МАРШ НА ПОЛАЦАК У 1579 г.
Вясна 1579 г. была ў Літве выключна халоднай, замаразкі працягваліся аж да сьвятога Яна, а трава амаль яшчэ не расла, што надзвычай ускладняла пераход аддзелаў коньніцы на месца канцэнтрацыі. Першыя роты (вугорскія і літоўскія) пачалі падцягвацца ў Сьвір толькі ў чэрвені. Падаткі паступалі, як звычайна, паволі, таму набор жаўнераў праходзіў ня вельмі гладка. Здараліся выпадкі, што некаторым харугвам коньніцы не выплачвалі традыцыйных авансаў на рыштунак. Ня ўсе таксама своечасова прыбылі ў Сьвір. Нават калі 11 ліпеня туды прыбыў Батура, не ставала многіх ротаў, асабліва з найбольш аддаленых раёнаў Кароны, г. зн. з рускіх зямель, Малапольшчы і Вялікапольшчы.
Як ужо згадвалася, на ваеннай нарадзе, праведзенай у Сьвіры, найвышэйшае камандаваньне было азнаёмлена з мэтамі кампаніі. Аднак Батура хацеў, каб мэты і задачы, пастаўленыя перад арміяй, былі зразумелыя і шараговым жаўнерам і шляхецкім валянтэрам. Канечне, у гэтым выпадку гаворка не ішла аб дэталёвых тактычных канцэпцыях, але аб прадстаўленьні прычыны кампаніі і агульных ваенных намераў. Гэта было незвычайным пачынам у эўрапейскім маштабе, паколькі тагачасныя ўладары і вайскаводцы ня мелі звычаю тлумачыць жаўнерам уласныя рашэньні. Адпаведны маніфэст быў выдадзены абознай друкарняй 12 ліпеня на лацінскай мове, а потым быў перакладзены на польскую, нямецкую і вугорскую.
Паводле Батуры, кампанія, распачатая Рэччу Паспалітай, — гэта слушная і справядлівая вайна з падступным праціўнікам, які парушае ўсялякія дамовы і міжнародныя трактаты. Напэўна, пад уплывам каралеўскіх дарадцаў у тэксьце апэлявалася да шэрагу прыкладаў з гісторыі, згадваліся агрэсіўныя ініцыятывы маскоўскай дзяржавы ў час Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста. Тыя няспынныя акты агрэсіі выключалі, на думку манарха, якую-небудзь надзею на мірнае разьвязаньне спрэчкі. Кароль заклікаў да вернасьці і мужнасьці, абяцаў узнагароды для самых адважных і забараняў рэпрэсіі супраць цывільнага насельніцтва, хоць іх ня раз выкарыстоўвалі маскоўскія войскі.
16 ліпеня гетман Мялецкі сабраў ротмістраў, выступіў з адпаведнай прамовай і загадаў прачытаць перад харугвамі вайсковыя артыкулы. У той жа дзень і ў наступны кароль правёў агляд усіх літоўскіх сілаў і, прынамсі, некаторых каронных ротаў.
Частка літоўскіх войскаў пакінула месца канцэнтрацыі, напэўна, ужо ў першы дзень агледзін. Каля сярэдзіны ліпеня ў Сьвір прыйшлі навіны, атрыманыя ад палонных, схопленых на памежжы. З данясеньняў вынікала, што частка войскаў, канцэнтраваных царом пад Псковам, павінна вырушыць або ўжо вырушыла да Полацку. Быў гэта нібыта корпус, складзены з 8 тысяч пяхоты і 200 баяраў. Нельга было недаацэньваць гэтых навінаў, таму трэба было зрабіць адпаведныя крокі ў адказ, каб не дапусьціць умацаваньня полацкай залогі. Дзеля гэтага Батура паслаў моцны авангард, які складаўся з аддзелаў літоўскай коньніцы пад камандаваньнем Мікалая і Крыштапа Радзівілаў, а таксама аддзел вугорскай пяхоты на чале з Каспэрам Бэкешам. Задачай гэтага корпусу было заблякаваць Полацак з поўначы і не дапусьціць да яго маскоўскіх падмацаваньняў.
