ПАДРЫХТОЎКА ДА ПОЛАЦКАЙ КАМПАНІІ
Абвастрэньне на працягу 1578 г. вайны ў Лівоніі не магло прынцыпова зьмяніць стратэгічнай сытуацыі на фронце супрацьстаяньня Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Палякам і ліцьвінам патрэбны быў посьпех, які б пахіснуў царскую дзяржаву. Гэта выдатна разумеў Сьцяпан Батура, таму ён увесь час працягваў умацоўваць межы Літвы і з малымі затратамі сілаў зьвязваць маскоўскія сілы на тэрыторыі Лівоніі. Ён намерваўся распачаць агульны наступ толькі калі б сабраў такую армію, на чале якой мог бы асабіста нанесьці праціўніку магутны ўдар. Усё ж вяртаньне страчаных правінцый было адным з важнейшых пунктаў абяцаньняў, выканаць якія ён пакляўся.
Батура добра ўсьведамляў, што прынцыповыя рашэньні ў справе вайны залежаць ад пастаноў сойму Рэчы Паспалітай. Ужо ў лістападзе 1577 г. ён разаслаў унівэрсалы аб скліканьні павятовых сеймікаў на 14 студзеня наступнага году. Ва ўступе Батура растлумачыў шляхце матывы і прынцыпы рыхтаванай дамовы з Гданьскам, аднак большая частка інструкцый тычылася вайны з Масквой:
Перад усімі іншымі рэчамі на гэтым сойме найперш трэба вырашаць і разважаць аб выратаваньні зямлі інфлянцкай і аб усталяваньні супольнай абароны з Княствам Літоўскім. Кожны бачыць, як важна, каб маскоўскі непрыяцель тамтэйшых замкаў, якія захапіў, за малы час не ўмацаваў, бо зь іх мае просты і кароткі шлях на Вільню, а таксама да Прусіі…
Таму паводле Батуры валоданьне Лівоніяй было неабходнай умовай бясьпекі Літвы. Далей кароль прыводзіў аргумэнты з галіны эканомікі (гандаль па Дзьвіне праз Рыгу) і міжнароднага права (абавязаньні Рэчы Паспалітай наконт абароны жыхароў Лівоніі). Заключная частка інструкцыі прысьвячалася неабходнасці прыняць адпаведныя падаткі, сабраць ваенны рыштунак, набраць жаўнераў (у тым ліку шматлікую і падрыхтаваную пяхоту) і г. д. Зразумела, усё гэта падтрымлівалася каралеўскімі абяцаньнямі выканаць шматлікія патрабаваньні, выстаўленыя шляхтай.
Сойм пачаў паседжаньне 20 студзеня 1578 г. на Варшаўскім замку з традыцыйнага выкананьня гімну да сьвятога Духа. У наступны дзень прапановы двару, якія датычыліся ў асноўным стасункаў з Масковіяй і татарамі, прадставіў падканцлер Ян Замойскі. Хоць шляхта спачатку перайшла адразу да парадку дня, пачынаючы дэбаты наконт судовай рэформы, сэнат цалкам ухваліў каралеўскія прапановы. Адразу была вылучана камісія зь некалькіх чалавек, якая з улікам заўвагаў Батуры падрыхтавала папярэдні плян мабілізацыі і патрэбнага ваеннага рыштунку на вайну супраць Масковіі. Таму гэта мусіла быць наступальная, а не абараняльная вайна.
Прадугледжваўся набор 12 тысяч коньніцы з квартальнай платай 15 злотых для жаўнера і 150 злотых для ротмістра (120 ротмістраў). 6 тысяч польскіх пехацінцаў мусілі атрымаць за квартал адпаведна: 7,5 злотых — шараговы жаўнер, 9 злотых — дзясятнік, 40 злотых — ротмістар. Вугорскай пяхоце, якая ацэньвалася на 4 тысячы чалавек, меркавалася плаціць вугорскімі талерамі. Агульны кошт утрыманьня 22 тысяч жаўнераў на квартал павінен быў скласьці 303 233 злотыя.
Досыць падрабязны пералік артылерыйскага рыштунку ўказваў 67 большых і 30 меншых гармат (шмыгаўніц[14]). Сярод першых значыліся між іншым 24 фугасныя гарматы, 12 мартыраў і 25 лягчэйшых гармат «для поля». Плянавалася сабраць 27 480 артылерыйскіх ядраў, 3 тысячы запалаў для шмыгаўніц і 4711 цэнтнэраў пораху. Зразумела, частка рыштунку ўжо знаходзілася ў тыкоцінскім арсэнале. Былі там, між іншым, 34 гарматы і 4790 ядраў, але рэшту трэба было даставіць зь іншых збройняў або адліць. Не забыліся і пра некалькі бочак серы, вяроўкі, смолы і г. д. Сярод неабходнага рыштунку апынуліся рыдлёўкі (500 штук) і кіркі (300 штук).
Досыць цікава выглядаў таксама пералік складанага інжынэрнага абсталяваньня, сярод якога апынуўся
пад’ёмнік для хуткага выцягваньня гармат з бруду, ямаў і зацягваньня на пагоркі і муры (…) абцугі (шробы) для ламаньня кратаў (…), вяровачныя драбіны для закідваньня на муры (…) і да т. п.
Прадугледжвалася вярбоўка пушкароў і пэрсаналу рамесьнікаў, неабходных для транспарту, вядзеньня вайны і абложных дзеяньняў.
Тым часам паслы былі паглынуты некалькімі іншымі важнымі для краіны пытаньнямі. Адным зь іх было пытаньне апэляцыйных судоў, або т. зв. трыбуналаў. Толькі пасьля іх вырашэньня сэнатары перайшлі да разгляду прапаноў караля аб фінансаваньні войска. Праект, які тычыўся сялянскай пяхоты, моцна абрэзалі, абмяжоўваючы яе набор каралеўскімі ўладаньнямі (гл. болей на гэтую тэму ў першым разьдзеле). Найважнейшая пастанова, падатковая, не была прынята аднагалосна. Нягледзячы на супраціў паслоў з Кракаўскага, Сандамірскага і Серадзкага ваяводзтваў, шляхта зацьвердзіла нечакана высокія, як дагэтуль, падаткі, якія складалі 30 грошай, г. зн. 1 злоты з лану, валокі (адзінка плошчы ворыўнай глебы = 30 моргаў = 17 га) або сялянскай службы, падвойны шос (гарадзкі падатак) з гарадоў і чопавыя з гандлю напоямі. Паколькі кароль у выніку пратэсту паслоў з трох ваяводзтваў ня мог перайсьці да парадку дня, ён зьвярнуўся да земскіх соймікаў. Ён дамогся зацьверджаньня соймавых рашэньняў, але адначасова стварыў нявыгадны для дзяржаўнага скарбу прэцэдэнт.
