1951-1955
1951-1955
У Крынках траскацела лютаўская зіма пяцьдзесят першага года, а мы ўжо ў новым доме: стары, на Сакольскай 27, прадалі шляхціцу Рудкоўскаму, загранічніку з Макараўцаў; ён чамусьці гаварыў з на-мі па-польску, а са сваёй жонкай-лялечкай па-беларуску, чым даводзіў яе да бабскае істэрыкі, і яна кідалася на яго з кулакамі: – Ty herbowy chamie!
Як цяпер разумею, я жыў маніямі. Заманулася стаць метэаролагам (прыцягвалі тайніцы пагоды). На падворышчы абсталяваў назіральную станцыю, з паказнікам ападкаў, ветрамерам, і батарэйным асвятленнем для вечаровых занатовак. Даволі шматлюднае пакуль мястэчка закпіла з мяне хлапцоўскім рогатам у заплоцці: матаралёг! матаралёг! матаралёг!!!
Бацька цярпліва маўчаў, пе будучы пэўным, ці выжыву ад сухотаў. Не ганяў мяне памагаць яму ў гаспадарскіх клопатах, сам рэзаў сечку карове, насіў з далёкага гумна сена авечкам, парыў бульбу свінням, і пакрыёма шаўцаваў. У змярканне сыходзіліся да яго на майсы крынкаўскія патаемнікі і мамінсыночкі-дармаеды. Тады ажывалі геройскія ўчынкі пагулянскіх бандзюкоў, забытыя прыгоды жыдоўскіх курваў, дурныя хітрыкі акопаўскіх гароднікаў, недаўмекаватасць млынароў, і тое, як фабрыканта Айна ўтапілі ў чопавай кіпені. У багонніку пад Разбойнікам учора крактаў чорт. На Новай вуліцы крушынянская хамутка, што прыйшла замужжам сюды, нарадзіла дзіця з цялячым хвастом. Палякі арыштаванага Гамулкі зноў падымаюць бунт, але Сталін сказаў, каб селі на сраку...
Мая радасць, што я зноў у сваёй хаце, у Крынках, канчалася. Пабыўшы праз восень у Беластоку, пабачыў іншае жыццё, крыху польскага свету. Кантраст аказаўся каласальны: людзі там меліся непараўнальна лепей ад крынкаўцаў, прычым не так цяжка працуючы. Усё здалося падобным да таго, што чым страшней тыраеш, тым галаднейшы ты. Так прабівалася ў свядомасць жаданне аднак драпаць у горад. 3 кожным днём мацнейшае, гледзячы, як бацькі мучацца на гаспадарачцы, некалькігектаравай усяго, будучы пазбаўленымі Народнай Уладаю свайго капіталістычнага рамясгва – бацька баяўся адкрыта шаўцаваць, а маці краўцаваць.
Хварэючы сухотамі, быццам перад смерцю якою закруціліся ў маёй памяці, нейкім зваротным фільмам, успаміны. – Зіма саракавога года, роўныя з платамі грумакі... Катаемся на санках, разгон ад ваконца пад саламянай страхою Курча. На шашы пад Прафіткаю буксуюць савецкія грузавічкі з комінамі за шафёркамі, з якіх валіць дым, бы з караблікаў на белапенных хвалях мора... Мы, дзецярня, перасталі чуць-чуваць польскую мову. Замест яе з’явілася не менш дзіўная руская, даволі ўсё ж падобная на тую ў пропаведзях бацюшкі Савіча. Гэта моўная рэакцыя дзяцей калоніі, якой камандуюць чужыя – хто з легіёнамі калісь прыйшоў, а хто на танках нядаўна прытарахцеў да нас. Уздзіў, чаго іх сюды носіць!?
За другімі палякамі, калі і другія немцы прайгралі вайну, я дастаў запалення мазгавых апонаў. Аглух і адняло мне мову. Фурманкаю адвезлі мяне на пасцелі ў шпіталь, што на Гродзенскай, пабудаваны за царом. Лячыў рэпатрыянцкі лекар Абуховіч; потым я сустракаў яго на беластоцкім тратуары ў мундзіры вышэйшага рангу польскага афіцэра медычнай службы. 3 ягонымі дачкою і сынам вучыўся ў пачатковай школе на Гарбарнай. Стэрыльна чыстыя і дагледжаныя, нагадвалі яны паненак і панічоў з кінафільмаў пра дваранства, на якія паспеў быў я ў адзіным на ўсёй пасляваенны Беласток „Тоне” (побач фарнага касцеліска). Гэта Абуховічанка, бы анёлак, і перакормлены Абуховічык з тоўстымі шчочкамі Херувіма вельмі імкнуліся гуляць з намі, як дзеці з дзецьмі, але яны нам, упэцканым местачкоўцам, моцна не падабаліся, смяшылі пры гэтым бесталковым przepraszam, przepraszam...
Ну і тое АК жудна засела ў мазгах, назву якога цямілі можа некаторыя гладчэйшыя мужчыны. Акоўцы недзе кагосьці забівалі, ну і тады за імі ганялася войска, але без удачы. Часам наязджалі з-за граніцы саветы на танкетках, ад якіх не адзін аковец накладаў галавою. Пасля сорак сёмага тыя „лесныя” ўжо не хадзілі. Я пра іхныя бітвы і не ведаў бы, калі б не пабілі трохі сваякоў з боку маці. Цікава, што крынкаўскія аўтахтоны нікуды не лезлі. Затое заядла палітыкавалі ды бегалі поначы з карабінамі закерзонскія рапатрыянты і каталіцкая басота па вёсках. Адтуль далятала пальба, як толькі цямнела на двары. Сёння тамака глухое бязлюддзе.
І не падумалася, што нічога ўжо тут не будзе; вернецца пушча ды звяр’ё, нават ніколі не бачаныя бабры. Наслухаўшыся агітацыі сацыялістычнага шчасця я ўяўляў сабе натоўп комінаў на адбудаванай гарбарнай Пагулянцы, ткацкі камбінат на жытнёвай Прафітцы, чыгуначную станцыю ў доле, за капуснымі агародамі Дужага, стадыён на Акопах, парк культуры і адпачынку ды з возерам на Старых Млынах, абавязкова Палац Партыі на рагу Касцельнай, таксама сажалкі поўныя карпаў пад маёнткам, а ў старадрэўі ў ім бліскацела мне ўваччу беласценная санаторыя для нямоглых мужычак ды мужыкоў... І чуліся радасныя адтуль спевы тых пакручаных нялюдскай работаю на загонах, аб тым, як ім цяпер добра жывецца!
Абагаўляў прыроду, зачараваны расуючымі жытамі ў далёкіх палетках; сядаў на ўскраі лужкоў, назіраючы за гняздуючымі ў кустоўі птушкамі. Лежачы на ўзмежку, заглядаўся на аблокі; у вышынях шыбаваў птах. Мроячы пра ўласны сад, у капанне бульбы звозіў дзічкі з межаў, садзіў на прыгуменні і на новым пляцы, купленым бацькам пад хату на жыдоўскіх пажарысках за кузьняю Лейзара. 3 таемнай асалодаю паўтараў прыродаапісальныя вершы з матчынай кніжыскі Пушкіна: Пахнет сеном над лугами, сердце, душу веселя... Або: Буря мглою небо кроет, вихры снежныя крутя, То как зверь она завоет, то заплачет как дитя...
