Часы пасля Люблінскай вуніі
Часы пасля Люблінскай вуніі
1569 - вясна-лета, гвалтоўнае далучэнне палякамі да сваёй дзяржавы значнай часткі зямель ВКЛ - Падляшша, Валыні, Кіеўшчыны, Падолля. 1 ліпеня палякі навязалі сілай умовы Люблінскай вуніі. Утварэнне новай федэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай.
1570 - 25 ліпеня, забойства ў Яраслаўлі і Кастраме на загад Івана Грознага 665 палонных з Полацка.
1572 - 7 ліпеня, сканаў не пакінуўшы наступніка кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. На ім скончылася дынастыя Ягайлавічаў, якая панавала ў Вялікім Княстве і ў Польшчы 186 гадоў. Наступныя два стагоддзі на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай вальныя соймы абіралі галоўным чынам чужынцаў, што нарэшце адгукнулася дзяржаўным бяссіллем і гістарычнай драмай Трох падзелаў.
1576 - захоп маскоўскім войскам Гомеля, адбіцце яго войскам гетмана Радзівіла.
1578 - перамога злучанага беларускага і шведскага войскаў на чале з А.Сапегам над маскоўцамі каля Вендэна.
1579 - 30 жніўня, вызваленне войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём Стэфанам Баторыям Полацка ад маскоўцаў пасля 18-дзённай аблогі.
1579 - верасень, вызваленне войскам Рэчы Паспалітай ад маскоўскага войска ўсёй Полацкай зямлі.
1580 - спаленне Магілева маскоўскім войскам князя Сярэбранага.
1580 - паход войска караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя на Вялікія Лукі ў адказ на разбурэнне гарадоў Княства маскоўцамі пад час вайны.
1581 - 4-месячная безвыніковая аблога войскамі Рэчы Паспалітай на чале са Стэфанам Баторыям Пскоўскага замка.
1581 - першае публічнае паленне кальвінісцкай і праваслаўнай літаратуры ў Вільні, арганізаванае езуітамі.
1581 - аблога маскоўскімі войскамі Магілева і Шклова.
1582 - старажытная полацкая Спаса-Еўфрасіннеўская царква, дзе была кельля св. Еўфрасінні, на загад Стэфана Баторыя перададзена езуітам пад касцёл. Наноў пераасвячоная ў праваслаўны храм у 1832 годзе.
1590 - захоп і рабаванне горада Быхава данскімі казакамі.
1595 - стварэнне ў Вялікім Княстве па рашэнню сойма выбранецкай пяхоты. Удзел першых выбранецкіх палкоў у баях з загонамі запарожскіх казакоў, якія наязджалі на Беларусь.
1595 - лістапад, паход запарожскіх казакоў атамана Севярына Налівайкі на Беларусь. Захоп і рабаванне Петрыкава і Слуцка.
1595 - 13 снежня, захоп казакамі Налівайкі Магілева, рабунак і спаленне горада і замка.
1595 - снежань, бітва шляхецкага войска Вялікага Княства з казацкімі загонамі Налівайкі і прымкнулымі да іх сялянамі на Буйніцкім полі.
1596 - студзень, захоп і спусташэнне казакамі Налівайкі разам з паўсталымі сялянамі гарадоў Турава, Давыд-Гарадка, Пінска. Адыход Налівайкі на Ўкраіну.
1599 - дабраахвотны паход Яна Хадкевіча з уласнымі коннымі харугвамі ў Трансільванію на дапамогу князям Сяміграддзя, паўсталым супраць турак.
XVII стагоддзе
1600 - пачатак 29-гадовай вайны федэратыўнай Рэчы Паспалітай са Швецыяй за панаванне на Балтыйскім моры.
1601 - чэрвень, бітва пад Кукейносам паміж войскам Вялікага Княства, узначаленым Радзівілам Пяруном, і шведскім войскам.
1601 - жнівень, абарона войскам Вялікага Княства Рыгі ад шведаў.
1601 - голад ва ўсходніх і цэнтральных ваяводствах Беларусі ў сувязі з неўраджаем. Вясной 1602 года да голаду дадалася эпідэмія, што прывяло да масавага вымірання насельніцтва на Гомельшчыне і Магілеўшчыне.
1602 - спаленне Віцебска і вынішчэнне гарадскога жыхарства загонам запарожскіх казакоў атамана Дубіны.
1602 - снежань, пачатак 4-месячнай паспяховай аблогі 2-тысячным войскам польнага гетмана Яна Хадкевіча шведскага гарнізона ў горадзе і замку Дэрпт (цяперашняе Тарту).
1603 - верасень, дзікунскае забойства перакладчыка і выдаўца Евангелля ў беларускай мове Васіля Цяпінскага роднымі пляменнікамі за выдаткі грошай на друкарню.
1603 - стварэнне Аляксандрам Лісоўскім у Беларусі аддзелаў нерэгулярнай лёгкай конніцы з беднай шляхты і вольных людзей. Гэтыя аддзелы атрымалі назву лісаўчыкоў. Былі адметныя смеласцю, бязлітаснасцю і ахвотай да рабункаў. Ваявалі ў войску Ілжэдзмітрыя II, служылі каралю Жыгімонту Вазе, потым наймаліся да нямецкага імператара Фердынанда душыць чэшскае паўстанне 1620 года. На баку войска Рэчы Паспалітай удзельнічалі ў бітве з туркамі пад Хоцінам ў 1621 годзе. У мірныя гады пераўтвараліся ў шайкі рабаўнікоў. Канчаткова расфармаваныя ў 1636 годзе.