Сьледам за авангардам павінна была вырушыць галоўная армія. Полацак можна было атакаваць з трох бакоў, г. зн. трактам, які вёў з поўдня, з усходу або з захаду. Шлях, які дазваляў атакаваць крэпасьць з поўдня, быў найкарацейшым, але занадта небясьпечным празь неабходнасьць фарсіраваць Дзьвіну паблізу варожай фартэцыі або атакаваць яе з-за гэтай ракі. Атака з усходу была адносна выгадным вырашэньнем, бо амаль да канца трымала б праціўніка ў няпэўнасьці адносна каралеўскіх намераў. Выбіраючы яе, трэба было весьці армію ў кірунку Улы і Віцебску, а гэта магло навесьці царскіх шпегаў на думку пра атаку на Смаленск. Мінусам гэтай канцэпцыі было значнае падаўжэньне маршруту, які мусіла бы прайсьці войска, і маскоўскія замкі, каля якіх яно мусіла б праходзіць. На поўдні ад Полацку, сярод лепельскіх лясоў, балот і азёр знаходзіліся Туроўля, Краснае і Суша, а іх залогі маглі б пагражаць камунікацыйным лініям. Таму заставалася яшчэ трэцяе вырашэньне, а менавіта атака з захаду. Для гэтага трэба было выбраць шлях да Дзісны, што знаходзілася ў руках Рэчы Паспалітай. Тады пераправа адбылася б на сваёй тэрыторыі, што дазволіла б пазьбегнуць маскоўскага стратэгічнага ўмацаваньня і адносна хутка дасягнуць Полацку. Было зразумела, што падзеньне Полацку прадвызначыць лёс трох маскоўскіх замкаў на левым беразе Дзьвіны, таму было вырашана не вылучаць з галоўнай арміі ніякіх сіл для авалоданьня імі.
Ужо 17 ліпеня, а значыць празь дзесяць зь нечым гадзін пасьля адпраўкі корпусу Радзівілаў, з-пад Сьвіры рушылі першыя аддзелы каралеўскай арміі, падзеленыя на дзьве калёны. Большасьць жаўнераў, табараў і ўсё цяжкае ваеннае абсталяваньне ішлі ў левай калёне дарогай праз Паставы і Глыбокае. Тут знаходзіўся кароль і сэнатары, якія спадарожнічалі яму. З прычыны вялікай масы людзей, коней і вазоў прасоўваліся досыць павольна і, паколькі калёна не магла хутка разьвярнуцца, была асабліва адкрытая для варожага нападу (напрыклад, з боку Туроўлі). Уласна таму кароль вылучыў правую калёну, якая складалася пераважна з коньніцы. Яе камандзір Мікалай Мялецкі прасоўваўся паралельным, хоць і крыху даўжэйшым шляхам, які праходзіў за дзесяць зь нечым кілямэтраў ад маршруту каралеўскай калёны. Гэты крок забясьпечыў галоўнай арміі бакавую варту і, з другога боку, разгрузіў галоўную вось маршу. У сваю чаргу, абедзьве калёны прыкрывалі Дзісну, па якой плыла значная частка харчоў і амуніцыі.
Паход каралеўскай арміі запавольвала жудаснае надвор’е. Дзесяць зь нечым дзён ішлі праліўныя дажджы, якія ператваралі і так не найлепшыя дарогі ў балота.
Яны да такой ступені ўскладнялі перавозку цяжкага ваеннага абсталяваньня, асабліва гармат, што кароль з уласных экіпажаў мусіў пасылаць коней, каб прысьпешыць паход.
Каралеўскія войскі дасягнулі Дзісны ў апошнія дні ліпеня або ў першыя дні жніўня. Невядома, ці першай на месцы зьявілася каралеўская калёна або калёна правага крыла, узначаленая Мялецкім. Як па дарозе да Дзісны, так і ў самой Дзісьне да арміі далучыліся запозьненыя аддзелы. Гэта былі галоўныя каронныя роты, нямецкая пяхота, а таксама 900 адзінак коньніцы, прыведзенай Янам Хадкевічам. 5 жніўня Батура зрабіў агледзіны каронных войскаў, прадстаўленых гетманам Мялецкім, нямецкай пяхоты Разражэўскага і невялікага дапаможнага аддзелу, прыбылага з князем Курляндыі. Зрэшты, апошні атрымаў тут інвэстытуру на княства Курляндыі і Зямгаліі. Адначасова каралеўскія інжынэры пачалі ўзводзіць каньковы мост на Дзьвіне, і зрабілі гэта сапраўды маланкава, за тры гадзіны. Дарога на Полацак была адкрытая.
