Каля Дзікага Поля

Каля Дзікага Поля

Разам з ноччу на галявіну апусцілася мёртвая вусціш. Здавалася, яна запанавала ўжо да самае раніцы, але неўзабаве ў небе зашумелі крылы і, на імгненне пагасіўшы сярпок маладзіка, галявіну абляцела вялікая чорная птушка.

— Крук-крук-крум! — прыцішана крыкнуў крумкач і важка сеў на дзіду, што тырчала між лапатак войніка ў славянскім шышаку. Войнік шырока раскінуў рукі, быццам у той астатні міг, калі адлятала душа, хацеў абняцца з кімсьці на адвітанне, абняўся ж з самой зямлёю. Каля яго ляжаў конь і тры раскосыя воі ў пашчапаных шаломах з дубовых дошчачак.

Доўгая дзіда заківалася і нахілілася ніжэй. Крумкач павярнуў галаву і проста пад сабою ўбачыў яшчэ аднаго чалавека, таго самага, якога шукаў...

Крумкач жыў на разгатай бярэзіне ўскрай галявіны. Адвячоркам, умасціўшыся на высокай расошцы каля свайго кубла і нейкім таемным чуццём прадчуваючы пажыву, ён згледзеў унізе гуж наладаваных вазоў і чараду вершнікаў. Наперадзе ехаў на вараным кані светлабароды чалавек у жалезнай шапцы і ў падобнай да рыбінае лускі жалезнай кашулі, што людзі надзяваюць на сябе, каб мячы і дзіды, якімі яны б’юцца, не маглі дастаць да сэрца. Акурат пад бярэзінай светлабароды махнуў рукой, і ягоныя людзі спешыліся. Яны пачалі секчы хваіну-сухадрэвіну, насіць з ручая ваду, і крумкач здагадаўся, што людзі ладзяцца нанач. Ён ужо меўся ляцець у стэп, каб да цёмнага ўпаляваць там сусліка ці хаця б пару мышэй, але ранейшае прадчуванне пажывы не пускала, і хутка крумкачовае вока змеціла іншых людзей, якія, навязаўшы коней, нячутна прабіраліся па дне яра. Крумкачу карцела крыкнуць ад радасці, ды ён быў стары і разумны і таму адно мацней сашчапіў дзюбу, пракаўтнуў свой крык, і той упаў у пусты страўнік першым кавалкам салодкае мярцвячыны.

Людзі светлабародага біліся добра, але тыя, з яра, напалі знянацку. Іх было болей, па трое, па чацвёра на аднаго, і яны адолелі. Уцёк, ускочыўшы на варанога, толькі адзін чалавек, аднак не светлабароды, а іншы, і крумкач цешыўся з гэтага: ён быў важак навакольных крумкачоў і меркаваў, што павінен павячэраць не першым-лепшым мерцвяком, а чалавечым верхаводам.

Шалома на чалавеку ўжо не было, светлыя валасы рассыпаліся па маладым лісці падбелу. У лужыне крыві ля ног слаба ўздрыгваў крылцамі белаваты матылёк.

Чорная птушка ўважліва паглядзела ў прымружаныя вочы светлабародага.

— Крок! — задаволена сказаў крумкач і пераскочыў свайму абранніку на грудзі.

Вейкі ў чалавека затрымцелі, і ён паварушыўся.

— Крок! — знячэўлена паўтарыў крумкач і пераляцеў на войніка ў шышаку.

Чалавек вярнуўся з бяспамяцця адразу — як быццам вынырнуў з глыбокай чорнай ракі. Галава была ясная, і ён усё ўспомніў: кароткую лютую сечу, тое, як ягоны конь — ён сам ужо ляжаў паранены на доле — выносіў Лебядзяна, як над ім нахіліўся клышаногі чужынец, але ўдалося стаіць дых, прыкінуцца нежывым, і полавец адно зняў з яго шалом з лічынаю і сарваў з шыі плеценую срэбную грыўню. Правальваючыся ў морак, ён яшчэ паспеў убачыць, як ворагі збіралі ў табун коней і разварочвалі захопленыя вазы, каб гнаць іх да ракі, за якой пачыналася Дзікае Поле.

