1936–1950

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

1936–1950

Мне, папраўдзе, усё роўна ад таго, што я нарадзіўся. Шкада маткі, запакутавала яна са мною, калі я быў маленькі. Хварэў, паміраў, да трох гадкоў не хадзіў.

Найпершы мой вобраз свету – гэта савецкі танк з рассмяяным танкістам, якому кідалі кветкі бабы і маці, і Вольга Чабаніха з агарода ля вуліцы. Стаяла сонечная пагода, даспявалі местачковыя садкі; чырванашчокія яблыкі, цяжкія грушы, смуглявае сліўе. Іконная радасць – ад неба, ад людзей. Не відаць у тым імгненні мужчын, яны яшчэ на вайне. На нямецка-польскай.

Бацька таксама. І хоць здарылася тое з ім няцэлы месяц назад, анічога не запамятаў я. Казалі: не пускаў яго, ушчаперыўся за шыю, і яму давялося падмануць мяне цукеркамі ў краме жыда. Гэта напрыканцы жніўня трыццаць дзевятага, на рынку ў Крынках, адкуль мабілізаваных вывозілі ў Гродна. У заціханне бабінага лета.

Насталі саветы. Прабылі нешта два сезоны, але запамяталіся яны мне ўсяго шчаслівасцю ад купленае цацкі-самаходзіка, якую засланяў я далонькаю ў снежнае адлігоцце. І страхам ад „васточніка” Шатэрніка, настаўніка, які хадзіў да кватараваўшай у нас Ані, гэтак жа прысланай сюды вучыць не па-польску дзецярню. Успамін пра яе цёплы; бараніла мяне ад яго настойлівасці дзяўбсці ў маю галаву алфавіт.

Так запачаткаваўся мой беларускі лёс – жыццё пад штораз іншай уладаю. І немцы з’явіліся ў нас у такое ж пагоддзе, але пераджніўнае. Папярэдне чамусьці збамбіўшы жыдоўскае места крынкаўскае; наша Сакольская вуліца начавала тады на выгане, углядаючыся ў даволі аддаленыя пажары (гарэлі і падалі кроквы на мурах Каўказскай). Маці набралася бабскага жаху і, прычакаўшы дня, кінулася ўцякаць – узяўшы мяне – да сваіх братоў

у падлеснай Барсуковіне. Пакінуўшы цешчу, а маю бабулю, каб даглядала хаты ды хлява. Я канчаў пяты гадок і не вельмі паспяваў за матчыным крокам на гасцінцы. Зараз у Айнавых горах, як называлі ў нас пагоркі за старадрэўем двара, закруціўся па-над жытамі нямецкі самалёт. Мы пабеглі ў палынавыя межы. Ён, нізка кіруючыся на нас, страляў і маці накрывала мяне сабою, енчачы! Я не цяміў у існаванні смерці, але заходзіўся ад крыку, бо ўжо ведаў боль. Абоім было неўздагад, што лятуны палявалі на савецкія танкеткі, якія паўзлі праз мястэчка, адступаючы Індурскім шляхам на Гародню. Зразумеў я гэта значна пазней, можа і нядаўна. А мой вопіс здарэння цалкам цяперашні, камплектны. У самой жа памяці захаваўся ад таго кіслы пах поту ад тулячай мяне мацеркі, спякотнае сонца над польскімі могілкамі, нявысахлая ўпоранак раса ў зельішчы, і налятаючы ад хутара Рахавік выючы цмок з хісткімі крыламі з крыжамі.

Іншай тэхнікі я ў дзяцінстве не бачыў. Таму, чуючы гутарку пра яе, заўсёды машынальна ўяўляю таго танкіста, той самалёт, пажар Крынак, і трэба хвілі, каб падумаць урэшце пра тэлевізар і камп’ютар. Вучоны псіхолаг гэта зразумее. Іроніі маладых чытачоў на мой конт нудныя.

Нямецкай акупацыі баяліся дарослыя. Мы, дзеці, не надта. Было займальна глядзець на заюшанага дзядзьку Сямёнава з канца Сакольскай, які зарабіў ад жандара палкаю па лысай булаве. Той, здавалася, недатыкальны Сямёнаў з прафесарскім абліччам. У малых задаволенасць жорсткая!

