Вялікае Княства Літоўскае
Вялікае Княства Літоўскае
Уявіце, што калісьці ўсіх беларусаў звалі ліцвінамі, або літоўцамі. Гэта было ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Прычым не толькі суседнія народы менавалі нас ліцвінамі, а Беларусь — Літвою. I дома, і трапляючы за мяжу, жыхары Вялікага Княства Літоўскага таксама з гонарам казалі пра сябе: “Мы — ліцвіны”.
Шмат хто з беларусаў лічыў сябе ліцвінам і значна пазней, калі Вялікага Княства ўжо не існавала. Літвой называў сваю родную Наваградчыну выдатны паэт Адам Міцкевіч.
Мужны камандзір беларускіх паўстанцаў Кастусь Каліноўскі таксама зваў радзіму Літвой. Ліцвінамі лічылі сябе яшчэ адзін паўстанцкі правадыр Тадэвуш Касцюшка, беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя нашы славутыя землякі, пра якіх вы даведаецеся з гэтай кнігі пазней. Але раскажам пра ўсё па парадку.
Новая дзяржава
Як мы ўжо ведаем, з часоў князя Валодшы на палачанаў і суседніх балтаў з захаду нападалі нямецкія рыцары. Яны хацелі авалодаць нашай зямлёй, а яе жыхароў анямечыць, гэта значыць, прымусіць забыць сваю мову і ператварыць у немцаў.
Небяспечны вораг з’явіўся і з другога боку, з усходу. Адтуль насоўваліся мангола-татарскія орды. Татары захапілі Кіеў і шмат якія іншыя ўкраінскія і расейскія гарады.
Разрозненыя беларускія княствы апынуліся паміж двух агнёў. Каб выстаяць у змаганні з чужынцамі, яны пачалі аб’ядноўвацца ў адзіную дзяржаву. Да іх далучаліся і некаторыя балцкія плямёны. Гэтая новая дзяржава называлася Вялікае Княства Літоўскае. Гаворачы пра яе, трэба памятаць, што зямля, якая ў летапісах завецца Літвой, ляжала не там, дзе жывуць сучасныя літоўцы (летувісы), а ў тых мясцінах, дзе пачынаецца рака Нёман, іначай кажучы — на абшары цяперашняй Беларусі.
Першай сталіцаю нашай новай дзяржавы стаў горад Наваградак. Там валадарыў князь Міндоўг. У 1253 годзе ён атрымаў каралеўскую карону. Міндоўг рабіў паспяховыя паходы на нямецкіх рыцараў і адбіваў татарскія напады. У Наваградку дасюль захаваўся курган, дзе, паводле падання, пахаваны гэты князь. Далёка відаць і руіны ягонага магутнага замка, які няраз неадольна паўставаў на шляху ворага.
Беларусы здолелі абараніцца ад захопнікаў, а вось расейскія землі змагаліся з чужынцамі паасобку і на 250 гадоў трапілі ў мангола-татарскую няволю. Гэта было вялікай бядою суседняга народа. Урэшце расейцы вызваліліся, але атрымалі ад захопнікаў цяжкую спадчыну. Прыгнятальнікі пакінулі маскоўскім князям і царам жорсткія парадкі і прагу авалодаць усім светам. У нашай краіне жыццё ішло зусім іначай.
Гедзімін і Альгерд
Валадароў нашай старажытнай дзяржавы называлі вялікімі князямі або гаспадарамі.
Значна ўмацаваў сваю краіну вялікі князь Гедзімін. Ягоную ўладу прызналі Полацкая, Берасцейская, Тураўская, Віцебская, Менская ды іншыя беларускія землі. Але некаторыя з іх, асабліва Полацкае княства, яшчэ доўга мелі сваіх князёў і трымаліся старадаўніх законаў.
Гаспадар перанёс сталіцу з Наваградка ў Вільню. Там, на высокай гары, ён загадаў пабудаваць мураваны замак. Для ворагаў штурмаваць гэты замак найцяжэй было ўзімку, калі гару палівалі зверху вадою і ўся яна рабілася ледзяная.
Гедзімін мусіў увесь час ваяваць з крыжакамі. Гэта было нялёгка, бо ў немцаў ужо з’явілася агняпальная зброя. Аднойчы, калі Гедзімінава войска ўзяло ў аблогу нямецкую фартэцу, варожая куля прабіла вялікаму князю панцыр, і ён загінуў.
Ягоны сын Альгерд працягваў бацькаву справу. Ён адбіў шэсць вялікіх крыжацкіх нападаў і ўдвая пашырыў межы Княства.
Каля рэчкі Сінія Воды, што ўпадае ў Паўднёвы Буг, дружыны гэтага князя перамаглі злучаныя сілы трох татарскіх ордаў і вызвалілі ад прыгнёту Украіну. Пасля гэтага ўкраінскія землі пакінулі плаціць даніну чужынцам і таксама далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага.