У вазах былі бабры і дымляніна, мёд і збожжа, усё, што ён вёз з памежных весяў і пагостаў. Князь паслаў яго, свайго даверанага баярына, адразу, як вярнуўся з палону, бо княжыя клеці, скляпы і мядушы ад мінулае восені стаялі ўпусце. Другі месяц ён збіраў аброк, мыта і перавоз, запісваў прыбыткі і тое, што пайшло на папас грыдзям, а вечарамі разгортваў запаветны пергамен...

Баярына апанаваў страх. Ён ліхаманкава абмацаў грудзі, падняў левай рукою край лускаватай броні, а правай, слабейшаю ад раны, пашукаў запазухай. Пергаменны скрутак быў на месцы, але страх не мінуўся. Некалі ў Друцку ён не збаяўся праспяваць крыўдную песню скораму на лютую расправу князю Усяславу Васількавічу. Не баяўся памерці і год таму, калі іхняя раць, знемагаючы ад смагі, трэці дзень білася ў стэпе, абкружаная з усіх бакоў паганымі, і здавалася, сам Стрыбог* стаіць за ворагаў, бо моцны вецер з мора нёс палавецкія стрэлы ўдвая далей і ад іхніх калёных джалаў не было паратунку. Не чула страху душа і тады, калі на першым начлезе паціху адкаціўся ад вогнішча, ля якога ляжалі палонныя, і прымудрыўся ўскочыць на каня. Тады смерць таксама кружляла зусім побач, але ён не баяўся. А цяпер пры ім гэты пергамен...

* У старажытным усходнеславянскім пантэоне - валадар неба і вятроў.

Мінулае начы баярыну прыснілася, як ратаваўся ад пагоні, а напярэймы яму імчаў чорны вершнік. Ён, баярын, сарваў з пляча лук, працягнуў руку па стралу, ды заміж стрэлаў у цяжкім туле калыхалася цёмная кроў.

У свае трыццаць летаў баярын быў стрэляны ваяр і ведаў, што з такой, як у яго, ранаю ён не дачакаецца світанку — сплыве крывёю, бо перавязаць пасечаныя, цяжкія, быццам кожная па беркаўцу, ногі ён не мог. Вось і спраўдзіўся сон. Надзея цяпер адно на Лебядзяна. Памажы яму, Пяруне ўсёмагутны. Няхай не здагоніць яго палавецкая страла, няхай не трапіць верны грыдзь у варожую залогу. Жывы Лебядзян застанецца — вернецца.

Чорная птушка пільна сачыла за чалавекам. Той больш не варушыўся, і крумкач павесялеў.

— Крум! — насцярожана азваўся ён, зноў апускаючыся на дзіду.

— Спудлаваў ты, начны таць,— пачуўся ў вусцішы слабы чалавечы голас.

Крумкач страпянуўся, аднак змог сябе і не ўзляцеў, бо адчуваў, што чалавек зусім немачны.

— Спудлаваў, чорны госць... Жывы я. Секла мяне хінова* — не дасекла. Жля з Карнай** ужо галасіць па мне прыляталі, ды адляцелі ні з чым. Ляці і ты сваёй дарогай, не будзе табе наедку.

* Агульная назва ўсходніх качавых народаў.

** Міфічныя істоты, якія ўвасаблялі жаль і смутак.

Крумкач нахіліў галаву і, злёгку зыбаючыся на дзідзе, з цікаўнасцю прыслухоўваўся да гукаў чалавечага голасу.

— Не ляціш? Ну то сядзі. Хоць і брыдка маім вачам на цябе глядзець, а ўсё весялей Лебядзяна чакаць будзе з жывой душою побач. Дый хто ведае, можа, ты і сам нярады, што наказана табе наўём жывіцца. Мо за гэта і дала табе Жыва* даўгі век. Сядзі, гаманіць будзем. Цяпер з тваім братам на нашай зямлі пагаманіць лягчэй, чым з ратаем...

