«Жыцця свайго не шкадаваў»
«Жыцця свайго не шкадаваў»
Трывожны мір
Спустошаная дзесяцігадовай вайной краіна паволі ўздымалася з руінаў. Вярталіся да паселішчаў ацалелыя жыхары, аднаўлялі гаспадарку. Адбудоўваліся спаленыя гарады, ажывалі пасады, рынкавыя пляцы.
Дзяржава пакрысе ачуньвала і звыкалася з новай мяжой на ўсходзе. Мінулая вайна была занадта доўгая і цяжкая. Гэтакай Княства яшчэ не перажывала. Як не адчувала яно яшчэ і такой трывогі за свае ўсходнія межы. Адыход Смаленска да Маскоўшчыны выклікаў не толькі горкія шкадаванні, ён сімвалічна азначаў і адыход старых часоў. Па тых падзеях няцяжка было зразумець, што няўмольна змяняліся суадносіны сілаў Масквы і Вільні. Што яны ўжо змяніліся. І нават час раўнавагі, гэтак трагічна засведчаны на Вядрошы, быў страчаны разам са Смаленскам.
Гэта і непакоіла дзяржаўных людзей у Вільні. Пры беднасці земскага скарбу, абмежаванасці выканаўчай улады гаспадара ды свавольствах магнатаў цяжка было добра наладзіць абарону краіны. Сам Жыгімонт скрушна выказваўся: «Звязаныя недарэчнымі законамі, нічога ня можам зрабіць дзеля карысці і годнасці нашага гаспадарства».