Разумеў, што я дзівак і таму, выходзячы на паўдня, у смутна- адзінока-бяскрайняе заполле, забіраў з сабою мяшок, каб нарваць на ўзмежку зелля свінням, што адводзіла ад мяне пляткарскія языкі і нядобрыя вочы. Хворых маладых лічылі схільнымі да ненармальнасці. Я кахаў бываць у глухіх закутках, у непатрэбным свеце, і соладка плакаць у забытых лужках пад Гаспоравым лесам. Сухоты шчасліва не адкрыліся гнільнымі ранамі на лёгкіх і ў лірычнае квітненне яблыняў я заеўся думаць, як дастацца ў сельскагаспадарчую школу. Неацэнны беластоцкі сваяк Віцька, сын таго ж шафёра Сенькі Карпука, адшукаў агародніцкую, што мяне моцна ўзрадавала. Але чамусьці зараз жа перавялі яе ў якісьці Кнышын, у мазур’ё. Віцька, хлопец невясковы, практычна падказваў мне вярнуцца ў Механічны тэхнікум, куды прынялі б назад без уступных экзаменаў, але я кепска пераносіў кантакт з тэхнікай, пах шмараў ды скрыгат механізмаў, бяздушша жалезіны. Тады зрабіў ён адкрыццё, што ў пару кроках ад іхнага дома існуе невялікі Электрычны тэхнікум, на рагу Заменгофа і Белай. Я запаліўся, ні трохі не падазраючы, што электратэхніка – гэта перш за ўсё матэматыка і матэматыка, а не рамантычнае святло на вулічным слупе ў меланхалійнай, восеньскай, імгле... Няблага падвучаны раней гміннымі рэпетытарамі і маючы за сабою амаль паўгоду ўжо сярэдняй вучобы, я здаў экзамен у „электрык”, пэўна горш па „матме”; з польскай мовай і літаратурай, асабліва з правапісам не меў праблемы, даўно ўцяміўшы па-беларуску, калі пішацца „у” адкрытае ды не менш клапотны палякам „рз” Само тэхнікум адразу і прыкра расчаравала мяне, знюхаўшы ў ім той жа запах варштатаў, нейкае слесарні, бензінны вуркат матораў. Экзаменацыйных вынікаў я не чакаў, задоўга давялося б сядзець у цеснай кватэры з вечна незадаволенай Карпучыхай. Даўгачаканы ліст ад Віцькі прынёс звестку, што няма майго імя ды прозвішча на вывешаным спіску прынятых, а што мяне зусім не засмуціла. Бог адзін выратаваў з чарговае памылкі ў выбары жыццёвага шляху! Але, куды цяпер? Неўзабаве, аднак, прынёс пісьманосец наступную канверту ад шалапутнага Віцькі: ці не mamu?ka яго, не могучы сцярпець такое ганьбы ў кроўньм ёй родзе Яновічаў, не паверыла да канца Віцьку- трапястуну і сама пайшла паглядзець тую катастрофу адсутнасці маёй у пераліку добра здаўшых іспыты. Выявілася, што фігураваў я ў алфавітным парадку ажно пад літарай „С” (так незвычайным падалося канцылярскай машыністцы маё імя, што атоесаміла яго на шляхецкі манер: Сакрат-Яновіч, з падвойным прозвішчам).
Не меў я ўжо выйсця, рушыў рабіцца электратэхнікам.
* * *
Стаў на кватэру ў Рыбніка, электраманцёра ў беластоцкай электроўні, што жыў у шматкватэрным драўляным будынку ўпачатку вуліцы Смольнай (цяпер там стаяць „блёкі”). Рыбнічыха была энергічнай мазуркай, родам ад Кнышына. Мелі яны толькі сына Янка, які вучыўся ў Будаўнічым тэхнікуме. Спалі ўсе на вясковы лад, у адным пакоі з ложакамі пад сценамі, шафаю на адзенне, круглым сталом пасярэдзіне. Жылі Рыбнікі бедна і таму другі пакой, меншы, здалі кватарантцы, малёванай тоўстай бабе, якая рабіла ў фабрычцы воцату на Юравецкай. Часамі мелі месца сцысіі з ёю – спрабоўвала прыводзіць мужчын.
3 Янкам сябраваў Віцька і мы ўтраіх хадзілі ў нядзелі на стадыён, той стары, што ўканцы Жалезнай (другога ў Беластоку не было). Шкадуючы – або не маючы – грошай на білеты, пралазілі праз тайную дзірку ў высокім драцяным плоце. Ні разу не папаліся. Папраўдзе спорт мяне не надта цікавіў, Янка можа больш, але тон задаваў менавіта Віцька-Вітэк, аматар спрынту і... гожых дзявочых лытак. У яго завялася нарачоная і пра гэты сакрэт неяк уведала сястра Таня, і данесла матцы аб тым, што дзяўчына – каталічка. Карпучыха погразна бурчэла на такую навіну, ставячы ўмову, што ў жаніцьбу мусіць тая перайсці ў праваслаўе. Віцька не браў таго завельмі ў галаву. Наколькі яшчэ памятаю – прыгажуня не прападала за ім і, пасля матуры, пайшла замуж за кагосьці.
3 Янкам добра было рабіць хатнія задачы. Ён, флегматык, лёгка пачуваўся ў матэматычных праблемах і зусім наадварот, чым я, у гуманітарных прадметах. Так што абодва мы файна дапаўнялі адзін аднаго. Гармонія між намі панавала настолькі ідэальная, што аж мала што запамяталася з тае пары.
У калядныя фэрыі ў Крынках напаткала непрадчуваная бяда: эпілепсія Джэксана. Бацькі перайшлі жыць ужо ў новую хату, што стаіць і цяпер, і па ваду трэба было хадзіць даволі далёка, цераз пажарышчы да жыдоўскай помпы каля мураванкі Пуля. Беручыся аднойчы напампаваць, я моцна здзівіўся, што не магу падняць правую руку, зрабілася як быццам не мая яна, абвіслая. Неўзабаве ахапілі канвульсіі і прыступ бяспамяці. Прывялі дахаты мяне людзі; я апрытомнеў пад вечар у пасцелі, балючы і знямоглы. Была нядзеля, збіраўся быў у царкву на абедню; у хоры спявала чарнабрывая Валошынка з элітнага крынкаўскага роду, што дадаткова падбівала мае амбіцыі пачынаючага кавалера... Ужо тады я не сумняваўся ў тым, што нечага важнага даб’юся ў жыцці. Аднак, растучы заікаю, не меў шанцаў паведаміць якраз ёй пра гэта.
Маці, змучаная мноствам маіх папярэдніх хваробаў, заядла верыла ў цуды і ў знахараў. Вышукала мне чарадзея, аброслага брудам мужычка з-пад Верхлесу, які супакаяльна паўплываў, даўшы з’есці камяк з павуціннем, нашаптаўшыся і выправіўшы хваробу „на сухі лес”. Усё ж яна вярнулася да мяне роўна праз месяц, пасля абеду ў прыход са школы, у кухні Рыбнікаў, наклікаўшы паніку на дом! Незабабонная мазурыца рацыянальна накіравала мяне да лекара, які пацыентаў са Смольнай прымаў у кабінеце на Міцкевіча, у старажытнай будыніне магнатаў Браніцкіх, той самай, у якой два стагоддзі назад выступаў варшаўскі тэатр Багуслаўскага. Рутынны медык апазнаў... рэўматызм і прадпісаў награванні спецыяльнай лямпай. Калі ж таемная хвароба зноў завітала, гэтак жа праз месяц у мазгі, нехта нараіў фельчара Скварчынскага на Зялёнай (Выгода). Паратаваў, імгненна ўстанавіўшы прычыну. Сказаў: хлопча, ты з гэтага вырасцеш, арганізм жа развіваецца, зажыве недамаганне, прыходзь на электрызацыю, дбай пра бясхмарны настрой і пі, вось, гэту ўзмацняльную мікстуру, а ў выпадку чарговага прыступу – спявай, спявай, весяліся, хоць слёзы будуць цячы... Вось так. І я спяваў, наогул „Кацюшу”. І да канца навучальнага года, лічы, выздаравеў. Прафілактычна заходзіў пад „Тон”, дзе стаяў з электрычным сіламерам фацэт з сінім носам. Не мог ён уцяміць, чаму я ў яго такі пастаянны кліент, адзін, без калегаў, без патрэбы пахваліцца мацатою.