1604 - верасень, перамога войска ВКЛ на чале з гетманам Янам Хадкевічам над шведскім войскам пад Белым Каменем (у Эстоніі).
1604 - удзел вайсковых аддзелаў беларускіх магнатаў у паходзе Ілжэдзмітрыя на Маскву. Бітва 15-тысячнага войска самазванца з 50-тысячным маскоўскім войскам пад Ноўгарад-Северскім.
1605 - 21 студзеня, няўдалы бой палкоў Ілжэдзмітрыя з царскім войскам Васіля Шуйскага пад Дабрынічамі.
1605 - 27 верасня, перамога 4-тысячнага войска Вялікага Княства на чале з гетманам Янам Хадкевічам над 14-тысячным войскам шведаў каля вёскі Кірхгольм за 13 вёрстаў ад Рыгі. Галоўнкую ролю адыгралі гусарскія палкі В.Войны і Я.Сапегі. Беларусы ў гэтай бітве ўзялі 60 трафейных сцягоў разгромленых шведскіх харугваў. Шведы страцілі забітымі 6 тысяч чалавек, войска Я.Хадкевіча - 100 забітымі.
1606 - 20 чэрвеня, паўстанне гараджанаў Магілева супраць магістрата, ачоленае рамеснікамі Стахарам Мітковічам і Пётрам Кузьмінічам. Канчаткова задушана ўладамі ў 1610 годзе, актыўныя ўдзельнікі паўстання пакараны смерцю на шыбеніцы.
1607 - 6 ліпеня, перамога войска, узначаленага Янам Хадкевічам, над войскам ракашанаў (канфедэрацыі шляхты, скіраванай супраць караля Жыгімонта Вазы), якое ўзначальваў Януш Радзівіл.
1608 - удзел беларускай шляхты ў паходзе на Маскву з тушынскім самазванцам (Ілжэдзмітрыем II).
1608 - пачатак безвыніковай 15-месячнай аблогі беларускімі і польскімі аддзеламі на чале з Сапегам і Аляксандрам Лісоўскім Троіца-Сергіеўскай лаўры.
1609 - 4 сакавіка, узяцце штурмам 2-тысячным войскам гетмана вялікага Яна Хадкевіча горада Пярну, які абараняў шведскі гарнізон.
1609 - пачатак 9-гадовай вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай за вяртанне ВКЛ Смаленскай зямлі. Пачатак аблогі войскам Смаленска. Узяцце горада штурмам ў чэрвені 1611 года.
1609 - 11 ліпеня, спроба забойства праваслаўнымі ў Відьні вуніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея. На 70-гадовага мітрапаліта напаў гайдук і выцяў шабляй. Пацей паспеў засланіць галаву рукой, і шабля адсекла яму пальцы, перасекла кій і вопратку. Гайдука злавілі, збілі і назаўтра павесілі. Прозвішча яго было Тупэка.
1610 - другое паўстанне магілеўскіх гараджанаў.
1610 - 21 верасня, уваход ў Маскву польскага і беларускага войска на чале з Гансеўскім пасля абвяшчэння баярамі «рускім царом» каралевіча Ўладзіслава Вазы.
1611 - пачатак 2-гадовага мяцежу сялянаў бабруйскіх вёсак супраць правядзення валочнай памеры.
1611 - 29 сакавіка, задушэнне войскамі Гансеўскага ў Маскве паўстання гараджанаў супроць польска-беларускага гарнізона.
1612 - верасень, баі войска Яна Хадкевіча з апаўчэннем князя Дзмітрыя Пажарскага каля Масквы.
1612 - лістапад, вымушаная здача ў палон польска-беларускага гарнізона ў Маскоўскім Крамлі.
1613 - аблога Смаленска маскоўскім войскам.
1613 - красавік, пачатак будаўніцтва Жыровіцкага вуніяцкага манастыра і царквы, дзе змяшчаўся цудатворны абраз Жыровіцкай Багародзіцы. Ствараў гэны найзначнейшы рэлігійны асяродак Язафат Кунцэвіч, фундатарамі былі Ян Мялешка, Даніла Солтан, Рыгор Трызна. Жыровіцкі абраз прыцягваў сотні тысяч пілігрымаў. Пасля прылучэння Беларусі да Расеі Жыровічы забраныя для праваслаўнай царквы.
1614 - красавік, вызваленне палкамі Сапегі і Лісоўскага Смаленска ад маскоўскай аблогі.
1615 - паход палкоў, на чале з Янам Кішкам і А.Лісоўскім на Старадуб і Бранск.
1615 - князь Мікалай Радзівіл Сіротка заснаваў камандорства мальтыйскага ордэна ў Сталовічах над Шчарай.
1616 - паўстанне гараджанаў Мазыра ў абарону сваіх правоў на гарадское самакіраванне. Захоп паўстанцамі замка. Сутычкі з каралеўскімі войскамі.
1616 - пераможны бой сялянскіх атрадаў каля Глуска з шляхецкай харугвай Сянкевіча.
1617 - паход каралевіча Ўладзіслава Вазы на Маскву. Войска ўзначальваў гетман вялікі літоўскі Ян Хадкевіч. Саюзнікамі былі казакі гетмана Сагайдачнага, рэшткі паўстанцкіх аддзелаў Івана Балотнікава. Безвыніковы штурм Масквы.
1621 - верасень, перамога ў шматдзённай бітве пад Хоцінам 70-тысячнага войска Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Янам Хадкевічам над 220-тысячным турэцка-татарскім войскам.
