Адкуль галоўная небяспека?
Адкуль галоўная небяспека?
Аднак найвялікшую трывогу выклікалі падзеі на ўсходніх межах Княства, дзе ўсё больш адкрытую варожасць дэманстравала Маскоўская дзяржава. Вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ (1462–1505) падпарадкаваў Разань і Пскоў, затым падбіў Ноўгарад Вялікі і ў 1485 годзе нарэшце перамог апошняга канкурэнта Масквы — княства Цверскае. Маладая цэнтралізаваная дзяржава ўсутыч падышла да ўсходніх межаў Вялікага Княства. Парадніўшыся праз шлюб з Палеалогамі — уладарамі магутнае калісь Візантыйскае імперыі, Іван ІІІ прыняў за дзяржаўны герб арла візантыйскіх цэзараў і назваў сябе «государем всея Руси». Новы тытул сам па сабе пастуляваў кірунак далейшай экспансіі. Зрэшты, ідэю «адзінай Русі» маглі падказаць яму (прынамсі, пераканаць, што гэта рэальна) і шматлікія перабежнікі з Вялікага Княства Літоўскага.
Адным з першых у 1481 годзе на бок Масквы перабег, ратуючыся ад кары, удзельнік нядаўняга замаху на Казіміра Ягайлавіча князь Хведар Бельскі. У 1483 годзе здрадзіў князь Іван Варатынскі, у 1487 — Іван Бяляўскі, у 1489 — Зміцер Варатынскі, праз колькі гадоў — Хведар Адоеўскі… Прыняўшы падданства маскоўскага ўладара, здраднікі захоўвалі за сабою зямельныя надзелы ў Вялікім Княстве Літоўскім і практычна ўлучалі іх у склад Маскоўскай дзяржавы. Яны заўзята помсцілі сваёй былой Айчыне, робячы бесперапынныя набегі на яе ўскрай.
Гэтак без абвяшчэння адкрытай вайны ў апошнім дзесяцігоддзі панавання Казіміра Ягайлавіча на ўсходніх межах Княства пачаліся сапраўдныя ваенныя дзеянні. У 1486 годзе людзі Івана ІІІ напалі на Мцэнск і Любуцк, спалілі іх, а жыхароў забралі ў палон. Затым яны хадзілі на Вязьму. У 1489 годзе зноў спустошылі Мцэнск і Любуцк, зрабілі рэйд на Тарапец, праз лета — на Віцебшчыну. У 1491 годзе наезды паўтарыліся. Яшчэ праз год адбыўся напад на Браншчыну. Што да Вяземшчыны, дык яна цярпела ледзь не штогод.