Паўстае пытаньне, што рабіў Іван Жахлівы ў сувязі з ужо відавочным польска-літоўскім наступам. Да восені 1578 г. кіраўніцтва маскоўскай дзяржавы магло разглядаць лякальныя сутычкі ў Лівоніі як своеасаблівае высьвятленьне адносін перад перамовамі аб замірэньні. У Крамлі не спадзяваліся, што Рэч Паспалітая ў блізкім часе будзе здольная да значнай ваеннай мабілізацыі. Толькі параза пад Кесьсю і лютаўска-сакавіцкі рэйд Радзівіла пад Дорпатам прымусіў цара адчуць непазьбежнасць блізкага канфлікту. Таму ён сабраў на нараду баяраў і, паведаміўшы ім пра пачатае каралём узбраеньне, паабяцаў распачаць выправу
на зямлю нямецкую і літоўскую.
Маскоўская ваенная падрыхтоўка пачалася раньняй вясной 1579 г. У першую чаргу Іван IV даручыў узмацніць залогі каля 80 прымежных замкаў уздоўж Волгі, Дону, Дняпра і Дзьвіны, а таксама прызначыў іх камэндантаў. У Смаленску імі былі Васіль Пронскі і Іван Гагін, у Вяліжы — Міхаіл Чыхачоў, ва Усьвятах — Міхаіл Веліямінаў, у Вялікіх Луках — Іван Злобін і Фёдар Замыцкой, у Азярышчах — Уладзімер Веліямінаў, у Сокале — Іван Какошкін, у Красным — Васіль Веліямінаў, у Нешчардзе — Іван Талбузін і г. д.
Былі ўзмоцнены таксама залогі лівонскіх замкаў, куды да ліпеня 1579 г. пасылалі новых людзей і шматлікі транспарт харчоў. Цар праявіў асаблівы клопат аб замках, разьмешчаных на Дзьвіне (Ленвардт (Ліелвардэ), Кукейнос і Кройцбург), якія яшчэ заставаліся ў яго руках. З гэтага вынікае, што ён разглядаў іх як каштоўны пляцдарм, які аблягчаў маскоўскім войскам арганізацыю вылазак на землі Вялікага Княства Літоўскага, што неўзабаве мусілі адчуць на сваёй скуры жыхары Жамойці.
Поруч з умацаваньнем замкаў цар зьбіраў запасы боепрыпасаў, харчоў, а перадусім узяўся за канцэнтрацыю палявых армій. Царскія палкі зьбіраліся ў трох гарадах: Ноўгарадзе Вялікім, Пскове і Смаленску. Гэта сьведчыць пра тое, што Іван Жахлівы перадусім баяўся ўдару на двух кірунках. Адным зь іх была Смаленская Брама, адкуль вёў найкарацейшы шлях да Масквы. Пад Смаленск былі пасланы ваяводы Іван Бутурлін, Даніла Нохціеў, Іван Гагарын і Астафей Пушкін. Аднак большую частку аддзелаў цар канцэнтраваў у раёне Ноўгараду і Пскова, што сьведчыла пра тое, што цар баяўся перадусім ўдару на Лівонію. Такім чынам, галоўнай мэтай Івана было захаваць маскоўскія здабыткі ў Лівоніі.
Вызначэньне колькаснага складу галоўнай царскай арміі стварае шмат цяжкасьцяў. Расейскі гісторык М. Карамзін, а за ім некаторыя польскія аўтары пісалі пра 200 тысяч чалавек, з чаго 40 тысяч уваходзілі ў склад толькі аднаго царскага палка. Зразумела, гэта груба перабольшаная лічба, якая ўдвая перавышае мабілізацыйныя магчымасьці тагачаснай маскоўскай дзяржавы. Трэба прыняць да ўвагі, што сілы, якія здолеў сабраць Іван Жахлівы ў 1579 г. не перавышалі колькасьцю армію, сабраную ў папярэднім годзе. Такім чынам, ня лічачы значна павялічаных залог замкаў, цар мог выставіць у полі армію колькасьцю 40–48 тысяч жаўнераў, падтрыманых разнастайнымі дапаможнымі аддзеламі.