Соймавыя пастановы маглі прынесьці ад 800 тысяч да 1 мільёна злотых штогод у маштабе ўсёй Рэчы Паспалітай. Гадавы кошт утрыманьня 22 тысяч жаўнераў, прапанаваны сэнатарамі, мусіў скласьці каля 1 мільёна 200 тысяч злотых, але была надзея, што ўдасца справіцца зь недаборамі. Перадусім падкрэсьлівалі факт, што шляхта згадзілася загадзя на два паборы падаткаў (у 1578 і 1579). Па-другое, шмат паслоў адстойвалі пазыцыю, што тэхнічнае забесьпячэньне ваенных дзеяньняў (артылерыя, транспарт і да т. п.) павінны пакрывацца, як раней, з каралеўскага скарбу. Батура пасьля пэўных спрэчак згадзіўся ўкласьці ўласныя грошы ў інжынэрна-артылерыйскае абсталяваньне, але паабяцаў, што ўсе недаборы будзе пакрываць зь дзяржаўнага скарбу.
Нягледзячы на соймавыя рашэньні, збор падаткаў патрабаваў некалькіх месяцаў часу. Такімі ж працаёмкімі былі працы, зьвязаныя з наборам войска (пераважна пяхоты), зборам рыштунку, запасаў і іх перавозкі бліжэй да месца прадбачанага раёну ваенных дзеяньняў. Пытаньні аховы паўднёва-ўсходняй мяжы, зьвязаныя з самавольнай казацкай кампаніяй у Малдавію, стваралі дадатковыя праблемы. У такіх абставінах ужо праз два месяцы пасьля сойму кароль пастанавіў, што асноўныя ваенныя дзеяньні супраць маскоўскай дзяржавы пачнуцца толькі летам 1579 г.
З траўня да верасьня 1579 г. манарх знаходзіўся ў Львове, маючы надзею, што здолее ўнікнуць канфлікту з Турцыяй і схіліць крымскіх татараў да ўдару на маскоўскую дзяржаву. Урэшце пакараньне сьмерцю ў Львове Івана Падковы — правадыра казацкай выправы на Малдавію — прывяло да супакаеньня Турцыі. Больш за тое, каралеўскі пасол у Крыме Марцін Бранеўскі здолеў укласьці дамову з ханам у справе ўзаемадзеяньня супраць Масквы. Аднак запазычанасьці, зьвязаныя з выплатай так званых падарункаў для ханства, прывялі да таго, што падчас першай маскоўскай кампаніі Батуры татары ня ўдарылі па царскіх уладаньнях.
Пасьля вяртаньня ў Кракаў Батура склікаў на 1 сьнежня раду сэнату, якая мелася заняцца пытаньнем фінансавага забесьпячэньня кампаніі. Потым ён скіраваўся праз Горадню ў Вільню, дзе плянаваў сачыць за канчатковай стадыяй ваеннай падрыхтоўкі. Падчас падарожжа, у студзені і ў пачатку лютага 1579 г., ён прыняў канчатковыя рашэньні, якія тычыліся арганізацыі коньніцы і пяхоты, г. зн. вярбаваньня, памераў узнагароджаньня, раёнаў канцэнтрацыі, выдачы мабілізацыйных прадпісаньняў і да т. п.
Падрыхтоўка да вайны набыла хутчэйшы тэмп, пераходзячы ад фазы збору грошай і запасаў у фазу набору жаўнераў. У такім становішчы ўсё большае значэньне набывала пытаньне камандаваньня ўзброенымі сіламі.
Зразумела, рашэньне Батуры асабіста ўдзельнічаць у кампаніі азначала, што ён будзе галоўнакамандуючым. Кароль несумненна належаў да кола найвыдатнейшых вайскаводцаў і стратэгаў тагачаснай Эўропы. Свой ваенны досьвед ён здабыў у шматлікіх грамадзянскіх войнах у Вугоршчыне і баёх з Габсбургамі. Акурат гэты ваенны досьвед і быў адным з аргумэнтаў на карысьць яго абраньня каралём. Аднак трэба было прызначыць гетманаў, якія ў той час не выконвалі сваіх функцый пажыцьцёва і якія маглі б падтрымаць манарха як падчас кампаніі, так і ў працаёмкай падрыхтоўцы да вайны.
2 лютага 1579 г. у Варшаве Батура прызначыў вялікім гетманам каронным падольскага ваяводу Мікалая Мялецкага. Паводле Р. Гайдэнштайна, ваявода
адгаворваўся нездароўем і іншымі клопатамі, але нарэшце гетманства (…) прыняў.
Адмова сэнатара прыняць нейкую функцыю і ўвесь цырыманіял нават са шматразовымі намовінамі ў той час добра ўспрымаўся. Ён папросту належаў да тагачасных звычаяў. Зь іншых крыніц вядома, што насамрэч Мялецкі дабіваўся камандаваньня каронным войскам.
Прыдворнай коньніцай камандаваў амаль ад пачатку панаваньня Сьцяпана Батуры гнезьненскі кашталян і прыдворны гетман Ян Збароўскі. Вугорскія войскі кароль аддаў пад камандаваньне свайму земляку Касьперу Бэкешу. Камандаваньне пяхотай і нямецкай коньніцай прыняў палкоўнік Крыштап Разражэўскі. Вялікім літоўскім гетманам быў Мікалай Радзівіл Руды, а яго сын Крыштап заставаўся палявым гетманам. Такім чынам, як заўважыў Г. Катарскі,
на галоўным тэатры ваенных дзеяньняў было аж шэсьць вышэйшых вайскаводцаў з амаль раўнапраўнымі кампэтэнцыямі.
3аставаўся яшчэ палявы гетман каронны Мікалай Сіняўскі з кварцяным войскам і нядаўна прызначаны казацкі гетман Міхал Вішнявецкі, які камандаваў 530 рэестравымі казакамі. Яны павінны былі сьцерагчы Украіну і Падольле, таму ня ўзялі ўдзелу ў маскоўскай кампаніі.
Зразумела, занадта вялікая колькасьць вайскаводцаў магла ствараць пэўныя цяжкасьці падчас кампаніі, але, з другога боку, кожны зь іх меў вялікі вайсковы досьвед і мог камандаваць самастойнымі дзеяньнямі.