* Багіня жыцця.

Баярын стаміўся і змоўк.

Крумкач наважыў чакаць. За свой век ён выпіў шмат людскіх вачэй і ведаў, што чакаць нядоўга. Ён ведаў, што ягоны абраннік не дажыве да той пары, калі ў небе за ярам запаліцца дзянніца. Давідна яшчэ будзе час наесціся, а потым сыта і спакойна задрамаць у кубле.

Густы пах калакалушы кружыў баярыну галаву. Яму хацелася заснуць і прачнуцца адно тады, калі вернецца Лебядзян. Ног ён ужо не чуў. Баярыну здалося, што нехта правёў яму па твары мяккаю лапай. Сон надзіў, як крыніца ў скварны поўдзень. Але засынаць было нельга, і, сабраўшы сілы, баярын зноў загаварыў да свайго вартаўніка:

— Вось ты, крук, кажуць, трыста летаў жывеш. Можа, скажаш мне, чаму ні птушкі, ні звяры паміж сабою смертазабойства не чыняць, адны людзі самі сябе са свету зводзяць вам, крумкаччу, на ўсцеху? Можа, быў ты на Нямізе, бачыў, як князь Усяслаў Чарадзей з Яраславічамі секся? Можа, помніш, як Манамах з чарнігаўцамі ды з полаўцамі не пакінуў у Менску ні чалядзіна, ні скаціны?

Чорная птушка чысціла дзюбаю пёры і чакала. Яна не разумела чалавека, але гэты слабы голас заварожваў і падымаў з дна памяці трывожныя згадкі. На ўзгорках успыхвалі і хутка беглі туды, дзе неба сыходзілася з зямлёю, агні. Наляталі адна на адну чалавечыя чароды. Чорныя птушкі незадаволена і цяжка падымаліся з мерцвякоў, саступаючы месца ваўкам і здзічэлым сабакам...

— Шчаслівыя вы, птахі... Вам усё неба — радзіма. Неба ні адабраць, ні зваяваць няможна, няма ў ім межаў крывавых. А ў нас, у людзей, радзіма — зямля. I не ўся, а тая, дзе мы нарадзіліся і ўскормлены, дзе на нашай мове людзі між сабою гавораць. Не выдзеўбе крук круку вочы, не скажуць твае сыны адзін аднаму: гэта маё і тое маё таксама. У нас, у людзей, іначай. Князі і ўвечары і ўранні ў гарадскіх варотах вушы закладаюць, суседзяў сваіх баючыся. Няхай кожнае княства само па сабе будзе, але каб у міры жылі і супроць паганых купна стаялі. Аж не, брат на брата меч падымае, а хінове ад гэтага толькі буйства вялікае. Пакрыла нашу зямлю, акі барсава кодла, гоцкім купцам на ўсцеху, а тыя, нявольнікамі гандлюючы, багацеюць. Яраслававы ўнукі ніяк спадчыну не падзеляць, і ў Полацкай зямлі ладу няма. Забыліся Усяславічы, як збіраў прадзед крывічоў пад сваё крыло, у адну дзяржаву.

Крумкач чакаў. Ён не мог спасцігнуць сэнсу чалавечых слоў, але чуў у іх нейкую няясную небяспеку сабе і дзецям, што тыдзень таму вылецелі з кубла.

— I ў Полацкай зямлі ладу няма...— паўтарыў баярын.

Шэсць летаў таму полацкія князі хадзілі на Друцк. Ішлі з наўгародцамі ды з князямі кіеўскім, чарнігаўскім і ноўгарад-северскім. Вярнулі Друцк без крыві, але нярадасна было на пераможнай застоліцы, бо счапіўся полацкі Усяслаў Васількавіч з віцебскім Брачыславам ды з ізяслаўскім Васількам так, што князі і мужы старэйшыя пахапаліся за мячы. Даўней і звычкі такой не было — за бяседны стол са зброяй сядаць... Ну а ён, баярын, схапіў тады не меч, не нож захаляўны, а — гуслі. Ударыў па струнах і заспяваў, што выпалі ўнукі Чарадзеевы з дзедавай славы, як сокалы голыя з гнязда, што куюць крамолы на брацію сваю, век чалавечы кароцячы, не жыта — стрэлы сеюць на Полацкай зямлі, а ў Дзвіну з Варажскага мора ладдзі заплываюць ужо не з купцамі, а з ваярамі і святарамі лацінскімі. Рукі з мячамі апусціліся, паселі князі з баярамі і слухалі ў маўчанні, пакуль не скончылася песня, а калі адклаў ён гуслі, паглядзелі ўсе на Усяслава Васількавіча.

