Канцэрт для мілянскіх катоў
Канцэрт для мілянскіх катоў
Фрагмэнты адной вандроўкі
Амстэрдам
Ты плывеш на катэры па амстэрдамскiх каналах i думаеш пра вострага на вока i розум францускага маркiза дэ Кюстына. Ягоную кнiгу “Расея ў 1839 годзе” ў краiне, якой яна прысьвечаная, шмат разоў забаранялi, канфiскоўвалi або друкавалi зь вялiзнымi купюрамi — ажно да нашых дзён, калi нарэшце пабачыў сьвет першы поўны пераклад, што ляжыць у тваiм дарожным наплечнiку. Ты можаш разгарнуць маркiзаву кнiгу i прачытаць: “З борту карабля пецярбурскiя набярэжныя здаюцца велiчнымi i раскошнымi, але, ступiўшы на сушу, вы iмгненна выяўляеце, што гэтыя самыя набярэжныя брукаваныя дрэннымi камянямi, няроўнымi, гiдкiмi, гэткiмi ж непрыемнымi для позiрку, як i небясьпечнымi для мiнакоў i экiпажаў...”
Ты згадваеш, як калiсьцi сядаў у сваiм Полацку на начны суботнi аўтобус, каб у нядзелю пабыць у Пецярбургу-Ленiнградзе, якi мроiўся табе эўрапейскiм горадам. Вiльню, Рыгу i Талiн ты любiў нязьмерна больш, але ўспрымаць iх як “эўрапейцаў” табе замiнала iхняя, няхай сабе й iстотна дазаваная параўнаўча зь Беларусьсю, але ўсё адно вiдавочная залежнасьць ад мэтраполii. А Пiцер здаваўся наiўнаму i невыязному табе вольным i вальнадумным горадам-мiтам, блукаючы па якiм можна было ўяўляць сябе то ў Лёндане, то ў Парыжы, то ў Амстэрдаме.
Але з кожнай новай вандроўкаю ў “горад на Няве” ты пачынаў усё больш сумнявацца. Ты ўжо ня памятаеш, калi з тваёй сьвядомасьцi выплыла слова “дэкарацыi”, i калi ты ўпершыню падумаў пра схаваныя за iмi вусьцiшныя двары, задворкi ды памыйкi, дзе нараджаюцца раскольнiкавы… Ты зразумеў (хоць i не адразу адважыўся сфармуляваць сваю выснову), што Пецярбург — толькi пародыя на эўрапейскi горад.
Кюстын ведаў гэта за 150 гадоў да цябе: “...антычныя статуi, чые рысы, стыль i аблiчча так жудасна супярэчаць тутэйшай глебе, колеру неба i клiмату, як i тварам, адзеньню i звычкам тубыльцаў, што статуi гэтыя нагадваюць палонных герояў у стане ворага; будынкi, якiя стаяць не на сваiм месцы; храмы, немаведама навошта перанесеныя зь вяршыняў грэцкiх гораў у ляпляндзкiя балоты, дзе страцiлi ўсю велiч… Пецярбург заснаваны і пабудаваны людзьмi, надзеленымi густам да безгустоўнасьцi. Бязглузьдзiца, на мой погляд, галоўная адметная рыса гэтага велiчэзнага гораду, што нагадвае мне недарэчны павiльён, узьведзены пасярод парку; парк гэты, аднак, займае трэцюю частку сьвету...”
У тваёй памяцi аднаўляецца апошняя паездка — ужо ў Санкт-Пецярбург — i змрочны нумар у акадэмiчным гатэлi, дзе хацелася забiць каго-небудзь буйнейшага за тамтэйшага тлустага прусака на палiчцы ў ванным пакоі...
Ты абрываеш ланцужок небясьпечных успамiнаў i проста любуесься амстэрдамскiмi набярэжнымi — суладнымi галяндцам, клiмату, шэраму небу і паўночна-заходняму ветру.
Ты думаеш, што прыехаў сюды з краiны, да якой кнiга Астольфа дэ Кюстына ня мае непасрэднага дачыненьня.
Ты ўпэўнены, што нiколi ня будзеш жыць у Расеi, бо лепшае, што яна можа стварыць, — толькi эўрапейскi фасад, за якiм усё адно будзе дрымотна варушыцца Азiя.
* * *
Калi, трапiўшы за мяжу, вы прагнеце пабачыць, памацаць ды пакаштаваць усе наяўныя тамтэйшыя славутасьцi — у вас вiдавочныя праблемы з самаiдэнтыфiкацыяй. Зрэшты, гэта твая прыватная i, магчыма, небясспрэчная думка. Але асабiста ты ад нейкага часу паўсюль шукаеш найперш сувязi, сугучнасьцi ды паралелi з краiнаю, у якой нарадзiўся, ускормлены есьмь па Бозе i да якой чамусьцi гэткую вялiкую ласку iмаеш, што не зьбiраесься пакiдаць яе, сваю краіну, iначай, як па этапе.
* * *
Некалi ў Амстэрдаме атабарыўся сьцiплы выпускнiк Слуцкай кальвiнскай гiмназii Iльля Капiевiч, што валодаў дзясяткам эўрапейскiх моваў i лiставаўся з заснавальнiкам i першым прэзыдэнтам Бэрлiнскай Акадэмii навук Готфрыдам Вiльгельмам Ляйбнiцам.
