Не пяюць пеўні ў Нэсэбры Жнівеньскія маргіналіі

Не пяюць пеўні ў Нэсэбры

Жнівеньскія маргіналіі

Анкляў Радзімы

Колькі параў амаль дарослых дзяцей, супольны інтэлект якіх прыкладна роўны інтэлекту жуйкі або недакурка, так і ня сьцямілі ўва ўкраінскай мытнай дэклярацыі, што такое «громадянство», ня кажучы ўжо пра «країну народження».

Субтыльная расейскамоўная бляндынка да свайго пяцігадовага Тадзіка заўсёды гаворыць па-польску. Дагледзеўшы да канца дэманстраваны празь відэаплэеры эратычны фільм, бляндынка абурана верашчыць, каб «больше такую гадость не показывали».

Да тваёй беларускай мовы ў аўтобусе ставяцца па-рознаму. Тадзікава маці — зьдзіўлена. Немаладая міністэрская дама — абсалютна індыфэрэнтна. Кіроўцы пераходзяць на «Вы». Прадстаўніца турфірмы зьлёгку палохаецца. Палкоўнік увесь час сьпіць.

Палкоўнік

Уяві сабе ўтульнага хатняга пацучка, якога нейкая злая ці добрая сіла ператварыла ў двухногую істоту ніжэй сярэдняга росту, ня надта пры гэтым зьмяніўшы пыску. Ад самага Менску гэтая істота жлукціць гарэлку, сьпіць і раз-пораз патрабуе спыніць аўтобус. Пасьля кожнай такой сэрыі пацучок надзявае новую кашулю. Апратку падае ягоная жанчына, таксама маленькая, але падобная ўжо не да пацучка, а да белай мышкі, прычым падабенства гэткае вялікае, што, здаецца, у яе ў шортах хаваецца хвосьцік.

На чарговае патрабаваньне  спыніцца каля кусьцікаў міністэрская дама неспадзеўкі рэагуе абураным лямантам. «Потише, — зусім цьвяроза адгукаецца пацучок, — я, между прочим, работал полковником». Мышка ўстаўляе свае тры шэлегі. «А ты что, работала подполковником?» — абрывае міністэрская дама. «А ты и под лейтенантом не смогла бы!» — парыруе мышка.

Карпенка

На кожнай мяжы адбываецца зьбіраньне пашпартоў, а потым — іх раздаваньне. Мэханізм аднолькавы: прадстаўніца турфірмы гучна чытае прозьвішчы ўладальнікаў. Сярод апошніх ёсьць нейкі Карпенка. Палкоўнік сьпіць або дрэмле, але, пачуўшы гэтае прозьвішча, нязьменна адплюшчвае адно вока і гучна абвяшчае: «Памёр!»

Палкоўнік-ІІ

На ўкраінскіх памежных пераходах Палкоўнік упэўнена дапамагае суседзям запаўняць дэклярацыі, вымаўляючы ўкраінскія словы на беларускі капыл. Гэта сьведчыць пра тое, што ў гады сваёй не такой ужо і далёкай маладосьці Палкоўнік мог змагацца з нацыяналістамі, за што на пачатку 1990-х гадоў і быў узнагароджаны гадзіньнікам зь бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй», які ня зьняў з рукі і напрыканцы гэтых самых эпахальных 1990-х.

Румынія

Магчыма, пад уплывам сёньняшняга сонечнага зацьменьня гаспадар прыдарожнай кавярні спрабуе даць табе рэшту з даляраў нямецкімі маркамі, паважна пераконваючы, што ў Румыніі курс 1:1.

Фурманкі тваё вока сустракае на шашы не нашмат радзей за аўтамабілі. Роўнасьць статусу гэтых транспартных сродкаў падкрэсьліваюць нумары дзяржаўнай рэгістрацыі ў адных і ў другіх. Часам парнай запрэжкай кіруе падобны да «крутога» хлопец у белай кашулі з гальштукам.