Полацкі валадар падняўся, быццам хмара над борам, ірвануў каўнер чырвонае світы, загаварыў цяжка, не раўнуючы, як варочаў каменныя камлыгі.

— Лепа, баярын, песні граеш... Лепа славу прадзеда і аднайменніка майго беражэш...— I раптам схапіў аберуч поўную барылу з рамейскім віном і гахнуў аб сцяну.

— Буесць твая, княжа, не ад моцы...— паспеў яшчэ прамовіць ён, пакуль загрымеў князь Усяслаў на ўсю грыдніцу:

— Служыў ты мне добра, і песні твае сэрцу былі як мёд хмельны, а цяпер як палын зрабіліся. Паедзь, баярын, прэч ад мяне! Зла табе не ўчыню, але і дабра не чакай, калі ступіш на маю зямлю тайна або яўна!..

Баярыну здавалася, што ён гаворыць, але ён ужо даўно маўчаў. Прыгады няўзнак ператварыліся ў трызненні, і поруч з ім прысела на траву Славуння ў белым убрусе з вышыванымі канцамі.

— Калі ж прыляціш дадому, крэчат мой? — шаптала жонка.— Шэсць летаў, як паехаў ты служыць князю ноўгарад-северскаму. Шэсць летаў і зім ложа маё халоднае. Сынок твой без цябе расце на лес гледзячы. Прыляці, крэчат мой, на дзедзіну.

Баярын як быццам аднекуль з высознага дрэва ўбачыў сваю вотчыну над ракой Улай, якой застаецца адсюль пяць попрышчаў да Дзвіны. Вароты ў дубовым тыне адчыненыя, па-над прысадзістым дзедаўскім хорамам на дзесяць вокнаў плыве з коміна дымок. Па мурожным беразе ходзяць коні, а на водмелі, за старымі вольхамі, падкасаўшы порткі, светлагаловы хлопчык ловіць пятлёй маладых неразумных шчупакоў. Раман! — здагадаўся баярын. Гэта ж сын такі вырас!

— Прыляці, крэчат мой,— чуў ён ласкавы жончын голас.— Няма ўжо на полацкім пасадзе князя Усяслава Васількавіча, ніхто табе ліха не ўчыніць.

Ён хацеў сказаць Славунні, што вернецца, прыгалубіць яе з сынам, толькі трэба яму прычакаць княжага з’езду, праспяваць на ім сваю новую песню, а там дамчыць на вараным, за ноч дабяжыць па лясах і пералесках ваўкалакам, як некалі князь Усяслаў Чарадзей. Але махнула Славуння шырокімі рукавамі і растала, а на тым месцы сядзеў і глядзеў на яго цьмяным вокам крумкач.

— Зегзіца* мая прылятала...— прамовіў баярын.— Дадому клікала. Гэта Жыва яе паслала, каб сілы даць Лебядзяна дачакацца. Няможна мне, крук, памерці...

* Зязюля.

Крумкач здзіўлена і баязліва назіраў, як чалавек выцягнуў з-пад жалезнае лускі і паклаў сабе на грудзі нейкую даўгую скручаную скуру. Крумкач змеціў, што яна спрэс аблепленая дробнымі чорнымі павукамі. Ён ніколі не бачыў такога, аднак чамусьці адразу ўзненавідзеў гэты скрутак.

