці ёсць у гаданнях праўда?
Ці ёсць у гаданнях праўда?
Цягнік моцна хістала: пэўна, звечара пачаў наганяць адставанні. Лескаталі, як енчылі, на рэйкавых стыках калёсы, сустрэчны вецер урываўся ў апушчаную фортку, сушыў прахалодай і няпэўнасцю.
? Пану не спіцца? — па-руску запытала жанчына.
Азірнуўся: цыганка ў шырокай квяцістай сукенцы, што ледзь месцілася ў праходзе між купэ і сценкай вагона; на маладой шыі ў некалькі столак — вялікія пацеркі з бурштыну, доўгія зіхоткія завушніцы… Агледзела ўважліва, вочы пад доўгімі веямі — як светлякі, з карычневым водбліскам.
? Бачу, пан смуткуе… — і сама спахмурнела, дохгія падмаляваныя бровы выгнуліся; крутнула галавой, перакінуўшы тугую касу на другое плячо. — Усё бачу наперадзе… Дарога твая далёкая, але са зваротам… І канец яе дома… — Цыганка памаўчала, яшчэ раз зірнула — як апякла — у вочы. — Дзіўна, бачу пана на белым кані ў генеральскім мундзіры…
Нахмурыўся ўжо Езавітаў: «Ці ёсць у гаданнях праўда?»
Падбег вымазаны ў павідла крываногі хлапчук, пачаў тузаць цыганку за спадніцу, штось прасіць.
? Джа дацір, сыгэ! Джа-джа…[28] — і яна нібы агоўталася, паківала галавой. — Вось і ўсё. А боль твой залечыцца… Ты ж яшчэ малады, прыгожы… Дзевак шмат вакол будзе! — зноў абнечаканіла-здзівіла.
Езавітаў дастаў кашалёк, каб аплаціць «варажбу», але цыганка павольна пахітала галавой і, прыемна ўсміхнуўшыся, крутнулася і пацокала доўгімі абцасамі…
Ён заснуў адразу — нібыта супакоены цыганчыным позіркам. Вагон хістала яшчэ больш, а яму трызнілася, што гойдаецца на хвалях Дзвіны… Потым, малым хлапчуком, бяжыць поймай рэчкі. Цёпла. Трава казыча босыя ступакі, і раптам — ажно жоўта ад кветак, маладых вясновых дубровак-ведзьміных ножак… Яму захацелася нарваць з іх букет — а кветкі не паддаваліся… У далонях заставаліся толькі адны пялёсткі.
? Бачыш, як моцна трымае іхнія карані ведзьма! — напалоханы голас Наталлі. Ён — хлапчук, а яна чамусьці дарослая, у той самай сукенцы, у якой убачыў яе на Аляхновічавым спектаклі…
Хапіў за сцябліну мацней, пацягнуў — а з зямлі за тоўстым коранем сунецца рука — ні то цыганкі, ні то якойсьці старой…
Ад жаху абудзіўся… Доўга ляжаў, а пад раніцу — шкло вакна абцягнулася хмурым блакітам — выйшаў у пусты калідор і зноў апусціў фортку, каб удыхнуць прахалоды.
* * *
У Коўне — новыя змены. 2 кастрычніка кабінет Слежэвіча, які склаўся пасля Вальдэмарысавага, падаў у адстаўку, — праз няўдачы ў замежнай палітыцы і кепскае фінансавае становішча ў краі. У новым кабінеце Гальваноўскага міністрам беларускіх спраў застаўся Варонка. Праз дзесяць дзён на агульным паседжанні ўрада Літоўскага Гаспадарства Варонка зачытаў заяву:
? Паны міністры! Лічу патрэбным сказаць вам… — Зрабіў паўзу, агледзеў урадоўцаў. — Ад папярэдніх кабінетаў засталося многа няскончаных спраў, датычачых беларуска-літоўскіх адносін і ўмоў… Беларуская тэрыторыя занята ворагам, усё, што было адважнейшага з нашай інтэлігенцыі — сядзіць у польскіх турмах у Варшаве, у Вільні, у Горадні, у Беластоку. Сябры Тарыбы — беларусы — таксама там жа ўжо болей трох месяцаў. Беларускае войска ў Горадні аддадзена на здзек праз неагляднасць старога кабінета. Які лёс салдатаў і афіцэраў-беларусаў, за што яны церпяць? Тутака ніводзін міністр краёвай абароны не парупіўся выдаць закон аб беларускіх частках літоўскай арміі. Беларуская школа — загінула, ідзе паланізацыя беларусаў па ўсёй акупацыі… Гэта ўсё прапаную новаму кабінету мець на ўвазе, каб памылкі мінуўшчыны запраўды далі нам магчымасць працаваць разам у адбудове нашага супольнага Гаспадарства. Прэтэнзіі ж мае няхай стануць у праграме маёй з вамі цяжкай працы[29].
А тым часам на «занятай ворагам тэрыторыі» абуджалася нацыянальнае жыццё, сэрцам якога стаў менскі Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Друкаваным органам камітэта зрабілі газэту «Звон», якую 21 кастрычніка пераназвалі «Беларуссю». Колькі дзён да таго для ўсіх менскіх газэт скасавалі папярэднюю цэнзуру. 25 кастрычніка Другія беларускія настаўніцкія курсы скончылі 233 слухачы. Дырэктарам Настаўніцкага інстытута ў Менску зацвердзілі Вацлава Іваноўскага, настаўнікамі, сярод іншых, — інжынера-электрыка Трэпку і прыват-дацэнта Пецярбургскага універсітэта Тарашкевіча. Рыхтавалася да склікання сесія Рады БНР, а 28 кастрычніка адбыўся сход ЧБНК, на якім назначылі двух прадстаўнікоў у Галоўны камітэт па выбарам Гарадской рады — замест Міцкевіча і Пуроўскага «пастанавілі прасіць стаць памянёнымі прадстаўнікамі» Алеся Гаруна і Аркадзя Смоліча; Лёсіка і Фарботку зацвердзілі прадстаўнікамі Школьнай рады пры Настаўніцкім інстытуце…
Толькі ў Коўне менскаму абуджэнню не давалі веры. Язэп Варонка непахісна нагадваў у «Паштовай скрыні» кастрычніцкага нумара «Часопісі» Луцкевічу-Навіне і, канешне ж, і ягоным «прапольскім» аднадумцам:
«Антону Навіне. Напамінаю вам, што рэзалюцыя Першага Усебеларускага кангрэсу ў Менску (5-18 снежня 1917 г.) адносна да палякаў была такая: «Каб абараніць народнае багацьце і абясьпечыць край, Урад павінен прыняць меры аб вывадзе польскіх легіёнаў з межаў Беларусі ці расфарміраваньні іх у самы кароткі срок»…