Прыбіральняў усьцяж аўтастрады не прадугледжана, таму экалягічны прыпынак робіцца пасярод палетку кукурузы. Кіроўцы аглядаюць блізкія далягляды з загадкавай усьмешкаю. Неўзабаве высьвятляецца, што ў папярэднюю паездку румынская паліцыя зрабіла якраз у гэтым месцы засаду і двум грамадзянам РБ, засьпетым «на гарачым», давялося пад пагрозаю арышту і вязьніцы выкласьці па 100$.

Каля гораду Канстанцы згадваеш, як у школе праходзілі паўстаньне на браняносцы «Пацёмкіне» і на кантрольнай твой аднаклясьнік Коля напісаў: значэньне паўстаньня ў тым, што маракі здаліся румынскім уладам. Цалкам верагодна, што менавіта нашчадкі рэвалюцыйных расейскіх матросаў робяць засады ў кукурузе.

Палкоўнік-ІІІ

Позна ўначы твой аўтобус доўга стаіць на румынска-баўгарскай мяжы. Палкоўнік колькі хвілінаў нэрвова тупае каля дзьвярэй, затым з спрынтэрскай хуткасьцю бяжыць да шлягбаўма, апярэджвае баўгарскіх памежнікаў, што запозьнена кідаюцца напярэймы, і зь пераможным крыкам «Ніхт шысэн!» хаваецца за дзьвярыма будынку зь літарамі WC.

Баўгарскія братушкі не адкрываюць агню, што дазваляе вернутаму пад канвоем у Румынію Палкоўніку пагардліва заўважыць: «Хіба гэта мяжа?» і даць афарыстычную дэфініцыю: «Мяжа — гэта там, дзе страляюць».

Нэсэбар

У антычнасьці гэты баўгарскі горад на высьпе быў грэцкім і зваўся Мэсамбрыяй. Грэцкім ён заставаўся яшчэ і ў 1920-я гады. Стары гаспадар дому, дзе ты жывеш, — грэк Артадоксіс, або, скарочана, Доксі, што ў перакладзе значыць праваслаўны.

Доксі добра памятае, як Народная Рэспубліка Баўгарыя хацела ўступіць у Савецкі Саюз. Ты прапануеш выпіць за тое, што ідэя ляснулася. Вы седзіцё на аздобленай белым мармурам тэрасе двухпавярховага дому. Пад вамі, на суседнім падворку, — рэстарацыя, куды заваблівае публіку велічэзны чыюк-ара. Кажуць, яго завуць Тодарам Жыўкавым. Абачлівы Доксі не пацьвярджае, але і не абвяргае інфармацыі.

Чыюк выгуквае нейкія камуністычныя  лёзунгі. Ад мора, да якога сотня крокаў, брыдуць амаль увабдымку аднолькава стамлёныя доўгім сьпякотным днём цыган і яго мядзьведзь. На мініятурным пляцы, акупаваным столікамі навакольных рэстаранаў, цыган прысмоктваецца да такога самага зялёнага гусака «Асьлінае крыві», як той, што стаіць  на мармуровай стальніцы перад табой. Мядзьведзю таксама хочацца віна, і ён спрабуе адабраць у гаспадара пляшку.

Унізе гучна лаюцца матам п’яныя расейцы. Іх не пускаюць у рэстарацыю да Жыўкава, і гарачыя навасібірскія хлопцы абяцаюць вые...ць усіх афіцыянтак, а за адным разам і афіцыянтаў. Мядзьведзя пагрозы пакуль што не датычаць, але ён палахліва цісьнецца да гаспадаровых ног.

Доксі хваліць тваю «белавескую». Табе хочацца наліць мядзьведзю і выпіць зь ім за тое, што Баўгарыя ня стала шаснаццатай рэспублікай-сястрой.

Цэцы*

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

* Памяншальная форма жаночага імя Цьвятана.