Вялікі гетман каронны Мікалай Мялецкі ў маладосьці быў на двары імпэратара Фэрдынанда ў Вене, а потым наведаў некалькі краін Заходняй Эўропы, атрымаўшы там адукацыю і добрыя манеры. У той час ён упершыню сутыкнуўся з вайсковай службай, калі ўдзельнічаў у 1555 г. у здабыцьці Сены імпэратарскімі войскамі. Вярнуўшыся ў краіну, ён быў прыняты ў шэраг прыдворных Жыгімонта Аўгуста падчас паходу на Пасволь (Пасваліс, Pozwol) у 1557 г. Празь некалькі гадоў ён біўся ў шэрагах каронных войскаў, якія падмацоўвалі ліцьвінаў у змаганьні з Масковіяй за Лівонію. Парадніўшыся шлюбам з Радзівіламі, ён атрымаў у 1567 г. войніцкае кашталянства, а неўзабаве — падольскае ваяводзтва.
Як самастойны вайскаводца Мялецкі праславіўся пад час інтэрвэнцыі ў Малдавію ў 1572 г. Хоць ён і не паставіў польскага кандыдата на тамтэйшы трон, але ў небясьпецы з боку большых турэцкіх сілаў адзначыўся вялікай вытрымкай і развагай, бясьпечна вывеўшы сваіх жаўнераў з-пад Ясаў да Хоціму. У час першага і другога бескаралеўя ахоўваў разам з гетманам Сяняўскім Украіну і Падольле ад татарскіх набегаў. Пра яго папулярнасьць сярод шляхты сьведчыць тое, што яго згадвалі як аднаго з прэтэндэнтаў на польскую карону. Батура ацаніў ваенны досьвед падольскага ваяводы, прызначаючы яго гетманам, хоць Мялецкі зь непрыхаванай непрыязнасьцю ставіўся да кандыдатуры ўладара Трансыльваніі.
Прыдворны гетман Ян Збароўскі належаў да адной з найбольш знакамітых магнацкіх сем’яў у тагачаснай Рэчы Паспалітай. Ён быў трэцім сынам Марціна, кракаўскага кашталяна, а вайсковую службу распачаў у першыя гады панаваньня Жыгімонта Аўгуста. На пасвольскую кампанію ў 1557 г. ён зьявіўся на чале коннай роты, пасьля чаго ў 1560-я гг. ваяваў у дапаможнай арміі, якую Карона паслала ў Вялікае Княства Літоўскае (у тым ліку пад Невелем). Атрымаўшы ад Батуры гнезьненскае кашталянства і годнасьць прыдворнага гетмана, ён даказаў свае таленты падчас вайны з Гданьскам. Пад Любяшовам ён здабыў выдатную перамогу, адолеўшы ў некалькі разоў большыя сілы Гданьску, чым даказаў сваю адпаведнасьць усім патрабаваньням, якія ставяцца перад самастойнымі вайскаводцамі.
Каспэр Бекеш паходзіў са старадаўняй вугорскай шляхты і прынамсі зь сярэдзіны XVI ст. адыгрываў значную ролю на трансыльванскім двары Яна Заполія (Zapolya, вуг. Janosi Szapolyai) яго жонкі Ізабэлы Ягелонкі. У 1571 г. той быў кандыдатам Габсбургаў на трансыльванскі трон. Калі пасьля перамогі падтрыманага туркамі Сьцяпана Батуры не адмовіўся ад барацьбы, яго асадзілі ў замку Фогарас (Фэгераш) і прымусілі ўцячы на тэрыторыю Габсбургаў. Улетку 1575 ён увайшоў у Трансыльванію з падтрымкай імпэратарскіх войскаў, але быў дашчэнту разьбіты Батурам у бітве пад Керэла-Шэнтпаль (Kerello Szentpal, вуг. Kereloszentpal). Асуджаны на выгнаньне і канфіскацыю маёмасьці, схаваўся ў Польшчы пад апекай Збароўскіх. Зь іх намовы памірыўся ў 1576 г. са сваім ранейшым канкурэнтам і праціўнікам. Неўзабаве здабыў сабе выключны давер Сьцяпана Батуры і ўжо падчас вайны з Гданьскам камандаваў вугорскімі аддзеламі караля.
Крыштап Разражэўскі паходзіў са шляхецкай сям’і, якая мела большасьць сваіх уладаньняў на Сылезіі. Выхаваны на парыскім двары, ён лепш гаварыў па-француску, чым па-польску. У Францыі набыў таксама першы ваенны досьвед, беручы ў 1567 г. удзел у бітве пад Сэн Дэні. У Польшчу вярнуўся пасьля сьмерці Жыгімонта Аўгуста, стаўшы спачатку прыдворным Гэнрыха Валюа, а потым — Сьцяпана Батуры.
Мікалай Радзівіл Руды (1512–1584) належаў да аднаго з наймагутнейшых літоўскіх родаў. Быў братам Барбары Радзівіл, жонкі Жыгімонта Аўгуста, і стрыечным братам Мікалая Радзівіла Чорнага. З маладосьці ваяваў у літоўскім войску, а ў 1566 г. упершыню атрымаў годнасьць найвышэйшага гетмана літоўскага. З таго часу стала займаўся абаронай Лівоніі: наладжваў для іх дапамогу і шмат разоў узначальваў літоўскія кампаніі. Найвялікшым посьпехам, якім у той час адзначыўся, была перамога над моцнай маскоўскай арміяй, здабытая ў студзені 1564 г. пад Чашнікамі. Аднак ён не вярнуў страчанага годам раней Полацку. Калі пасьля сьмерці Мікалая Радзівіла Чорнага атрымаў пасаду віленскага ваяводы і літоўскага канцлера, ён склаў годнасьць гетмана. З таго часу ён сутыкаўся з праблематыкай літоўска-маскоўскіх адносін падчас дыпляматычных перамоў з пасламі Івана IV.
Мікалай Радзівіл досыць позна прызнаў абраньне Батуры. Нягледзячы на гэта, кароль ацаніў яго досьвед, вынесены са шматгадовага змаганьня з Масквой. Батура зноў даручыў яму функцыю вялікага гетмана літоўскага, спачатку часова, а ў сакавіку 1578 г. згодна з адпаведным прызначэньнем. Так, ужо немалады канцлер літоўскі зноў вярнуўся да ваеннай справы. Як мы ўжо згадвалі, ён забясьпечваў лінію Дзьвіны і не ўхіляўся ад непасрэднага камандаваньня кампаніямі. Аднак засяроджваўся больш на арганізацыйных пытаньнях, усё часьцей даручаючы правядзеньне саміх узброеных акцый свайму сыну.