Яшчэ ня ведаючы галоўнага кірунку наступу, цар вырашыў заняць чакальную пазыцыю. Відавочна, ён палічыў, што абарончая тактыка дазволіць яму ўтрымаць ранейшую здабычу, кінуць войска на адрэзак, што апынецца пад пагрозай, і, магчыма, паставіць ворага ў няпэўнасьць пагрозай удару на яго тэрыторыю (хоць бы зь Лівоніі на Вільню). Таму нельга згадзіцца зь меркаваньнямі некаторых расейскіх гісторыкаў, што Іван IV ня меў у 1579 г. ніякага пляну дзеяньняў.
З астаецца яшчэ пытаньне, наколькі маскоўскі ўладар арыентаваўся ў намерах Батуры. 17 чэрвеня 1579 г. цар урачыста выехаў у Ноўгарад разам са сваім старэйшым сынам Іванам і цэлай сьвітай баяраў. Пад канец месяца прыбыў туды ганец Іван Цімафееў, які прывёў навіну, атрыманую, напэўна, ад шпегаў, пра намеры караля атакаваць Полацак. Наступны з ганцоў данёс яму пра пляны атакаваць Полацак або Смаленск. 15 ліпеня Іван IV прыняў удзельнікаў свайго пасольства, адпраўленага ў папярэдні год у Рэч Паспалітую. Паслы данесьлі яму, што Батура рушыць да маскоўскіх межаў разам зь літоўскімі добраахвотнікамі і наёмным войскам, колькасьці якога не змаглі высьветліць. Затое былі перакананыя, што польская шляхта адкіне каралеўскі заклік да ўдзелу ў кампаніі, а мэта паходу — вярнуць лівонскія замкі.
Сьледам за пасламі прыйшла вестка пра канцэнтрацыю аддзелаў Батуры пад Сьвір’ю. Данясеньні маскоўскіх паслоў і шпегаў разыходзіліся. Яны маглі быць недакладнымі, маглі зьмяшчаць элемэнты наўмысна распушчаных чутак, але і канцэнтрацыя пад Сьвір’ю не праясьняла царскаму камандаваньню сытуацыі. Іван IV надалей ня мог на сто адсоткаў прадвызначыць кірунак ўдару. Ня ведаў, ці ён абрынецца на Лівонію, ці на Полацак, ці абедзьве весткі памылковыя. Адрэагаваў на іх пагрозай, што, калі Батура пойдзе на Полацак, ён рушыць на Вільню. Так ці іначай, цар вырашыў распачаць дывэрсійныя дзеяньні на тэрыторыі праціўніка. Дагэтуль меркавалася, што ён выкарыстаў для іх выключна татарскую коньніцу колькасьцю каля 20 тысяч. Тым часам у Лівонію ўвайшоў князь Васіль Хілкоў на чале трох царскіх палкоў (вялікага, пярэдняга і вартаўнічага), з падтрымкай чарамісаў і ўсёй татарскай коньніцы, якую ўдалося Івану сабраць. Вядома таксама, што ў складзе гэтага войска былі стральцы. Гэтыя войскі, якія разам налічвалі найверагодней 20 тысяч чалавек, прайшлі празь Лівонію, перайшоўшы Дзьвіну пад Кукейнасам і на мяжы ліпеня і жніўня ўварваліся ў Курляндыю. Нешматлікая курляндзкая коньніца была дашчэнту разгромлена і татарскія загоны прасунуліся аж пад радзівілаўскія Біржы.
Сілы, выкарыстаныя для набегу на Курляндыю і Жамойць, былі значныя. Камандзіры Івана IV прадстаўлялі вылазку як значны ваенны посьпех, за што потым атрымалі шчодрыя грашовыя ўзнагароды. Насамрэч яны абмежаваліся бясьпечным спусташэньнем варожых уладаньняў.
Выбар дывэрсійнага кірунку ўдару здаваўся слушным. Калі найбольш важнай для цара была Лівонія, то трэба было разьведаць гэты тэатар ваенных дзеяньняў аж да паўночных рэгіёнаў Літвы. Зьяўленьне маскоўскіх войскаў пад Біржамі магло навесьці караля на думку, што пагроза атакі на Вільню — гэта не пустое запалохваньне. У выніку Іван ІV, напэўна, меркаваў,
што гэтая атака абудзіць непакой польскага камандаваньня і прымусіць адмовіцца да пастаўленых [ваенных. —Д. К.] мэтаў, і, прынамсі, створыць няпэўнасць, асабліва ў шэрагах літоўскага войска.