Творчая лябараторыя

З адзеньня на ёй была толькі цыгарэта.

Ты напішаш апавяданьне, якое будзе пачынацца з гэтага сказу.

Нэсэбар-ІІ

Уваход на пляж новага мацерыковага Нэсэбру больш за ўсё нагадвае філіял гарадзкога сьметніку. Але затое — поўная адсутнасьць расейскае папсы, якая ў Беларусі апанавала падобныя мясьціны, як кароста некалі здаровую скуру.

У цябе ўваччу праявіцца ліпеньская Нарач зь цеплаходам-рэстаранам, дзе зямля, вада і паветра ўжо дазваньня атручаныя песенькамі пра дзевачак, «которые хотят», пра забойцаў-камбатаў, параноікаў-есавулаў і пра тое, што «всем девчонкам хочется». Можа, якраз тут і трэба шукаць прычыну экалягічнае катастрофы, у выніку якой цьвіце нарачанская вада, а вугорычы  сотнямі выкідаюцца на бераг, выбіраючы не інтэграцыю, а сьмерць?

Любі сваё

Баўгаркі ўсіх узростаў запякаюцца на сонцы бязь верхняй часткі купальніка. Да экспазыцыі грудак, грудзей і грудзішчаў ты прызвычаісься надзіва хутка, а раніцой прыйдзеш да высновы, што нашыя малочна-белыя ўсё адно лепшыя за іхнія шакалядавыя.

Тапелец

Недалёка ад цябе з мора выцягнуць маладога тапельца. Наваліс меў рацыю, калі пісаў, што сьмерць — блакітнага колеру.

Ты пакуль што ня хочаш патануць і наагул зьбіраесься яшчэ крыху пажыць, але з багавіньня памяці падступна вылузваецца эпітафія, якую аднойчы прыдумаў сабе Фолкнэр: «Пісаў кнігі і памёр».

Пісьменьнік Станеў

Баўгарскі пісьменьнік Эміліян Станеў жыў на летніку на гары Віташы. Аднаго разу да яго прыехаў сябра-літаратар. Усьцешаны зьяўленьнем госьця Станеў кажа: «Вось спушчуся хутка ў Сафію, усіх пісьменьнікаў перастраляю са шмайсэра. Пакіну толькі чалавек пятнаццаць». Сябра легкадумна цікавіцца, што будзе зь ім. Станеў: «Ты выбраў непрыемнае пытаньне».

Тэлеграма Лукашэнку

Пасьля нестандартнай пляшкі «Кадаркі» ў цябе нараджаецца ідэя паслаць з Баўгарыі тэлеграму прэзыдэнту тваёй краіны. Пасьля другой пляшкі таго ж напою ўсплывае на думку, як расейскі пісьменьнік А. Купрын адбіў тэлеграму цару: «Долой самодержавие!» і неўзабаве атрымаў адказ: «Выпил — закуси. Николай ІІ». Пасьля трэцяй пляшкі ўспамінаеш, што ўжо накіроўваў прэзыдэнту тэлеграму, калі ў парлямэнце зьбілі дэпутатаў ад апазыцыі. Тэлеграма была з аплатаю паведамленьня пра ўручэньне. Ты не атрымаў нават гэтага паведамленьня.

Нэсэбар-ІІІ

У цябе можа ўзьнікнуць уражаньне, што горад нядаўна перажыў вусьцішны паморак: ледзьве не на кожных дзьвярах вісяць друкаваныя абвесткі з імёнамі і фатаздымкамі ў чорных рамках. Учытаўшыся ў жалобныя тэксты, даведваесься, што яны паведамляюць ня толькі пра нядаўнюю сьмерць, але і пра сарачыны, пра тры месяцы, паўгоду, год і пра кожныя новыя ўгодкі па памерлым.

