ПАДВОДНАЯ ЛОДКА КАЗІМІРА ЧАРНОЎСКАГА
ПАДВОДНАЯ ЛОДКА КАЗІМІРА ЧАРНОЎСКАГА
Ішла восень 1829 года. Расійскі імператар Мікалай І усё яшчэ не мог забыцца пра паўстанне дзекабрыстаў 14 снежня 1825 года на Сенацкай плошчы расійскай сталіцы. Даўно ў турмах, цытадэлях і крэпасцях, на вечнай высылцы і катарзе “вучацца жыццю”яго ўдзельнікі, кіраўнікі ж пакараны смерцю. Аднак час ад часу на стол цара кладуцца лісты вязняў з просьбай выбавіць з няволі.
Беручы ў рукі зварот 38-гадовага мінскага двараніна Казіміра Чарноўскага, Мікалай І спадзяваўся ўбачыць гэткую ж просьбу, бо пасланне было адпраўлена з турэмнай камеры Петрапаўлаўскай цытадэлі. Але нечаканым аказаўся змест. Вязень пісаў пра сваё незвычайнае вынаходства.
“У 1825 годзе я вынайшаў падводны карабель. Калі будзе неабходны матэрыял і дастатковая колькасць рабочых і патрэбных людзей, за 40 дзён магу збудаваць падводную лодку даўжынёй некалькі сажняў, у якой можна плаваць пад вадой, апускацца на марское дно…”
Турэмны вынаходнік добра ведаў, што ўвесь расійскі флот, у тым ліку ваенны, дагэтуль з’яўляецца драўляным. І тым не менш раіў збудаваць лодку для падводнага плавання з металу. Ён даказваў, што лодка здолее плаваць як на паверхні мораў пад ветразямі, так і з выкарыстаннем вёслаў пад вадой. Можа быць карыснай нават для збірання на дне рознай марской жыўнасці, жамчужын...
Цар чытаў далей: “І ў вайсковых мэтах яна будзе мець карысць, бо можна будзе пад вадой падплыць пад варожыя караблі і знішчыць іх альбо рабіць вылазкі ў нечаканых для непрыяцеля месцах…”
Хто ж ён – гэты дзіўны вынаходнік?
Нарадзіўся Казімір Гаўрылавіч Чарноўскі ў 1791 годзе ў маёнтку Карытніца Ігуменскага павета (цяпер Чэрвеньскі раён) у сям’і памешчыка. У 1824 годзе ён становіцца студэнтам Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. На той час у расійскай сталіцы ваўсю насіліся вольналюбівыя памкненні. Чарноўскі далучыўся да дзейнасці Нацыянальнага патрыятычнага таварыства. У 1829 годзе яго арыштавалі, адабралі ўсе напрацоўкі наконт пабудовы падводнай лодкі.
Расійскі шэф жандараў Аляксандр Бенкендорф, які сам вёў допыт мяцежнага беларуса, прапанаваў прызнаць віну і стаць тайным платным агентам. Чарноўскі адмовіўся. У выніку апынуўся ў галоўнай цытадэлі для палітвязняў – Петрапаўлаўскай крэпасці.
Каб не звар’яцець у камеры-адзіночцы, Казімір Гаўрылавіч вярнуўся да свайго даўняга захаплення. Без усялякіх кніг, дапаможнікаў і тэхнічных прыстасаванняў таленавіты самавук па памяці зрабіў апісанне самаходнай падводнай субмарыны, аднавіў чарцяжы, абгрунтаваў праект яе будаўніцтва. Гэтая унікальная праца і лягла на стол расійскага самадзержца. Вязень меркаваў, што цар ацэніць яго талент і вызваліць з турмы. Ды не спраўдзіў Мікалай І спадзяванняў, загадаў дапрацаваць праект.
І зноў узяўся Чарноўскі за справу жыцця ў прамым сэнсе гэтага слова. Беларускі вынаходнік разумеў, што ён не першы, што шмат стагоддзяў вучоныя і самавукі многіх краін намагаліся стварыць падводны апарат. Нават славуты італьянскі жывапісец і скульптар Леанарда да Вінчы ў ХVІ стагоддзі распрацаваў першы праект лодкі, якая магла рухацца пад вадой.
Чарноўскага ж за ягоную рупнасць не толькі не аддзячылі, а перавялі ў яшчэ больш суровую Шлісельбургскую цытадэль. Хоць і цяжка было, невыносна так, што спрабаваў паквітацца з жыццём, ды ад ідэі сваёй не адрокся. У 1832 годзе зняможаны фізічна і спакутаваны маральна нявольнік перадае яшчэ адну папку з чарцяжамі і новымі матэрыяламі. Ён меркаваў, што найбольш выгадна будаваць металічныя падводныя лодкі абцякальнай цыліндрычнай формы. Раней за іншых распрацаваў прынцыпова новы перыскоп, які высоўваўся знутры лодкі. Вынайшаў міну з хімічным узрывальнікам і скафандр для вадалазаў.
Вынаходнік дэталёва прадумаў размяшчэнне ўзбраення, спальных месцаў, нават кухні, распрацаваў сістэму вентыляцыі, падтрымання неабходнай атмасферы ў лодцы з дапамогай балонаў. Нязвыклай канструкцыі вёслы нагадвалі парасоны, якія маглі лёгка хавацца, каб не перашкаджаць плаванню лодкі пад ветразем, які таксама мог зручна складвацца. Ён прапанаваў новы спосаб апускання лодкі з дапамогай скураных мяхоў, якія маглі запаўняцца вадой, а для ўсплыцця вада з іх выціскалася. Прыдумаў ён і сістэму амартызацыі падчас пагружэння на дно. Шмат што з прапанаванага беларусам насіла азначэнне “ўпершыню” і без перабольшання мела вялікае навуковае значэнне.
Аднак ваеннае расійскае міністэрства 30 верасня 1832 года адхіліла праект Чарноўскага. За свой навукова-творчы подзвіг ён атрымаў-такі царскую “ўзнагароду”: у маі 1834 года яго выслалі на вечнае пасяленне ў Архангельскую губерню. Надзея вярнулася да турэмнага доўгажыхара. Яму даверылі займацца праектаваннем жылых будынкаў. Аднак вальналюбства не выветрылася з душы Казіміра Гаўрылавіча. Яго апанавала ідэя паўстання. Летуценнікі намерваліся захапіць горад, завалодаць караблямі, сагітаваць матросаў і вырушыць у Іспанію, дзе здзяйснялася тады чарговая рэвалюцыя.
Але намеры змоўшчыкаў былі выкрыты, іх арыштавалі. Цар вызначыў К. Чарноўскаму пажыццёвую ссылку ў Вяцкую губерню. Зноў, і на гэты раз канчаткова, вальналюбства Чарноўскага збанкрутавала. 27 кастрычніка 1847 года ў горадзе Сарапул ён памёр. Было яму ўсяго 55 гадоў. Больш за васемнаццаць з іх па царскай міласці выпала правесці ў крапасных адзіночках і ссылках.
А турэмны праект беларускага вынаходніка рэалізаваў яго зямляк -- ураджэнец мястэчка Сіманава Віцебскай губерні ваенны інжынер генерал-ад’ютант Карл Андрэевіч Шыльдэр. Ён збудаваў першую ў свеце суцэльнаметалічную падводную лодку. У жніўні 1834 года яна праходзіла выпрабаванні ў Архангельску, куды па царскаму загаду толькі што прыбыў са Шлісельбургскай крэпасці беларускі дваранін Казімір Чарноўскі.