Упалоханы эпілепсіяй, выпрацаваў у самім сабе некалькі, прыдатных пасля стандартных рэагаванняў. „Не біць у хамут”, як казалі ў Крынках, г.зн. не кідацца ў залішнюю амбіцыю. „Не крушняваць пад сябе”, г.зн. не шалець ад пярэпалаху. „Жыць, як жыццё набяжыць”, г.зн.: памяркоўнасць у спадзяваннях. „I без цябе быў свет”, г.зн. не мондрыцца.
Прамоцыю ў другі клас тэхнікума атрымаў досыць гладка. Абсыпаліся, бы асеннія лісці, гультаі ды цванікі, пераважна беластачане. Мужыцкія дзеці зубрылі матэрыял, не бачачы альтэрнатывы задуманай лёгкахлебнасці. Не хапала падручнікаў і наш матэматык вышныпарыў нейкі беларускі з саракавога году. І вучні на ўроках давалі яму адказы таксама па-беларуску, што не ўяўляла перашкоды і шэпятоўскім мазурам, прайшоўшым прадмет беларускай мовы ў савецкіх школах у гадах 1939-41. Настаўнік злаваўся і крычаў:
Ja ci dam „budzie”! Ja ci zaraz poka?? „rauаniajecca”!
У вялікія праваслаўныя свягы я звальняўся дамоў. Ніхто больш, хоць „кацапаў” налічвалася каля дзесяцёх. Дырэктар Рытэль ні разу не адмовіў, яшчэ і наказваў: A twoi prawos?awni koledzy to co – ju? niewierz?cy? Быў ён салідным перадваенным інтэлігентам, якому і не падумалася, каб кагосьці прынізіць, абсмяяць. А тыя мае калегі, злітуйся Божа над імі, „крушнявалі пад сябе” і, закончыўшы тэхнікум, пашукалі шчасця чым далей адсюль. Інваліды духа.
Дзейнічаў чырвонагальштукавы Zwi?zek M?odzie?y Polskiej.
З ім не было жартаў і амаль усе пазапісваліся ў яго. Першымі рынуліся туды, а як жа, Ruscy: Валік Антанюк, Генік Лісоўскі (з Талькоўшчыны) і Лідка Пятроўская з прыцаркоўнага асяроддзя. Потым толькі рушыліся за імі несумненныя палякі – Багуся Шэндар з дробнай буржуазіі і Рысё Скаўронскі з тандэтнай хаткі чыгуначніка ля Фабрычнага вакзала, званага іншы раз Палескім. Яны верхаводзілі. Стварылі і гурток Таварыства польска-савецкай дружбы, паставіўшы на шэфа ягонага – мяне. Аргументавалі: S?uchaj, Sokrat, jeste? Bia?orusinem, wi?c bardziej kochasz Zwi?zek Radziecki, bo my, Polacy, jeszcze nie dojrzeli?my do tej mi?o?ci... Pom?? nam, do jasnej cholery!
Утворана ўсенькія арганізацыі, да якіх належалі гэтак жа цэлым класам. На двары ўстаяўся пік сталінізму і цэнтр перадаваў, каб выкрываць ворагаў сацыялістычнага будаўніцтва. Дзе ж іх было знайсці сярод кавалерчукоў, але „нашы хлопцы” пастараліся. На інаўгурацыйным сходзе Таварыства – пасля ўрокаў – я трымаў слова і, вядома, камічна заікаўся, чаго не стрываў смяшлівы Мішталь. Вось і паслужыў ён пачаткам чорнага спіску. Наступным аказаўся, калі не памыляюся цяпер, моцна перарослы Чайкоўскі, які ў войску дабіўся чыну капрала. На сходцы LP?, Лігі Сяброў Салдата, парамілітарнага ўтварэння, меўся ў яго клопат з той жа фанабэрлівай Багусяй і ён нараіў ёй забяспечыцца ў Лізе тых сяброў... прэзерватывамі. Праўда, слабенькімі паказаліся падставы дзеля намінацыі яго ў неабходныя ворагі, але лепшых пакуль не бачылася. Ажно нечакана падлез пад палітычную інструкцыю Адульчык, маладзёвы шукальнік праўды, які „даў шайбу” запытаннем, што будзе пасля камунізму як усёсусветнай мэты чалавецтва... У рамках якойсьці чарговай дыскусіі нагадваючай літургію. Адульчыка, праўда, не выгналі з тэхнікума, нікога больш „не заразіў” сваёй дапытлівасцяй і таму паслаўлялі аднаго яго ў дакладах ды справаздачах, у якасці прыкладу ідэйнай бесхрыбетнасці. Валік ушчуваў па-за пратаколам: Zastan?wcie si?, kolego Adulczyk, po czyjej stronie jeste?cie: z ludem czy przeciw ludowi? Хлопчык чырванеў ды пацеў, як мыш. Клас усгрывожана маўчаў, а Лідка сакатліва ўспамагала Валіка, Генік жа па-сялянску памяркоўна азываўся: Zejd?cie ju? z Adulczyka, wystarczy.
Чытаецца сёння пра тое, бы кабарэтны тэкст. Аднак жа на інфантыльныя гульні гэта тады не выглядала: у наступіўшыя польскія адлігі ды перавароты ўсе яны паўміралі, зазвычай ад інфаркту. Чую, што яшчэ карпее недзе ў Польшчы, зашыўшыся, адна Лідка, як кожная баба, даўгавечнейшая за мужчыну. Jako? nigdzie nie za?apa?a si??
* * *
У асяроддзі штубакоў у Беластоку на зломе саракавых і пяцідзесятых гадоў наглядаўся асаблівы ментальны клімат, які потым знік і яго ўжо няма цяпер. Візуальна праяўляўся ў шпанаванні шапкамі-дэклямі. Кожная прафесіянальная школа мела іншую камбінацыю колераў на іх. Не памятаю, як прэзентаваўся Электрычны тэхнікум, – нечым блакітным? – але надта высокую павагу выклікалі белыя рагатыўкі Медычнай акадэміі. Шапкі ўсякія шылі краўцы з Сеннага рынку і каштавалі дарагавата (блішчасты чорны казырок, рознаколерны абадок, верх з нейкага плюшавага матэрыялу).