Прымерыўшы гэтую традыцыю на Беларусь, ты ўсьцешана думаеш, наколькі прасьцей жывецца ў цябе дома. Іначай колькі клопату было б і табе, і тым, хто беражэ твой спакой і нацыянальную згоду. А раптам нехта пад выглядам законных жалобных улётак пачаў бы клеіць крамольныя афішкі пра мітынгі? А нехта надумаўся б разьвесіць партрэты Юрыя Захаранкі ды Віктара Ганчара. Або, крый Божа, партрэты сэкс-сымбаля лядашчых пэнсіянэрак і пэнсіянэраў нетрадыцыйнай арыентацыі, ды яшчэ зь якімі-небудзь падазронымі датамі...

Златка

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Землятрус

Прахопліваесься ўначы ад таго, што хорам крычаць чайкі, мяўчаць каты, брэшуць сабакі, а ў цябе пад ложкам варочаецца, намагаючыся падняцца, хтосьці з камплекцыяй народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Нацягваеш шорты, хапаеш партманэтку і недарэчна згадваеш, што двойчы ганкураўскі ляўрэат, твой зямеля Рамэн Гары, ад’яжджаючы з Парыжу, заўсёды хаваў на выпадак пажару свой рукапіс у лядоўню.

Газэты паведамляюць, што суседняя Турцыя замовіла для ахвяраў 40 тысячаў поліэтыленавых саванаў, а Доксі тлумачыць землятрус Божай караю за тое, што Турцыя давала аэрадромы самалётам, якія бамбавалі Сэрбію.

Маўзалей

Кожны дзень тэлебачаньне паказвае, як у Сафіі спрабуюць зруйнаваць Маўзалей Г. Дзімітрава. Не, ніхто яго там не бароніць. Проста дынаміт ніяк не бярэ тую спаруду, што была збудаваная яшчэ і як атамнае бамбасховішча.

Нарэшце маўзалей дабілі, і ў верасьні на яго месцы дасьць канцэрт Хуліё Іглесіяс.

У цябе варушыцца пытанейка: ці будзе свой маўзалей у Беларусі?

Гётэ як вібратар

Баўгарская газэта «Труд» радуе прыхільнікаў таленту Ё. В. Гётэ карэспандэнцыяй пра тое, што да 250-х угодкаў паэта на ягонай радзіме выпушчаны адмысловы юбілейны вібратар. Інтымны прыстасон мае дзьве батарэйкі, чорнае сыліконавае пакрыцьцё і клясычныя, як цьвердзіць газэта, памеры: даўжыню — 19 і дыямэтар — 4 см. Гётэ-вібратар каштуе 99 марак і адлюстроўвае тыповую паэтаву паставу з закладзенымі за плечы рукамі, што «дазваляе без праблемаў выкарыстоўваць яго паводле прызначэньня».

Яшчэ нядаўна, як сьцьвярджаў у адным інтэрвію З. Пазьняк, беларусы сэксам не займаліся. Але час зьмяніўся, і сёньня паўстае нерытарычнае пытаньне: хто з выбітных дзеячаў беларускай мінуўшчыны або сучаснасьці станецца правобразам першага айчыннага вібратара?

Бургас

У баўгарскім горадзе Бургасе, які падобны да Адэсы, ёсьць помнік Адаму Міцкевічу, што жыў тут у 1855-м, апошнім годзе свайго жыцьця. Ты недзе чытаў, што на сьвеце 56 помнікаў Міцкевічу і 27 — Пушкіну. Цяпер свой Пушкін ёсьць і ў Менску. Такім чынам, па помніках Міцкевіч апярэджвае кучаравага калегу роўна ў два разы. Але ж хутка зьявіцца і менскі Міцкевіч, і ранейшы разрыў будзе адноўлены.

Адметна, што менскага Пушкіна паставілі каля гатэлю. А менскага Міцкевіча пасадзяць паблізу «Валадаркі», у якой сядзелі ягоныя знаёмыя інсургенты.