I тут у Амстэрдам iнкогнiта зарулiў расейскi цар Пётар I. Самадзержац быў цьвярозы і хмурны. Па дарозе ледзь ня ў кожным эўрапейскiм горадзе ён бачыў кнiгарнi й бiблiятэкi, а ў ягоных уладаньнях за цэлае XVII стагодзьдзе выйшла ўсяго сем сьвецкiх кнiгаў, у тым лiку такiя захапляльныя, як “Грамота о таможенных пошлинах”. Карацей, цару падфартунiла сустрэцца з былым слуцкiм гiмназiстам, якi ўклаў ды выдаў для расейцаў цэлы кнiгазбор падручнiкаў i слоўнiкаў, а потым яшчэ й стварыў iм новы, “грамадзянскi” шрыфт.
Трэба меркаваць, што, выпiваючы з Капiевiчам, цар ня раз узгадваў вучонага манаха Сiмяона Полацкага, што ажыцьцяўляў агульнае кiраўнiцтва над выхаваньнем малога Пецi. Ты таксама не аднойчы ўспамiнаў Сiмяона i неяк зрабiў яго героем сцэнару гiстарычнага кiнаэсэ, якое зьнялi i нават паставiлi ў праграму БТ. Ты лёг на канапу, уключыў тэлевiзар i падрыхтаваўся папесьцiць сваё самалюбства. Аднак замест “твайго” Сiмяона на экране паплылi тытры фiльму пра возера Байкал.
У апошнi момант стужку вырашыў прагледзець адказны тварыш. Узгадаваная за савецкiм часам iнтуiцыя не падвяла яго: фiльм атрымаўся навылёт антыiнтэграцыйны i проста шкоднiцкi. Досыць ужо таго, што сцэнарыст сам залез у кадар i распавёў, што калi Сiмяон адчынiў у Маскве сваю друкарню, зьдзейснілася падзея велізарнай культурнай значнасьці. Колькасьць друкарняў у Расейскай дзяржаве адразу падвоiлася: замест адной стала дзьве, у той час, як у нейкай там захудалай Рэчы Паспалiтай іх было ажно 134.
Мараль: ня трэба плiшчыцца ў кадар i драматызаваць сытуацыю. Хiба нельга было дзеля таго, каб падкрэсьлiць пэўную культурную перавагу дзяржавы тваiх продкаў, выказацца больш мякка? Да прыкладу, памяняць небясьпечныя лічбы месцамі. Хіба не вучыўся ты некалі па падручніку гісторыі, дзе было напісана, што “в Белоруссии дело Ивана Федорова продолжил Франциск Скорина”?
* * *
Тут няма прастытутак i сутэнэраў, а ёсьць цалкам прыстойныя супрацоўнiцы і мэнэджары, згуртаваныя ў баявых прафсаюзах. Паколькi “Беларусь — у Эўропу!”, некалi, верагодна, так будзе i ў цябе на радзiме. Вулiцы Маркса, Энгельса i Ленiна маглi б стаць афiцыйным раёнам “чырвоных лiхтароў”, i менскiя гiды, як цяпер iхнія амстэрдамскiя калегi й каляжанкi, узахапы тлумачылi б, што мiнiмальны кошт паслугi, якую табе там прапануюць, складае 25 эўра, што аб адзiнаццатай у валхвiцаў любовi — перапынак на каву, а ў глыбiнi адмысловага раёну iснуюць установы, дзе ў вiтрынах сядзяць не жанчыны на любы густ, а гэткiя самыя гатовыя да супрацоўнiцтва як з слабым, так i з моцным полам мужчыны-бiсэксуалы.
Але ты памятаеш формулу гiстарычнага аптымiзму: усё будзе добра, толькi ты да гэтага не дажывеш. Адно што пабачыш шчасьлiвае жыцьцё пасьля свайго новага ўвасабленьня.
А пакуль тое, ты атрымлiваеш першы (праўда, апасродкаваны) досьвед знаёмства з мэнэджарамi ды iх падначаленымi.
Твой вечны “саюзьнiк” расейскi турыст, што прыбыў у Амстэрдам з запалярнай Поўначы з адзiнай мэтаю — як сьлед адцягнуцца ў “чырвоналiхтарных кварталах”, толькi што вярнуўся адтуль з багажом каштоўных ведаў, якiмi, з прычыны шырынi расейскае душы, шчодра дзелiцца з слухачамi проста насупраць каралеўскага палацу на пляцы Дам.
Сьпярша ўсё адбывалася акурат паводле абяцанак гiда: 25 эўра, упадабаная супрацоўнiца, маленькi ўтульны офiс зь неабходнай “аргтэхнiкай”...
Аднак хвiлiны гармонii ды згоды з усiм сьветам маюць, на жаль, уласьцiвасьць не асаблiва здоўжвацца. На выхадзе ў недасканалую рэчаiснасьць кліента, перапоўненага самымi ўзьнёслымi пачуцьцямi, далiкатна спынiў мэнэджар, якi агiдным будзённым голасам паведамiў, што ён, клiент, вiнен установе яшчэ 125 эўра. Уражаны падвышэньнем кошту паслугаў роўна ў шэсьць разоў, палярнiк “не понял” i зрабiў роспачную спробу прарвацца на выратавальную вулiцу, але ўмiрг вока быў уцiснуты ў мяккi зручны фатэль, дзе выслухаў на сваёй спрадвечнай матчынай мове даходлiвае тлумачэньне, што 25 эўра — усяго толькi стартавы кошт за той варыянт абслугоўваньня, калi супрацоўнiца знаходзiцца ў “пасіўнай паставе”. Усё астатняе — паводле прэйскуранту. Палярнiк паспрабаваў таргавацца (маўляў, францускай любоўю аніколі не займаўся), у вынiку чаго без асаблiвага чамусьцi задавальненьня прагледзеў увесь вiдэазапiс свайго знаходжаньня ў эдэме.
* * *
Жыцьцё ў Амстэрдаме, як i ўва ўсёй Галяндыi, некаму падасца сумнаватым. У тым сэнсе, што няма за што змагацца: апроч усiх магчымых традыцыйных правоў, дэмакратыя забясьпечвае тут i ня самыя традыцыйныя.
Напрыклад, на кожным кроку ты можаш зайсьцi ў “coffeeshop” i абсалютна легальна курнуць траўкi або гашышу. Знаёмы менскi студэнт апавядаў табе, як пасьля вiзыту ў такую ўстанову перажыў неверагоднае захапленьне, пачуўшы, што на амстэрдамскай вулiцы ўсе загаварылi па-беларуску.
Калi савецкiя хворыя былi самымi здаровымi хворымi ў сьвеце, дык галяндзкiя — самыя шчасьлiвыя, бо маюць права на эўтаназiю.
Галяндзкiя гомасэксуалiсты і аматаркi лесьбiйскага каханьня карыстаюцца правам ня толькi на грамадзянскi шлюб, але і на вянчаньне. Безь вялiкiх праблемаў можна зарэгiстраваць надзейны i моцны шлюб з самiм сабою, як зрабiла нядаўна вядомая мастачка, бязьмежна шчасьлiвая, што не застанецца ўдавой.
Табе добра й сьветла думаецца пра шанец рэiнкарнавацца ў жанчыну і жыцьцярадасна далучыцца да лесьбiянак або выйсьцi замуж за самога сябе.
Ты — ня самы здаровы грамадзянiн сваёй краiны, i часам цябе вельмi нават займае праблема эўтаназii.
Зьлёгку пагойдваючыся разам з столiкам у бары-катамаране, ты марыш пра “coffeeshop” на праспэкце Ф. Скарыны ў Менску — каб у хвiлiну самоты цалкам афiцыйна зрабiць там пару зацяжак, выйсьцi на сталiчны брук i пачуць, як усе вакол гавораць па-беларуску.
Дрэздэн
Сьцяну каралеўскага палацу на Аўгустусштрасэ аздабляе стомэтровы фрыз з размаляванай мэйсэнскай парцаляны: даўжэзным цугам едуць у смугу гiсторыi ўсе саксонскiя курфюрсты. Сярод іх гербаў твой позiрк адразу схоплiвае досыць нядбайную выяву “Пагонi”.
Курфюрст Аўгуст II Моцны адначасна быў i манархам тваiх продкаў. Адрозна ад папярэднiка, вялiкага князя й караля Яна Сабескага, што на чале лiцьвiнскiх i польскiх палкоў разьбiў туркаў пад Венай, Аўгуст выславiўся тым, што, уцягнуўшы Вялiкае Княства й Карону ў Паўночную вайну на баку Расеi, прайграў усё, што мог, i нават мусiў адмовiцца ад кароны.
На трон Аўгуста вярнула перамога расейцаў пад Палтавай. Удзячны саксонец разьлiчваўся ўсё жыцьцё. Ад таго часу расейскiя войскi ўжо фактычна не пакiдалi тваёй краiны. Надавалi, як пiсаў адзiн iхні генэрал, “соответствующее направление мыслям здешних жителей”. I, трэба прызнаць, — надалi.
Выдатна разумеючы сваё месца, Аўгуст II засяродзiўся на клопатах, якiя ўрэшце й прынесьлi яго каралеўскае мосьцi ганаровае найменьне Моцны. Толькi паводле дакумэнтаваных зьвестак, ён меў 365 дзяцей. Названую лiчбу трэба памножыць, прынамсi, на 10.
Цiкава было б зьвесьцi Аўгуста з пацыентам твайго знаёмага лекара. Гэтага пацыента хтосьцi пераканаў, што мужчына здольны зьдзейсьнiць ня болей за тры тысячы палавых актаў, падзеленых на трыццаць гадоў, i што пасьля перасягненьня крытычнага паказчыка, не ўважаючы нават на самую цудоўную эрэкцыю, трэба неадкладна iсьцi ў завязку, iначай у арганiзьме пачнуцца незваротныя згубныя зьмены. Напэўна, бяздарны палiтык i палкаводзец, але выбiтны каханак Аўгуст здолеў бы пахiснуць дакладную матэматычную канструкцыю твайго сучасьнiка. Нездарма жыхары саксонскае сталiцы кажуць, што сэрца шчадралюбнага манарха, якое знайшло апошнi прыстанак у дрэздэнскай катэдры, дагэтуль не прапускае нiводнай прывабнай турысткі ці верніцы, пачынаючы калацiцца ў пахавальнай срэбнай урне.
Тваё ўласнае, жорстае й непрыхiльнае да Аўгуста II сэрца раптам на iмгненьне мякчэе, i ты, зладзеявата азiрнуўшыся на бакi, пасылаеш ягонаму, закансэрваванаму, тры па-мужчынску салiдарныя ўдары.
* * *
Захапляючыся калекцыяй Дрэздэнскай галерэi, не забудзьце ўспомнiць, што цi ня большая частка ейных шэдэўраў набытая за грошы вашых продкаў у трыццацiгадовае ўладараньне ў Рэчы Паспалiтай Аўгуста III, абсалютна законнага сына Аўгуста Моцнага. Ну, хоць засiлься, не шанцавала тваёй радзiме з манархамi цэлае XVIII стагодзьдзе. Адзiн толькi і ўмеў, што псаваць лiцьвiнскiх дзевак. Другi ня мог зьвязаць на мове падданых i пяцi слоў, затое па ўсёй Эўропе купляў карцiны за сабраныя з тваiх прадзедаў падаткi. (На добры лад, усiм нашчадкам жыхароў Вялiкага Княства Лiтоўскага трэба зрабiць уваход у Дрэздэнскую галерэю дармавым.) Трэцi, Станiслаў Аўгуст, немцам, здаецца, ня быў, i па-беларуску ўмеў гаварыць лепей за каторага народнага пiсьменьнiка, ды вось наогул стаў апошнiм каралём i вялiкiм князем...
* * *
Побач з выявамi двух Аўгустаў катуе скрыпку хлапец зь менскага фальклёрнага гурту. Вы пару разоў недзе сустракалiся, i ён таксама, вiдавочна, прызнаў цябе. Найлепшае, што вы можаце зрабiць у гэтай сытуацыi: ты — абыякава, як i большасьць мiнакоў, прайсьцi паўзь ягоны зацухмолены брыль, ён — удзячна “ня ўбачыць” цябе.
З сваiх коней спачувальна глядзяць на гэтую псыхалягiчную сцэнку абодва Аўгусты. Такое ўражаньне, што яны нейкiм чынам чыталi фiлязофскiя трактаты Гэгеля i памятаюць, як у аналiзе ўсясьветнай гiсторыi той разабраўся з усiмi славянамi ў некалькiх сказах: “Гэтыя народы сапраўды засноўвалi царствы і вялi актыўныя войны… Часам яны бралi ўдзел у змаганьнi як авангард, што мае прамежкавае становiшча памiж хрысьцiянскай Эўропай i нехрысьцiянскай Азiяй. Палякi нават вызвалiлi Вену ад туркаў… Тым ня менш, усе славянскія народы выключаюцца з нашага разгляду, бо дагэтуль яны не фiгуравалi як незалежны элемэнт гiстарычных этапаў, якiя прайшоў Розум”.
“Не фiгуравалi, i ўсё тут”, — весела падмiргваюць табе Аўгусты, прышпорваючы коней. Паспрабуйце, маўляў, пафiгураваць цяпер, а мы паглядзім, што атрымаецца.
Вэнэцыя
Джакома Казанова ў параўнаньнi з Гэгелем бачыў сьвет, безумоўна, шырэй i славянаў (асаблiва славянак) з сфэры свайго разгляду не выключаў.
Калiсьцi ты пацiкавiўся афiцыйным сьпiсам каханак славутага iталiйца i быў уражаны iхнай зусiм не астранамiчнай колькасьцю (Аўгуст Моцны толькi б паблажлiва хмыкнуў). Усяго — уявiце сабе — 132 асобы, пачынаючы ад адзiнаццацiгадовых малалетак да жанчын зусiм няпэўнага веку.
Маэстра быў перакананы патрыёт: 47 iталiек. Ужо зь вялiкiм адрывам на другiм месцы iдуць 19 дачок Францыi, за iмi — 10 швайцарак i 8 немак. У канцы сьпiсу своеасаблiвай скорагаворкай мiльгаюць пара грачанак, галяндка, партугалка, “афрыканка”. Славянкi рэпрэзэнтаваныя адной расейкай i дзьвюма полькамi (яшчэ трэба разабрацца, цi не лiцьвiнкамi).
Чамусьцi няма чэшак. А мiж тым, свае апошнiя трынаццаць гадоў Казанова пражыў у недалёкiм ад Дрэздэну Дуксе, цяперашнiм чэскiм Духцаве, дзе ў старадаўнiм замку Вальдштайнаў выконваў ролю бiблiятэкара i працаваў над мэмуарамi.
Зласьлiўцы пагаворвалi, быццам мэмуары былi для састарэлага авантурнiка кампэнсацыяй згаслага лiбiда. Ты ня згодны: гэты выдатны твор свайго часу ня мог быць напiсаны безь непасрэднага дабратворнага ўплыву жанчын.
Але дзе ў такiм разе чэшкi? Вiдаць, аддаючыся замкаваму бiблiятэкару-замежцу ў спальнях, альтанках i стажках сьвежага сена, яны шапталi нешта па-нямецку, на мове гаспадароў, таму і трапiлi ў iншую графу, ускосна пацьвярджаючы высновы Гэгеля…
Усё гэта вярзецца ў тваёй галаве насупраць аздобленай арабэскамi цьвiлi турмы, дзе выбiтны знаўца хараства i ўсяго астатняга, чым надзеленыя жанчыны, адбываў зьняволеньне i адкуль зьбег папаўняць сьпiс сваiх шчасьлiвых “ахвяраў”. Шчасьлiвых, бо калi Дон Жуан быў змрочным генiем спакушэньня, якi пакiдаў за сабой сьлёзы ды няшчасьцi, Казанову лёс надзялiў сьветлым генiем легкадумнага, п’янкога, карнавальнага каханьня, якое дарыла ягоным юным i немаладым амаранткам толькi радасьць. Прынамсi, так ты думаеш каля старадаўняй вэнэцыянскай турмы.
Ты не Казанова (нi зь вялiкай, нi з малой лiтары), але табе, як i яму, аднойчы таксама было дадзена разуменьне, што жанчына — ня толькi таямнiца, радасьць i асалода, але i нешта непараўнальна вышэйшае. Спасьцiжэньне сябе самога. Глыток з келiху неўмiручасьцi. Дотык да Вечнасьцi.
У кожнага — свае сьвятыя мясьцiны. Некалi ты зьдзейсьнiш паломнiцтва ў Духцаў.
* * *
Вэнэцыя выклiкае ў памяцi ня самае прыемнае для беларускага самалюбства: малы Францiшак Скарына яшчэ сікаўся ў штонікі, а ў гэтым горадзе варштаты ўжо працавiта стукацелi ў 150 друкарнях.
Нацыянальную раўнавагу вяртае адно шкляначка старой добрай лямбрускi.
Пасьля другой шклянкi ты ўзгадваеш, што вашая друкаваная Бiблiя выйшла раней за польскую i лiтоўскую. Трэцюю п’еш за тое, што беларуская Кнiга кнiгаў пабачыла сьвет значна раней за расейскую і ўкраiнскую. Чацьвертая шклянка жыватворнага пітва ўздымаецца за ваш прыярытэт перад баўгарскiмi ды сэрбскiмi перакладчыкамi i друкарамi. Пятая — за тое, што беларуская Бiблiя апярэдзiла францускую ды зьявiлася на восем гадоў раней, чым ангельская.
Шостую порцыю насычанага сонечнай лагодаю віна ты выпiваеш не за Скарыну, а за “скарыназнаўцу” — полацкага праваслаўнага сьвятара айца Мiхаiла Ўляхiна. Праўдзiвей, за тое, каб хоць у райскiх кушчах Госпад шапянуў яму, што калi чалавек цэлае жыцьцё пiсаў сваё iмя як Мiхаiл, значыцца, ён Мiхаiл, а калi пiсьмова менаваў сябе Францiшкам, дык ён i ёсьць Францiшак.
Сёмая шклянка канчаткова пераносiць цябе ў царства нябеснае, i ты ўяўляеш, як Скарына шпацыруе сярод райскiх размарынаў пад руку зь Лютарам цi Парацэльсам i тут на даляглядзе ўзьнiкае айцец Мiхаiл, якi здалёк, па-зямляцку нязмушана пачынае крычаць: “Запомнi, схiзматык! Цябе звалi Георгiй, а па-нашаму Жора!” Гуманiст, ня зьвёўшы і вокам, прамiнае крыкуна, але з эдэмскага хмызьняку раптам вынырвае менскi дасьледнік Уладзiмер Агiевiч i, спраўджаючы сваю “тэорыю”, гукае: “Георгi Лукiч! Разрашыце абрацiцца!”
Адно тут ты ўспамiнаеш, што сёмую чару любамудрыя продкi нездарма называлi “богагнявiцельнай”.
* * *
Ты, бясспрэчна, не царкоўны вернiк. Сумовiцца з Богам ты можаш за пiсьмовым сталом або, напрыклад, у чаўне сярод белых лiлеяў на тваiм улюбёным полацкiм возеры Люхаве.
Але гэтаксама бясспрэчна й тое, што ты — грэка-каталiк. Ня толькi паводле атрыманага дзесяць гадоў таму багаславеньня, але і па генах.
Вось чаму табе так утульна ў цалкам падпарадкаваным грэцкай плянiмэтрыi каталiцкiм саборы сьвятога Марка. Ягоныя купалы, абразы i мазаiкi дыхаюць Бiзантыяй, а алтар Пала д’Ора адгукаецца ў памяцi iканастасам Смаленскага сабору маскоўскага Новадзявочага манастыру, народжаным генiем беларускiх майстроў.
Сабор сьвятога Марка — сучасьнiк твайго Полацку. Iх будавалi, калi падзелу хрысьцiянства на праваслаўе i каталiцтва яшчэ не было. Яны будуць стаяць i тады, калi гэтага падзелу ўжо ня будзе i ўсе хрысьцiяне стануць, як i ты, у нейкiм сэнсе грэка-каталiкамi.
* * *
Пра пляц сьвятога Марка ўсё напiсана ў турыстычных даведнiках. Апрача аднаго: у даведнікі пакуль не пасьпелi трапiць жывыя статуi — усе гэтыя напалеоны, афрадыты ды ўсамы бэн ладэны, якiя гадзiнамi незварушна стаяць на драўляных цi плястыкавых п’едэсталах.
Тым часам у навакольлi гучаць эстэтычныя ацэнкi на розных мовах. “Глянь, Витёк, нормальный станок у тёлки”, — ацэньвае замежны турыст палепшаны, бо з цэлымi рукамi, варыянт Вэнэры Мiлёскай. Тая захоўвае поўную нерухомасьць, з чаго вынiкае, што расейская мова для яе — суцэльная тарабаршчына.
А вось пра беларускую мову I Мону Лiзу гэтага ня скажаш. Пачуўшы твой зварот да спадарожнiка, Мона ўвачавiдкi здрыганаецца. Ейнай рэакцыi ня могуць схаваць нi маска, нi рэнэсансавы строй. Ты не сумняесься, што на задрапаваным сiнiм ядвабам пастамэнце — твая суайчыньнiца, якая ў дзяцiнстве купалася ў Сьвiслачы цi ў Дзьвiне, а магчыма, нават зазiрала ў твае кнiжкi.
Першае, што прыходзiць у голаў — прапанаваць ёй сысьцi на брук i зашыцца разам з табой у якую-небудзь пiццэрыю. Але дзе гарантыя, што тым самым ты ня змусiш яе парушыць кантракт? А раптам вунь той сыньёр з бацькоўскiм тварам мафiёзi, што сьцiпла трымаецца ў засенi сярэднявечнай калёны, — мэнэджар усяго гэтага парку жывой скульптуры? Ды ня трэба й мэнэджара: настучыць начальству станiстая Вэнэра цi якi-небудзь Напалеон. Тваёй Моне Лiзе давядзецца класьцiся ў ложак з потным мафiёзi. Што прынцыпова iншае ты можаш прапанаваць?
Як там пiсаў Рыгор Iванавiч Барадулiн: “Спадарыня, дазвольце запытацца, цi можна ў вас да ранiцы застацца?”
Ты шукаеш парады ў ейных вачах, якiя зусiм нядаўна на момант ажывiлi маску, але iхні позiрк ужо праходзiць празь цябе лёгка, як праз вакно.
Увечары, у гатэлi, ты будзеш дакараць сябе, што спудлаваў. Мог, напрыклад, сесьцi на пляцы за рэстаранны столiк і дачакацца заканчэньня ейнага працоўнага дня. Мог пакiнуць цыдулку, што будзеш чакаць яе ўвечары каля сабору сьвятога Марка. Мог...
Адзiнае, што ты зрабiў абсалютна правiльна, — нiчога ня кiнуў ёй у зялёны капялюшык.
* * *
Калi тургрупа, да якой ты прыбiўся, уладкавалася ў гандоле, ейны “капiтан”, палiглёт з круцельскiмi вачыма, пытаецца: “Русские?”
“Русские!” “Русские!” — радасна адгукаюцца “рускiя” зь Менску, Гомелю й Берасьця. Але адна спадарыня ня хоча быць “рускай” i тлумачыць гандальеру, што ў яе i ўсiх астатнiх пасажыраў ёсьць свая краiна й свая культура.
У пацьверджаньне, калi гандола заглыбляецца ў сецiва каналаў, спадарыня нечакана чыста і амаль прафэсійна сьпявае пра вярбу, якая ў руччы расла, а як вырасла — вада зьнясла. Позiркi бальшынi пасажыраў (адрозна ад гандальеравага) у лепшым разе абыякавыя. Сваёй краiны i сваёй культуры iм мець ня хочацца. Хочацца быць “нармальнымi”. Нейкая нармальная бабёнка прапануе сяброўкам зацягнуць што-небудзь нармальнае, i ты ўжо настройваесься на праслухоўваньне нечага накшталт “Ой, мароз-мароз”... Ды толькi нiчога нармальнага чамусьцi не знаходзiцца. Апошняе слова застаецца за спадарыняй, якая пяе “Зорку Вэнэру”.
Гандальер кажа: “Беларусь!” i ўзьнiмае вялiкi палец угору. Магчыма, ён пачуў гэтую назву ўпершыню.
* * *
У параднай залi Палацу дожаў можна ставiць вароты і гуляць у футбол.
Падобнае жаданьне некалi апанавала цябе ў кабiнэце начальнiка ўсяго роднага КГБ. Табе заманулася зазiрнуць у справу “Саюзу вызваленьня Беларусi”, а потым, калi пашанцуе, то і знайсьцi дакумэнты пра твайго расстралянага дзеда Максiма.
Быў пачатак 1990-х, i ты здолеў затачыцца на прыём да кiраўнiка ўсемагутнай канторы, якая клапатлiва апекавалася табою ў студэнцтве, абяцаючы (сярод iншых выгодаў) вычысьцiць цябе з унiвэрсытэту ды паслаць у салдаты куды-небудзь пад Магадан.
Гаспадар кабiнэту спаткаў цябе як дарагога госьця, што засьведчыла шчырая настаўнiцкая гутарка на тэму “Янка Купала i Паўлiна Мядзёлка”. Ты даведаўся, што газэты не зманiлi: Мядзёлка сапраўды спраўна давала ў органы iнфармацыю на паэта. Але ж яна яго шчыра кахала. А калi ўявiць, што опэру пiсаў бы нехта iншы, бяз кроплi каханьня… Гэта ж суцэльны жах!
Пакуль ты ператраўляў “уводную”, таварыш начальнiк выклiкаў палкоўнiка з прыгожым прозьвiшчам (або кансьпiрацыйнай мянушкаю) Верас, якi адказваў за iхнюю чытальную залю. Як высьветлiлася, заля часова на рамонце, аднак праз тыдзень адчынiцца. Палкоўнiк даў табе нумар тэлефону, якi ты набiраў колькi месяцаў, пакуль не датумкаў, што для некаторых чытачоў некаторыя чытальныя залi рамантуюцца вечна.
Палац дожаў, як некалi кабiнэт у менскiм доме пад бэльвэдэрам, ты пакiдаеш у абладзе займальнай думкi: што ўсё ж лепей — калi ў органы пра тваю пэрсону пiша той, хто цябе аддана кахае, цi той, хто цябе люта ненавiдзiць?
Мiлян
Ты з маленства любiш катоў.
Апрача магчымых трансцэндэнтальных, у цябе ёсьць i цалкам зямныя падставы для такой любовi. З гэтымi вернымi чацьвераногiмi сябрамi чалавека зьвязаны адзiн зь першых успамiнаў твайго жыцьця, якi меў усе шанцы стаць апошнiм.
Ты ў мамiнай роднай вёсцы. Бабуля паклала цябе на печ i пайшла ўходжвацца. Бабуля нездарма называе цябе покрутнем: у сьне ты зьбiваеш посьцiлку і апынаесься на голай чарэнi. Тая — гарачая, i ты, шукаючы, дзе халадней, падкочваесься ўсё блiжэй да краю, каб урэшце натыкнуцца на якуюсьцi ўтульна-мяккую, але ўадначас i ўпорыста-пругкую перашкоду. Яна не пускае цябе ў выратавальны халадок, а калi ты спрабуеш у сьне скiнуць яе з свайго маршруту, гэтая перашкода робiць табе балюча. Ты прачынаесься й бачыш у сябе пад бокам старую бабулiну котку Дуню, якая дзеля пэўнасьцi яшчэ раз драпае цябе лапай i ашчадна адсоўвае ад стромы вышынёю на пяць белых кафляў (гэта два твае росты). Унiзе — голы, калi не лiчыць алюмiневага паўмiска з сольлю, цагляны прыпечак. Дуня вартуе цябе, пакуль у хату не вяртаецца бабуля.
Ад таго часу каты ў тваiм жыцьцi заўсёды займаюць значнае месца, выяўляючы сваю прысутнасьць у самых розных формах. Да прыкладу, у цябе няма мастацкiх здольнасьцяў, але катоў ты малюеш амаль як мастак-анiмалiст — у тым лiку i на ўроках маляваньня, калi на стале ў настаўнiка стаяць праграмныя вазы й пiрамiды. Настаўнiк прыехаў да вас з Дагестану. Зноў убачыўшы ў тваiм альбоме вусатае й хвастатае стварэньне, ён, ня маючы больш змогi ўтаймоўваць каўкаскi тэмпэрамэнт, хапае цябе за шкірку i, як кацяня, нясе ў калiдор, а адтуль у прыбiральню, дзе колькi разоў б’е рабром далонi. Ад болю, а перадусiм ад страху, ты сядаеш на сьлiзкую мокрую падлогу, i твае штонiкi iмгнена прамакаюць. Агiда надае табе сiлы і мужнасьцi: ты ўпiваесься зубамi ў валасатую руку i зь пякучай асалодаю чуеш лаянку на незразумелай мове...
Каб усё гэта выразна, ажно да прылiву адрэналiну, аднавiлася ў памяцi, табе трэба было прыехаць у Мiлян, уладкавацца пры фантане каля замку роду Сфорцаў ды прылашчыць папялiстага тутэйшага ката. Ён, пухнаты і сонны ад сытага эўрапейскага жыцьця, зьявiўся з-за разложыстага плятану й адразу важка, але ўвачавiдкi прыязна ўскочыў табе на каленi: пэўна, атрымаў празь iхні кацiны тэлеграф паведамленьне, што ты — свой хлопец, цi, дакладней, свой кот.
Калi-небудзь ты напiшаш пра стасункі з катамi асобны натхнёны твор. А цяпер табе досыць цёплага, як выгiнастая шэрая сьпiнка ў цябе пад даланёю, усьведамленьня, што ты любiш катоў i яны адказваюць табе ўзаемнасьцю нават у Мiляне.
* * *
Замак Сфорцаў непазьбежна прыводзiць на ўспамiн вялiкую княгiню й каралеву тваiх продкаў Бону — выбiтную каханку, надзеленую тонкiм мастацкiм густам мэцэнатку, жорсткую сьвякруху, якая цалкам у традыцыях сваёй фамiлii спрычынiлася да зьяўленьня ў Нясьвiжы несупакоенай душы нялюбай нявесткi Барбары...
Але адчуць “свойскасьць” родавага гнязда Сфорцаў табе замiнае ягонае падабенства зь нечым, далiкатна кажучы, непрыемным. Як неўзабаве выяўляецца, нiчога недарэчнага ў асацыяцыi з крамлёўскiмi вежамi-катоўнямi й пагрозьлiва-зубчастымi мурамi няма. У негустым прыцемку цэнтральную крывава-тэракотавую вежу Сфорцавага замку i бяз келiху к’янцi нескладана зблытаць зь ейнымi крамлёўскiмi сёстрамi. Цiкава, што ўплывала на запрашэньне ў Маскву тутэйшага дойлiда? Адно цыкляпiчныя памеры замку? А мо тонкi разьлiк перанесьцi ў сэрца Масковii разам з архiтэктурай i ягоную змрочную застрашлівую аўру?
* * *
У мiлянскiм Домскiм саборы цябе найглыбей уразiць не палымяная готыка, не партал i кантрафорсы, не Мадонна, узьнесеная ў неба на самым высокiм сьпiчаку, а — статуя сьвятога Барталямэя, зь якога, як вядома, зьдзерлi скуру. Менавiта гэты ключавы факт жыцьцяпiсу хрысьцiянскага пакутнiка і натхнiў некалі скульптара Марка д’Агратэ. Сьвяты паўстае перад вамi пасьля экзэкуцыi, прычым аўтар дэманструе настолькi дасканалае веданьне анатомii, што мiжволi задумваесься пра ягоную нялёгкую працу на падрыхтоўчым этапе.
Статуя прастаяла роўна дзесяць гадоў, як француская каралева Кацярына з iтальянскага роду Мэдычы (магчыма, натхнiўшыся творам д’Агратэ) разам з герцагамi Гiзамi зладзiла ў Парыжы вясёленькую ночку якраз напярэдаднi дня сьвятога Барталямэя. Ты памятаеш, што да ейнае падрыхтоўкi прычынiўся і Гэнрык Валюа, што (даўшы ўрачыстае абяцаньне нi ў Вiльнi, нi ў Кракаве такіх маштабных мерапрыемстваў не арганiзоўваць) праз год быў абраны гаспадаром айчыны тваiх продкаў, але неўзабаве, здаецца, так i не патрапiўшы наведаць сталiцу Княства, уначы падмазаў пяты i ўзяў курс на Парыж, дзе памёр Карл IX. На францускiм троне Гэнрык беспардонна карыстаўся тытулам вялiкага князя лiтоўскага i караля польскага, хоць твае прадзеды ўжо мелi законных манархаў — Сьцяпана Батуру, а потым i Жыгiмонта Вазу. Яны, дарма што таксама былi iншаземцы, нiкуды па начах не ўцякалi, што неабвержна сьведчыць пра арганiчную ўлучанасьць Вялiкага Княства ў агульнаэўрапейскi цывiлiзацыйны кантэкст (як па-свойму сьведчыць і тое, што пазьней, падчас аблогi Парыжу недарэзанымi гугенотамi, Гэнрыка Валюа выправіў у апошняе падарожжа штылет дамiнiканскага манаха).
* * *
Разглядаючы строгi нэаклясычны фасад тэатру “Ля Скала”, ты малюеш сваёй фантазiяй той вечар 1905 году, калi тут давалi прэм’еру Манюшкавай “Галькi”.
Конныя экiпажы, рэдкiя таксаматоры, польскiя эмiгранты i польская мова, якая падабалася Гэнры Мiлеру, выклiкаючы ў ягоным уяўленьнi пяшчотна завостраную траву, густа населеную шэршнямi й вужакамi...
Манюшка ўжо адсутнiчаў на гэтым сьвеце трыццаць тры гады — столькi сама, як i перакладчык лiбрэта на iталiйскую мову сьпявак i танцмайстар Банольдзi.
Шчыра кажучы, табе ўжо набiлi аскомiну зьвесткi пра тых, каго Беларусь дала (аддала) iншым культурам. Тваё здаровае нацыянальнае пачуцьцё прагне ведаць iншае: каго сьвет даў Беларусi? Цi, дакладней, каго Лiтва-Беларусь уцягнула ў магiчнае поле сваёй культуры.
Цябе цiкавiць Джузэпэ Ахiл Эльмiра Банольдзi. Барсэлёнец паводле нараджэньня. Iталiец па крывi. Лiцьвiн па духу. Паўстанец 1863 году. Сябра Часовага ўраду Беларусi й Лiтвы. Палiтэмiгрант. Уладальнiк моднага парыскага фотаатэлье. Улюбёнец жанчын. Камандзiр эскадрону ў вулiчных баталiях часоў Парыскай камуны, якi ў перапынках памiж баямi сьпяваў сваiм жаўнерам беларускiя песьнi, а цяжка паранены, у перадсьмяротным трызьненьнi размаўляў з Калiноўскiм...
Таксама ты хочаш убачыць на ўваходзе ў “Ля Скалу” тэнара з эўрапейскiм iмем Мiхала Забэйду-Сумiцкага, — яшчэ да Прагi, яшчэ не закаханага ў Ларысу Генiюш, якая двойчы зьлёгку прыадкрыла табе тую таямнiцу, можа, па-жаночы адчуваючы, што ты таксама (вядома, з разуменьнем усёй пралеглай памiж вамi безданi гадоў i жыцьцёвага досьведу) па-свойму закаханы ў яе. Так, яна загаворвала з табой пра Забэйду два разы: аднойчы лiпеньскiм адвячоркам у Зэльве, а потым, калi памiрала ў гарадзенскай лякарні i перад тваiм прыходам шпурнула ў Яўгенiю Янiшчыц пушку цукерак, якую тая прывезла з сэсii ААН...
Але ты перакананы, што некаторыя таямнiцы павiнны ўпрыгожваць жыцьцё менавiта як таямнiцы.
У цябе няма нi цудоўнага голасу Банольдзi, нi яркага лiрычнага тэнару Забэйды. Ты наогул ня маеш вакальных здольнасьцяў нават для самадзейнасьцi. Але ў ваколiцах “Ля Скалы” ты таксама манiсься засьпяваць. Ты знаходзiш вольную лавачку i сам сабе цiхутка заводзiш улюбёную “Александрыну”.
“А-лек-сан-дры-на...” Савецкая рэчаiснасьць i наскрозь зрусiфiкаваны Полацак твайго дзяцiнства гадоў да шаснаццацi пасьпяхова хавалi ад цябе тое, што ты — беларус. Але, калi ты вучыўся ў дзясятай клясе, у твой горад прыехалi “Песьняры” (тады яшчэ “Лявоны”). Ты ўжо слухаў “Бiтлоў” i “Ролiнгаў” i перад канцэртам быў настроены даволi скептычна. Апрача таго, і сам канцэрт апынуўся пад пагрозаю. Бацька, якi працаваў пракурорам i быў у курсе гарадзкiх навiнаў, уручыўшы табе запрашальнiк, расказаў, што сакратар гаркаму партыi па iдэалёгii, убачыўшы “Лявонаў”, дакладней, iхнія “бiтлоўскiя” фрызуры, выставiў ультыматум: або “дзiкабразы” iдуць у цырульню, або канцэрт адмяняецца.
На тваё велiзарнае шчасьце, Мулявiн выбраў цырульню. Пасьля канцэрту ты некалькi тыдняў напяваў “Александрыну”, адчуваючы, як у табе прачынаецца зусiм iншая iстота... Каб ты не баяўся высокiх слоў, ты мог бы сказаць, што “Песьняры” далучылi цябе да нацыянальнага космасу.
Ты сьпяваеш “Александрыну”, i зь мяккага сутоньня на твой бездапаможны голас выходзяць слухачы: на смарагдавым газоне зьяўляецца паважны руды кот, а ўсьлед за iм — белы з чорным хвастом. Яны сядаюць насупраць i сьвецяць табе аднолькавымi лiмонавымi вачыма.
Ня выключана, што ў ранейшым жыцьцi яны былi беларусамi.
Студзень, 2003