Сярод прафесійных школаў папулярна шанавалі дзве: гандлёвую з Варшаўскай і педагагічную з Міцкевіча. Калі тыя дэклі ўяўлялі сабою працяг перадваеннай моды, дык асаблівы гэты пашанунак да гандлю і настаўніцтва быў вынікам таксама мінулых часоў, у якія лёгка жылося местачковым крамнікам ды „вучыцелям”. Самы ўдалы механік ці электраманцёр у Крынках не зарабляў столькі, колькі „пані з падставоўкі”. Мой бацька, маючы добрую марку шаўца, задавальняўся двума злотымі заробку ў дзень, што складала прыблізна ўсяго трэцюю частку грошай „беларучкі з ксёнжкамі ў сумцы”. Быць інтэлігентным значылася не бедаваць. І лепшы быў ma?y handelek, ni? du?y szpadelek.
Страшэнна ціснула на псіхіку мужыцкая зацюканасць! Панадзяваўшы дэклі, бы якіясьці кароны, нельга ўжо было з кім-колечы загаварыць па-свойму. Таму так памятаюцца wyj?tki ў гэтай усенароднай псіхічнай хваробе: Юрак Анісімовіч з канца Гродзенскай, Галя Анісімовіч з Каўказскай, Марыся Кукіш з Новай... Характэрна, што яны з заможных фаміліяў. Найзаядла ганьбавалі родным бясхлебавічы, што на розум яснае – чым жа маглі яны ганарыцца? Цяжка кіраваць да іх жаль, бо проста ратаваліся ад бацькоўскай нэндзы. А, зрэшты, знакамітая гэта ілюстрацыя навуковай праўдзе аб тым, што нацыю стварае буржуазія, людзі, у якіх адсутнічае праблема хлеба. Нацыянальная свядомасць, як вядома, ёсць прадукт культуры; сама голая культура нікога не накарміла. Гэта польская культура сцісла звязаная з кар’ераю, не беларуская (у саветаў усяму варунак – руская!).
Лекцыі ў тэхнікуме, іх атракцыйнасць залежала ад індывідуальнасці выкладчыка. Моцна пашчасціла нам з навучаючым нас электратэхнікі, маладым Эдвардам Фалькоўскім. Гэта быў чыстай вады педагагічны талент! Можна было не вывучыць іншы ўрок, але не ягоны, на прамілы Бог! – Праз чатыры гады пасля, ідучы ў жыццё ўжо з дыпломамі тэхніка-электрыка мы плакалі на развітанне, і ён разам з намі. Чагосьці такога больш не здарылася мне ані не бачыў я дзе-колечы, хоць чакала мяне яшчэ шмат навукі ды мнагалікі натоўп cia? pedagogicznych. Гляджу на старыя фатаграфіі: Божа, як усе тады былі худыя і ў марным адзенні! Сёння беспрацоўныя лепш выглядаюць. Апускаючыся ва ўспаміны не магу трапіць, аднак, на нейкі камень незадаволенасці; адна радасць – выбранай школай, якая прадвяшчала паслейшы дабрабыт, хоць новакупленым шалікам. Радасць і радасць у маладосць з гатовым планам бяссмерцця. Бывала, нехта забіўся на матацыкле ў калдобінах вясковай Выгоды або ўтапіўся ў Супраслі пад Васільковам, але ўспрымалася тое, бы жарт: от, нібы наклаў галавою ды, нябось, прыйдзе на танцы ў Гандлёвай, далезе туды безбілетна, па вадасцёкавых рынах раннім вечарам з суботы на нядзелю... Гэта, дарэчы, не танцы, а балі – хлопцы пад гальштукамі і з набрыльянцінаванымі чубамі, дзяўчаты ў беласнежных блузках і з бантамі на прычосках. Абавязвала дастойнасць, парфумы. Рогат лічыўся вульгарнасцю. Вылучаліся сваёй неразлучнасцю сімпатычныя пары з дыскрэцыёзнай канверсацыяй, стрыманымі ўсмешкамі і гарачымі вугалькамі позіркаў. Яны трымаліся воддаль, у рамансавых паўценях каланады высознае залі. Чуліся французскія тэрміны любоўных залётаў: „рандэву”, „вуаля”, „гран-данс”, „пардон”.
Няцяжка здагадацца, што мы, хамы, стаялі там разявамі; не хапала пару грашакоў хаця б на банальную фрызарскую ваду. І не кожны яшчэ ведаў, што зубы трэба чысціць, шыю мыць штодзень; пазногці абрэзваць, „мёд” з вушэй вымаць.
Вельмі падабалася нам, прышлым сюды, маладакамуністычная барацьба з мяшчанствам і нават эпілепсійны амерыканскі рок-н-рол (на жаль, імперыялістычны). Як рэвалюцыйная мы моладзь, якой аказаліся недаступнымі паненкі з патомных беластоцкіх дамоў, заўзяліся ладзіць у тэхнікуме пралетарскія „забавы”; члены ZMP прыходзілі ў па-фашыстоўску арганізацыйных уніформах (чырвоны гальштук, вайсковая кашуля, значок з візэрункам Сталіна). Перш, чым дазволіць аркестру ўрэзаць інаўгурацыйны вальс „На сопках Маньчжурыі”, адзін з нашых, па-езуіцку бледных, правадыроў выступаў з калягадзінным натхнёным дакладам пра актуальныя палітычныя падзеі, прыкладна, наконт капіталістычнай агрэсіі ў Карэі. Imperializm do piachu! Польска-савецкую дружбу раз-другі рэфераваў я, як кожны заіка пазбягаючы словаў, што пачыналіся літарамі „к”, „д”, „п”. Слухалі таго „варожыя элементы” ў мёртвай цішыні і ў заканчэнне з палёгкай апладысменцілі. Niech ?yje Kraj Rad! Рысё Скаўронскі хваліў мяне, а Лідка звяртала ўвагу, што чамусьці мала чула яна так дарагіх ёй паняццяў як „кккамунізм”, „дддыктатура”, „пппралетарыят”.
Пранырлівейшыя з вяскаўні падседжвалі ў вяртлявых беластачанаў прэзерватывы, доўга не кемячы, дзеля чаго ім гэтыя вялізныя сыскі. Адбывалася сутыкненне процістаўных светаў – задаволены прыходзіў да незадаволенага, вёска валам валіла ў горад, у якім пішчэла дэградаванае мешчухоўства. Паміж гэтымі стыхіямі маглі б ствараць раўнавагу жыды, але іх зніштажэнне давяло да сітуацыі дэмаграфічнай пустаты, якая, быццам гіганцкая помпа, пачала высмоктваць сельскае насельніцтва, без выкарыстання якога была б немагчымая т.зв. сацыялістычная індустрыялізацыя. Работы ўсюды поўна, каб толькі мець дзе прытуліцца на начлег. І ў такім настроі мы вучыліся ў Электрычным тэхнікуме, ведаючы, што нас недзе чакаюць з пасадамі, вочы выгледжваюць...
* * *
Нядзелямі цягнула да Карпукоў на Замэнгофа. Былі з Крынак, жылі да гэтага на Пагулянцы, у жыдоўскай старой развалюсе. Бедна, пакуль не вярнуўся з Англіі сам Карпук, Сенька; быў
у Андэрса. Разам з адным пагулянцам, Курцэвічам, тым самым, што паставіў у нашай новай, на саксонскі манер хаце зграбныя печкі, крыху ў шатландскім стылі (і сёння маім гасцям яны як мэбля для агляду). Сенька дастаўся на шафёрскую работу ў пэкаэсе і перабраўся з сям’ёю ў Беласток; на тым месцы цяпер навабагаты будынак.