1622 - аблога і ўзяцце палкамі гетмана польнага Крыштафа Радзівіла горада Мітавы.
1623 - 12 лістапада, мяцеж праваслаўных у Віцебску супраць вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча. Быў жорстка забіты натоўпам, цела біскупа кінулі ў Дзвіну, прывязаўшы да шыі рыбацкую сетку з камянямі. 19 удзельнікаў забойства пакаралі смерцю, а яшчэ 80 уцяклі з горада. Язафат Кунцэвіч у 1643 годзе быў абвешчаны першым святым вуніяцкай царквы ў Беларусі.
1625 - пачатак 4-гадовай вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй.
1632 - пачатак 2-гадовай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за Смаленск.
1633 - аблога маскоўскімі войскамі Смаленска, захоп Асвеі, Друі, Прапойска, Полацка.
1633 - верасень, выступленне гараджанаў Магілева супраць пастою каралеўскага войска. Пяць завадатараў выступлення пакараны смерцю.
1633 - верасень, акружэнне аддзеламі войска Рэчы Паспалітай маскоўскага войска пад Смаленскам.
1633 - аблога загонамі ўкраінскіх казакаў Гомельскага замка.
1633 - 12 кастрычніка, узброены мяцеж гараджанаў Полацка супраць вуніяцкага архібіскупа Селявы ў сувязі з рэлігійным уціскам.
1634 - люты, падпісанне царскім ваяводам М.Шэінам капітуляцыі маскоўскага войска пад Смаленскам.
1647 - мяцеж жыхарства ў Цяляханах. Бой з шляхецкімі аддзеламі.
1648 - красавік, пачатак казацкага паўстання Хмяльніцкага на Ўкраіне, якое перайшло ў антыфеадальную вайну і захапіла Беларусь. Вайна цягнулася з перапынкамі да 1667 года і набыла назву Патопа. У Беларусі за гэты час загінула 52 адсоткі насельніцтва. Ва ўсходніх паветах і на Меншчыне страты насельніцтва складалі да 75 адсоткаў.
1648 - 15 верасня, расстрэл у Берасці салдатамі вуніяцкай харугвы публіцыста, ігумена Сімяонаўскага манастыра Афанасія Філіповіча за адмову выракчыся праваслаўнай веры. У жніўні 1649 года кананізаваны царквой як святы прападобны пакутнік.
1648 - 20-22 верасня, разгром казацкімі палкамі шляхецкага войска Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі.
1648 - верасень, захоп украінскімі казакамі палкоўніка Главацкага горада Гомеля, вынішчэнне ўсіх каталікоў і габрэяў.
1648 - кастрычнік, паўстанне гараджанаў Бабруйска, перамога паўстанцаў каля горада над атрадамі харужага літоўскага Паца.
1648 - лістапад, войска стражніка ВКЛ князя Мірскага ўзяло штурмам Пінск. Былі забітыя 3.000 абаронцаў горада, іхныя дзеці і жонкі таксама былі бязлітасна пасечаныя.
1648 - 30 снежня, у Ігумене мясцовыя паўстанцкія аддзелы разграмілі войска харунжага літоўскага Паца.
1649 - з-за недароду збожжа галодны год у Беларусі, мноства сялянскіх двароў вымерлі.
1649 - 13 студзеня, бой смалявіцкіх жыхароў з двума палкамі наёмнага войска, узначаленых Данаваем.
1649 - 16 студзеня, знішчэнне каля Менска наёмных палкоў Данавая казакамі і паўсталымі сялянамі.
1649 - люты, 4-тыднёвая аблога Бабруйска войскам польнага пісара Валовіча. Узяцце Бабруйска шляхецкім войскам з-за здрады праваслаўнага духавенства і купцоў. Ноччу яны расчынілі гарадскія вароты і пакінулі горад, а ў Бабруйск ўварваліся харугвы польнага гетмана Януша Радзівіла. Гетман жорстка расправіўся і з казакамі, і з паўстанцамі-гараджанамі, і са здраднікамі (на кол пасадзілі 100 чалавек, 150 забілі, 800 пакаралі адсячэннем рукі, усяго паўстанцаў загінула больш за 3.000). Загінула за час баёў у горадзе болей за 4 тысячы чалавек.
1649 - 17 чэрвеня, разгром войскамі гетмана Януша Радзівіла 7-тысячнага атрада ўкраінскіх казакоў Іллі Галоты і паўсталых сялянаў каля Загалля на Прыпяці.
1649 - 30 ліпеня, бітва пад Лоевым войска Вялікага Княства на чале з Янушам Радзівілам з 30-тысячным войскам, якое ачольваў казацкі палкоўнік Міхаіл Крычэўскі. Палову войска складалі казацкія палкі з Украіны, палову - паўсталыя сяляне. Паранены Крычэўскі, які патрапіў у палон, адмовіўся ад прапановы Радзівіла перайсці на службу да яго і скончыў жыццё, разбіўшы галаву аб гарматнае кола.
1651 - 4 жніўня, ўзяцце Кіева войскам ВКЛ на чале з князем Янушам Радзівілам.
1652 - маравая пошасць на абшары віленскага ваяводства. Памерлыя ляжалі на дарогах, не было каму іх пахаваць.
1654 - травень, пачатак захопніцкай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай.
1654 - захоп расейскімі войскамі Воршы, Магілева, Шклова, Полацка, Віцебска. Упартая абарона ад расейцаў Мсціслаўя (загінула больш за 9 тысяч абаронцаў).
