З РОДУ ГАЛЬШАНСКІХ

З РОДУ ГАЛЬШАНСКІХ

Каб хто толькі ведаў, як трапятала сэрца семнаццацігадовай Соф’і Гальшанскай, калі ў лютым 1422 года яна стаяла пад велічнымі скляпеннямі Навагрудскага касцёла. Ярка гарэлі свечкі, урачыста гучалі святыя песнапенні, на ўсю моц званілі званы. Поруч з князёўнай стаяў сямідзесяцігадовы Ягайла. Калісьці ён быў вялікім князем літоўскім і жыў у Крэве – непадалёк ад Гальшанскага замка. Сёння ж Ягайла – кароль польскі і ў былую сталіцу Вялікага княства Літоўскага прыехаў павянчацца са сваёй абранніцай.

Не ад таго лякалася Соф’я, што муж вельмі стары. Не баялася, што давядзецца пакінуць маці, сясцёр, дзядзьку Сямёна Друцкага, у якога пасля смерці бацькі Андрэя Гальшанскага яны выхоўваліся. Не тое палохала, што шлюбавалася з прадстаўніком старадаўняй і магутнай дынастыі Гедымінавічаў. Адчувала адказнасць перад заснавальнікамі свайго роду...

Пасля смерці Свінтарога на вялікі пасад літоўскі, жамойцкі, новагародскі і рускі заступіў ягоны сын Скірмант. Скірмантаў сын Гілігін княжыў на зямлі літоўскай і рускай, пакуль не памёр. Затым княжыць пачаў Гілігінаў сын Раман. Калі Раман памёр, разышліся пяць яго сыноў княжыць у розных землях. Сярэдні Гальшан пайшоў за раку Вяллю.

Гэта і быў той далёкі продак, якому зямля гальшанская сваёю назвай абавязана. Сярод прыгожых гор знайшоў Гальшан гару найпрыгожую, што над ракою Вільняй. Збудаваў там горад і назваў яго сваім імем – Гальшаны. А калі ехаў аднойчы на ловы, убачыў у пушчы гару яшчэ больш прыгожую ды велічную. І спадабалася яму, і пасяліўся ён там, і на той гары над ракою, што Караблём называлася, учыніў горад. І перанёсся туды, і там пачаў княжыць. І назваўся князем Гальшанскім…

Так паведамляе пра заснаванне Гальшанаў у ХІІІ стагоддзі і паходжанне князёў Гальшанскіх Хроніка Быхаўца.

А Соф’я разумее, як цесна перапляліся лёсы прадстаўнікоў яе роду з іншымі, нібыта векавечныя дрэвы моцнымі галінамі і магутнымі каранямі ў яе язычніцкіх барах. Вялікі князь літоўскі Вітаўт, напрыклад, меў другой жонкай Ганну – сястру Івана Гальшанскага. Трэцяй Вітаўтавай жонкай стала дачка Івана Улляна.

Гэта Вітаўт высватаў для Ягайлы маладзенькую Соф’ю Гальшанскую. І нічога, што чацвёртая жонка ў караля, бо ранейшыя памерлі. Затое менавіта беларусінка нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, якія сталі першымі ў дынастыі Ягелонаў. Гэта ім належалі каралеўскія пасады ў Польшчы, Венгрыі і Чэхіі.

А яшчэ раней, калі польскія паслы прапаноўвалі Ягайлу за жонку маладзюткую (усяго дванаццаць гадоў!) і самую прыгожую ў Еўропе каралеву польскую Ядвігу, на агледзіны ў Кракаў выправіўся Соф’ін дзед Іван Гальшанскі. Не ведаў ён, што тым самым пракладвае дарогу ў польскую сталіцу і сваёй унучцы.

Дзве сястры было ў Соф’і. Старэйшая Васіліса выйшла замуж за князя Івана Бельскага, адна з дачок якога пашлюбілася з прадстаўніком роду Астрожскіх. Меншая Марыя стала жонкай малдаўскага гаспадара Эліяша.

Іван Гальшанскі меў за жонку дачку князя Міхаіла Чартарыйскага. Стаў актыўным прыхільнікам Вітаўта, дапамагаў яму ўмацавацца на пасадзе ў Вялікім княстве Літоўскім, уваходзіў у Раду ВКЛ. Быў намеснікам Вітаўта ў Кіеве, першым кіеўскім ваяводам. Пазней узначальваў пасольства, што адвозіла ў Маскву дачку Вітаўта Соф’ю, якую сын Дзмітрыя Данскога вялікі князь маскоўскі Васіль выбраў за жонку.

Сямён Іванавіч Гальшанскі быў намеснікам Вітаўта ў Вялікім Ноўгарадзе. Кажуць, за тое, што кіраваў надта жорстка і сурова, яго называлі Лютым. А мо за тое, што браў актыўны ўдзел у барацьбе паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам за вялікі пасад у Княстве? Ці  мо з-за таго, што ў 1432 годзе ў Ашмянах рыхтаваў змову супраць вялікага князя літоўскага  Свідрыгайлы, намерваўся забіць яго? Ды не ўдалося задуманае. Схапілі змоўшчыкаў, пакаралі, а Сямёна Лютага ўтапілі ў Заходняй Дзвіне ля Віцебска.

А вось у Іванавага сына Аляксандра не склаліся адносіны з Вітаўтам. Уцёк ён у Масковію, атрымаў там у валоданне Пераяслаў. А разам з гэтым і прозвішча Нялюба. Мо за тое, што неўзлюбіў сваю родную зямлю?

Пачынальнік галіны князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх, унук Сямёна Лютага Іван Юр’евіч у 1481 годзе быў пазбаўлены жыцця за ўдзел у змове супраць вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка. А ягоны бацька Юрый Сямёнавіч быў сярод тых, хто калісьці насуперак жаданню польскага караля арганізаваў абранне Казіміра на гэты высокі пасад.

Унук Івана Юр’евіча князь гальшанскі і дубровіцкі, стольнік літоўскі Сямён стаў апошнім прадстаўніком роду Гальшанскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці ў 1556 годзе ўладанні былі падзелены паміж сёстрамі, Гальшаны перайшлі да Сапегаў.

Аднак не падумайце, што адно ваявалі і гінулі Гальшанскія. Гэты старажытны праваслаўны княскі род герба “Гіпацэнтаўр” быў магутным і знакамітым у Вялікім княстве Літоўскім. Ягоныя прадстаўнікі займалі высокія дзяржаўныя пасады, выконвалі пасольскія функцыі, былі прыхільнікамі навук. Да Сабору беларускіх святых належыць Юліянія, дачка Юрыя Сямёнавіча. Яна памерла ў 16 гадоў і пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры, якую падтрымлівалі многія Гальшанскія.

А пра жыццё і дзеі роду нагадвае выдатны помнік палацава-паркавай архітэктуры – Гальшанскі замак, што ў Ашмянскім раёне. Дагэтуль захоўвае ён дзівосныя і непаўторныя  легенды пра былых гаспадароў, здзіўляе і палохае наведнікаў сваімі незвычайнымі прывідамі.