Надзвычай нам, падшыванцам, прыйшлося даспадобы кампеліска, як называлі на польскі лад шырозны басэйн на рэчачцы Крынка, у доле ад азярышча вадзянога млына, што трываў руінаю ля моста на Касьцельнай. Немцам з гарнізона зажадалася купацца ў гарачае лета сорак другога бадай, а для гэтага не падыходзілі замуленыя сажалкі на маянтковай балаціне. Зганяючы жыдоў

у крынкаўскае гета, яны дадумаліся пакарыстацца дарэмнымі працоўнымі іх рукамі: стаіць мне ў вачах натоўпісты кагал барадатых мужчын у лахманах, ненатуральна шпарка капаючых рыдлёўкамі і бегма вывозячых у тачках зямлю на збочыны, як бы ў рытм гарластых воклічаў нямчугоў з карабінамі за плячыма і з бізунамі. Стаўшы ў пасляваенне вучнем я і слухаючы на ўроках гісторыі аповеду настаўніка пра нявольніцкі Егіпет, безліч разоў згадваў старэнькага жыдка ўпаўшага ад непасільнай яму работы ды лупцуючага яго па гарбе бамбізу ў зялёным мундзіры, хромавых ботах. Смургелі перанялі ад акупантаў праклён „фар-флюхтар-дэнэр-вэтар!” Ну і „гальт!”

Кампеліска не здолелі зніштожыць плебейскія дэвастацыі

ў вяртанне саветаў у сорак чацвертым, і сёння – адноўленае казённым коштам мясцовымі няўмекамі – чыпіць сяк-так, бы памятка колішняй тут Палесціны. Але тады, у тую дазволенасць плаваць у ім толькі немцам і нямкіням, затым паліцаям і ўкраінцам, што кватаравалі побач жандармерыі, – на плыткім месцы нырала з аглядкаю адважнейшая смяцюга-дзецярня, зважаючы асабліва на мазураватага Шатэнбэрга (біў моўчкі, бы ваўчак наскокваючы на чалавека).

Сенсацыю перажылі местачкоўцы ад упадку падбітага недзе на фронце нямецкага бамбавоза, які мала не ўваліўся ў дрыгвяністае азерца Бяздонніца, што ў пяці кіламетрах адсюль, побач Астроўка. Прывезлі яго на наш рынак, разам з лётчыкамі (яны, відаць, выратаваліся на парашутах). У каменнай неакласічнай сінагозе абсталяваліся механічныя майстэрні, у якіх рэзалі швайсапаратамі ўсякую разбітую тэхніку, вывозячы яе кавалкамі ў павятовую Саколку, на чыгуначную станцыю там, адкуль адпраўлялі ў гуты. Мноства валялася ўсюды ламарэнддзя, у палях і на пажарышчах фабрычнага зарэчча. Немцы падкія на жалеза. Без яго вайна немагчымая.

З вывазу жыдоў у прыгродзенскую Кілбасіну анічога не ўцалела ва ўспаміне, акрамя абозу мужыцкіх фурманак, якія абселі былі тыя няшчасныя людзі, і міг з пэйсаватым дзядком у незабытым кадры, што – з мяшэчкам за плячыма – даганяў сваіх, дастаючы ўкаплех аб буславатага паліцая.

Гадаваўся я паўсіратою, ведаючы, аднак, што і ў мяне ёсць бацька; ён у нямецкай няволі. Час-часом прыносіў бедны Клімовіч з пошты пісьмы ад яго, за што клалі мы яму ў торбу пару яек або кавалец саланіны (не было службовага пісьманосца). Пісаў да нас на нямецкай мове, каб цэнзура прапусціла, і матка брала яшчэ яек – даўняму пісару Харужаму, што даваў рады гергетаць. Харужы вусна перакладаў ёй каракулі ды ад яе імя зграбна адпісваў

у тым жа стылі, „Майнэ лібэ Костя...” Адны фразэсы, але з важным значэннем: жывем, не прападаем. Калі палонныя беларусы ўжо маглі жыць і працаваць на свабодзе, нічым не пазначаныя на плячах і грудзях, бацька – а па матчынай паўінтэлігенцкай фанабэрыі „папа” – стаў на работу, будучы шаўцом, у нейкай абутковай фабрыцы ў Дрэздэне. Зарабляў, кватараваў у мясцовай сям’і;

у нашай хаце паявіліся маркі, зрэдчас і пачкі (мне прыслаў альбом з фоткамі Крыгсмарыны, якія цудоўна глядзеліся праз далучаныя да выдання павелічальныя акуляры).