1654 - ліпень, стварэнне ў Чавусах на дазвол расейскага цара шляхціцам Канстанцінам Паклонскім Беларускага казацкага палка. Полк меў у складзе 6.000 чалавек шляхты і сялянаў з Магілеўскага, Чавускага, Мсціслаўскага паветаў. Удзельнічаў разам з расейцамі ва ўзяцці Магілева. Праз год Беларускі полк пакінуў расейцаў і перайшоў на бок Януша Радзівіла.
1654 - 24 ліпеня, захоп расейскай арміяй Шарамецева Дзісны і Друі.
1654 - 3 жніўня, бітва аддзелаў палявога гетмана Гасеўскага з маскоўскім войскам пад Воршай.
1654 - 12 жніўня, бітва корпуса Януша Радзівіла пад Шкловам з маскоўскім войскам князя Чаркаскага.
1654 - 13 жніўня, захоп Гомеля пасля працяглай аблогі ўкраінскімі казакамі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі, саюзнікам маскоўскага цара. Залатарэнка прывёў у Беларусь 20 тысяч войска (Нежынскі, Старадубскі, Чарнігаўскі палкі).
1654 - 24 жніўня, прайграны бой Радзівіла войску князя Трубяцкога пад мястэчкам Шапялевічы.
1654 - 24 жніўня, здача Магілева насельніцтвам горада палку шляхціча Канстанціна Паклонскага, які прысягнуў на вернасць расейскаму цару. Пагалоўнае вынішчэнне яго казакамі габрэяў.
1654 - 29 жніўня, захоп казакамі Залатарэнкі горада Чачэрска.
1654 - 23 верасня, здача Смаленска расейскаму войску пасля двухмесячнай аблогі.
1654 - 12 кастрычніка, здача маскоўцам пасля ўпартай абароны горада Дуброўны, цалкам пасля спутошанага.
1654 - 17 лістапада, пасля 14 тыдняў аблогі войска маскоўскага ваяводы Шарамецява і казакі Васіля Залатарэнкі захапілі Віцебск і яго замкі. Усяго да канца года расейцы захапілі 33 гарады ў Беларусі.
1654 - безвыніковая аблога Старога Быхава казакамі І.Залатарэнкі. Гарнізон вытрымаў 10 тыдняў аблогі са жніўня па лістапад.
1654 - за паўгады вайны на загад цара Аляксея на Віцебшчыне былі зруйнаваныя 11 каталіцкіх касцёлаў і кляштараў, на Магілеўшчыне - 25 касцёлаў.
1655 - сакавік, захоп і спаленне Бабруйскага замка казакамі І.Залатарэнкі. Захоп ягоным загонам Наваградскага замка.
1655 - захоп маскоўскімі войскамі Барысава, Менска, Коўна, Горадні, Слоніма, Клецка, Турава.
1655 - 30 чэрвеня, захоп маскоўскім войскам Менска.
1655 - гвалтоўны вываз маскоўцамі ўсяго абсталявання, заснаванай Спірыдонам Собалем, вядомай друкарні Куцеінскага манастыра (Ворша) на загад патрыярха расейскай царквы Нікана ў Іверскі манастыр, потым у Нова-Іерусалімскі манастыр пад Масквой. Пазней на аснове гэтай друкарні Сімяон Полацкі ўтварыў друкарню ў Крамлі, дзе надрукаваў свае некалькі твораў.
1655 - 28 ліпеня, бітва беларускіх харугваў з расейскім войскам пад Ашмянамі.
1655 - пачатак жніўня, казацкія загоны гетмана Залатарэнкі пусцілі пад шаблю Лідчыну, спалілі Ліду.
1655 - 8 жніўня, захоп расейскімі войскамі князя Чаркаскага і казакамі гетмана І.Залатарэнкі Вільні. Падпалены горад гарэў 17 дзён. Пад шаблямі і ў агні загінулі 25 тысяч жыхароў горада.
1655 - 25 жніўня, расейскія салдаты разрабавалі віленскі касцёл св. Міхала, фундарам якога быў канцлер ВКЛ Леў Сапега і дзе быў пахаваны ў 1633 годзе. Расейцы надругаліся над ягоным целам, выкінуўшы труну са склепа на вуліцу.
1655 - верасень, захоп маскоўскімі стральцамі і ўкраінскімі казакамі Турава і Давыд-Гарадка.
1655 - 5 кастрычніка, захоп маскоўскімі стральцамі Пінска, рабунак і спаленне горада.
1655 - лістапад, рабунак шляхецкіх сядзіб і вёсак Берасцейскага павета наёмным тысячным аддзелам Караля Лісоўскага.
1655 - 13 лістапада, перамога войска гетмана Паўла Сапегі над маскоўскім войскам на рацэ Лясной каля Берасця.
1655 - снежань, аблога Тыкоцінскага замка на Падляшшы, дзе закрыўся Януш Радзівіл, войскамі гетмана Паўла Сапегі.
1656 - голад і маравая пошасць на абшары Менскага ваяводства.
1656 - люты, паход войска ВКЛ на чале з вялікім гетманам Паўлам Сапегам у Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі.
1656 - ліпень, удзел войска Вялікага Княства Літоўскага ў баях за Варшаву супроць шведска-брандэнбургскага войска.
1656 - жнівень, перамога беларускіх палкоў на чале з Гасеўскім над шведамі пад Просткамі ў Прусіі.