Побач апусціліся на дол яшчэ дзве чорныя птушкі, і крумкач са злосцю закрычаў на іх, адганяючы прэч. Чалавечы верхавод належаў толькі яму, гаспадару наваколля.

А да баярына ў гэтую хвіліну ехаў па галявіне вершнік. Не ехаў — плыў у паветры, бо сівы, як туман, конь не даставаў капытамі да зямлі. Лебядзян?! Не, то быў не грыдзь. Вершнік у сінім з золатам карзне сышоў з каня, і баярын пазнаў самога князя.

Князь, скрушліва схіліўшы галаву, маўчаў, а ён, баярын, выгаворваў:

— Не паслухаў ты, княжа, ні людзей, ні зямлі, ні неба. Помніш, на прарока Іерамію быў табе знак? Пасярод дня морачна зрабілася і зоркі відаць сталі, а сонца ўчынілася, нібы месяц, і з рагоў сваіх жар сыпала? Помніш, казалі табе: се не на добрае ёсць? А ты нам: таямніцы Божае ніхто не ведае, а праяве нябеснай творца — Бог і ўсяму свету свайму, а што створыць або на дабро, або на зло нашае, тое нам самім і бачыці. Думаў ты, княжа, як святы Юры, цмока паланіць, ды навыварат часіны павярнуліся, сам са срэбнага сядла ў сядло нявольнікава сеў.

— Гэта мне кара нябесная,— не падымаючы галавы, вымавіў князь,— што хадзіў я ў Пераяслаўскую зямлю, і жывыя зайздросцілі мёртвым, а мёртвыя цешыліся з таго, што не бачаць, як іхніх жонак і дачок мае воі бяруць.

— Бунтуе ў табе, княжа, дзедава кроў, Алега Свята-славіча, за свае смуты Гарыславічам названага...

I яшчэ нешта важнае меўся ён мовіць, але князя ўжо не было: высока над галавою пераміргваліся зоркі, а ніжэй пільнавала яго чорная птушка.

Чалавек мусіў памерці, ды чамусьці не паміраў, і крумкачу прымроілася, што зямля ўжо не п’е кроў у светлабародага, а аддае яе разам з жыццёваю сілай назад. Крумкачу захацелася адляцецца далей, у бяспечнае месца, але ён усё ж перамог боязь і застаўся на дзідзе.

— Дай моцы, Пяруне ўсёмагутны. Ты круціш кола жыцця і вядзеш нас сцязёю да брані і трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду. Дай моцы мне, Пяруне, каб паслужыў я праўдзе яшчэ тут, на зямлі, а не ў дружыне тваёй вечнай...

Птушка не чула слоў, адно бачыла, як варушацца ў чалавека вусны і як рукі прыціскаюць да грудзей скрутак з дзіўнымі павучкамі. Крумкач ненавідзеў гэтую скуру так моцна, што забыўся на голад. Ён ужо не зайздросціў супляменнікам, якія, раз-пораз лопаючы крыламі, балявалі на другім канцы галявіны. Ён павінен быў дачакацца смерці светлабародага, каб развеяць сваю трывогу, суняць няўцямны цёмны страх.

Баярын клікаў Перуна, і той пачуў яго і прыйшоў — вышэйшы ад самага рослага кмета, з вогненнымі кудзерамі і барадою, у залатой кальчузе і з двухручным агнёвым мячом у дзясніцы.

— Хадзі, сыне, хадзі да палка майго Перуновага. Стаміўся ты, і ноша на тваіх плячах цяжкая. Хадзі да палка майго і сустрэнеш там дзядоў і прадзедаў, і яны ў радасці і вяселлі цябе ўбачаць. Плакалі яны дагэтуль па табе, а цяпер узрадуюцца, бо жыць ты будзеш вечна і песню сваю вечна спяваці.

Пярун адкінуў меч і працягнуў насустрач баярыну рукі ў залатых наручах.

— Хадзі, сыне!

За рамёнамі ў агніста-залатога войніка баярын быццам праз лёгкі туман згледзеў князя Чарадзея з язвенам на галаве, за ім стаяла ў чорным клабуку князёўна Еўфрасіння, далей — бацька, дзяды...

