Легендарныя часы

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Легендарныя часы

V-VIII стагоддзі

На землі, якія займае цяперашняя Беларусь, мігруюць з захаду і поўдня славянскія плямёны крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў, валынянаў. Чаму вырушылі яны не да цяпла і мора, а сюды - у пушчы і балоты - неразгаданая таямніца нашых прашчураў. На берагах Нёмана, Дзвіны, Сожа распачаліся этнічныя кантакты з балтамоўнымі плямёнамі, паступова прышэльцы асімілявалі частку спрадвечных насельнікаў гэтых зямель (голядзі, лотвы, латыголы, літвы, яцьвягаў). Менавіта на падставе шчыльных этнакантактаў, узаемнага культурнага ўплыву, неабходнасці агульнага суіснавання пачалося станаўленне беларусаў як этнічнай асабовасці са сваім самастойным гістарычным лёсам і шляхам.

IX стагоддзе

859 - першыя напады варажскіх дружынаў (паморскіх славянаў - рарэгаў) на паселішчы палачанаў па Заходняй Дзвіне і на літву па Нёману (па гэтак званых «шляхах з варагаў у грэкі»).

862 - першае гістарычнае сведчанне пра існаванне сталіцы крывічоў-палачанаў - Полацак.

865 - рабаўнічы паход дружыны варажскіх князёў Аскольда і Дзіра на палачанаў.

866 - удзел полацкіх і дрыгавіцкіх дружынаў у няўдалым рабаўнічым паходзе кіеўскіх князёў на Візантыю.

885 - рабаўнічы паход кіеўлянаў на чале з князем Алегам на землі радзімічаў для абкладання іх данінай.

X стагоддзе

907 - удзел палачанаў і радзімічаў у рабаўнічым паходзе на Царград (Канстанцінопаль) войска кіеўскага князя Алега.

944 - удзел палачанаў у рабаўнічым паходзе на Канстанцінопаль разам з войскам кіеўскага князя Ігара.

960 - прыход у Полацак варажскага (з паморскіх славянаў) князя Рагвалода, заснавальніка гістарычна вядомай полацкай дынастыі князёў, першага вядомага па імені князя беларускай старажытнасці.