Крыштап Радзівіл, званы пазьней Перуном, нарадзіўся ў 1547 г. Быў малодшым сынам Мікалая Рудога. Вайсковую службу распачаў пры бацьку ўжо у 1564 г., беручы ўдзел у пераможнай бітве пад Чашнікамі, пасьля чаго ваяваў з маскоўскімі войскамі амаль няспынна да канца першай вайны за Лівонію. Падчас радашкавіцкай кампаніі ў 1567 г. камандаваў прыдворнай коннай ротай, а вянцом ягонай колькігадовай вайсковай службы стаў для яго прывілей Жыгімонта Аўгуста, які надаў яму ў 1572 г. пасаду палявога гетмана. З таго часу ён усё часьцей замяняў у войску бацьку, абараняючы межы Літвы падчас бескаралеўя. Батура амаль ад пачатку свайго панаваньня задзейнічаў яго ў справы абароны памежжа, даручаючы, як ужо згадвалася, камандаваньне літоўскай палявой арміяй. Нягледзячы на малыя сілы, Радзівіл адзначыўся падчас барацьбы з арміяй Івана IV значна большай энэргічнасьцю, чым чарговыя адміністратары Лівоніі. Таму веданьне тэатру ваенных дзеяньняў і вайсковы досьвед ставілі Крыштапа Радзівіла ў шэраг каштоўных памочнікаў Батуры.
Акрамя гетманаў, кароль мог разьлічваць на вялікую групу дасьведчаных камандзіраў-тактыкаў. Тут варта згадаць брацлаўскага ваяводу Януша Збараскага, Крыштапа Нішчыцкага, Марціна Казаноўскага, Зыгмунта Розэна, Эрнэста Вэйгера і вугорцаў: Міхала Вадаша і Стэфана Каролі. Усе яны далучыліся да падрыхтоўкі ваеннай кампаніі, дапамагаючы каралю, кароннаму канцлеру Яну Замойскаму і гетманам. Замойскі сачыў за наборам каронных ротаў, а Разражэўскі і Бэйгер паехалі ў Нямеччыну вярбаваць полк ляндскнэхтаў. Літоўскія гетманы, акрамя арганізацыі ўзброеных сілаў Вялікага Княства, падрыхтоўвалі месцы канцэнтрацыі і сьпіс літоўскіх дарог, якімі каронныя войскі мусілі скіроўвацца на ўсход. Гэтыя распараджэньні былі дапоўнены падрабязнымі прадпісаньнямі наконт забесьпячэньня жаўнераў.
Далейшыя распараджэньні датычна ваеннай падрыхтоўкі выдавала каралеўская канцылярыя з Горадні, куды кароль прыбыў усярэдзіне лютага 1579 г., а потым зь Вільні. У першыя месяцы 1579 г. Вільня стала галоўнай базай забесьпячэньня плянаванай ваеннай кампаніі. Туды былі дастаўлены гарматы з тыкоцінскага арсэналу і дзьве гарматы, падараваныя каралю брандэнбурскім электарам. Яшчэ летась у сталіцу Літвы перанесьлі каралеўскую людвісарню з Мальбарку. Цяпер у ёй ператоплівалі гарматы, пашкоджаныя падчас аблогі Гданьску, і адлівалі цалкам новыя. У апошнім выпадку гаворка ішла пра фугасныя гарматы, якіх найбольш не хапала. Здаецца, што да лета 1579 г. была сабраная колькасьць гармат, заплянаваная на варшаўскім сойме, г. зн. 87 штук, у тым ліку 30 меншых (шмыгаўніц). На жаль, нельга ўстанавіць, ці ўсе былі ўзяты на полацкі паход.
Варта дадаць, што новыя гарматы адлівалі ў Вільні на падставе інструкцый, якія даваліся асабіста каралём. Батура загадаў таксама збудаваць пераносны мост, а адпаведныя працы ў гэтым кірунку распачаліся і былі завершаны ў Коўне.
Складаўся ён з чаўноў, аб’яднаных паміж сабой з дапамогай памостаў такім чынам, што, калі ўзьнікала патрэба, іх можна было разабраць, а пакладзеныя па адным разам з памостам на воз маглі перавозіцца з дапамогай дзьвюх пар валоў або коней на любую адлегласьць.
Гэта быў вядомы ў той час від так званага каньковага мосту, аднак ён мусіў адзначацца як трываласьцю, так і прастатой канструкцыі, калі яго выкарыстоўвалі і ў пазьнейшых кампаніях.
Як вядома, жаўнеры коньніцы самі забясьпечвалі сябе зброяй і рыштункам. Нягледзячы на гэта, перад кожнай значнай кампаніяй закуп пэўнай колькасьці ручной зброі быў неабходны, а атрымлівалі яе нямецкія і вугорскія пяхотныя фармаваньні. Цэнтральныя закупкі большых партый агнястрэльнай зброі павінны былі палепшыць яе якасьць і стаць асновай уніфікацыі ўзбраеньня. Вядома, што ў Літве было закуплена для нямецкай пяхоты 340 ручніц. Большыя закупкі былі зроблены для фармаваньняў гэтага тыпу, выстаўленых Каронай. У Торуні, Гданьску, Познані і Нідзіцы (Нойдэнбургу) было набыта 1128 штук кнотавых ручніц і 324 штукі з колавым замком. Затое невядома, ці ўдалося рэалізаваць дамову, укладзеную з купцом Гансам Лямпэ з Браўншвайгу наконт вырабу 2200 ручніц і парахаўніц.
Таксама рыштунак і іншыя ваенныя матэрыялы закупаліся як у краіне, так і за мяжой. Айчынная мэталюргія разьвівалася ў той час перадусім на тэрыторыі Каралеўскай Прусіі і ў Старапольскай Акрузе на рацэ Каменная блізка Кельцаў. У абодвух рэгіёнах існаваў шэраг ліцейняў і кузьняў, якія ўжывалі т. зв. «штырыйскія печы», што былі лепшыя за дымаходныя. Яны прадукавалі як чыгун-сырэц для ліцьця ядраў, якое адбывалася звычайна на месцы, або лупняк для ліцьця. Перад выправай на Полацак праводзіліся закупкі гарматных ядраў у Мальбарку, Гданьску, Быдгашчы, Квідзыне і Радаме. Удалося сабраць 2572 штукі гэтага рыштунку, аднак гэта было значна менш, чым плянавалася. У сувязі з гэтым яшчэ ўлетку 1579 г. ядры зьбіраліся пры дапамозе нейкіх закупак у Літве.
Жалеза высокага гатунку дастаўлялі з Вугоршчыны, затое патрэба ў сьвінцы, медзі і серы цалкам задавольвалася празь мясцовыя радовішчы. Гэтак жа было і з порахам, якога закупілі больш за 400 цэнтнэраў. З Кракава ў Вільню прывезьлі 40 вазоў сякер і столькі ж вазоў матык. З Варшавы ў Мальбарк даставілі 67 намётаў і вялікую колькасьць сукна на «барву», г. зн. на ўніформу, прызначаную для пяхоты і артылерыі.