Кватэра іх уяўляла як бы філію Крынак. У беластоцкай цеснаце кватараваў з імі Кастусь Клімук, крынкаўскі зэгармайстар з Гміннай, якому на бацькаўшчыне не было заробку (жыды прапалі, а мужыкі гадзіннікаў не ведалі). Да старэйшай Карпучанкі, Іркі, хадзіў самавіты рэпатрыянт (імя, здаецца, Олік); ён займаў нейкую кіраўнічую пасаду, ці не ў шкляной гуце ў наваколлі Слонімскай. На выгляд мог быць ёй бацькам, але дзяўчына ззяла шчаслівасцю, такім надзейным кавалерам (пайшла замуж за яго, лысага, як толькі атрымала матуру).
Святым днём збіраліся ўсе. І я да іх. Беларускі настрой задаваў Клімук, а як грашавіты зэгармайстар ставіў на стол бутэльку; трапятлівая гаспадыня смажыла яечню, асабліва мне, бо чаркі такому падшыванцу не давалі. Ён дэкламаваў Якуба Коласа „Новую зямлю” і вершаваныя сатыры з даваеннай „Маланкі”. Затым браў голас гаспадар; апавядаў пра італьянскі фронт і афіцэрню, што хавалася за спінамі салдатаў. Хваліў арганізацыю немцамі абароны, ганіў безгалоўе ў польскіх батальёнах. Андэрс не быў мондрым генералам, па-бабску любіў дэфіляды... Флегматычны Олік маўчаў, як быццам саромеючыся свайго паляшуцкага акцэнту. Мы, дзеці – я, Віцька, Ірка, Таня, – слухалі, развесіўшы вушы. Карпучыха сакатліва прыгаворвала: – Вайна і вайна людзям на галаву... Палякі ходзяць з карабінамі па лясох, і чаго яны шукаюць!? Сенька: – Ходзяць, бо Англіі паверылі, а я ангельцаў знаю: яны на ражон не палезуць, каго дурнейшага падбухтораць.
А камунізм ацэньваў ён адным словам: – Дурата!
Паводле яго, вайна ў свеце выглядала наступным чынам: – Немцу, як немцу, заўша ўсяго мала, а ангельцы з амеэрыканцамі – гэта купцы, пад кулі не пойдуць; галодных саветаў дзеля таго пашукалі, адзелі іх, абулі і накармілі, ды шыбуй Ванька на Фрыца. Пад Монтэ-Касіна палякамі дзіру ў фронце нямецкім прабілі, і беларусамі, нямала іх палегла. А Сталіну паціснулі руку Чэрчыль з Рузвэльтам, і бывай Белая Польшча, хадзі сабе і начуй пад елкамі, калі думаць не ўмееш...
Торг у Беластоку адбываўся ў чацвяргі, як і ў Крынках. На Сенным рынку, якога ўжо няма. Фурманка ля фурманкі, коні з торбамі аброку на галаве. Злосныя мужыкі і вісклівыя панюсі. Франтаватыя жулікі (пад гальштукам). Куры, яйкі, малако, смятана, масла, сыры, гародніна, гарох, фасоля, рубанае мяса або і рыба... Кіслы пах сікаў, саломы, конскага поту, а ў зіму кажухоў да пят. Выбухі палкіх ябукоў. Радавітыя беластачане не круцілі насамі на ўсеагульнае тут беларускамоўе; найбольш польскага шыку надавалі ўчарашнія хамы. Я гадзінамі швэндаўся па Сенным у чацвяргі, ажываючы душою. Мае праваслаўныя сябрукі перасцерагалі: Nie chod? tam, bo kto? pomy?li, ?e? z wiochy!
Каторагасьці году – 1953? – мелі электраманцёрскую практыку летам, пару тыдняў. Я папрасіў выхаваўцу, каб не высылаў мяне ў мазуры. – Dobrze rozumiem ciebie, Sokratku: pojedziesz do Hajn?wki, na monta? rozdzielni linii wysokiego napi?cia.
Парыла пераджніўная цяплынь і я з брыгадай начаваў у стадоле, у прыгайнаўскім Горным. Рабіў з намі якісьці ідыёт з Нараўкі, ці з Ляўкова; тлуміў усім галаву проціцаркоўнымі анекдотамі і бралі яго наваніты ад пачутага беларускага слова. Урэшце не стрываў таго брыгадзір: – S?uchaj, jak si? nie zamkniesz, to ci? wont wypierdol?! Памагло, як салідны наморднік баязліўцу. Потым выявілася, што быў балван з „кацапаў”. На сённяшні мой розум, то ён так таіўся тады, хочучы вельмі спадабацца калегам па рабоце.
З Горнага запамяталася інтэлігентная жанчына з дагледжаным тварам і пышнымі валасамі з радком, і ў непраўдападобна колерным беларускім нацыянальным строі; прыходзіла да студні з вядром па ваду. Часам нешта спявала. На мужчынскія жарты электраманцёраў адказвала на цудна-чыстай беларускай мове, што зрабіла на мне ашаламляльнае ўражанне, і я нецярпліва чакаў, калі пачне грубіяніць ёй той левы энтузіяст пальшчызны, каб накінуцца на яго з кулакамі. Але ён быў ужо пасля тае рэплікі брыгадзіра, і калываўся, бы выпакладаны кныр. Так абмінуў мяне шанц звярнуць яе ўвагу на сябе; на нешта іншае я, як заіка, не спадзяваўся. Кавалеруючы, інстынктыўна схіляўся да спелых кабет, ведаючы, што яны не будуць смяяцца з майго маламоўнага калецтва. У іх усё ж сякі-такі розум.
У Гайнаўцы пашукаў сонечным вечарам беларускі ліцэй, пра існаванне якога даведаўся з вялізных партрэтных стэндаў на беластоцкім Рынку Касцюшкі, у тадышнія выбары ў Сейм. На адным з палотнішчаў красаваўся менавіта візэрунак towarzysza Сарокі як кандыдата ў паслы і дырэктара таго ж ліцэя. Нахмураны тып, рыхтык бальшавік. Можа таму не зайшоў я ў школу, пастаяўшы на тратуары, любуючыся шыльдаю. Затое – у вяртанне чыгункаю з Гайнаўкі – у Бельску адчайна пераступіў я парог такога ж ліцэя, дзе ўгледзеў мяне мілы чалавек з расейскім акцэнтам. Ён распавядаў, а я ўсёй млеў ад шчасця. Першы ў маім маладым жыцці pan profesor, які гаварыў са мною не па-польску (і не па-расейску, бы савет ці бацюшка). Словам, нірвана хлопчыка, прыйшоўшага на свет у каланіяльных умовах.
Усё гэта чамусьці вяжацца ў маіх пачуццях з тымі даўнімі Калядамі. Два запахі: яліны і пернікаў з ваніліяй, напечаных маткаю. Яшчэ і водар чысціні. Ніхто не чуў пра пыласосы-адпыльвачы. І пра тэлевізары, якія цяпер так руйнуюць атмасферу дома. Радыёпрыёмнік у піліпаўскі пост бацька штораз выключаў, калі перадавалі музыку, спевы. Нельга было, божая жалоба!
* * *
Да паловы пяцідзесятых стаяў густы клімат потайнасці. На чорную легенду АК насунуўся яшчэ і цень сталінізму, улады прасцякоў, жулікаў. Жа ж не аціхла расстрэльнае рэха нямецкай акупацыі, а і бабскія прычыты тых, каго поначы вывозілі саветы на „белыя мядзведзі”. Санацыя, хоць і недалёкая, падалася тады антычнасцю. Нестарых бацькоў пагорбіў лёс, пра які мы, падрастаючая моладзь, не мелі і прыблізнага ўяўлення. У дзяцей гэта, зрэшты, нармальна. Таксама і ў тую эпоху фашызмаў. Карычневых, чырвоных. У тых і ў тых імем люду.
