ЗІМОВЫМ ДНЁМ КАЛЯ АГНІШЧА

ЗІМОВЫМ ДНЁМ КАЛЯ АГНІШЧА

Больш як пяць тысячагоддзяў назад. На Гродзеншчыне

Разгулялася, закруціла завіруха, засыпала снегам пушчу, азёрны бераг ды i само даўно скаванае лёдам возера. Вялізныя гурбы намяло i каля хацін прыбярэжнай вёскі. Але сёння вецер пацішэў i не так натужна гудуць верхавіны хвой. Ды ўсё ж жыхары не спяшаюцца выбірацца ca свайго жылля. Чакаюць, пакуль снег улежыцца i пацвярдзее.

Над хацінамі падымаецца дымок. Гэта людзі паляць у агнішчах, каб сагрэцца ці згатаваць сабе ежу.

У крайняй хаціне, што на самым беразе, хоць i дымна, але цёпла. На агнішчы, складзеным з невялікіх палявых камянёў, палаюць сухія дровы i грэецца ў гліняным гаршку вада. Закураны i гаршчок, i нават плеценыя з лазовых дубцоў сцены, уцепленыя на зіму трыснягом i мохам. Дым, што падымаецца ад агнішча, выходзіць праз круглую адтуліну ў страсе. Але трапляе туды не ўвесь. Частка яго закручваецца пад страхою i скочваецца ўздоўж сцен уніз да земляной падлогі, густа высланай сушаным аерам.

Каля агнішча, прыхінуўшыся спіною да слупа, на якім трымаецца страха, сядзіць яшчэ моцны дзед з цёмным i маршчыністым, як сушаны грыб, тварам. У руках дзеда невялікі бубен, зроблены з тонкай скуры i берасцянага абруча. Навокал старога ўнукі i ўнучкі — ад зусім малечы, што толькі навучыліся перастаўляць ногі, да ладных падлеткаў. Блішчаць на мурзатых, не мытых ад восені тварах вочы. Дзеці з захапленнем слухаюць дзеда.

А дзед любіць апавядаць i гісторый розных ведае шмат: i пра звяроў, i пра птушак, i пра людзей, што жывуць за возерам, i пра тое, куды сонца нанач спаць кладзецца, i чаму пасля зімы прыходзіць вясна. А яшчэ дзед умее расказваць старадаўнія паданні пра стварэнне свету i паяўленне першых жывых істот, пра багоў i духаў, пра войны, што калісьці вяло ix племя з чужакамі.

Ён расказваў i падыгрываў сабе на бубне, злёгку дакранаючыся пальцамі да скуры — мембраны. I тады ад бубна ішоў таямнічы шоргат, быццам улетку набягалі на прыбярэжны пясок азёрныя хвалі.

Вось i зараз дзед прымасціўся зручней на цурбане i пачаў:

Было гэта ў даўнія-даўнія часы,

Яшчэ да таго, як узнікла тут нашае возера i вырасла пушча;

Было гэта нават яшчэ да Халоднага часу,

Калі зямлю пакрывалі ільды i блукалі між імі калматыя маманты.

Усюды, як вокам акінуць, была напачатку вада без канца i краю.

Калі б сесці ў човен i плыць у адным кірунку,

Жыцця б не хапіла дабрацца дзе-небудзь да берага.

Над вадой жа — адна толькі цемра, ноч непраглядная без зорак i месяца.

Цясней грудзяцца каля агню дзеці, так ім не па сабе робіцца ад гэтага бяскрайняга і, відаць, халоднага начнога возера. Нават маці малых, якая ўжо шмат разоў чула гэта паданне, спыняе свае хатнія клопаты i ўслухоўваецца ў голас дзеда.

I па вадзе той у цемры плавала качка.

Шмат год яна плавала. Нарэшце прыйшла ёй пара знесці яйка.

Тады стала скардзіцца качка Багіні воднай стыхіі,

Што няма дзе гняздо ёй сплесці, каб выседзець птушанятка.

I злітавалася Багіня — рукі з вады ўзняла,

I ў цёплыя рук далоні качка паклала яйка.

Аднойчы ўзляцела качка, каб рыбай якой пажывіцца,

I тут жа каршун драпежны з гнязда тое выхапіў яйка

I ў цемры растаў, як прывід.

У роспачы качка крычала, калі да гнязда вярнулася!..

Разгневалася Багіня, паклікала сына-ветра,

Лук уручыла яму, а з лукам стралу-маланку.

«Застрэль каршуна,— сказала.— Застрэль! Ен пакрыўдзіў качку».

Напяў цеціву сын-вецер, пусціў ён стралу-маланку,

I тая страла навылет прабіла драпежніку грудзі.

I выпусціў з лап кіпцюрыстых каршун той качынае яйка.

Упала яно з вышыні на пеністы грэбень хвалі,

Упала яно i разбілася на роўныя дзве палавіны.

I з верхняй яго палавіны стварылася неба, a ў небе:

I месяц, i зоркі, i хмары, i ў хмарах вясёлка.

З другой палавіны, з ніжняй стварылася цвердзь зямная,

A ў цвердзі: лясы на ўзгорках, у нізінах азёры i рэкі,

I розная жыўнасць лясная, балотная i вадзяная.

З жаўтка ж утварылася сонца, святло i цяпло людзям даўшы...

Скончыў дзед свой спеў-паданне, i ціха стала ў хаціне. Толькі чуваць было, як скрабецца ў сцяне мыш.

Закіпела ў гаршку вада. Маці ўсыпала ў кіпень некалькі жменяў пшанічнай мукі, укінула з дзесятак сушаных рыбін. Паабедалі, сёрбаючы варыва касцянымі лыжкамі. Пасля абеду дзед прылёг на ляжанку адпачыць, a дзеці заняліся сваімі няхітрымі гульнямі.

— Быццам завіруха скончылася,— сказаў бацька, прыслухоўваючыся. Ен падышоў да сцяны, выцягнуў анучыну з адтуліны-акна i зірнуў на вуліцу.

Хоць неба было па-ранейшаму нізкае i захмаранае, але снег ужо не падаў. Вецер сціх. Паміж хацінамі праляглі першыя ланцужкі чалавечых слядоў. На возеры каля берага некалькі постацей разграбалі снег, збіраючыся прабіваць цяжкім каменем у лёдзе дзірку, каб лавіць рыбу.

Бацька зняў з аленевых рагоў на сцяне, якія былі за вешалку, берасцяны калчан са стрэламі i лук, выцягнуў з кута авальныя кароткія дошчачкі з раменьчыкамі — лыжы.

— Прайдуся краем лесу,— сказаў ён жонцы, падаючыся да дзвярэй.— Пэўна ўжо i зайцы вылезлі з-пад ялінак кары пагрызці.