Была закуплена пэўная колькасьць харчоў, г. зн. мукі, сала і валоў для пяхоты. Зразумела, цана харчоў, вылучаных пяхотным фармаваньням, потым вылічалася з жаўнерскага жолду, таму здараліся выпадкі, што некаторыя фармаваньні адмаўляліся іх прымаць, спадзеючыся, што закупяць іх самі падчас ваенных дзеяньняў. Каб спрасьціць жаўнерам забесьпячэньне харчамі, Батура ў Вільні прызначыў сем спэцыяльных адміністратараў, каб аблягчаць купцам падарожжа ў ваенны лягер і кантраляваць цэны.
Як падлічыў Г. Катарскі, на зброю і сыравіну было выдаткавана 85 тысяч злотых. Жалеза, сьвінец і тканіна перавозіліся ў Вільню на вазох, а гарматы, ядры, порах, ручніцы і намёты зьбіраліся ў Мальбарку. Адтуль іх дастаўлялі ў Вільню водным шляхам праз Ногат, Вісьлінскую (цяпер Калінінградзкую) затоку, Прагону, Нёман і Вяльлю на рачных суднах.
Асобнай праблемай было забесьпячэньне войска пэўнай колькасьцю лекараў. Нямецкія роты зазвычай мелі па адным хірургу ў сваіх штабах, лекары былі таксама ў вугорскіх фармаваньнях, затое ў астатніх падразьдзяленьнях наагул не было сталай мэдычнай службы. Таму Батура стварыў часовую групу лекараў, якую ўзначаліў каралеўскі хірург Вільгельм Люцэнбэрг. Лекі павінен быў дастаўляць італьянскі аптэкар Анёл (Angelo) Каборці, а лячэньне параненых адбывалася за кошт караля.
Батура разумеў ролю агітацыі і ваеннай прапаганды, якую запусьціў ўжо 1576 г. Плянуючы наступальную кампанію супраць маскоўскай дзяржавы, ён паклапаціўся, каб ёй спадарожнічала цэлае кола сакратароў, пісараў і лягерная друкарня, якой кіраваў Валенты Лапчынскі.
Бадай, упершыню ў гісторыі ваеннай справы Рэчы Паспалітай апэрацыйнае плянаваньне павінна было абапірацца на мапы. Батура ня мог ім цалкам давяраць, паколькі меў у распараджэньні толькі агульную мапу Эўропы Мэркатара. У той час яе выдалі двойчы, у 1554 і 1572 гг., аднак у дачыненьні да ўсходняй часткі эўрапейскага кантынэнту на яе адрас выказвалі шэраг прэтэнзій. Каб забясьпечыць сабе больш дакладныя пляны і мапы тэрыторый маскоўскага памежжа, кароль задзейнічаў на службу Мацея Струбіча, Станіслава Пахалавецкага і Пятра Франкуса, родам з Італіі, аднак іх мапы і пляны былі выкананы толькі пасьля кампаніі 1579 г.
26 чэрвеня 1579 г. Батура паслаў зь Вільні ў Маскву пасла Базыля Лапацінскага з афіцыйным актам абвяшчэньня вайны. Ён ужо ведаў, што Іван IV ўрэшце адпусьціў з Масквы папярэдняга каралеўскага пасла Міхала Гарабурду, даючы яму лісты з заклікам да мірных перамоў. Зрэшты, гэта былі чарговыя няшчырыя запэўніваньні з боку суседа Рэчы Паспалітай. Кароль не намерваўся іх прымаць, ускладаючы ўсю віну за разьвязваньне вайны на Івана IV. Кароль абураўся:
А за караля Гэнрыха [Валюа. — Д. К.] абяцаны мір празь ліст твой паміж дзяржавамі стрымаць і захаваць, згадай як ты стрымаў (…) Пярну і іншыя замкі захапіў, нягледзячы на абяцаньне і напаміны свае, што як у цябе, так і продкаў тваіх рабіць не навіна. (…). У Жыгімонта Аўгуста пад гэтай аховай ты забраў Полацак і дакладна гэтак жа сябе паводзіў, як і супраць нас, падстрахаваўшыся мірам, вайну пачаў і авалодаў лівонскай зямлёй, і не супакоіўшы той вайны, адводзіш Нас і дзяржавы нашы, Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае ад яе абароны такім падступным пісаньнем. А так паколькі твой розум ня хоча стаць сьціплейшым і ты ўсё больш і больш спрычыняесься да вялікіх і значных, даўніх і цяперашніх крыўд, і ня маеш ніякага паважнага міру, а толькі шукаеш, як подступам узяць нас, таму Мы, зрабіўшы тое, што належала хрысьціянскаму каралю, ужо рэшту Пану Богу свайму заручаем (…) і за ўсе шкоды і праліцьцё крыві падданых нашых хочам з Божай дапамогай спагнаць.
Каралеўскі ліст выклікаў такі гнеў Івана IV, што няшчасны пасол Лапацінскі апынуўся насуперак усім цывілізаваным звычаям у вязьніцы. Праз некалькі дзён пасьля напісаньня ліста да цара манарх пакінуў Вільню, накіраваўшыся на месца канцэнтрацыі вайсковых аддзелаў, дзе павінны былі прымацца канчатковыя рашэньні адносна мэтаў кампаніі.
Кароль здаўна задумваўся над стратэгічнымі мэтамі кампаніі. «Pacta conventa», падпісаныя пасьля выбараў, абавязвалі яго вярнуць тэрыторыі, страчаныя Рэччу Паспалітай, якімі трэба было лічыць таксама Лівонію, як і Полацкую, Смаленскую, Северскую і Чарнігаўскую землі.
Ужо ў верасьні 1577 г., а значыць празь некалькі тыдняў пасьля страты рэшты Лівоніі, Батура напісаў ліст да Яна Хадкевіча, дзе заўважыў значныя цяжкасьці, зь якімі маглі сутыкнуцца наступальныя дзеяньні ў гэтай правінцыі. Указваў на вялікую колькасьць абарончых замкаў, укамплектаваных моцнымі маскоўскімі залогамі, здабыча якіх заняла б шмат часу і крыві. Урэшце, ён браў пад увагу дэпапуляцыю і зьнішчэньне Лівоніі доўгачасовымі ваеннымі дзеяньнямі, што магло некарысна адбіцца на забесьпячэньні войска харчамі. Прапанаваў два іншыя кірункі, г. зн. Смаленск і Полацак, якія давалі, на яго думку, большыя шанцы на посьпех.