Мы тым часам маршыравалі пад паходную музыку маладых будаўнікоў сацыялізму. Маючы ў галовах пакуль незабыўныя пастушыныя гульні, выганскія чэмпіянаты „ў лапту”. Даваенны Беласток, па кватэрах якога распыліліся вучнямі, пазіраў на нас неяк кпліва, нічога не кажучы ўголас. Мус быў утойвацца, не выдаваць сябе, хто ты і адкуль. Камфортнасць мае сітуацыі палягала ў тым, што беластоцкай гаспадыні я мог распавесці пра бацькоў як пра заможных рамеснікаў. Як першынец краўчыхі і шаўца з даходамі. Гэта не прымушала хавацца і з патомнай праваслаўнасцю, і z rusk? mow?. Наконт новай кватэры дамаўлялася мая маці асабіста. Ёй ні разу язык не павярнуўся азвацца пры чужых да мяне па-польску; побач тырчэла, развесіўшы вушы ды разявіўшыся, тая ж гаспадыня. Ja wszystko rozumiem – тлумачыла мацерцы, шыкоўнай па апошняй модзе і толькі я прыкмячаў мужыцкі загар на яе шыі ды парэпаныя далоні ў празрыстых, захаваных ад шлюбу белых рукавічках. Маці ведала цану сабе, бо ведала яна Беласток, у якім стала некалі паненкаю, служанкаю на Беласточку. Гэты горад ненавідзіла! І пэўна перажывала, што і я ў ім; сына, Божа, выслала сюды (!).
У навапабудаванай гмашыне на рагу Сянкевіча і Ліповай, адчынілі на партэры кнігарню з савецкімі выданнямі. З вітрынаю заваленаю кніжкамі „з буквамі”. Аднаго разу, я і Жоржык, запыніліся паглядзець навіну і ён мала не скасіў мяне, сігануўшы ў бок. – Przecie? tu Rynek Ko?ciuszki i jeszcze kto? zobaczy, ?e interesujemy si? ksi??kami nie po polsku!... Wstyd!
Няўжо адзін я з навучэнскай крынкаўскай грамады заўпарціўся не зрабіцца палякам?! Калі адзін- адзінюткі, дык, ясная справа, несумненны ідыёт! Але быць такім ідыётам у рамантычныя пятнаццаць-шаснаццаць год зусім не тое, што ў дастойныя шэсцьдзесят пяць. Ты ўваходзіш у даросласць, круцішся прыдбаць нарачоную ды снёных кандыдатак ў жонкі бяруць агідныя наваніты ад твайго няпольскамоўя. Разам з тым зялёная амбіцыя не дазваляе ламацца. Засранская – і ў тых і ў тых, якая з гадамі адпомсціць усім, з надбаўкаю. За мяжою, у Гродне, ідэнтычна русіфікаваліся, адхрышчваліся быць беларусамі. Белыя негры Еўропы, парабкі новым панам.
Сенсацыя даганяла сенсацыю. Стацца небеларусам было б мне сорамна перад бацькамі, вось у чым галоўнае. І абсалютна немагчымае пасля шоку ад кніжыцы Дабрыніна пра... Георгія (sic!) Скарыну (набытак з тае кнігарні). Вось што такое Беларусь!
А я, прасцяк, думаў, што беларусам быць – досыць хадзіць у царкву ды паважаць дом.
У мяне знайшліся аднадумцы ў Крынках, сваяк з Піражкоўскай і двух сябрукоў з Гарадзенскай (хто сын афіцэра Белай Арміі, а хто кулацкі, без закамплексаванасці хлебам). Я вырашыў падзяліцца з імі шчасцем і ў вакацыйны пярэдых – пасля смерці Сталіна – прачытаў ім энтузіястычны даклад пра Скарыну, пра велічны не адным палякам Залаты Век. Ад каласальнага ўражання яны пабялелі! З хвіліны на хвіліну станавіліся нацыяй. Замест дыскусіі, натхнёна загаманілі пра тое, што трэба, вось, нешта рабіць, арганізоўвацца. Беды ў беларусаў якраз у неарганізаванасці. Ад самотнасці аднаго перад адным. Гэтак пачаўся Саюз Беларускіх Патрыётаў, на ўдушлівым у жніўную спякоту гарышчы хаты Грышкі Гарбуза, куды забіліся мы ад неадольнага жадання паканспіраваць (r?g W?skiej i Bema). Хацелася тайніцы і кахання дзяўчат, але равесніцы, як усякае „бабскае насенне”, спелі раней і заглядаліся на старэйшых, амаль ігнаруючы нас. Дзейнічае страх, каб дзяўчо не „абарабаніў” дзіцём бязвусы няўмека без канкрэтнай перспектывы. Obszczyjw?gie?!
У тадышні мілітарызм, калі ўсё было фронтам, нават барацьба з непісьменнасцю ці камунальнае будаўніцтва, філамацкі па сваёй сутнасці Саюз Беларускіх Патрыётаў аформіўся накшталт вайсковага штаба. З сігнальнымі фразамі ў небяспечнасць, з лічбавым шыфрам (напр. сямёрка – гэта „а”). Калі б, не дапусці Божа, пацікавіліся намі сакрэтныя службы, дык сапраўднаму дэшыфранту было б работы на якую гадзіну часу, не больш, азнаёміўшыся папярэдне з беларускім слоўнікам... А я ўдадатак намаляваў хлопцам членскія білеты з БССРаўскай „капустаю” (пра нацыянальную сімволіку мы і чуць не чулі). Устанавілі ліміт вярбоўкі – па двух кожнаму на працягу школьнага года. З увагі на маю начытанасць – за наступны даклад адказваў дадаткова я, як абраны шэфам Саюзу. Тэма: Кастусь Каліноўскі. Мелася рэалізавацца роўна праз год, у пушчанскім урочышчы Перацёсы, у васьмі кіламетрах адсюль, ля магілы паўстанцаў. Давялося патлумачыць, што яны не „мяцежнікі”, а змагары за Вольную Беларусь... Вешалі іх і ў Крынках, на Шыбеніцы.
Новага члена прыдбаў потым менавіта я, у асобе аднакласніка ў тэхнікуме, Сашкі Кахановіча з Белявіч, што каля Гарадка. Вучыўся ён, праўда, тупавата, але беларус з яго быў стопрацэнтны. Як і выпадала чалавеку ад Гарадка. Само мястэчка я трохі знаў, каторагасьці году асталяваўшыся там у цёткі Жэні, матчынай сястры, што жыла – там – замужам за Скарынкевічам, хвалёным краўцом і пры гэтым манцёрам свежаўтворанага радыёвузла. Валілаўскім цягніком даязджаў на ўрокі, даволі далёка спяшаючыся са станцыі Цэнтральны Беласток – на Заменгофа. Дзядзьку Скарынкевіча паважалі тутэйшыя, бо ён слухаў Маскву і пераключаў яе на „точкі” па хатах (асабліва, калі спявалі „частушкі”). Скончылася тое, аднак, бурлівай афёраю: мясцовы паляк напісаў скаргу беластоцкім начальнікам і тыя wstawili m?zgi Скарынкевічу: Гарадок усё ж у Польшчы, значыць: слухаць Варшаву!