Найдан Вылчаў

Вялікі сябар Беларусі паэт Найдан Вылчаў нядаўна набраў на кампутары і выдаў новую кнігу. Адзін асобнік занёс у Нацыянальную бібліятэку, два падараваў крытыкам і літаратуразнаўцам, а рэшту пяціасобнікавага накладу пакінуў сабе.

Прэзыдэнт Беларусі

Праз два тыдні знаходзіш у газэтах першае паведамленьне зь Беларусі. З нататкі, зьмешчанай чамусьці пад фатаздымкам косаўскіх дэманстрантаў, што нясуць плякат «Russians killed us», ты даведваесься, што Беларусь мае новага прэзыдэнта. Яго завуць Сямёнам Шарэцкім, і кіруе ён пакуль што зь Вільні.

Дранько-Майсюк

«Жыў калісьці хлопчык. Ён жыў у самай несправядлівай краіне на сьвеце. У ёй валадарылі істоты, якіх, паводле ўсіх чалавечых меркаў, трэ было прызнаць вырадкамі. Аднак гэтага ня здарылася».

Жыў калісьці ты. І ты прачытаў вышэйцытаваныя словы ў паэта і эсэіста Л. Дранька-Майсюка. Але потым ты расплюшчыў вочы і ўспомніў, што іх напісаў І. Бродзкі, а Дранько-Майсюк быў стомлены Парыжам.

Буслы

У твой перадапошні баўгарскі дзень у высокім небе над морам праплывае велічэзная чарада буслоў. Сотні, а можа і тысячы птушак лятуць адтуль, дзе калісьці цябе падвозіў ад Полацку да Менску спадарожны кіроўца з-пад Тулы. Убачыўшы ў небе бусла, ты даверліва сказаў расейцу, што гэта лічыцца ў беларусаў шчасьлівай прыкметай. У адказ старэйшы брат зазначыў, што ў буслоў смачнае «сладкое» мяса.

Палкоўнік-ІV

Палкоўніка ты сустракаеш амаль як сябра, што аздобіць бясконцую дарогу дадому. Аднак сьветлыя надзеі ня спраўджваюцца. Палкоўнік худы і цьвярозы, як маласольны гурок. На пяты дзень адпачынку з гатэльнага нумару ў Палкоўніка вынесьлі ўсё, апроч Мышкі і шляхетна пакінутых на астатняе шчасьлівае жыцьцё дваццаці даляраў.

Табе Палкоўнік адказвае па-беларуску. Яшчэ лепей гэта атрымліваецца ў Мышкі. Ты разважаеш пра складаную залежнасьць дабрабыту і нацыянальнай сьвядомасьці.

Румынія-ІІ

Румынія сустракае сатэлітавымі антэнамі на вясковых мураванках і нядошлай кабылкаю, што на скрыжаваньні ў сучасным цэнтры Канстанцы цярпліва чакае зялёнага сьвятла, каб цягнуць далей дабітыя калёсы.

З дунайскай стромы глядзіць на далягляд зь велічнай пэрспэктывай Карпатаў масянжовы Стэфан Вялікі на кані. Некалі над Нёманам у Горадні будзе стаяць такі помнік Вітаўту, а над Дзьвіной у Полацку — Усяславу Чарадзею.

Украіна

Твой аўтобус спыняе ўкормлены міліцыянт, у якога менавіта сёньня дзень нараджэньня. Пакуль доўжацца перамовы наконт падарунку, ты маеш магчымасьць пачаць адаптацыю да расейскае папсы, якую зь нейкай паталягічнай асалодаю круцяць ва ўсіх без вынятку навакольных крамках і шапіках.

Тост

Вып’ем за вялікі расейскі народ у ягоных этнаграфічных межах!

Сон

Закалыханы аўтобусам, ты засынаеш. Табе сьніцца родная беларуская рэчаіснасьць.

Прачынаесься з палёгкаю.

Цябе разбудзіў беларускі памежнік.

Жнiвень, 1999