1657 - травень, захоп шведскім войскам Берасця, дзякуючы здрадзе нямецкіх наёмнікаў.
1657 - у Янаве на Берасцейшчыне казакі закатавалі каталіцкага манаха, прапаведніка Андрэя Баболю. Прылічаны каталіцкай царквой да святых. Першы каталіцкі святы ў Беларусі.
1657 - снежань, перамога прысяжнага шляхецкага (што прысягала на вернасць цару) апалчэння над казацкім войскам Дзяніса Мурашкі каля вёскі Прусавічы. Праз некалькі тыдняў Мурашка разбіў прысяжную шляхту пад Брусевічамі.
1658 - кастрычнік, пачатак аблогі маскоўскага гарнізона ў Горадні дывізіяй гетмана Паўла Яна Сапегі.
1658 - верасень, заняцце Менска сялянскімі атрадамі Дзяніса Мурашкі, які прыняў бок караля. Асада менскага замка.
1658 - 27 кастрычніка, бітва пад Чавусамі 14-тысячнага войска казацкага палкоўніка Нячая, які перайшоў на бок караля, з маскоўскім войскам ваяводаў Казлоўскага і Змеява.
1658 - кастрычнік, перамога харугваў гетмана польнага ВКЛ Вінцэнта Аляксандра Гасеўскага над маскоўскім войскам князя Далгарукага пад Вільняй. Таго ж месяца ў новай бітве войска Далгарукага перамагло конныя харугвы Гасеўскага, сам гетман трапіў у палон.
1659 - 26 студзеня, пачатак асады Мсціслаўя маскоўскім войскам ваяводы Лабанава-Растоўскага.
1659 - 9 сакавіка, гарадзенскі маскоўскі гарнізон разам з ваяводам здаўся войску гетмана Паўла Сапегі.
1659 - 11 сакавіка, няўдалая бітва казацкіх атрадаў Нячая, Мурашкі, Выгоўскага з маскоўскім войскам Лабанава-Растоўскага.
1659 - 4 декабря, маскоўскае войска штурмам узяло Стары Быхаў. Жорсткая расправа з казакамі, якія былі на баку Рэчы Паспалітай. Павешаны патрапіўшыя ў палон атаманы паўстанцкіх атрадаў Дрань, Маляўка, Корсак.
1659 - снежань, чарговы захоп маскоўскімі войскамі ваяводы Хаванскага Горадні. Капітуляцыя гарадзенскага гарнізона.
1660 - 13 студзеня, захоп маскоўскім войскам князя Хаванскага горада і замка Берасця. Горад быў цалкам спалены, а яго жыхары вынішчаны амаль пагалоўна.
1660 - 15 студзеня, паражэнне харугваў палкоўніка Абуховіча ад маскоўскіх палкоў пад Пружанамі.
1660 - 20 сакавіка, пачатак 2-месячнай безвыніковай аблогі Ляхавічаў маскоўскім войскам.
1660 - 28 чэрвеня, пераможная бітва дывізіяў Паўла Сапегі і С.Чарнецкага з маскоўскім войскам ваяводы Хаванскага пад Палонкаю (недалёка ад Ляхавічаў). Потым у Палонцы трымалі палонных.
1660 - 3 ліпеня, войскі Сапегі і Чарнецкага вызвалілі ад маскоўцаў Менск.
1660 - 8 кастрычніка, бітва на рацэ Басі харугваў Сапегі, Паца, Палубінскага з маскоўскім войскам ваяводы Далгарукага.
1661 - 10 лютага, падрыхтаванае паўстанне гараджанаў Магілева. Вынішчэнне ў адну ноч маскоўскага гарнізона (3 тысячы чалавек).
1661 - ліпень, безвыніковы штурм Магілева маскоўскімі палкамі.
1661 - 4 лістапада, пераможная бітва войска гетманаў Сапегі і Чарнецкага з маскоўскім войскам князя Хаванскага каля вёскі Кушлікі (Кушлікавы Горы) блізка Дзісны на Полаччыне, апошняя буйная бітва часоў «патопу». Былі захоплены 130 баявых расейскіх сцягоў, усе гарматы, абоз.
1661 - 6 лістапада, войскі Вялікага Княства разбілі каля Глыбокага маскоўскае войска, узначаленае князем Хаванскім.
1662 - забойства мяцежнымі салдатамі ў войску польнага гетмана Вінцэнта Гасеўскага, неабгрунтавана абвінавачанага ў здрадзе войску і Радзіме.
1662 - ліпень, здача ў палон гарнізона маскоўцаў Барысаўскага замка пасля 2-гадовай аблогі войскамі ВКЛ.
1664 - 16 чэрвеня, паражэнне расейскага войска князя Хаванскага пад Віцебскам у баях з войскам гетмана М.Паца.
1665 - з прычыны пастаянных рабункаў войскам збожжа і быдла голад на поўдні Беларусі, асабліва на Піншчыне.
1665 - наезд украінскіх казакоў на Бабруйск, спаленне горада і замка.
1666 - захоп маскоўскімі войскамі на чале з ваяводамі Чаркаскім і Варатынскім Шклова. Высылка на царскі загад шклоўскай шляхты, абвінавачанай ў нявернасці расейскаму цару, у Казань.
1667 - апошні год Патопу. У Беларусі загінула болей за 2 мільёны чалавек. Усе гарады былі ператвораныя ў руіны. У Полацку з 1500 даваенных засталося 102 двары, у Ляхавічах з 215 ацалела 17, у Магілеве з 2637 засталося 577. І гэтак паўсюдна па краіне. На адраджэнне гаспадаркі спатрэбілася стагоддзе. Ранейшая колькасць насельніцтва засведчана толькі ў 19-м стагоддзі.
