ХАДКЕВІЧЫ
ХАДКЕВІЧЫ
Ёсць у Баранавіцкім раёне вёска з незвычайнаю назваю Новая Мыш. Амаль 600 гадоў таму лічылася нават горадам, была буйным абарончым, эканамічным, палітычным і культурным цэнтрам. Меўся тут велічны драўляны замак на рацэ Мышанка. Праз Мыш праходзіў адзін з галоўных гандлёвых шляхоў Вялікага княства Літоўскага. Таму стала яна важным цэнтрам зносін з замежнымі краінамі. А экспартаваць з Мышы было што. Яшчэ ў другой палове ХVІІІ стагоддзя тут дзейнічала найбольшае на беларускіх землях прадпрыемства – шкляная мануфактура.
Гаспадарамі Мышы былі прадстаўнікі даўняга і знанага праваслаўнага (у другой палове ХVІ стагоддзя перайшлі ў кальвінізм, пазней у каталіцтва) магнацкага роду Хадкевічаў герба “Касцеша”. Мелі маёнткі ў Заблудаве, Супраслі, Дойлідах, у Гарадзенскім, Новагародскім, Аршанскім і іншых паветах. Адна з легенд сведчыць, што род пачаўся ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) альбо Ходкі (Ходзькі) Юр’евіча.
Аднойчы выехаў вялікі князь літоўскі Вітаўт на ловы. Толькі пачалі звера страляць, як раптам даносяць, што непрыяцель акружыў іх, ратавацца трэба. Тады адзін з дружыннікаў узяў гаспадара Княства на рукі і панёс яго таемнымі сцежкамі. Некалькі вёрст нёс па непраходным лесе. Шчыра падзякаваў Вітаўт свайму збавіцелю, якога пасля гэтага назвалі Ходкам. А нашчадкі яго сталі Хадкевічамі.
З Кіевам звязана і яшчэ адна старонка біяграфіі роду. Сын Ходкі Іван (Івашка) Хадкевіч, маршалак гаспадарскі, намеснік лідскі і віцебскі быў кіеўскім ваяводам. У 1482 годзе разам з сям’ёй трапіў у палон да татарскага хана Менглі-Гірэя. Вольналюбівая натура Івана не перанесла няволі, ваявода памёр. А жонцы ягонай разам з дзецьмі праз многа гадоў удалося выкупіцца з палону.
Хадкевічам належыць заснаванне ў 1498 годзе знакамітага на ўсю Еўропу Супрасльскага манастыра (цяпер Польшча), які стаў сапраўдным цэнтрам беларускай праваслаўнай культуры. Тут быў створаны Супрасльскі летапіс, больш за два стагоддзі існавала друкарня. Па зборах кірылічных кніг Супрасль лічыўся адным з найбуйнейшых цэнтраў на ўсіх усходнеславянскіх землях.
Асабліва праславіўся род Хадкевічаў таленавітымі палкаводцамі. Адзін з іх – Ян Геранімавіч. Ён займаў высокія пасады стольніка літоўскага, генеральнага старосты жамойцкага, маршалка вялікага літоўскага і кашталяна віленскага. Меў тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі на Шклове і Мышы, якую за ваенныя заслугі атрымаў ад караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. Знаходзіўся на чале войска падчас Лівонскай вайны 1558 – 1583 гадоў, хадзіў паходам на Гданьск. Разам з Мікалаем Радзівілам Рудым узначальваў вялікалітоўскую дэлегацыю на Люблінскім сейме, дзе вырашаўся лёс Вялікага княства Літоўскага, не згадзіўся з яго рашэннямі.
А калі пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста Івану Грознаму захацелася заняць польскі і вялікалітоўскі пасад, Ян Хадкевіч разам з групай магнатаў выступіў супраць. Не паглядзеў нават на тое, што расійскі цар прыхільна выказваўся пра яго: “Муж храбры, вельмі разумны і паважаны, варты ты ўзначаліць народ і ўладарыць! Даўно чуў пра храбрасць тваю і дзівіўся ёй, хваліў цябе і жадаў любіць і паважаць на многія часы”. Інтарэсы Княства былі для Яна вышэйшымі за свае асабістыя.
Справы бацькі годна працягваў сын Ян Караль. Пасля заканчэння Віленскай акадэміі паехаў удасканальваць веды ў Германію. Засвоіў не толькі навукі, але і рыцарскае майстэрства. Відаць, быў добрым рыцарам, бо нават германскі кароль і імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V выказаў яму падзяку. Ян стаў падчашым ВКЛ, генеральным старостам жамойцкім, віленскім ваяводам і, як бацька, адміністратарам Інфлянтаў. Праз сваіх жонак парадніўся з родамі Алелькавічаў і Астрожскіх. Найбольшую вядомасць і славу прынеслі Яну ваенныя поспехі. Нават значна меншымі сіламі атрымаў не адну бліскучую перамогу, ні разу не зведаў горычы паражэнняў. Асабліва вызначыўся ў 1605 годзе падчас Кірхгольмскай бітвы са шведамі (цяпер латвійскі Саласпілс).
Калі ў 1621 годзе давялося ратаваць еўрапейскія землі ад турэцкага нашэсця, вялікі гетман літоўскі Ян Караль узначаліў аб’яднанае польскае, беларуска-літоўскае і ўкраінскае казацкае войска. У бітве ля замка Хацін на Днястры султан Асман ІІ мусіў прызнаць сваю паразу. Так Ян Хадкевіч развеяў міф аб турэцкай непераможнасці, а Асманская імперыя пакацілася да заняпаду. Падчас гэтага паходу Ян захварэў і неўзабаве памёр. Сучаснікі назвалі яго ратавальнікам Еўропы, літоўскім Геркулесам. Гетманская булава Хадкевіча, як каштоўная рэліквія, захоўваецца ў каралеўскім зборы ў Варшаве.
Дастойным прадаўжальнікам слаўных спраў роду быў адважны палкаводзец Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч. Гетман вялікі літоўскі, ваявода віцебскі і кіеўскі, кашталян трокскі і віленскі ён вызначыўся ў Інфлянцкай вайне, актыўна адстойваў праваслаўе і незалежнасць Княства.
У знак пратэсту супраць Люблінскай уніі, якая замест ВКЛ і Каралеўства Польскага ўтварыла адну дзяржаву – Рэч Паспалітую, адмовіўся ад дзяржаўнай дзейнасці. У сваім маёнтку Заблудава Гарадзенскага павета арганізаваў друкарню. Сюды ў 1566 годзе перасяліліся з Масквы Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец і надрукавалі “Евангелле вучыцельнае” і “Псалтыр з Часаслоўцам”.
Род Хадкевічаў увогуле вызначаўся прыхільнасцю да навук, мастацтва, прыгожага пісьменства. У іхнім замку была багатая бібліятэка, якая ўваходзіла ў найбольш вядомыя кніжныя зборы Еўропы.