Ужо ў першыя тыдні знаходжаньня ў Літве ў 1579 г. кароль абмеркаваў у коле давераных памочнікаў мэты будучай ваеннай кампаніі. Напэўна, у лютым, падчас знаходжаньня манарха ў Горадні, частка сэнатараў згадзілася зь неабходнасьцю адмовіцца ад удару на Лівонію. Гэтым самым меркавалася ўвесьці Івана IV у зман, падказваючы яму, што мэтай каралеўскага наступу павінна быць менавіта Лівонія, а мо нават сам Пскоў. Камандаваньне спадзявалася, што адпаведна моцны дывэрсійны ўдар па Лівоніі будзе ўспрыняты царом як рэкагнасцыроўка перад галоўнай кампаніяй. Батура ведаў, што цар ужо пачаў канцэнтрацыю сваіх войскаў у раёне Пскова, і хацеў яго там як мага даўжэй затрымаць. Таму было прынята рашэньне арганізаваць узброеную вылазку літоўскай коньніцы ў кірунку Дорпату — адной з галоўных маскоўскіх крэпасьцей у Лівоніі, якая знаходзілася за некалькі дзясяткаў кілямэтраў на паўночны захад ад Пскова.
У канцы 1579 г. палявы гетман літоўскі Крыштап Радзівіл сканцэнтраваў у раёне цэнтральнай Дзьвіны 2250 жаўнераў (2050 гусараў, 150 пяцігорцаў і 50 казакоў), г. зн. палявую літоўскую коньніцу, якую ў той час меў у распараджэньні. Перайшоўшы на правы бераг Дзьвіны, ён сьпехам рушыў на поўнач, нішчачы дарогай сустраканыя варожыя патрулі. У выніку неспадзяванай атакі яму ўдалося ўзяць замак Кірэмпэ (Кір’япіч), разьмешчаны ўсяго за 60 кілямэтраў ад Пскова. Тут было захоплена
людзей нямала і гармат некалькі, і харчоў вельмі шмат.
Аднак не было шанцаў утрымаць пляцоўку, высунутую так далёка на поўнач, у сувязі з чым замак быў разбураны. Пасьля ліцьвіны дашчэнту спустошылі ваколіцы Дорпату і, узяўшы шмат палонных і 2 тысячы штук быдла, вярнуліся на левы бераг Дзьвіны.
Кавалерыйскі рэйд прынёс чаканы вынік, хоць запазычанасьць у жолдзе перад яго ўдзельнікамі крыху зблытала пляны літоўскага камандаваньня. Харугвы Крыштапа Радзівіла, безумоўна, меліся застацца на Дзьвіне для прыкрыцьця вернутых летась лівонскіх замкаў і межаў Літвы. Аднак калі іх вайскаводца ад’ехаў на сустрэчу з каралём у Вільню, яны самавольна пацягнуліся за ім у надзеі атрымаць тут належную за сваю службу плату.
Адмова ад непасрэднай атакі Лівоніі не азначала адмовы ад барацьбы за яе. Усё ж вяртаньне і ўтрыманьне гэтага краю было непасрэднай мэтай вайны, аднак меркавалася дасягнуць яе безь неабходнасьці ўваходзіць на іх тэрыторыю. Больш затое, абмяркоўвалася, як дасягнуць значна большай выгады. Беручыся за вызначэньне стратэгічных мэтаў, Сьцяпан Батура разглядаў іх у двух аспэктах. Першая вынікала з далёкасяжнага стратэгічнага плянаваньня, разьлічанага на неабходнасьць вядзеньня даўжэйшых ваенных дзеяньняў, другая — з мэтаў кампаніі 1579 г.
Над апошнімі ён задумваўся падчас доўгага знаходжаньня ў Вільні, але, як мы ўжо згадалі, канчатковыя рашэньні былі прынятыя толькі ў ліпені 1579 г. на ваеннай нарадзе ў Сьвіры, дзе канцэнтравалася каралеўская армія. У гульню ўваходзілі тры варыянты: марш на Пскоў, Смаленск ці Полацак.
Некаторыя з прысутных у Сьвіры літоўскіх сэнатараў зьвярталі ўвагу на значныя пашкоджаньні ўмацаваньняў Пскова і выгаду, якая вынікала б зь яго здабыцьця, а менавіта — паставіла б у няпэўнае становішча маскоўскія залогі ў Лівоніі. Аднак гэта быў найбольш рызыкоўны варыянт. Па-першае, пад Псковам канцэнтравалася адна з маскоўскіх армій, па-другое, крэпасьць была занадта далёкай ад замкаў, кантраляваных каралеўскімі войскамі. Польска-літоўская армія магла б патрапіць туды або празь Лівонію, або праз тэрыторыі маскоўскай дзяржавы, трактам уздоўж ракі Вялікай. У першым выпадку трэба было ісьці праз зьнішчаную вайной Лівонію, а кароль, як мы ўжо згадалі, хацеў пазьбегнуць гэтага. Зрэшты, трэба было б спачатку заняць лівонскія замкі, укамплектаваныя маскоўскімі залогамі. Таксама марш уздоўж ракі Вялікай патрабаваў узяцьця некалькіх маскоўскіх крэпасьцяў і да таго ж быў занадта рызыкоўны без папярэдняга вяртаньня полацкіх замкаў.
Шмат прыхільнікаў мусіў мець другі варыянт, які прадугледжваў выправу на Смаленск. Літва афіцыйна ніколі не адмаўлялася ад гэтага гораду, які быў ключавым пунктам т. зв. Смаленскай Брамы. Хоць адтуль вёў найкарацейшы шлях на Маскву, аднак Смаленск быў адной з наймагутнейшых крэпасьцяў маскоўскай дзяржавы. Выбіраючы гэты варыянт, войскі Рэчы Паспалітай ублыталіся б пад ёй у доўгачасовыя абложныя дзеяньні, а тым часам Іван IV атрымаў бы свабоду на іншых кірунках дзеяньняў. Маючы ў руках Полацак і значную частку Лівоніі, ён мог бы стварыць пагрозу для арміі, якая б асаджала Смаленск, літоўскім землям, ды нават самой Вільні.
Трэці варыянт, які прадугледжваў атаку на Полацак, быў прапанаваны каралём і падтрыманы яго найбліжэйшымі дарадцамі. Гэты плян у адрозьненьне ад іншых меў адны плюсы. Па-першае, вяртаньне Полацку зноў давала кантроль над лініяй Дзьвіны і ліквідавала небясьпечны клін, якім маскоўскія ўладаньні ўразаліся ў межы Вялікага Княства. Па-другое, яно памяншала або цалкам нівэлявала небясьпеку маскоўскай атакі на Вільню. Па-трэцяе, умацоўвала пазыцыі Віцебску, які быў пад пагрозай — абедзьве крэпасьці маглі стаць найлепшым заслонам у раёне Смаленску. Па-чацьвёртае, Полацак знаходзіўся адносна блізка да мяжы, таму не існавала небясьпекі празьмернага расьцягваньня камунікацыйных ліній. Па-пятае, авалоданьне Полацкам дазваляла ў будучым рэалізаваць шырэйшыя стратэгічныя канцэпцыі, аб якіх марыў Батура.
Максымальнай стратэгічнай мэтай караля, якая выходзіла за межы адной кампаніі, было
радыкальна зьнішчыць расейскую пагрозу праз марш на Маскву і дасягнуць такім чынам канчатковага заканчэньня кампаніі ў полі.
У гэтым кантэксьце толькі вяртаньне Полацку дазваляла пачаць дзеяньні супраць Смаленску, а ўзяцьце апошняга адкрывала шлях на Маскву і павышала верагоднасьць таго, што ўдасца вымусіць царскія войскі прыняць адкрытую бітву на полі. Перамога, здабытая ў такой бітве, дазволіла б хутка скончыць вайну на ўмовах, прадыктаваных Рэччу Паспалітай. Калі б не ўдалося рэалізаваць гэтую найбольш эфэктыўную канцэпцыю, заставаўся крыху сьціплейшы варыянт стратэгічных дзеяньняў. Ім быў удар з ваколіц Полацку і Віцебску на поўнач, каб адрэзаць Лівонію ад тэрыторый маскоўскай дзяржавы і тым самым асудзіць маскоўскія залогі, разьмешчаныя ў лівонскіх замках, на капітуляцыю.
Калі Батура хацеў як мага даўжэй захаваць у таямніцы свае пляны наконт кампаніі 1579 г., то выбар Сьвіры як месца канцэнтрацыі арміі быў проста дасканалым крокам. Сьвір знаходзілася на 80 кілямэтраў на ўсход ад Вільні, а гэта значыла, што сабраныя там войскі амаль да апошняй хвіліны баранілі літоўскую сталіцу. Блізкія Міхалішкі на Вяльлі былі канцавой станцыяй суднаходзтва, да якой даходзіў транспарт ваеннага абсталяваньня і харчоў. Сплаўлялі іх зь Віслы ў Нарву, адтуль перацягвалі ў Нёман, каб ад месца, дзе ў яго ўпадала Вяльля, цягнуць іх у верх гэтай ракі да Міхалішак. Зь Міхалішак іх перацягвалі ў Дзісну, прыток Дзьвіны. Але найважней было тое, што канцэнтрацыя ў Сьвіры ня выявіла сапраўднай мэты кампаніі, бо адтуль разыходзіліся шляхі на Дзьвінск (г. зн. у Лівонію), Полацак і Смаленскую Браму.
Лінія Дзьвіны і межы Вялікага Княства Літоўскага ахоўваліся часткай літоўскай палявой арміі і залогамі прымежных замкаў. Такім чынам літоўскія войскі забясьпечвалі адначасова прыкрыцьцё месца канцэнтрацыі. Калі казаць пра Лівонію, то паведамлялася, што яны засталіся без палявых войскаў, абароненыя залогамі замкаў на чале з ротмістрамі.
Да вясны 1579 г. межы Літвы ахоўвалі каля 1700 жаўнераў, разьмешчаных у ста зь нечым замках. Сілы раскладаліся кардонам, пачынаючы з Гомелю і Любечу на поўдні, да Браслава і Дрысы на поўначы. У траўні вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды правёў рэарганізацыю абароны літоўскага памежжа. Каб павялічыць палявыя сілы, агульная колькасьць замкавых залог была зьменшана да 1120 чалавек, а галоўны націск быў зроблены на абарону вакол Полацку. Былі ўмацаваны залогі Дзісны, Лепелю, Вулы і Віцебску. Расклад стратэгічных сілаў непасрэдна літоўскай мяжы з боку маскоўскай дзяржавы выглядаў наступным чынам: Браслаў — 20 жаўнераў, Дрыса — 60, Дзісна — 100, Вушачы — 30, Варанец — 50, Лепель — 160, Цётча — 30, Вула — 170, Віцебск — 100, Сураж — 30, Ворша — 40, Барысаў — 15, Амсьціслаў — 60, Крычаў — 25, Гомель — 140, Любеч — 50, Вільня — 40.
Астатнія харугвы паволі сьцягваліся на месца канцэнтрацыі галоўнай арміі або дзейнічалі ў іншых раёнах шырокага памежжа. У выніку ваенная мабілізацыя Рэчы Паспалітай у 1579 г. была вялізнай. Паводле Г. Катарскага, Карона выставіла напярэдадні аблогі Полацку 25 519 жаўнераў, а Літва 30 550, што разам давала каля 56 тысяч чалавек.
Зразумела, частка войска не была выкарыстана ў маскоўскай вайне або дзейнічала далёка ад Полаччыны, дзе мусілі адбывацца вырашальныя ваенныя дзеяньні. Кварцяныя войскі, якія заставаліся ва Украіне, налічвалі 750 жаўнераў і ўвогуле не ўзялі ўдзелу ў вайне з Масквой. Затое частка літоўскіх войскаў змагалася на другарадных тэрыторыях або ахоўвала памежныя замкі. Лівонскія залогі, залічаныя да ўзброеных сілаў Вялікага Княства, налічвалі больш за 2850 чалавек, а вайсковым камандзірам, які каардынаваў абарону ўсёй правінцыі, стаў ротмістар Мацей Дэмбінскі. Як ужо згадвалася, літоўскія замкі ахоўвалі 1120 жаўнераў. Дывэрсійныя дзеяньні маскоўскіх войскаў з боку Лівоніі прывялі да таго, што пад Полацак ня трапіла жамойцкае паспалітае рушаньне, якое ацэньвалася прыблізна на 2 тысячы коньніцы. Корпус са 100 гусараў, 100 казакоў і 14 тысяч казацкай пяхоты дзейнічаў пад камандаваньнем Філона Кміты ў раёне Смаленску. Урэшце з 2 тысяч запароскіх казакоў, якія добраахвотна зьявіліся на кампанію, большасьць была выкарыстана для дывэрсійных дзеяньняў на Смаленшчыне і Севершчыне, дзе яны дапамагалі Філону Кміту, Яну Саламярэцкаму і князям Астроскім. Дзеля дакладнасьці трэба заўважыць, што пад Полацкам былі адзначаны прозьвішчы некалькіх казакоў, якія вылучыліся мужнасьцю. Аднак пра агульную іх колькасьць падрабязьней не вядома.
Праводзячы дакладнае супастаўленьне наёмных і добраахвотніцкіх войскаў, выкарыстаных падчас полацкай кампаніі на галоўным тэатры ваенных дзеяньняў, Г. Катарскі выправіў памылку К. Гурскага. Паводле яго пад Полацак і на Полаччыну вырушылі 41 814 жаўнеры, у тым ліку 29 741 коньніцы (71 %) і 11 973 пяхоты (29 %). Пададзены ніжэй больш падрабязны пералік указвае прапорцыі асобных родаў войск, выстаўленых Каронай і Літвой.
Каронная армія
Коньніца
польская гусарыя: 38 ротаў 5355 коней
вугорская гусарыя: 10 ротаў 1577 коней
казакі і пяцігорцы: 4 роты 279 коней
нямецкая райтарыя: 2 роты 100 коней
Разам: 54 роты 7311 коней
Пяхота
польская: 10 ротаў 1750 жаўнераў
вугорская прыдворная: 9 ротаў 1023 жаўнераў
вугорская (трансыльванскі набор): 10 ротаў 994 жаўнеры
нямецкая: 6 ротаў 2736 жаўнераў
Разам: 35 ротаў 6528 жаўнераў
Прыватныя аддзелы
коньніца: 3500 коней
пяхота: 1500 жаўнераў
Разам: 5000 жаўнераў
У выніку на полацкую кампанію вырушылі 18 739 жаўнераў з Кароны, зь якіх 10 811 служыў у коньніцы, а 8028 — у пяхоце.
Літоўская армія
Коньніца
гусарыя: 18 ротаў 2150 коней
казакі і пяцігорцы: 3 роты 300 коней
стральцы (сагітарыі): 1 рота 80 коней
Разам: 22 роты 2530 коней
Пяхота
літоўская: 14 ротаў 735 жаўнераў
польская: 1 рота 110 жаўнераў
казацкая: 4 роты 600 жаўнераў
Разам: 19 ротаў 1450 жаўнераў
Прыватныя аддзелы
коньніца: 8300 коней
пяхота: 1700 жаўнераў
Разам: 10 000 чалавек
Паспалітае рушаньне
коньніца: 8200 коней
пяхота: 800 жаўнераў
Разам: 9000 чалавек.
Такім чынам, узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага, скіраваныя ў Полаччыну, налічвалі 22 975 чалавек.
Касьцяк арміі, скіраванай на галоўны тэатар ваенных дзеяньняў, складалі наёмныя войскі. Наёмныя жаўнеры адназначна пераважалі ў арміі Кароны (73 %), у літоўскай арміі яны складалі ўсяго 17 % войска. Трэба ўдакладніць, што ліцьвіны скіравалі частку сваіх наёмных сілаў на Смаленшчыну, а частка ўкамплектавала памежныя замкі. Акрамя таго, пэўную баяздольнасьць мелі прыватныя аддзелы, якія пасылалі літоўскія паны. Толькі паспалітае рушаньне, якое складала каля 39 % літоўскай арміі, было непрыдатнае да працяглых і сыстэматычных дзеяньняў (напрыклад, доўгай аблогі). Насуперак даўнім меркаваньням, яно ўсё ж прыняло ўдзел у полацкай кампаніі.
На заканчэньне агляду сіл, вылучаных Рэччу Паспалітай на маскоўскую кампанію, трэба крыху ўвагі надаць магнацкім і шляхецкім аддзелам, якія складалі значны адсотак узброеных сілаў. Гэта было вынікам майстэрскай палітыкі Батуры, які не абмінаў ніякай магчымасьці павялічыць узброеныя сілы. Яшчэ ў лютым 1579 г. на адпаведны заклік караля дадатна адказала рада літоўскіх сэнатараў, пасаромленая быццам бы малымі паступленьнямі з падаткаў, зацьверджаных у Літве. Многія зь літоўскіх магнатаў абяцалі ня толькі шматлікія аддзелы, але і асабістую службу падчас кампаніі, а вядома было, што сьледам за імі пойдзе і багацейшая шляхта. Вайсковая служба падчас кампаніі, якой кіраваў кароль, узвышала добраахвотніка да шляхецкай годнасьці як у вачах манарха, так і гербавай брацьці. Яшчэ падчас нарадаў у Горадні да літоўскіх магнатаў далучыліся арандатары каралеўшчын у Літве, запэўніваючы, што даставяць пэўную колькасьць збожжа, валоў, а таксама сялян зь сякерамі і рыдлёўкамі для інжынэрных работ. Скліканыя пасьля гарадзенскай нарады павятовыя літоўскія соймікі ўхвалілі добраахвотніцкае рушаньне з усяго Вялікага Княства Літоўскага.
Прыклад Літвы заахвоціў Батуру зьвярнуцца таксама да кароннага магнацтва і шляхты. Яшчэ падчас паездкі ў Літву манарх заахвочваў да ўдзелу ў кампаніі многіх польскіх вяльможаў — некаторых пры нагодзе асабістых сустрэч, іншых — лістамі. Цяпер, карыстаючыся дапамогай канцлера Замойскага, ён разгарнуў цэлую агітацыйную кампанію, заахвочваючы выстаўляць прыватныя аддзелы. Урэшце, праз 4 дні пасьля прыбыцьця ў Вільню, 6 сакавіка 1759 г., ён выдаў унівэрсал да каронных саслоўяў, заклікаючы добраахвотна зьявіцца ў пачатку траўня на два пункты збору (Бельск-Падляскі і Берасьце). Зразумела, каралеўскі заклік апэляваў да патрыятызму шляхты і абяцаў узнагароды.
Хоць ня ўсе магнаты, якія заявілі пра жаданьне ўдзельнічаць у кампаніі, прыбылі ў Сьвір, але іх замянялі іншыя, якія раней не заяўлялі свайго ўдзелу. Магнацкія войскі, дапоўненыя добраахвотніцкімі аддзеламі, складалі сур’ёзны даважак да ўзброеных сілаў дзякуючы высокай, як правіла, якасьці ўзбраеньня, а таксама значнай колькасьці. Тут рэй вялі ліцьвіны, якія прывялі каля 10 тысяч ваяроў (у тым ліку больш за 8 тысяч конніцы, пераважна казацкай і пяцігорскай). Канечне, ніхто ня мог параўнацца з Радзівіламі, якія выставілі разам 1800 коньніцы і 100 пяхоты, але ўсё ж сам віленскі кашталян Ян Хадкевіч прывёў 900 коньнікаў і некалькі дзясяткаў пехацінцаў, троцкі кашталян Яўстах Валовіч — 700 коньніцы, а Ян Кішка — 300 коньніцы і 100 пяхоты. Іншыя пасылалі зазвычай адну ці дзьве роты. Магнацкія аддзелы і шляхецкія ахвотнікі з Кароны былі не такія шматлікія, што тлумачылася, напэўна, значнай аддаленасьцю ад тэатру ваенных дзеяньняў. Канцлер Ян Замойскі выставіў 600 пяхоты, а вялікія аддзелы коньніцы прывялі таксама князь Канстанцін Астроскі, Андрэй Збароўскі, войніцкі кашталян Ян Тэнчынскі, сандамірскі кашталян Станіслаў Шафранец і шмат іншых. Разам іх можна ацаніць на 5 тысяч чалавек.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК