Уiкэнд у Коўне
Уiкэнд у Коўне
З таго дня, як воляю Сталiна Вiльня апынулася па-за межамi Беларусi, рака Вiлiя, цi лепей па-наску — Вяльля, магла б ужо наталiць смагу ўсiх марсiянскiх пустэльняў. Але, не ўважаючы на ўсе намаганьнi новых гаспадароў Вiльнi, колiшняя сталiца Вялiкага Княства нi ў савецкай Лiтве, нi пасьля аднаўленьня незалежнасьцi так i ня стала лiтоўскай. Гэта проста немагчыма для гораду, заснаванага крывiчамi. Для гораду, дзе працаваў друкарскi варштат Скарыны i выходзiла “Наша Нiва”. Дзе быў Беларускi музэй i пiсаў свае змрочныя камэдыi й аптымiстычныя драмы Францiшак Аляхновiч...
Вiльня нiколi ня будзе лiтоўскiм горадам. А таму, калi вы вырашылi прысьвяцiць уiк-энд падарожжу ў Лiтву, Вiльню трэба праехаць транзытам, мiмаходзь адзначыўшы, што яна, Вiльня, блiжэйшая да Менску за любы абласны цэнтар Беларусi.
Вам, напэўна, таксама даводзiлася калісьці чуць, што, маўляў, Кiеў — сталiца Ўкраiны, а Львоў — сталiца ўкраiнцаў. Пры ўсёй адрознасьцi гiстарычнага й палiтычнага кантэкстаў штосьцi падобнае можна сказаць i пра Вiльню з Коўнам. Пагатоў больш за два дзесяцiгодзьдзi, да той самай сталiнскай рэзалюцыi, Коўну пашчасьцiла быць сталiцаю ня толькi лiтоўцаў, але й Лiтоўскай Рэспублiкi.
На аўтобусе цi аўтамабiлi дарога ад Вiльнi да Коўна займае нейкую гадзiну. Аднак за гэты час вы заўважыце, што разам зь ляндшафтам неўпрыкмет зьмянiлася й сама аўра навакольля. Вы адчуеце халаднаватае, але моцнае і ўпэўненае дыханьне iншага мэнталiтэту, iншае, ужо не славянскае краiны.
Адрозна ад Вiльнi, у Коўне вашую беларускую мову нiхто не зразумее, аднак, калi пасьля кароткага экспэрымэнту вы пяройдзеце на расейскую, дык не пачуеце анiякае насьцярожанасьцi, як, зрэшты, i анiякае прыязнасьцi.
Усьлед за дзяжурнай ветлiвай усьмешкаю вы атрымаеце падрабязнае тлумачэньне, як знайсьцi рэкамэндаваны вам гатэль “Lietuva”. Высьветлiцца, што гатэль зусiм блiзка ад Лайсвэс алеi, або, у перакладзе, алеi Свабоды, на якой вы ў гэты момант знаходзіцеся, з прыемнасьцю адзначаючы, што за дзесяць гадоў, як вы былi тут апошнi раз, цэнтральная ковенская вулiца зьмянiлася толькi да лепшага. Вашае вока вандроўнiка адзначыць новыя дагледжаныя лiхтарнi, дзясяткi новых кавярняў, пiўных бараў, крамак i крамаў з цалкам эўрапейскiмi вiтрынамi. А вось чаго не зьявiлася, дык гэта нейкага прыкметнага мэмарыяльнага знаку на тым месцы, дзе на пачатку 1970-х гадоў на знак пратэсту супраць савецкай акупацыi вырашыў скончыць самагубствам сваё маладое жыцьцё ковенскі юнак Ромас Калант?. Калi вы бывалi ў Празе, дык адразу ўспомнiце кветкi і сьвечкi паблiзу помнiку сьвятому Вацлаву, дзе таксама самахоць i з тае ж прычыны разьвiталiся з жыцьцём чэхi Ян Палах i Ян Заiц. Гэтая згадка, магчыма, прымусiць вас задумацца пра таямнiцы славянскае й балцкае душы.
Ваш гатэль знойдзецца на бакавой вулачцы за сотню крокаў ад Лайсвэс алеi, i на ягоным фасадзе вы ўбачыце, вiдаць, адзiнае ацалелае на ковенскіх шыльдах расейскае слова “Гостиница”. Ад яго, як i ад велiзарнага прыцемнага фае, высознае столi i лесьвiцы з бардовай дарожкаю густа павее шасьцiдзясятымi гадамi мiнулага стагодзьдзя, але ваш нумар будзе ўтульным i цёплым, а тэлевiзар прапануе дзясяткi два праграмаў з поўнай гарантыяй адпачынку ад сэлектарных тэлебiтваў за ўраджай.
Праўда, сядзець у нумары няма рахубы, бо амаль побач Музэй Чурлёнiса й Мастацкая галерэя, падараваная гораду адным з суайчыньнiкаў-эмiгрантаў. Дзесяць гадоў таму вы бачылi ў галерэi вялiкае палатно Марка Шагала. Карцiну ня ўкралi i не адправiлi на выставу. Проста выявiлася, што эмiгранту-мiльянэру нейкi спрытнюга збыў за пару сотняў тысяч “зялёных” не арыгiнал, а майстравiтую перамалёўку.
Вашае расчараваньне кампэнсуе выстава твораў амэрыканскiх фотамайстроў, дзе цэнтральнае месца будзе займаць сэрыя мiнэтаў, увекавечаных у вялiкiм памеры й шыкоўным колеры. Вы знойдзеце тут кампазыцыi на любы густ: юнак з старой, стары з амаль дзяўчынкаю, аднаполыя пары ды разнаполыя трыё. Дамiнантаю гэтага хваласьпеву мiнэтам будзе акрабатычны аўтамiнэт у выкананьнi смуглявага апалёну з Тэхасу або Калiфорнii.
Зноў апынуўшыся на Лайсвэс алеi, па дарозе да Ратушнага пляцу вы захочаце запiць мастацкiя ўражаньнi глытком чырвонага вiна. У гаспадара кавярнi, падобнага да сiвога барадатага Гэмiнгўэя з папулярнага здымку, чамусьцi ўзьнiкне да вас нечаканая, зрэшты, цалкам бяскрыўдная сымпатыя. Ён падсядзе да вашага столiка з кілiшкам 50-градуснага “сукцiнісу” i пасьпее расказаць пра высокую кватэрную плату ды пра тутэйшых бандытаў, што сёньня апоўднi проста на вулiцы эксклюзіўна прыватызавалi ягоны мабiльны тэлефон.
Вашая сустрэча з бандытамi адбудзецца не каля заснаванага ў ХIV стагодзьдзі сабору сьвятога Вiтаўта, i не каля чысьцюткай готыкi дому Пяркунаса. Яна адбудзецца ў самай дэмакратычнай ковенскай рэстарацыi “Эльф”. Там штовечар гарыць вялiкi камiн i грае джаз. Там на велiзарных талерках прыносяць гэткiя ж велiзарныя карбанады. Там зьбiраюцца студэнты, і, палахлiва азiраючыся, смокчуць пiва старшаклясьнiцы. Там зусiм бясьпечна, бо байцы вядомай на крымiнальным фронце “Ковенскае брыгады” ў гэтых сьценах проста адпачываюць.
Побач з брыгаднымi шарагоўцамi й камандзiрамi мужчынскае вока зьмецiць зь дзясятак тых, каго Аляксандар Купрын калiсьцi назваў “ахвярамi грамадзкага тэмпэрамэнту”. Праўда, гэтых упэўненых, бадзёрых і гаваркiх наведнiцаў “Эльфу” ахвярамi можна будзе назваць хiба што мэтафiзычна. Вы адчуеце, што значна большыя шанцы стаць ахвяраю маюць iхнія клiенты, а таму, падсеўшы да камiну, будзеце мэлянхалiчна ўгамоўваць свой грамадзкi тэмпэрамэнт фiрмовай лiтоўскай настойкаю “Паланга”.
Пасьля чацьвертага цi пятага кiлiшку вы зь невыказна цёплым пачуцьцём падумаеце пра жанчын сваёй сiнявокай Беларусi ды адчуеце з гэтае прычыны ейнае неадольнае прыцягненьне.
Вось толькi вяртацца ў Менск — дзеля спакою душы й чысьцiнi ўражаньняў — вам захочацца ў аб’езд Вiльнi.
Сакавiк, 2001