Чарговы ўздрыг сенсацыйнасці ўпаткаў ад з’яўлення ў той кнігарні Клуба Міжнароднай Кніжкі і Друку колерных часопісаў „Беларусь”, „Маладосць”, „Вожык”, „Работніца і Сялянка”. Так! Як наладзіць падпіску на іх у Крынках? Ветлівая пані прадаўшчыца не ведала, але завяла мяне да кіраўніка, сівавалосага Васіля Літвінчыка, якога я беспрытомна выслухаў, перш не цямячы толкам, чаму напахнёны беластоцкі пан і „шышка” – szanowny towarzysz! – гаворыць па-беларуску... Беларускі свет нарэшце азваўся без халопскай аглядкі ды хамуцкай запацеласці.
Літвінчык запэўніў – і мая падпісная агітацыя дала някепскія вынікі. Паўвеку вось памятаю стройную Зіну Ганацкую, медычку з крынскай бальніцы. Яна з прамяністасцю ў вачах заказала ўсё, і „Беларусь”, і „Маладосць”... Іншыя падпіснікі скрамней.
Значна пазней уведаў, што ў Крынках – і ў блізкай Саколцы – узнік быў тады Narodowy Zwi?zek Patriot?w Polskich. Нічога страшнага, калі б да тых ліцэістаў-католікаў (Каралькевіча і сябрыны) не зацясаліся старакавалеруючыя фрустраты: забілі, дурні, міліцыянта. Умомант пералавілі следчыя наіўнякоў; засудзілі па бязлітасных мерках таго часу (самога забойцу, здаецца, павесілі). Хлапчукі „зарабілі” цяжкія выракі, нягледзячы на іх няпоўналетнасць. Беластоцкі радыёкаментатар погразна пуэнтаваў: Zwi?zek Patriot?w Polskich – tak, Narodowy – nie!
Саюз Беларускіх Патрыётаў стуліў вушы.
* * *
Саюз Беларускіх Патрыётаў, хоць і не разгарнуўся, назаўсёды вызначыў аднак нацыянальную нам свядомасць. Сябры распыліліся па школах Польшчы – ад Альштына да Шчэціна і Вроцлава. Вялі перапіску, часцей шыфруючы тым жа лічбавым кодам не столькі свае палітычныя думкі, колькі менавіта характарыстыкі кандыдатак у нарачоныя... Пісем пісалі шмат, настальгічных. Сустракаліся ў Крынках пры нагодзе святочных і летніх канікулаў – у нашым новым прасторным доме, што не было так складана, бо маці любіла кагаліць ды ўчастоўваць, выслухоўваць пахвалы яе кулінарных здольнасцей. У бацькі як шаўца не зводзілася прыхаваная самагонка, якую пастаўлялі сялянскія кліенты. З вёсак над Нетупаю ды Свіслаччу прывозілі пад Каляду свежай рыбы, мянтузоў з камяністага вадаспаду каля вадзянога млына Карпінскага. Перадсвяточнае замяшанне нарастала на які месяц раней. Бацька – тады ўжо нелегальна – грукаў у майстэрні, адкуль вечарамі далятаў мужчынскі рогат (яшчэ прыходзілі на майсы падобныя яму нелегалы). Патаемны выраб скураў у Крынках, наогул хромавых, набываў нябачнага размаху, дзякуючы ціхай спагадзе функцыянераў улады, партыйных і паліцэйскіх з павятовай Саколкі ды з ваяводскага Беластока. Ім трэба было камісарскіх куртак і доўгіх плашчоў на непагадзь, у дождж і ў завіруху. Патаемнікі, ясная справа, не бралі ад іх грошай, а насупоненыя ўчарнелыя начальнікі не паяўляліся асабіста, здзелкі адбываліся цераз жонак або сваякоў. „Скуратнікам” такі інтэрас быў моцна на руку, быццам цяперашні памяркоўны haracz для мафіі. У сталінізм апаратнікі жылі скромна. Гэта потым яны разявіліся, бы паршукі ў карыце, пасмакаваўшы дарэмшчыны.
Чорны рынак пускаў карані на дзесяцігоддзі. Крынкі як гарбарны некалі патэнтат набылі вядомасць і за Віслаю. Перадваенныя работнікі ў жыдоўскіх гарбарнях заняліся – кожны як умеў – скуратніцтвам. Страшны Urz?d Bezpiecze?stwa Publicznego (абрэвіятура: UB) перастаў у чарнамазых выклікаць пярэпалах; убоўцы праводзілі рэвізіі, чаму не, але як бы дзеля прыліку, і неяк заўсёды ў пэцкаляў, г.зн. у тых, хто блага вырабляў (добрых фахманаў не чапалі). Сфармавалася хэўра старэйшых хлопцаў, якія выконвалі, так сказаць, кур’ерскую службу, адвозячы гатовыя заказы, бывала, і недзе на Шлёнск. У дарогу апраналіся канспіратыўна па-лахманнаму, але чамусьці абавязкова ў хромавых шапках з зашмальцаваным казырком і нацягнутых аж да брываў (можа таму, каб не падалі ім з галавы ў падарожную дрымоту?). Раз-другі здарыліся забойствы.
Беларуска-патрыятычныя гутаркі ў застолле, як успамінаю, былі ўсцяж... савецкімі. Польшча мелася стацца семнаццатай рэспублікай; крамлёўскія маруднікі лішне адцягвалі фіналізацыю таго. Што ж, усё роўна нікуды яна не падзенецца, у варшаўскіх вярхах поўна саветаў, польскай арміяй камандуе маршал СССР Канстанцін Ракасоўскі. Заядлае русафільства бралася з апазіцыі да не менш бязвыхаднай русафобіі ў католікаў, як два канцы сукастай палкі. Мы ні трохі не разумелі вялікай палітыкі, логіка якое адназначна ў некарысць беларусам, уяўляючымі сабою маргінальны патэнцыял. Расія наогул лёгка прадае сваіх энтузіястаў, маючы на ўвазе глабальныя мэты, кантынентальныя. Паветы, рэгіёны яе не хвалююць. Ёй давай усю з патрахамі Польшчу.
Ці беларуска-польскае паразуменне на народным, стыхійным, ўзроўні магчымае? Напэўна так, але процідзеялі і процідзеяць гэтаму грамадскія і канфесійныя структуры, а рашуча – палітычныя. Католік-беларус, калі б такі аб’явіўся ў нас, быў бы залічаны ў лік псіхічна хворых асобаў. Праваслаўныя аднесліся б да яго як да подлага правакатара, якому хочацца чагосьці небяспечнага.
У моц такіх фактараў Беласточчына паступова апускалася ў цывілізацыйную катастрофу; пашыраючы ў ёй пагарду да родных каранёў, пазбаўляючы пачуцця бацькаўшчыны. Польская асіміляцыя, як кожная асіміляцыя, надта павярхоўная, ананімнае насельніцтва не перастае кіравацца па-прасцяцку сацыяльнымі інтарэсамі, жыватом, замест галавою. Няма нацыі, няма і Айчыны. Толькі гон, гон і гон па лепшы хлеб. Не свой жа, чужы. Гэта ж, выбачайце, лайдацтва!
