Астрожскі на маскоўскай службе

Астрожскі на маскоўскай службе

Усе гэтыя гады Канстанцін Астрожскі прагна лавіў кожную вестку пра Айчыну і пакутліва перажываў сваю нявольніцкую бяздзейнасць. Па смерці ж Івана ІІІ, калі яму чарговы раз прапанавалі адумацца і згадзіцца на прапанову вялікага князя маскоўскага, К. Астрожскі… не адмовіўся. Узрадаваны Васіль ІІІ загадаў як найхутчэй везці гетмана ў Маскву.

Ад зможанага вязня патрабавалі аднаго: падпісаць пісьмовую прысягу на вернасць Васілю ІІІ. А давалі яму за тое волю ў Маскоўшчыне, годнасць баярына, зямельныя ўладанні і галоўнае, дзеля чаго яго так доўга трымалі, - высокі вайсковы чын. Ён мусіў камандаваць асобнымі памежнымі сіламі, абараняць краіну ад татарскіх наездаў. Тэкст прысягі вымагаў рабскай пакоры і адданасці. «…Буду абавязаны служыць яму (Васілю ІІІ) і дзецям яго да смерці… Аніякага зла яму ці дзецям ягоным чыніць і нават думаць пра тое ня мушу… Калі ж супраць таго ўсяго ў нечым адступлюся… пакараць мяне вольны смерцю залежна ад маёй віны… і ня будзе мне літасці Божай ні ў гэты век, ні ў будучы», — чытаў Астрожскі. І паставіў 18 кастрычніка 1506 года свой подпіс пад гэтымі радкамі. А маскоўскі мітрапаліт пацвердзіў яго.

Праз колькі месяцаў паспяховай дзейнасці супраць татараў новы ваявода ўжо карыстаўся даверам у маскоўскага двара і мог самастойна адлучацца па справах.

Ці не гэтага чакаў ён усе шэсць змрочных гадоў?