ВОЗЕРА НАРАЧ
ВОЗЕРА НАРАЧ
Азёры Беларусі. Гэтымі чыстымі вачамі даверліва ўзіраецца мая Радзіма ў далёкі і недасяжны сусвет, нібыта шукае там паразумення, спадзяецца на ўзаемны давер і спагадлівасць.
З незапамятных часоў вабіла беларуская зямля сваёй прыгажосцю, непаўторнай прыродай, чароўнымі пейзажамі. Цэлымі стагоддзямі і тысячагоддзямі неаднаразова прасавалі яе магутныя ледавікі, каб былі тут пагоркі з нізінамі, лясы з балотамі, рэкі з азёрамі.
Пазіраючы ў чыстыя вочы азёр, вышэйшыя нябесныя сілы пранікаліся да тутэйшай прыгажосці такой павагай, што не маглі псаваць яе. Нават суровы сівабароды Пярун пакідаў свае ўладныя і памаўзлівыя звычкі, калі праязджаў на грымотнай калясніцы над азёрнымі люстэркамі Беларусі. Бо хіба ж станеш рабіць крыўду людзям і прыродзе, калі пазіраеш у даверлівыя вочы-азёры, у люстраную рачную роўнядзь? А гэткіх чароўных люстэркаў на Беларусі – лічыць-не злічыць. Сярод іх сапраўды першай перлінай стала возера Нарач. Легенда пра яго паходжанне таксама звязана з люстэркам.
У адной з тутэйшых вёсак жылі прыгажуня Галіна і хлопец Васіль. Пакахаліся яны моцна, адзін без аднаго жыць не маглі. Васілёк умелыя рукі меў. За што ні возьмецца, усё зробіць адмыслова і прыгожа. Так і змайстраваў ён сваёй Галінцы люстэрка. Ды не звычайнае, а чароўнае. Зірнеш у яго – і пра свой лёс даведаешся.
А на месцы сённяшняга возера Нарач тады магутны бор шумеў. Ля яго несціхана шапталіся калоссем урадлівыя палеткі. Але гэта не асабліва радавала сялян, бо не яны з усяго пажытак мелі, а багаты і сквапны пан. Неяк раз убачыў ён прыгожую Галіну. Захацелася мець яе сваёй каханкай. Ды бацька стаў на абарону дачкі. Аднак не ўратаваў, хоць і заплаціў за тое сваім жыццём.
Тады за каханую заступіўся Васілёк. Уварваўся ён у панскі палац, забіў ненавіснага памаўзу-пана. Але і сам загінуў. Калі пра гэта даведалася Галінка, павалілася без прытомнасці, выпусціла з рук чароўнае люстэрка. Упала яно, растрэскалася на кавалачкі, якія адразу ж азёрамі сталі. А назвы іхнія – Нарач, Мястра, Баторына, Бледнае.
Галінчын каханы да гэтага часу блакітнавокімі васількамі прарастае ў прыазёрным жыце. Праз рэшткі чароўнага люстэрка любуецца на сваю незабыўную і мілую Галінку. Яна ж самотна-трывожнымі крыкамі чайкі дагэтуль абвяшчае ўсім пра сваё каханне. Спадзяецца, што знойдуцца спагадлівыя людзі, дапамогуць злучыцца з Васільком.
Шмат каго з творцаў натхняла гэтая легенда. Народны паэт Беларусі Максім Танк так напісаў пра тое:
І раптам на месцы, дзе высіўся бор,
Дзе срэбныя палі асколкі, --
Ўсё знікла, адны толькі хвалі азёр
Заззялі люстэркам-вясёлкай.
Дзяўчына ж крылатаю чайкай з тых пор
І ў цёплыя ранкі, і ў сцюжу
Над люстрам азёраў, прасторамі вод,
Шукаючы мілага, кружыць.
А возера Нарач, прыгледзьцеся, сваімі абрысамі сапраўды нагадвае сэрца. Ці то Галінчына, ці то Васількова, але – добрае чалавечае сэрца. А мо гэта сэрца нашай з табой маці-Беларусі?
Народжанае ад чароўнага люстэрка, і само возера Нарач з’яўляецца чароўным. Яно не толькі лечыць, загартоўвае людзей, але духоўна ўзвышае і натхняе іх. Нездарма нарачанскія ваколіцы сталі найпершым беларускім курортам. Калі давядзецца табе трапіць на ўзбярэжжа нашага беларускага мора, плошча якога каля 90 квадратных кіламетарў, а найбольшая глыбіня амаль 25 метраў, прыслухайся, і ты пачуеш, як пра ўсё гэта захоплена расказваюць салаўі і шпакі, дзятлы і сініцы. Асабліва лебедзі-шыпуны, малыя крачкі, скапы, малыя паганкі, якія водзяцца толькі на Нарачы.
Як замілавана прызнаюцца ў зачараванасці гэтым краем загарэлыя сосны і вечназялёныя елкі, дрыготкалістыя асіны і шумныя бярозы. Як прамяністай шматколернасцю вабна ірдзеюцца чарніцы і брусніцы, журавіны і маліны, каліна і суніцы.
Як іскрыстай неўтаймоўнасцюю выяўляюць сваю радасць акуні і плоткі, шчупакі і ліні, мянтузы і амурскія сазаны, сярэбраныя карасі і сігі. Не злічыць усіх назваў рыбы, што водзіцца ў Нарачы.
А таўсматы, але непадатлівы на ловы вугор і наогул сапраўдным гаспадаром пачуваецца. Ледзь не забыўся ён, што прарадзіма ягоная ажно ў Саргасавым моры, ля цёплага цячэння Гальфстрым. Жыве вугор да 25 гадоў, дасягае да паўтара метра, важыць да 6 кілаграмаў.
Але дзе б ні знаходзіліся вугры, калі мінае 10 гадоў, яны абавязкова кіруюцца да Бермудскіх астравоў у Атлантычным акіяне. Многія тысячы кіламетраў пераадольваюць толькі дзеля таго, каб даць жыццё сваім шматмільённым ікрынкам-дзецям. Дарослы вугор пасля нерасту гіне. А мацярынскія навыкі, настойлівасць і ўпартасць, кліч продкаў перадаюцца нованароджаным вугранятам. Каб праз 10 гадоў яны паўтарылі шлях бацькоў дзеля захавання і прадаўжэння роду вугровага.
Дабірацца да Саргасава мора нарачанскім вуграм складана. Там, дзе няма рэк, яны перамяшчаюцца па густой начной расе, якая шчодра атуляе паплавы і лугі. Пасля маладзенькія вугорчыкі тым самым нялёгкім і небяспечным шляхам дабіраюцца да Нарачы. На гэта траціцца каля трох гадоў. Чым не сведчанне цеснай знітаванасці і паяднанасці беларускай Нарачы з далёкім светам!
Калі зірнуць на карту, то абрысы Беларусі нагадваюць кляновы лісток. А на ім празрыстай расінкай блішчыць Нарач. Яна, як надзейнае і дужае сэрца Беларусі, заўсёды б’ецца рытмічна і зладжана, суладна з сэрцамі руплівых і дбайных гаспадароў свайго лёсу і сваёй краіны, спаконвечных насельнікаў беларускай зямлі, якая люстэркамі-азёрамі стасуецца з сусветам і мае праз гэта Божае апекаванне. А ў чароўнай кропельцы-Нарачы адбіваецца ўвесь сусвет.