Трэцяя вясна

Трэцяя вясна

25 сакавіка 1921 года Рада БНР выдала адозву:

«Усім жыхарам Беларусі.

Народзе беларускі! Доўга і цяжка бароўся ты за сваю зямлю і волю. Палілі твае вёскі, грабілі дабро, гнаілі ў турмах, катавалі і разстрэльвалі тваіх лепшых сыноў польскія паны-абшарнікі і маскоўскія наезднікі-камуністы. <…>

Сёмы год на тваёй зямлі йдзе безупынная барацьба, ужо мусі няма ніводнай пядзі зямлі, не палітай тваёй крывёю. Ты моцна стаў і стаіш за сваю незалежнасьць і сваю беларускую ўладу.

Тры разы ўжо маскоўцы, немцы і палякі хацелі разьдзяліць тваю зямлю, але жыў дух беларускага народу, ідэя незалежнасьці і непадзельнасьці запануе над усім і не дасьць ворагам падзяліць нас. Прэч усіх, хто хоча дзяліць чужое дабро без гаспадара. Ты гаспадар на Беларусі…

Чэкай распараджэньня свайго Ураду, які хутка павінен вывясьці цябе з няволі — гуртуйцеся і чэкайце. Цеснымі брацкімі радамі пойдзем вызваляць сваю Бацькаўшчыну, калі гэта будзе трэба. Праўда за намі, сваю зямлю не аддамо нікому. Лепш згінуць, чым быць батраком чужынца.

Прэзыдыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Коўна.»

25 сакавіка (а яно патрапіла на пятніцу) зранку ў віленскай царкве Свята-Троіцкага манастыра адбылося набажэнства ў гонар трохгоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Царква была перапоўнена: беларуская інтэлігенцыя, моладзь, сяляне ў шэрых світках, некалькі вайскоўцаў у шынялях. А вечарам у вялікай зале Базыльянскіх муроў правялі ўрачыстае паседжанне Беларускага нацыянальнага камітэта. На ім прысутнічалі і прадстаўнікі розных беларускіх арганізацый, а таксама ганаровыя госці. Паседжанне адкрыў Антон Луцкевіч. За ім прамаўлялі Адам Станкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя.

А 29 сакавіка ў Боніфратэрскім касцёле служылі імшу, святыя песні выконвалі па-беларуску. Ксёндз Станкевіч прамаўляў з амбоны казанне. У зале драматычнага гуртка сабраліся дзеці з беларускіх прытулкаў і школ — спявалі, дэкламавалі вершы. Вечарам старшакляснікі ставілі спектакль — Аляхновічавага «Бутрыма Няміру».

Беларуская моладзь Вільні выдала першы нумар літаратурнага часопіса «Маладое Жыцьцё» (адрас рэдакцыі — Вострабрамская, 9 — быў і адрасам беларускай гімназіі).

Святкаванні дня незалежнасці прайшлі ў розных кутках чужыны, куды лёс параскідваў беларусаў. 25 сакавіка ў Лодзі інтэрнаваны Першы батальён стральцоў зранку ганарова вышыхціўся каля казармаў. Сфатаграфаваліся на памяць. А 12-ай паручнік Макар Краўцоў зачытаў гадзінны рэферат пра гісторыю абвяшчэння БНР.

Штось, падавалася, мянялася і ў адносінах «чужыны» да Беларусі і яе паняволеных суседак.

«З усіх народаў, якія пасля расейскай рэвалюцыі сарваліся да незалежнага жыцьця, Беларусь атрымала найменш», — прызнаваўся № 74 польскага «Работніка» за 1921 год.

«Дапаможам вызваліць народы Беларусі і Украіны», — такім артыкульным загалоўкам пачыналася старонка 578-га нумара французскай газэты «Le moniteur du commerce»...

На трохгоддзе абвяшчэння незалежнасці БНР у Дзвінску стварылася (ці — правільней — адрадзілася ў трэці раз) культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына». Яго старшынёй стаў настаўнік Ян Харлап, намеснікам — Езавітаў (улады з недаверам ставіліся да ягонай палітычна-культурнай дзейнасці, і таму «хросны бацька» «Бацькаўшчыны» мусіў «прыхавацца» на другім «плане»[33]. Летам адзьдзелы таварыства заклаліся ў Люцыне, Краслаўцы і Старой Слабадзе.

18 красавіка Кастусь Езавітаў напісаў знаёмаму яшчэ па Вільні Міхалу Кахановічу, аднаму з кіраўнікоў Беларускай цэнтральнай школьнай рады, колішняму старшыні Віленскай беларускай рады і дырэктару Віленскай беларускай гімназіі ліст:

«Высокапаважаны Міхаіл Сілуанавіч! Вельмі прашу не адмовіць дапамагчы мне арганізаваць у Латгаліі беларускую школу[34]. Справа стаіць такім чынам: беларусаў тутака зарэгістравалася больш 50 000 (па латвійскім перапісе). Усе яны карыстаюцца або расейскай, або польскай школай. Міністэрства прасветы і земствы ідуць на спатканьне думкам аб утварэньні беларускай школы, але хочуць, каб адчыненьне яе ішло не зьверху, а зьнізу, на пажаданьне жыхарства. Я ўжо гутарыў з настаўнікамі. Згаджаюцца, але просяць курсаў, літаратуры і падручнікаў. Каб былі падручнікі, дык некаторыя школы ўжо бперайшлі на іх…».

А летам, каб забяспечыць беларускія школы сваімі настаўнікамі, «Бацькаўшчына» арганізавала шасцітыднёвыя настаўніцкія курсы, на якіх беларусазнаўства выкладалі Кастусь Езавітаў і Ігнат Дварчанін (які прыехаў з Вільні). Чыталі лекцыі і па гісторыі, і па геаграфіі Беларусі, і па беларускай літаратуры. На заклік Езавітава выкладаць у Дзвінску адгукнуліся і Эдвард Будзька, і Паўліна Мядзёлка, і Андрэй Якубецкі.

На курсы запісаліся сорак тры слухачы, з іх дваццаць (лепшых) атрымалі атэстаты настаўнікаў і былі накіраваны ў новыя беларускія школкі Прыдруйскай і Пустынскай валасцей Дзвінскага павета — такіх школак у новым навучальным годзе адкрылася шаснаццаць.

Поспехамі ў Дзвінску радаваліся і ў Вільні.

«У Беларускім адраджэньні можна адчыніць новую ружовую старонку, — пісалі беларускія газэты. — Дзьвінск са шпаркасьцю маланкі пачынае ўставаць ад векавога сну. Вучыцельскія курсы, якія адразу былі пад вялікім сумняваньнем, набіраюць вялікае сілы. Штодня прыбывае і прыбывае людзей. Кожны дзень прыходзіцца мяняць салю. Цяпер ходзяць блізу 70 чалавек… Залажылася драматычная трупа, чуць ня 30 чалавек… Залажыўся моцны хор…».