Пры Альгердзе нашым продкам упершыню давялося ваяваць з Маскоўскім княствам, якое хацела захапіць Смаленск. Альгерд зрабіў тры паходы на Маскву. Ён даходзіў да самых сценаў гэтага горада і з багатай здабычай вяртаўся дахаты.
Аднойчы Альгердава войска зноў заняло Маскву. Маскоўскі князь Дзмітрый схаваўся за моцнымі мурамі крамля. Але ён быў так напалоханы, што неўзабаве выехаў насустрач нашаму войску з багатымі падарункамі і папрасіў не штурмаваць крэмль. Князь Альгерд згадзіўся ўзяць золата, срэбра, сабаліныя футры ды іншую даніну. На знак сваёй перамогі ён сеў на каня, пад’ехаў да крамля і дакрануўся да яго дзідаю. “Памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою”, — сказаў ён на развітанне панураму Дзмітрыю.
Альгерд кіраваў краінаю трыццаць гадоў і паказаў сябе выдатным ваяводам і дальнабачным палітыкам. Ён удала змагаўся за сваю дзяржаву не толькі на вайне, але і на мірных перамовах з суседнімі валадарамі. Рыцар, які прыязджаў у Вільню ў складзе нямецкага пасольства, пісаў пра гаспадара Вялікага Княства так: “У князя велічны пагляд, вочы блакітныя, валасы светла-русыя, росту ён вышэйшага за сярэдні, размаўляе гучным голасам і добра ездзіць на кані”. З летапісаў вядома, што Альгерд быў непераборлівы ў ежы і ніколі не піў віна — адну ваду.
Альгерд цудоўна ведаў нямецкую мову, аднак з крыжацкімі пасламі заўсёды размаўляў праз перакладчыка па-беларуску.
Беларуская мова за Альгердам зрабілася дзяржаўнаю моваю Вялікага Княства. Гэта азначае, што на ёй пісалі законы і княскія загады, яе павінны былі ведаць усе, каго бралі на дзяржаўную службу, незалежна ад таго, якой яны нацыянальнасці.
Князь Андрэй Полацкі
Альгерд меў дванаццаць сыноў. Найстарэйшы з іх, Андрэй, княжыў у Полацку. Пасля бацькавай смерці ён разлічваў атрымаць вялікакняскую карону, аднак гаспадаром Вялікага Княства стаў іншы Альгердаў сын — Ягайла.
Андрэй з дружынаю мусіў пакінуць Полацак. Княжыць туды з Вільні паслалі Скіргайлу. Палачане, як і ўвогуле большасць беларусаў, былі тады праваслаўнымі хрысціянамі. Прыязджаючы кіраваць у крывіцкую сталіцу, князі абавязкова мянялі сваю веру на праваслаўе. Ганарысты Скіргайла вырашыў адступіць ад звычаю і застацца паганцам. Скончылася гэта для яго вельмі сумна.
Угневаныя палачане прывязалі князя задам наперад да старой кабылы-шаўлюжкі і пад свіст і агатуканне пагналі яе да гарадской брамы. На прыдзвінскай зямлі яшчэ і цяпер можна пачуць прымаўку: “Паехаў, як Скіргайла з Полацка”. Так кажуць пра чалавека, які бясслаўна скончыў нейкую справу.
Тым часам Андрэй Полацкі дапамагаў маскоўскаму князю Дзмітрыю ў барацьбе з татарамі. Вы, магчыма, ужо чулі пра Кулікоўскую бітву, дзе расейскія дружыны перамаглі хана Мамая. Правым крылом маскоўскага войска ў той лютай сечы камандаваў Андрэй Полацкі, які прывёў з сабою дзве тысячы полацкіх ратнікаў.
На шостай гадзіне бітвы частка расейцаў не вытрымала і паказала татарам спіну. Хан ужо з задавальненнем паціраў рукі, аднак правае крыло разам з палачанамі стаяла насмерць і не адступіла. А потым у бітву ўступіў засадны полк, і татары пабеглі.
Сваё доўгае і бурнае жыццё Андрэй Альгердавіч скончыў у баі. Гэта здарылася пад час сечы з татарамі на рацэ Ворскле. Князю ішоў тады 75-ты год.
Як жыла наша краіна
Наша дзяржава была адной з найбуйнейшых краінаў у Еўропе. Тут хутка раслі старыя гарады і будаваліся новыя. Найбольшымі былі Вільня, Полацак, Смаленск, Віцебск, Магілеў, Менск, Пінск, Слуцак, Горадня, Кіеў. Усё новыя і больш складаныя рамёствы асвойвалі беларускія рамеснікі. Купцы вялі выгадны гандаль шмат з якімі краінамі.
Большасць жыхароў Княства была сялянамі, якія працавалі на зямлі. Але зямля звычайна належала не ім, а вялікаму князю і знатным родам. Самыя вяльможныя і багатыя з іх называліся магнатамі, а астатнія — проста шляхтаю, шляхцічамі.
З магнатаў складалася Рада, з дапамогаю якой гаспадар кіраваў дзяржаваю. Для абмеркавання найбольш важных пытанняў склікалі Сойм. Гэта быў своеасаблівы з’езд дэпутатаў. Усе яны былі шляхцічамі, і выбіраць іх магла толькі шляхта. Гараджане
і сяляне такога права не мелі.
У нашай дзяржаве мірна жылі людзі рознай веры і нацыянальнасці. На гарадскіх пляцах побач маглі стаяць праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, сінагога, дзе маліліся габраі, а часам і мячэць, куды хадзілі мусульмане. Мячэці будавалі для сябе беларускія татары — нашчадкі палонных і тыя, што самі захацелі служыць вялікаму князю і пасяліліся на нашай зямлі.
У суседняй Маскоўшчыне такой згоды паміж людзьмі ніколі не было. Чалавека іншай веры там лічылі злачынцам. Яго маглі забіць, спаліць на вогнішчы або прымусіць уцячы з родных мясцінаў. Нават на адзінаверцаў — праваслаўных з іншых краінаў — маскоўцы глядзелі падазрона.
У Вялікім Княстве Літоўскім дзейнічалі значна больш мудрыя і справядлівыя законы. Яны дазвалялі нашым продкам вандраваць па іншых краінах і вучыцца ў замежных універсітэтах. Тысячы юнакоў-ліцвінаў здабывалі веды ў Чэхіі, Польшчы, Нямеччыне, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Атрымаўшы адукацыю, яны вярталіся на Бацькаўшчыну, каб служыць свайму народу.
Беларускія гербы
Цяпер Беларусь падзяляецца на вобласці, а тады нашая дзяржава дзялілася на ваяводствы. Кожнае ваяводства і ягоныя гарады мелі свае гербы. Герб — гэта знак, які змяшчаюць на сцягах і пячатках. Разглядаць такія знакі надзіва цікава.
На гербе Менска мы ўбачым маці Ісуса Хрыста — Багародзіцу. Старажытныя менчукі спадзяваліся на яе дапамогу і абарону. На полацкім гербе плыве трохмачтавы карабель пад белымі ветразямі. Гэта сведчыць, што Полацак быў буйным гандлёвым горадам, куды прыязджала па Дзвіне шмат купцоў. Караблі мы бачым і на гербах прыдзвінскіх Дзісны і Друі. Купцы ўзважвалі свае тавары на вагах. Так вагі трапілі на гербы Ашмянаў, Наваградка і Шклова.
Гарады, што стаялі на мяжы краіны, часта мусілі бараніцца ад ворагаў, таму на іхніх гербах можна сустрэць зброю. У Берасця і Пінска гэта, напрыклад, нацягнутыя лукі, у Амсціслава — рука з мячом, а ў Быхава — дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы. Абарончыя вежы паказаныя на гербах Барысава, Камянца і Магілева.
Нярэдка на гербах намаляваныя розныя звяры і птушкі. Знакам старажытнай Горадні стаў алень з залатым крыжам паміж рагамі. На гербе Копыся сядзіць чорны заяц, на гербе Мазыра — арол, а жыхары Ваўкавыска зрабілі сваім знакам ваўчыную галаву. На гербах Ліды, Гарадка, Слуцка і іншых гарадоў вы таксама ўбачыце выявы рэальных і фантастычных жывёл і птушак — ільвоў, крылатых коней, ласёў, арлоў...
Гербы лічыліся сведчаннем незалежнасці. Свой герб, зразумела, быў і ва ўсёй нашай дзяржавы.
Пра яго пойдзе гаворка ў наступным аповядзе.
Пытанні і заданні
1. Чаму разрозненыя беларускія землі пачалі аб’ядноўвацца ў адзіную дзяржаву?
2. Як называлася новая беларуская дзяржава? Які горад быў яе першай сталіцай?
3. Раскажы пра вялікага князя Гедзіміна.
4. Чаму мы лічым князя Альгерда нашым выдатным ваяводам і мудрым палітыкам?
5. Раскажы пра паходы гэтага князя на Маскву.
6. Якія ўспаміны пакінуў пра Альгерда нямецкі пасол?
7. Якая мова ў Вялікім Княстве Літоўскім была дзяржаўнай? Што гэта значыць?
8. Як узнікла прымаўка “Паехаў, як Скіргайла з Полацка”?
9. Што ты даведаўся пра князя Андрэя Полацкага?
10. Раскажы, як жыла наша тагачасная дзяржава.
11. Што такое герб? Што малявалі на гербах нашыя продкі?
12. Ці ведаеш ты, які герб у твайго горада? Намалюй гэты герб каляровымі алоўкамі або фарбамі.
13. Знайдзі са сваім старэйшым сябрам малюнкі беларускіх гербаў. Перамалюй тыя, якія табе найбольш падабаюцца.
14. Калі ты жывеш не ў горадзе, паспрабуй сам прыдумаць для сваёй роднай вёскі ці пасёлка герб.