Весткі пра маскоўскі набег на Жамойць дайшлі да караля ўжо пад Дзісной. Напэўна яны выклікалі пэўны непакой сярод ліцьвінаў, але не такі вялікі, як спадзяваліся царскія камандзіры. Батура паслаў у рэгіён, што апынуўся пад пагрозай, жамойцкага кашталяна Мікалая Талваша на чале тамтэйшага паспалітага рушаньня (каля 2 тысяч чалавек). Аднак да ўзброенай сутычкі не дайшло. Перш чым Талваш дабраўся да Біржаў, маскоўскія загоны адступілі за Дзьвіну, а потым пачалі адступленьне да галоўнай царскай арміі, якая ў гэты час перасунулася пад Пскоў.
Акурат у Пскове цар атрымаў вестку пра ўваход войскаў Батуры на Полаччыну. Ужо 23 ліпеня літоўскія казакі занялі і зраўнялі з зямлёй замак Казяны. Уначы 31 ліпеня казакі Францішка Жука зь Цётчы, падтрыманыя жаўнерамі з Улы, напалі на Краснае і, прыставіўшы да вала драбіны, авалодалі ім разам з запасамі зброі і харчоў.
4 жніўня пала Сітна, зь якога можна было падтрымліваць Полацак водным шляхам. Таксама пачалася блякада самога Полацку пасланымі перад галоўнай арміяй літоўскімі аддзеламі Радзівілаў і вугорскімі Бэкеша. С. Гэрбст мяркуе, што гэта адбылося 4 жніўня, г. зн. у той жа дзень, калі літоўска-вугорскі аддзел, пасланы літоўскімі гетманамі, спаліў Сітна. Аднак гэта немагчыма, бо Сітна знаходзілася за 50 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Полацку, у верхнім цячэньні Палаты, каля тракту на Вялікія Лукі. Здаецца, што спачатку корпус Радзівілаў заблякаваў Полацак і дарогі, якія вялі зь яго на Вялікія Лукі і Пскоў, а толькі потым вылучаныя роты правялі нечаканую атаку на Сітна. Пацьвярджае гэта Р. Гайдэнштайн, пішучы, што спаленьне Сітна адбылося, калі пад Полацкам ужо ішлі сутыкеньні варты Радзівіла з патрулямі абаронцаў, якія зьяўляліся перад гарадзкімі брамамі. Вельмі верагодна, што, вырушыўшы са Сьвіры 16 (найпазьней 17) ліпеня, ліцьвіны і вугорцы прайшлі каля 180 кілямэтраў, якія аддзялялі іх ад Полацку, за 15–16 дзён і прыбылі пад крэпасьць у першыя дні жніўня (безумоўна, да 4 жніўня).
Іван IV даведаўся пра марш каралеўскіх аддзелаў у кірунку Полацку ўжо 1 жніўня. Ён прыняў тады крыху дзіўнае рашэньне разьмясьціць свае сілы на подступах да Пскова. Пярэдні полк на чале зь Фёдарам Мсьціслаўскім, Сямёнам Пронскім і Дымітрам Хварастыніным быў скіраваны пад Фэлін у паўночнай Лівоніі. Полк правай рукі пад камандаваньнем Пятра Шайдзякова, Івана Шуйскага і Івана Турэніна перасунуўся пад Астроў на Вялікай, разьмешчаны за нейкіх 40 кілямэтраў на поўдзень ад Пскова. На дапамогу полацкаму гарнізону адправіліся ўсяго 5 тысяч жаўнераў і данскіх казакоў, якімі камандавалі ваяводы Фёдар Шарамецеў, Барыс Шэін, Міхаіл Лыкаў, Васіль Крываборскі і Дзьмітры Палецкі.
Адпраўка 5 тысяч чалавек на дапамогу Полацку, які апынуўся пад пагрозай, здавалася натуральнай. Гэта былі сілы, якія маглі значна падмацаваць залогу крэпасьці, аднак замалыя, каб даць бітву каралеўскай арміі. Зрэшты, гэтай другой магчымасьці цар нават ня браў пад увагу, забараняючы Шарамецеву і Щэіну біцца ў адкрытым полі, калі яны не пасьпеюць своечасова дабрацца да Полацку. Тады яны мусілі непакоіць армію Батуры, а цар меркаваў, што ўмацаваньні Полацку ўблытаюць яе ў працяглыя абложныя баі.
Аднак застаецца пытаньне: якую мэту ставіў маскоўскі ўладар пры разьмяшчэньні пярэдняга палка і правай рукі? Першы, апэруючы на базе Фэліна, мог ахоўваць царскія ўладаньні ў паўночнай Лівоніі ад магчымай атакі з боку швэдзкага Рэвэлю або прыналежнай Рэчы Паспалітай Кесі (залога каля 1200 жаўнераў). Другі папросту ахоўваў тракт, які вёў з Полацку да Пскова, г. зн. абараняў царскую армію ад нечаканага рэйду польска-літоўскай коньніцы. Можна меркаваць, што, як і ў працяглых кампаніях, кожны з гэтых палкоў налічваў 3–4 тысячы чалавек.
Войска, якое засталося пад Псковам, было нанова падзелена на 6 палкоў (г. зн. гасударскі, вялікі, пярэдні, правай рукі, левай рукі, вартаўнічы і артылерыйскі). Гасударскім палком камандаваў князь Мікіта Трубяцкой, вялікім — князь Сямён Цьвярской. Разьмеркаваньне камандных пасадаў у іншых адзінках выклікала пэўнае замяшаньне сярод царскіх ваяводаў. Ужо далі пра сябе знаць «месьніцтвы» (гл. разьдзел «Армія Івана IV Жахлівага»). Цягам некалькіх дзён Івану IV даводзілася выслухоўваць жальбы сваіх камандзіраў, якія скардзіліся, што іх канкурэнты зь ніжэйшага ўзроўню іерархіі атрымлівалі важнейшыя пасады.
Тым часам 6 і 7 жніўня апошнія польскія і літоўскія аддзелы пераправіліся праз пантонны мост на Дзьвіне, пасьля чаго ўвайшлі на тракт, які вёў да Полацку. Каралеўская армія зь вялікімі цяжкасьцямі прабіралася ў бок Полацку старой дарогай, што вяла ўздоўж правага берагу Дзьвіны. Пэўны час яны пастаянна заўважалі на рацэ трупы польскіх і літоўскіх палонных, схопленых у папярэдніх баёх, якіх цяпер залога Полацку закатавала і сплаўляла на бярвёнах. Напэўна, маскоўскія камандзіры меркавалі, што гэта відовішча прыгняце каралеўскіх жаўнераў, але выклікалі хутчэй гнеў і прагу помсты, чым паніку.
У авангардзе маршавалі аддзелы гетмана Мялецкага, які вызначаў месцы для начлегу. Калі набліжаліся да тракту, што вёў да Пскова, пачалі разважаць над магчымасьцю атакаваць Сокал. Гэта быў невялікі, але досыць моцны замак, які амывалі воды Дрысы, разьмешчаны за 20 кілямэтраў ад Полацку. Яго залога, падмацаваная дапамогай з Пскова, магла перарэзаць камунікацыйны шлях уздоўж Дзьвіны і ўскладняць дастаўку харчоў для каралеўскай арміі. Аднак было вырашана не расьсейваць сіл перад атакай на галоўную мэту кампаніі і пакуль што абмежавацца блякадай Сокалу. Напэўна, яшчэ не было вядома, што ў кірунку замку скіроўваюцца царскія войскі на чале з Шарамецевым і Шэіным.
Ад Дзісны да Полацку было недалёка, няпоўныя 50 кілямэтраў, але войска маршавала павольна.
Амаль адразу за Дзьвіной паход значна запавольвалі няспынныя лясы. Бо ад часу здабыцьця Полацку цягам амаль шаснаццаці гадоў свайго там панаваньня, прастору краіны адразу за ракой Дзьвіной і Дзісной аж да Полацку ператварыў маскоўскі [цар. —Д. К.] у бязьлюдную пустыню, а паколькі глеба там урадлівая, уся гэта прастора краю пакрылася тым часам буйным і густым лесам.
Яго ўжо крыху прарубіла вугорская пяхота, якая спадарожнічала авангарду Радзівілаў, аднак маса войска і табарных вазоў, якая цяпер увапхнулася на запушчаны тракт, патрабавала далейшай працы над пашырэньнем шляху. Акрамя таго, ні на хвілю не спыняліся ападкі, таму растаптаная дарога была ўжо для апошніх аддзелаў і табарных вазоў амаль што балотам. Урэшце, 11 жніўня, пасьля трох начлегаў і чатырох дзён маршу галоўныя каралеўскія сілы спыніліся пад Полацкам.
Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚
Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением
ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК