Сустрэча ў міжсвецці

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Сустрэча ў міжсвецці

Вецер то злосна налятаў, нахіляючы-гойдаючы цыбатыя хвоі — і тады ўверсе гуло, стагнала, крахцела, то ападаў да долу, кружляў апалае лісце, біў узнятым каўняром бушлата па твары, — і Аляхновіч мусіў прытрымліваць каўнер рукамі (балазе хатуль з рэчамі нёс ззаду чырвонаармеец). Паперадзе — чэкіст у доўгім шынялі, з ромбамі на лацканах (вышэйшымі вайсковымі адзнакамі).

Яны набліжаліся да памежнай брамы — паміж Коласавым і Стоўбцамі, і Аляхновіч адчуваў, што з кожным крокам меншыўся на яго ўціск гэтага дзяржаўнага айсберга пад назовам СССР, што з кожным крокам ён — пасля амаль сямігадовай салавецкай катаргі, стомлены і надломлены — станавіўся мацнейшым.

Зірнуў наперад: над спіною ў шынялі з ромбікамі, над памежнай брамай — шчыт з чырвонымі літарамі: «Коммунизм сметёт все границы». А далей, ужо на «польскай» сцежцы, — чатыры постаці: высокі ў цывільным, два паліцыянты і той, каго сёння, 6 верасня 1933 года, польскі ўрад абменьваў на яго, Аляхновіча. Хто гэта будзе, ён ужо ведаў, але калі сустрэўся — зніякавеў і не змог першым пачаць гаворку. Нібыта на цэлае жыццё дабавілася ў ім… А вось гэты чалавек, з якім звязвалі ў мінулым гады сяброўства, скіроўваў — хоць і з лепшых памкненняў — у савецкі міраж-пекла сотні падобных яму, наіўных — і не ўсе з іх сёння жывыя…

? Ну здароў, браце… — першым прывітаўся Тарашкевіч.

? Здароў…

Яны падалі ядзін аднаму рукі.

Аляхновіч глядзеў на Тарашкевіча як згіпнатызаваны.

«Выгалены, у фільцовым капелюшы, стыльным паліто, вычышчаных ботах…»

 А ён — у пацёртым бушлаце, які застаўся яшчэ ад Салаўкоў, у брудных атопках…

? Добра выглядаеш…

? Ты таксама.

? Дзякуй, але сумняюся… — і загаварыў пра тыя міражы ў сябе за спіной, ды яго спыніў старшыня польскай рэпатрыяцыйнай камісіі — ён з чэкістам падпісаў ужо акт абмену палоннымі і намерыўся развітвацца.

? То бывай здароў…

? Бывай…

І яны разышліся: адзін у Стоўбцы, каб адтуль дабрацца ў Вільню (і праз колькі месяцаў пачаць пісаць сваю спавядальную аповесць «У капцюрах ГПУ»), другі — у Менск, каб сустрэцца з таварышамі, аддацца працы ў роднай Беларусі (але так і не пабачыў ні Смоліча, ні Янкі Купалы, — праз колькі тыдняў яго вывезлі ў Маскву, каб там зрабіць сведкам арыштаў сваіх паплечнікаў па Грамадзе, а ў 1938-м забіць і самога)…