1672 - вясна, сумесная з палякамі шматмесячная абарона ад турэцкага войска крэпасці Камянца-Падольскага. Не маючы моцы ўтрымаць яе, гарнізон падарваў парахавыя склепы. Тут загінуў знакаміты на Падляшшы шляхціч Валадыеўскі, якому прысвечаны раман Г.Сянкевіча.
1673 - 11 лістапада, пераможная бітва 40-тысячнага войска Рэчы Паспалітай на чале з Янам Сабескім пад Хоцінам з 80 тысячамі турак. Туркі страцілі каля 40 тысяч забітымі. Спыненне турэцкай экспансіі на Ўкраіну.
1683 - 12 верасня, пераможная бітва саюзнага войска (баварцы, саксонцы, аўстрыйцы, конныя палкі Польшчы і Вялікага Княства - разам 65 тысяч) на чале з каралём Янам Сабескім з турэцкім войскам (200 тысяч) пад Венай.
1687 - ліпень, пераможная бітва войска Яна Сабескага з туркамі пад Каменцам-Падольскім.
1689 - 30 сакавіка, спаленне на плошчы Старога Мяста ў Варшаве мысліцеля, берасцейскага падсудка Казіміра Лышчынскага за атэістычныя погляды.
1690 - барацьба рода Сапегаў, узначаленых гетманам вялікім літоўскім Казімірам Сапегай, з магнацкай групоўкай Радзівілаў, Пацаў, Агінскіх, Вішнявецкіх, Коцелаў за ўладу ў Вялікім Княстве. Вайна цягнулася болей за 10 гадоў.
1695 - чэрвень, задушэнне на загад гетмана Сапегі рэйтарскімі і татарскімі харугвамі ўзброенага паўстання гараджанаў Слуцка і слуцкага сялянства супраць жорсткага прыгнёту з боку сваіх валадароў - Радзівілаў і Сапегаў.
1696 - 17 кастрычніка, стварэнне з дазволу каралевы канфедэрацыі літоўскай шляхты (так званыя «рэспубліканцы») на чале з Рыгорам Агінскім для барацьбы супраць Сапегаў, якія імкнуліся адлучыць ад Польшчы Вялікае Княства і аднавіць яго самастойнасць.
1696 - 8 лістапада, разгром мяшчанамі Крычава і сялянамі Крычаўскага староства салдатаў харугвы харунжага літоўскага Рыгора Агінскага за рабаванне жыхароў і жорсткасць.
1697 - вальны сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову пра забарону пісаць дзяржаўныя (соймавыя) дакументы ў беларускай мове (тое ж самае датычылася да летувіскай і ўкраінскай моваў). Дазвалялася пісаць толькі па-лацінску ці па-польску. Пастанова паспрыяла паланізацыі шляхты Беларусі, Летувы і Ўкраіны. Праз 299 гадоў беларускія прамаскоўскія ўлады, скарыстаўшы механізм рэферэндума, надалі расейскай мове ў межах Беларусі статус дзяржаўнай, што адразу пятая калона і бюракратыя скарысталі для выціскання беларускай мовы з ужытку, здзяйснення актыўнага лінгвацыду на карысць аднаўлення імперскай Расеі.
1698 - 22 ліпеня, войска канфедэратаў-рэспубліканцаў было разбітае пад Юрбаркам войскам гетмана вялікага літоўскага Казіміра Сапегі.
XVIII стагоддзе
1700 - пачатак 21-гадовай Паўночнай вайны Рэчы Паспалітай і Расеі са Швецыяй. Галоўным тэатрам ваенных дзеянняў стала тэрыторыя Беларусі. Страты беларускага насельніцтва ў гэтай вайне - 1,3 млн. чалавек (кожны трэці).
1700 - увядзенне каралём-немцам Рэчы Паспалітай Аўгустам Моцным у Беларусь 15 тысячаў саксонскага войска (пратэстанты). Здзекі саксонцаў над беларускім насельніцтвам.
1700 - 19 лістапада, пачатак шматгадовай хатняй вайны паміж магнацкімі групоўкамі ў Беларусі. Міжусобная бітва харугваў Сапегаў (8 тысяч прыватнага войска і 9 тысяч наёмнікаў) з канфедэратамі (болей за 20 тысяч войска), узначаленымі Агінскім і Вішнявецкім, пад Алькенікамі. У бітве загінуў віленскі ваявода Міхал Сапега, войска Сапегаў было пераможанае. (Сапегі імкнуліся да незалежнасці ВКЛ пры сваёй уладзе, канфедэраты выступалі за магнацкую «дэмакратыю» - «шляхецкую рэспубліку».)
1701 - 8 ліпеня, бой паміж паўсталымі сапежынскімі сялянамі і шляхецкімі харугвамі «рэспубліканцаў» каля Дуброўны. Загінула каля 700 сялянаў.
1701 - 10 верасня, паражэнне 3-тысячнага атрада сапежынскіх сялян у бітве з харугвамі «рэспубліканцаў» каля Дуброўны.
1701 - 14 снежня, напад палкоў Рыгора Агінскага на шведскі аддзел на чале з Карлам XII у Трышках. Шведы перамаглі, Агінскі мусіў уцякаць у Вільню.
1701 - 23 снежня, разгром непадалёку ад Дуброўны 18 шляхецкіх харугваў «рэспубліканцаў» злучанымі сялянскімі і казацкімі атрадамі, арганізаванымі Сапегамі. У бітве загінулі 2500 сялян.
1702 - захоп Горадні шведскім войскам Карла XII. Аблога і разбурэнне шведамі Лідскага замка.
1702 - 3 красавіка, па тайнай дамоўленасці з царом Пятром аб пераходзе ВКЛ пад пратэктарат расейскага самадзержцы Рыгор Агінскі аддаў расейцам крэпасць і горад Друю, якія належылі Сапегам.
1702 - 26 ліпеня, войска Сапегаў пабіла аддзелы Рыгора Агінскага і польнага гетмана Міхала Вішнявецкага пад Каменкай.
1703 - Генеральная канфедэрацыя шляхты («рэспубліканцы») у ВКЛ абвясціла сябе Рэччу Паспалітай Літоўскай і прасіла цара Пятра I прыслаць у Беларусь расейскія войскі.
1704 - 29 чэрвеня, стараста менскі Крыштаф Завіша разбіў дывізію Р.Агінскага пад Друяй.
1704 - 5 жніўня, шведскі генерал А.Левенгаўпт разбіў войска «літоўскіх рэспубліканцаў», ачоленае Р.Агінскім, у бітве каля Крыжборка. Агінскі скіраваўся пад Нарву да расейскага цара за вайсковымі посілкамі.
1704 - у Беларусь уступіла 60-тысячная расейская армія пад камандаваннем фельдмаршалаў Шарамецева, Агільві, генералаў А.Меншыкава і А.Рапніна. За галоўны вайсковы асяродак расейцы абралі Полацак. Для ўтрымання гэтага войска ў Полацкім ваяводстве кожны двор мусіў плаціць па 4 злотых і пастаўляць харчовыя прыпасы.
1705 - аблога і разбурэнне шведскімі палкамі Мірскага замка.
1705 - 23 чэрвеня, у Віцебску цар Пётр загадаў знішчыць усе абразы св. Іасафата Кунцэвіча і паабяцаў віцебскім праваслаўным спаліць мошчы Іасафата, якія захоўваліся ў полацкім Сафійскім саборы. Назаўтра вуніяцкія святары вывезлі машчы з Полацка пад апеку канцлера ВКЛ князя Караля Радзівіла.
1705 - 11 ліпеня, забойства расейскім царом Пятром, Меншыкавым і афіцэрамі яго світы ў дзень царскага нараджэння 6 вуніяцкіх святароў і манахаў у Полацкай Сафійскай царкве. Вікарыя Канстанціна Зайкоўскага цар забіў кінжалам асабіста. Меншыкаў забіў айца Якуба Кнышэвіча. Пасеклі шаблямі закрысціяна Мялецьця Кандратовіча, казанніка Тэафана Калбечынскага, айца Якуба Кізікоўскага і брата-прыслужніка Язэпа Анкудовіча. Недасечаных насмерць Зайкоўскага і Кізікоўскага забралі ў лагер на востраў на Дзвіне і там пасля катаванняў павесілі. Назаўтра Сафія і вуніяцкія манастыры былі разрабаваныя расейскімі салдатамі і зачыненыя. Старажытную святыню Полацка, першы храм Беларусі - Сафійскі сабор - на загад Пятра аддалі пад сховішча амуніцыі і пораху.
1705 - заняцце 35-тысячным расейскім войскам Горадні, які цар Пётр і кароль Аўгуст Моцны вырашылі зрабіць галоўным умацаваным вайсковым цэнтрам. Дзеля зручнасці артылерыйскай стральбы па штурмавых калонах непрыяцеля былі спаленыя прадмесці горада.
1706 - 13 студзеня, пачатак 2-месячнай аблогі Горадні шведскім войскам, якая скончылася адступленнем расейскага гарнізона і заняццем шведамі горада.
1706 - травень, разрабаванне і спаленне шведскімі войскамі Наваградка, Клецка, захоп Пінска.
1706 - 10 траўня, у Нясвіж увайшло шведскае войска на чале з Карлам XII. Гарнізон замка, які налічваў 200 чалавек, здаў прыдатны для абароны замак без боя. Шведы разбурылі замкавыя ўмацаванні, затапілі 21 замкавую гармату, горад спалілі дашчэнту. Але ў сакавіку таго ж года шведскі атрад не здолеў узяць замак, хоць і перамог у вулічных баях 2-тысячны полк украінскіх казакоў.
1707 - люты, разрабаванне каталіцкіх і вуніяцкіх святыняў Менска казацкімі і калмыцкімі палкамі расейскага войска. Бой з казакамі праваслаўных менчукоў у абарону царквы Пятра і Паўла на Нямізе, якую казакі таксама імкнуліся разрабаваць.
1707 - спаленне горада і замка Копысі расейскімі войскамі пры адступленні з Беларусі.
1707 - 27 чэрвеня, аблога і ўзяцце Быхава аддзеламі Рыгора Агінскага і расейскім войскам.
1708 - 8 лютага, разрабаванне расейскімі палкамі Горадні і гарадскога наваколля згодна абранай Пятром стратэгіі «выпаленай зямлі» і «агаладжэння тэрыторыі» перад надыходзячымі шведамі.
1708 - 3 ліпеня, першая на тэрыторыі Беларусі бітва расейскага войска з шведскім каля Галоўчына. Перамаглі шведы.
1708 - жнівень, рабаванне Магілева шведскім войскам на загад Карла XII. Усё нарабаванае ў царквах срэбра было перачаканенае ў грошы.
1708 - 28 верасня, спаленне Віцебскага Ўзгорскага і Ніжняга замкаў і пасадаў горада расейскімі палкамі і атрадамі калмыкаў на загад расейскага цара Пятра.
1708 - верасень, спаленне расейскімі войскамі на загад Пятра I гарадскіх пасадаў Воршы, Мсціслаўя, Быхава (аперацыя «выпаленая зямля») пры адыходзе на поўдзень.
1708 - 8 верасня, спаленне горада Магілева калмыцкімі і татарскімі палкамі на загад расейскага цара Пятра І. Акт помсты за паўстанне магілеўцаў ў 1661 годзе ў часы «патопу», калі ў адну ноч быў вынішчаны расейскі акупацыйны гарнізон.
1708 - 28 верасня, бітва расейскага войска з шведамі каля в. Лясная (непадалёку ад Прапойска). Разгром шведскага 16-тысячнага корпуса. 8 тысяч забітых шведаў пахаваныя ў брацкай магіле.
1709 - 12 красавіка, харугвы гетмана вялікага Сапегі выбілі з Ляхавіцкага замка аддзелы Р.Агінскага і яго дапаможны расейскі 2-тысячны атрад.
1709 - аблога войскамі Пятра I Ляхавіцкага замка, дзе зачыніўся былы саюзнік расейскага цара ўкраінскі гетман Мазепа.
1710 - разбурэнне Полацка расейскімі войскамі перад адыходам з Літвы. Наўмыснае зруйнаванне старажытнага Сафійскага сабора, каб не засталося следу ад забойства Пятром I вуніяцкіх святароў. Сабор быў адноўлены праз паўстагоддзя, але ў барочных формах. Рэшткі алтара Сафіі часоў Усяслава Чарадзея сталі бакавой апсідай новага храма.
1716 - 23 сакавіка, стварэнне ў Вільні канфедэрацыі літоўскай шляхты, якая выступала супраць жадання караля Аўгуста стварыць з Літвы сваю спадчынную манархію для сына.
1717 - 31 снежня, адпаведна рашэнню Гарадзенскага сойма саксонскія войскі караля Аўгуста выводзіліся з Беларусі. Войска ВКЛ скарачалася да 6 тысяч салдат. Краіна рабілася безабаронная.
1735 - карная экспедыцыя расейскага войска на Гомельшчыну, дзе хаваліся расейскія сяляне-ўцякачы і стараверы. Разбурэнне галоўнага асяродка ўцекачоў - мястэчка Ветка. Вывад расейцамі ў Сібір 13 тысяч раскольнікаў.
1736 - пачатак 25-гадовых выступленняў сялян на Мазыршчыне супраць прыгнёту ў царкоўных уладаннях віленскага капітула.
1740 - сялянскае паўстанне ў Быхаўскім старостве.
1741 - пачатак 3-гадовага сялянскага паўстання, ачоленага Васілём Вашчылам, на Крычаўшчыне.
1744 - 16 студзеня, няўдалы бой 2 тысяч паўстанцаў Вашчылы з уласным (2000 чалавек) і найманым войскам Гераніма Радзівіла.
1744 - 26 лютага, пакаранне смерцю на шыбеніцы крычаўскіх паўстанцаў на загад князя Гераніма (7 галоўных кіраўнікоў паўстання прынялі пакутніцкую смерць на палях).
1754 - сялянскае паўстанне на Каменшчыне.
1756 - снежань, карная экспедыцыя расейскіх войскаў на вёскі збеглых з Расеі старавераў на Веткаўшчыне. Усіх захопленых пагналі пешым этапам у Іркуцк, а потым - за Байкал.
1757 - два буйных пажара запар дашчэнту вынішчылі віцебскі Ніжні замак. Пасля гэтага не аднаўляўся.
1764 - паноўная карная экспедыцыя расейскіх войскаў на Гомельшчыну. Вывад у Сібір 20 тысяч збеглых з Расеі старавераў.
1767 - уступленне ў Беларусь на загад імператрыцы Кацярыны II 40-тысячнага расейскага войска для падтрымкі праваслаўнай Слуцкай і Таруньскай пратэстанцкай канфедэрацыяў, арыентаваных на шчыльны саюз з Расеяй.
1768 - утварэнне Барскай канфедэрацыі патрыятычнай шляхты. Армію канфедэратаў узначаліў Юры Сапега.
1768 - красавік, паўстанне сялян Берасцейскай эканоміі. Задушэнне паўстання ваеннай сілай. Завадатары прысуджаны да пакарання смерцю.
1768 - кастрычнік, расейскія войскі занялі Нясвіжскі і Слуцкі замкі, належныя Радзівілам, якія былі ў Барскай канфедэрацыі. Паражэнне аддзелаў барскіх канфедэратаў у баях пад Нясвіжам і Дзярэчыным.
1769 - баі аддзелаў барскіх канфедэратаў на чале з Юзафам Пуласкім з расейскімі войскамі пад Слонімам, Бераставіцай, Мышшу, Радашковічамі, Менскам, Нясвіжам, Беластокам.
1770 - паражэнне ад расейцаў 4-тысячнага атрада канфедэратаў Шымана Касакоўскага пад Наваградкам.
1771 - 12 верасня, разгром палкамі А.Суворава харугваў гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага пад мястэчкам Сталовічы. У баі загінула болей за 3000 канфедэратаў. Гетман Агінскі з рэшткамі войска мусіў адыйсці ў Прусію.