— Хадзі да нас! Хадзі да жыцця вечнага! — клікалі яны. Баярын адчуў, як у ягоныя ногі ўліваецца гаючая дужасць. Яна падымалася вышэй і наталяла ўсё выснажанае цела.

— Хадзі да мяне! — паклікаў Пярун, і баярын лёгка і радасна падняўся.

— Хадзі! — гукалі з-за Перуновых рамёнаў продкі.— Хадзі да жыцця вечнага!

Ён ступіў ім насустрач, і ў той самы момант недзе за ягонымі плячыма ўсцешна крыкнуў крумкач:

— Крум-крум-крок!

Раптам успомніўшы пра пергамен, баярын азірнуўся, і замест сонечнага дня на яго абрынулася глухая бяззорная цемра.

Крумкач змеціў, як чалавек скалануўся і заціх. Неба за ярам святлела. Па галявіне, паварушыўшы траву і грыву забітага каня, прабег досвітны вецер. Недзе прачнуўся і палахліва свіснуў першы суслік. Кароткая травеньская ноч сканчвалася, а разам з ёю згасала і чалавечае жыццё. Яно яшчэ кволілася, але чорная птушка ведала, што рукі са скруткам ужо не расціснуцца.

Крумкач пераскочыў чалавеку на грудзі і з палёгкаю дзюбнуў ненавісны скрутак з павукамі. Гэтыя дробныя павукі былі нежывыя і прыкарэлі да скуры намёртва. Крумкач з насалодаю і нецярпеннем дзюбнуў іх яшчэ і яшчэ раз. Чакаць заставалася зусім мала.

I тут крумкача дапялі нейкія чужыя гукі. Ён прыслухаўся. Гэта быў далёкі конскі тупат. У суцемнай крумкачовай душы варухнулася надзея, што коннік праскача воддаль, ды тупат набліжаўся.

Задыхаючыся ад злосці і роспачы, крумкач цяжка, нібыта пастарэў адразу на паўстагоддзя, узляцеў на сваю бярэзіну. У ранішнім прысмерку ён спазнаў таго самага чалавека, што ўчора ўратаваўся на вараным кані.

Лебядзян вярнуўся двуконь. Саскочыўшы долу, ён прыклаў вуха баярыну да сэрца і ўзрадавана перахрысціўся. Прыўзняў непрытомнаму голаў, уліў яму ў рот зелля з глінянае біклагі. Перавязаўшы чыстым палатном пасечаныя ногі і рукі, грыдзь з асцярогаю перанёс баярына далей ад мерцвякоў, пад тую самую ніцую бярэзіну, дзе жыў крумкач.

Баярын расплюшчыў вочы.

— Спі, баярын, спі,— загаварыў Лебядзян.— Да ночы дажывём, а там паедзем. Не мысліў ужо цябе жывога пабачыць, а душа ўсё роўна сюды вяла. Выпі яшчэ, зялейніца з той весі, дзе ўчора начавалі, дала.

Грыдзь нахіліў біклагу параненаму да вуснаў. Баярын зрабіў два глыткі і, захваляваўшыся, правёў рукою па грудзях. Ён не меў змогі гаварыць, аднак Лебядзян даўмеўся без слоў: выняў з-пад сваёй кальчугі схаваны пергаменны скрутак і паклаў баярыну на грудзі.

Баярын слаба ўсміхнуўся і апусціў павекі.

Грыдзь стрыножыў коней і вярнуўся пад бярэзіну. Ён узяў з бяссілых баярынавых рук пергамен і асцярожна разгарнуў яго.

— Крук-крум-крум! — з пагрозлівым адчаем крыкнуў у кубле галодны крумкач.

Лебядзян закінуў галаву, але нічога не ўгледзеў. На ўсялякі выпадак ён пашаптаў малітву і, водзячы па пергамене пальцам, пачаў напаўголаса чытаць:

Не лепо ли ны бяшеть братие,

начяти старыми словесы

трудных повестий о пълку Игореве

Игоря Святъславлича?

1987