Мае кантакты з Васілём Літвінчыкам набылі некаторай канфідэнцыйнасці. Я нават заходзіў да яго на кватэру, на паддашку аблупленай камяніцы на Аградовай (блізу Фабрычнай). За каторымсьці разам ён пазнаёміў мяне з беларусам, які на выгляд не павінен быць беларусам: энергічны чалавек, смелы ў слове, не плаксівы, канкрэтны, ажно катэгарычны. Піліп Кізевіч, дырэктар беластоцкіх вадаправодаў. З выразнымі сувязямі ў структурах улады. Заімпанаваў! Хоць і ад яго павейвала, як і ад Літвінчыка, настаўніцтвам (мой вучнёўскі нюх). Абодва яны спрачаліся ў нечым, чаго я не кеміў; даходзіла да мяне агульнае: ідзе барацьба ў беларускіх справах, у адміністрацыі (наконт школьнага пытання?). Мая прысутнасць дадавала мне гонару. Як матурысту, дзядзька Піліп – сурова зіркаючы ў твар – наказваў: вучыцца, паступіць у вышэйшую школу, і не жаніцца, ахвяраваць усяго сябе справе! Беларускаму руху трэба інтэлігентаў-самотнікаў дзеля ненаіўнай дзейнасці, і каб без завалы бабаю, дзяцьмі. Такі адзін зробіць больш, чымсьці натоўп дыпламаваных сяруноў, якіх надта проста шантажаваць нэндзаю сям’і. Браць вось прыклад з ксяндзоў: вучаныя яны, дысцыплінаваныя. Цэлібат не раўназначны з бязбаб’ем у пасцелі, гарантуе аднак бескампраміснасць у жыцці, заўсёдную гатоўнасць у імя нечага галоўнага. Настаўляў Кізевіч, даваенны падпольнік, чамусьці не прадчуваючы духу пасляваенных гадоў.
Я і маё пакаленне ў ахвоту слухалі былых змагароў, як малое байку. А напраўду мы марылі аб іншым, аб тым, каб хутка дабіцца фаху і блёку, заробкаў і пекнай жонкі. Універсітэцкі ці палітэхнічны дыплом – гэта доўгая песня; калі тое будзе, а змаганне невядома чым кончыцца. Нашто далей вучыцца, калі фабрыкі ўжо чакалі тэхнікаў ды дзяўчаты на музыках над Свіслаччу і Супраслю ажно сукаталі каленямі, каб узяць каторую замуж у Беласток. Будні нецярпліва начэквалі прыходу маладых. Тым часам мажны дзеяч з вачыма фанатыка намаўляў аддацца без астатку ідэі.
Я любіў чытаць пра рэвалюцыянераў, як і пра амерыканскіх індзейцаў, цікаўна прыкідваючы час-часом, колькі даставацьму, стаўшы... тэхнікам-электрыкам.
Захапляў інжынер Врубель, выкладчык прадмету электрычнай апаратуры. У перапынкі, пыхкаючы дарагімі папяросамі, ён казаў з драпежнай грымасаю: – Technik, kt?ry zarabia mniej, ni? jego ?ona, to pata?ach i eunuch! Id?cie do biur projektowych, tam s? takie fuchy, ?e po roku b?dziecie zasuwa? w?asnym autem, czesa? si? w „jask??k?”, nosi? buty na „s?oninie”, ta?czy? rokenrola, i nie ?a?owa? sobie na kobiety... – так казаць было рызыкаю, але ў палітычнай пагодзе цяплела хрушчоўскай адлігаю. Аднак, ці так вельмі ён рызыкаваў тут, сярод бязвусых абітурыентаў, кіруючых у бок цванасці і скідаючых спадцішна чырвоныя гальштукі. Праз год-паўтара настаў Гамулка, і гэтага towarzysza Wies?awa раскалыханая Варшава падымала „на ўр-рр-аа!”
Раўняючыся пад інжынера Врубеля ў апланоўванні будучыні, яснай і шыкоўнай, мяне чамусьці цягнула разам з тым у Крынкі, у іх прыгуменную містыку даўніны. – Малаціць цэпам авёс, пад трэскат платоў у маразы. Рэзаць сечку жывіне, у густым паху сухое канюшыны. Старэкаваць з бацькам, набіваючым драўлянымі цвікамі падэшвы на пару новых ботаў гаспадару з Верхлесу;
у папяросным дыме ды кіслым смуродзе ад згатаванага на фаерцы пліты клею з мукі. Памагчы матцы садзіць бульбу на агародах, у цяплеючых чорных барознах араных плугам „у загон” з попахамі пераспелага гною, з плоймаю варонаў ды вераб’ёў дзюбаючых патрывожаных лемяхам чарвякоў. Наведаць старога Даміянчыка-Яновіча ў яго курнай хаце, які круглы год не скідаў з плячэй кажуха, бараду падстрыгаў авечымі ножніцамі; апавядаў пра службу ў мікалаеўскай арміі на Каўказе, пра разню з чаркесамі. „А я яму доўгім рускім штыхом у жывот як ні парну!..”
У Крынках уцалеў свет хлява, стадолы, поля. Вайна зматлашыла свет фабрыкі, тавару, капіталу. Маё пакаленне драматычна ёўзала паміж жывымі без веры ў перспектыву (калектывізацыя!) і мёртвымі, якія хоць і маўчалі па-магільнаму, але памяць пра іх брыняла рацыяй тэхналогіі, прадуктывізму (мы ж рабіліся тэхнікамі, не земляробамі!). У выпаленых гарбарнях на Пагулянцы немымі жураўлямі тырчэлі заіржавелыя канструкцыі, у глыбозных чопах бліскацела ад хімічных раствораў, валяліся інструменты, на якія не палашчыліся навазладзеі. Прыжываўся я ў Беластоку, а ў спіну дыхалі мне Крынкі. Неяк крыўдна пачуваўся на душы ад таго, што няма і не будзе вяртання.
Знаёмства з Кізевічам асвяжала. Ён не паўтараўся манатонна. У яго знаходзіліся кніжкі, прычым нямала, што падалося спачатку неразважлівым марнатраўствам. На рускай мове, на беларускай. Так, ага, запамяталася здзіўленне тым, што кніга па-беларуску можа быць гэтак жа тоўстаю, як па-руску або па-польску! Псіхалогія задрыпанца, Murzynka Bambo.
Кізевічы мелі ўласны дом, укрытую дзікім вінаградам хату на Ветраковай (19?), што ў Антанюкоўскім квартале. Блізу чыгункі ў Расею. Брукаваная, стромістая вуліца з тратуарыкам, у цяні садкоў за глухою агароджаю, за якою ў цяплынь магчыма было падгледзець праз шчыліну загараючых сем’ямі мяшчанаў, застаўленыя прысмакамі столікі пад яблынямі, кавалераў і паненак гуляючых у мяч. Патомныя беластачане. Wiocha глядзела на такое гультаяванне са зласліваю ўсмешкаю: – Паны, блядзь, выпучылі сракі да сонца! Бальшавікоў на іх няма!!!
Дзядзька Піліп гуртаваў рэдкую, бы залатыя пясчынкі, інтэлігенцыю. Хацелася б сказаць: беларускую. Аднак жа бязлітасная праўда ўскладняе вопіс: некалькі жанчын і мужчын з вышэйшымі дыпломамі, што заходзілі да яго, рэпрэзентавалі сабою перш за ўсё праваслаўнасць, настойліва гнулі на царкоўна-рускае слоўе, не смакуючы Кізевічаву беларушчыну. Яны, як і праз пакаленне ў нашым БАСе, шукалі партнёраў для шлюбу, не шанцаў на нацыянальную актыўнасць. Клуб марыяжу. Ну, няхай.