Існаваў татка трохі як у байцы, віртуальна. На групавых фатаграфіях я не апазнаваў яго, за што іншы раз аплявушыла мяне, наогул неўрозная радзіцелька (уцякаў пад ахову бабулі Палосі). Увесну сорак трэцяга ён, атрымаўшы „урляўп”, замест зведаць з бясплатным білетам прыгажосці багатай Саксоніі, паімчаў на пасажырскім цягніку – праз Брэсляў, Позэн, Аленштайн, Просткэн – у Беласток. Да жонкі з сынам. Дамоў. У Простках ссадзілі яго грэншуцы, перад якімі апраўдаўся няведаннем і, адначасна, здзіўленнем, што ўсё ўтрымліваецца пад кантролем даваенная польская мяжа... Уночы забіўся ў вайсковы эшалон, што валокся на Курскую дугу: салдаты запраталі яго ад свайго афіцэра. Немцы пасля Сталінграда былі ўсё ж не тыя. Гітлер капут!

Апынуўшыся ў Беластоку, асцерагаючыся поначных патрулёў і партызанаў у лясах дабраўся з чамаданам пешкі да швагра Базылюка ў Навасёлках, па той бок супраслеўскай пушчы. Акрыяўшы ў яго, запраглі яны назаўтра каня і падаліся ў Барсуковіну, адкуль мая маці, Аляксандра Грыка. Да яе братоў, Косці і Валодзькі.

Сустрэўся я з бацькам выпадкам: гуляў з хлопцамі на выгане, калі ўгледзеў клёкатную фурманку таго ж дзядзькі Косці, які па-святочнаму сядзеў на капе з незнаёмым мне чалавекам у гарадскім адзенні, з чыста паголеным тварам. Даведаўшыся, што гэта „папа”, я ўцёк у хату і залез пад ложак, настолькі выдаўся ён мне чужы, непадобны на суседніх мужчын, зарослых і ў трантах, з кляцьбою ад рання да вечара. Патыхаючых гноем.

Мая дзікасць абразіла бацьку, схільнага да крыўдлівасці. Але, не было калі яму засмучацца: ягоным вяртаннем пацікавілася жандармерыя і ейныя падлыжнікі. Стаў мус хавацца; зручна на вышках хлява, у стадолах. Начамі з’яўляўся ў кухні паесці і, аднойчы ў такі момант я папрасіў яго, каб нарысаваў мне птушачку. Так, урэшце-рэшт, прызнаў бацькам бацьку.

Хільфпаліцай Чарнецкі з сабакам несумненна атрымліваў дакладныя звесткі, але, як свой сярод сваіх, рабіў усёмагчымае, каб не дапусціць да арышту земляка, патроху абдурваючы даверлівага з ім якогась Ганса. Не магло тое, аднак жа, доўга цягнуцца. Матчын лямант і бабулін стогн неўзабаве апавясцілі канец гэтай гульні ў схованкі. Праз колькі дзён пасля вялі бацьку ў кайданах, з набранымі купаю арыштантамі, на этап у Саколку. Пад карабінамі напагатове, каля трыццаці кіламетраў пыльнай шашою. Яшчэ на Сакольскай, насупраць Кузьмоў, бабуся бязбоязна прабілася да яго, з вузялком хлеба і сала, і з белым ручніком (я з маці вішчалі ў брамцы). Каб так годам раней – застрэлілі б старую.

Свае людзі ўмелі толькі палохацца і плакаць. У саколкаўскім астрозе вёрткі паляк-перакладчык падказаў Яновічу зарэкамендавацца на допыце шавецкім майстрам, бо якраз арганізоўвалі тут тылавыя рамонтныя варштаты адступаючай ад Смаленска арміі. Узялі, ахвотна! Не будзь таго паляка, павезлі б назад ды не ў Дрэздэн да спагаднага фабрыканта, а ў канцэнтрацыйны лагер за парушэнне законаў Трэцяга Рэйха.

Гету ліквідавалі ў Крынках – відавочна – цёплай восенню сорак трэцяга. Мяркую гэта па тым, што і бацька паспеў круціць гешэфты са знаёмымі жыдамі, у цёмныя ночы перакідаючы ім цераз высозную агароджу з калючым дротам паверх торбы з прадуктамі, узамен за назапашаныя імі хромы, юхты, падэшвы. Аднаго разу мала не наклаў ён галавою; прайшоўшы вайну, умеў ухіляцца ад куляў (драпануў зігзагамі). Меў свабодныя ад Саколкі дні на свае заробкі дома – акурат саксонскія шэфы яму шанавалі яго за веданне роднага ім дыялекту і пагаджаліся на выконванне тыднёвае нормы ўжо ў сераду дапазна. У чацвер раніцай прыязджаў роварам дахаты і, паснедаўшы, браўся за капылы; ад заказаў не было адбою. Гаспадары прыбагацелі за немцамі, якія лагічна не душылі іх падаткамі. Не бывае, аднак, такога дабра, якое не канчаецца злом: аблегчаныя хамуты заеліся гнаць самагонку, піць, як тыя індзейцы „вогненную ваду”. Адкупляліся ў благой патрэбе сівухою ад насланых Гітлерам германізаваных славянаў мазурскай або шлёнскай пароды; хлябталі гэту атруту пасля і ўстрэсаваныя блізкай капітуляцыяй баварцы ці бо швабы з вінаградных дорфаў над Рэйнам. Дэмаралізаваны акупант дэмаралізуе акупаваных. Не іначай.

Каталіцкі і шляхтаваты падсолтыс Шынкевіч яшчэ ўзіму разносіў па хатах беларускія афішкі з візэрункам аблітага крывёю Сталіна, шырокаю лапатаю шуфлюючага ў полымя бітвы сваю салдатню; прадаваў календары беластоцкага Беларускага Камітэту. Намаўляў аддаваць кажухі Вермахту, калі гібеў той у снягах пад Сталінградам. Вадзілі тым часам на расстрэл за ўзвышшам Прафітка партызанскіх памагатых з засвіслацкай Семяноўкі, разам з АКоўскімі падпольнікамі, заўданымі прасцякамі ў Шудзялаве за кальпартаж „Інфармацыйнага Бюлетэню”. Мужык адмахваецца ад ідэйнай нелегальшчыны. Ішоў часам у АК, але напэўна не для Белай Польшчы. Так, – каб нажыцца. У тым сутнасць народнай барацьбы, у рабунках. І таму ў даўніх арміях не мог узвысіцца ў афіцэры просталюдзін: ён непазбежна пераўтварыў бы атрад у банду. Атаманіў бы! Казачыў бы.

Шамрухевічы хваліліся нямалым садам і я настойліва сябраваў з іхным Жоржыкам, бо ў нашай цеснаце між хаткаю і хляўчуком з кароваю, авечкамі і свінчатамі, нават крапіве не было дзе вырасці. Ад яго, Жоржыка гэта, я пачуў пра намер уладаў утварыць нямецкую школу (мы афіцыйна знаходзіліся не столькі пад акупацыяй, колькі ў Нова-Прускай Правінцыі менавіта). Дзяцей ціха ўжо падвучвалі былі збяднелыя польскія настаўніцы з Гродзенскай вуліцы, прэстыжнай тым, што жыла на ёй тутэйшая інтэлігенцыя. Прошапані не вельмі намагаліся, аднак, прасвячаць хамскія чэрапы, больш косячыся на плату з крупоў, саланіны, мукі, гароху. Праз некаторы час дайшоў почут, што ёсць лепшыя, бо свае, вучыцелі (як казалі ў нас). У хаце Монькі на той жа Гродзенскай. Абавязвала патаемнасць, натуральна, дзякуючы якой не было нудна карпець над недакуранымі курцамі падручнікамі з падранымі партрэтамі Леніна-Сталіна. Самі ж новыя настаўнікі – два трасянкамоўныя маладзёны, – зусім без панскасці прызвычайвалі грамадку засранцаў выводзіць „буквы” на абрыўках „цетрадзяў” і калекаць забаўныя казкі Крылова. Бралі за навуку, як і тамтыя палячкі, але з той непадобнай розніцай, што такім чынам падкормлівалі яны сваіх „таварышчаў” у гушчавінах Перацёсаў (з майго падслухоўвання). Зніклі, як змытыя, адразу пасля таго, як бахнулі міны пад крынкаўскай электрастанцыяй. Ад гэтай электроўні застаўся ў мяне рубец над левым вокам: вечарамі кралі мы вугаль, марудна везены для яе ў шарваркі... Кузьмоў Віцька, першым ухапіўшы чорную глыбу, тады так пачаставаў мяне незнарокам. Электрычная лямпачка, калі хто яе меў, запальвалася перад змрокам і гарэла да дзесятай.

Немцы не паспелі адчыніць сваю школу, а празмерна асцярожныя бацькі Жоржыка нікуды не пасылалі хлопца; яго адукацыяй займаўся крыху пісьменны дзядзька Скроўба, радовіч ягонай маўклівай мацеркі. На іх хутарскую Кальварыю ніхто не заходзіў, ні кабеты з калаўроткамі на вячоркі. Ані буянілі там у Валосю напрыканцы масленіцы.

З надыходам навальнай бяды маці нязменна ўцякала са мною ў сваю Барсуковіну (яна так і не прынялася на крынкаўскай глебе, па сёння). Другі прыход саветаў я прасядзеў з Грыкамі ў ялінавых шалашах у дрымучай Чортавай Хаце, што за Сасновікам. Раз ціўкнула блудная куля, у кару сасны над намі. Яшчэ начаўплі панікі кавалерысты на ладна чышчаных конях, з дзіўнай ненямецкай моваю. Да Валодзькі наведваліся ў звечарэласць камісары з аўтаматамі на плячы; дзядзька любіў гультаіць у палітыку. Нехта залазіў на паднебнае дрэва глядзець, ці не паляць Крынак. Крычаў зверху, што не.

Другая сусветная вайна не паказалася мне чымсьці жудасным або і векапомным, бо ў яе клімаце я і вылупіўся на свет божы. Не адчуваў трагічнасці і першых пасляваенных зім і вёснаў, у якія гэтаксама білі-забівалі прыхадні аднекуль, праўда, не немцы. Здаралася, нашы нашых. Страх да немцаў змяніўся страхам да палякаў. Усё страх і страх.

* * *

Крынкі моцна пагарэўшымі былі, аднак, калі пасля фронту я з маці вярнуўся з гушчавіння Чортавай Хаты. Немцы, адступаючы, падпалілі магістрацкія гмахі і будынкі, у якіх самі жылі – камендатуру жандармерыі, украінскую казарму, слесарную майстэрню ў жыдоўскай бажніцы, школу, муры з кватэрамі, карчму, рэшту фабрык і гарбарняў, двор... Браліся паліць гаспадарскія хаты, хлявы і стадолы, пазначаныя надпісам GEOPE. Каб нарабіць шкоды надыходзячым саветам.

Я чуў, як мой бацька паратаваў быў Сакольскую вуліцу ў тое вогненнае адступленне. Маладыя немчыкі на матацыкле, учыніўшы свой „фойер” у мястэчку вакол апусцелага рынку, прыехалі спачатку да Шамрухевічаў, што на Кальварыі. Упалоханыя людзі паклікалі бацьку, каб выгергетаў у падпальшчыкаў літасць. Вермахтаўцы, здзіўленыя гладкім „дойч-шпрэхам” у новаяўленага абарыгена, пацікавіліся, адкуль у яго такая культурнасць. – Бо я надта люблю нямецкую мову і нацыю, – пачулі ў адказ. – Уцякай з намі, ад Іван-гунаў, – параілі. – Нашто, вы ж вернецеся і таму не трэба зніштажаць... – Твая рацыя, але мы выконваем загад афіцэраў, яны асочваюць у біноклі пакінутую тэрыторыю, ці шмат дыму падымаецца ў неба... – Ага, гут, ёсць выйсце: паліце маянтковыя стагі!

Тым часам „ідыёт-ост” мігам наклалі ў матацыклетную лодку з кулямётам наперадзе груду „яйкі-шпэк-шнапс” і задаволеныя нямчурыкі, казырнуўшы „аўфвідэрзэйн”, пыльнулі дарожкаю ў бок таго панскага дабра. Пан даўно драпануў у Варшаву, як і ўсе паны, а ягоныя сотні гектараў раздалі пасля галытве дэмакраты; з Саколкі і Беластока.

Апошнія рабункі мужыкоў перапыніў савецкі камендант горада з байцамі. У полудзень ён фарсіста шпацыраваў, засунуўшы за борт шыняля руку ў скураных рукавічках, пабліскваючы ў сонцы залацістымі пагонамі, да бляску наваксаванымі халявамі ботаў ангельскага фасону. Шаленаваты Сашка-Антыфон, гэты кантужаны ў Галіцыі артылерыст арміі Брусілава, выпучыў перад ім грудзі з медалём і, адрэкамендаваўшыся, службіста гыркнуў: „Жду прыказанняў, ваша благароддзе!” Капітан ці маёр? толькі смутна ўсміхнуўся яму і пайшоў. Казалі: хутка памёр ён ад ранаў.

Гудзела ад чутак, што ў Расеі паадчыняюць цэрквы; раскідаюць калхозы.

Пакуль што з рыкам сядалі ваенныя самалёты на былым аэрадроме пад Рахавікам, зробленым яшчэ першымі саветамі.

У нашай хатцы сталі на кватэру два лётчыкі; больш гаварлівы ўсё ахкаў, што ў Крынках не бракуе хлеба і да хлеба, „... у вас маленькая Амерыка!” Калі перакватаравалі іх кудысьці, маці начаўпла ляманту, што прапаў нямецкі касцюм бацькі, яе сукенкі на свята, вэнджаны кумпяк з каморы і няньчаныя ёю перадваенныя адэкалоны з куфра. Бегчы з гэтым нікуды не пабегла, а мая бабуся суцяшала яе, што ў прыход немцаў перад летам сорак першага абабралі старую з тае каплі пасагу, прыгаворваючы: – Ні пляч, матко, за цвай тыдзень быдзем ф Москаў! А каб іх, каб іх... вошы аблезлі!!

Крынкі не ведалі, дзе будуць жыць: надалей пад саветамі, ці зноў пад палякамі? І тыя і тыя вартыя адзін аднаго: камісары абяцалі залатыя горы, за якімі наш мужык добра бачыў Сібір, а АКоўцы выганялі кацапаў у бальшавіцкі рай. Варагуючы між сабою, абодва дабрадзеі дзьмулі перад хамамі ў адну дудку. Ад такое музыкі плакаць хацелася.

Апасталаваты Курч, якога ахоўвалі вар’яцкія паперы, даваў навукі ў чацвярговыя таргі, залезшы на фурманку і распусціўшы кудлы: – За царом пілі чай з пірагом! Як прыйшлі палякі, елі хлеб траякі: белы, чорны і ніякі! А калі настаў савет, агледзела срака свет!!! – Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну!..

Вайна прыціхла недзе ў Польшчы. Бацька днямі і начамі заядла шаўцаваў, не маючы адбою ад заказаў (узяў вучняў у чаляднікі). Маці гэтак жа краўцавала, з абсеўшымі яе руплівымі вучаніцамі з Піражкоў, Паўночнага Вострава, Гаркавічаў. Адной з іх, Тасі, дурыў галаву хлапечы лётчык Саша з Масквы, што кватараваў у суседкі Чабаніхі. Мне вельмі падабаўся ягоны аўтамат.

І аповеды, як лётае бамбіць фрыцаў у Прусах. Любіў ён спяваць, успамінаць тую сваю Маскву і, чамусьці, Адэсу („... Уся Адзеса очань вяліка... шаланды поўныя кіфалі, каштан над горадам цьвіцёт...”). Даваў патрымаць у руках наган. Калі „істрабіцель” пралятаў нізка над камінамі, дзеці на вуліцы ведалі, што гэта Саша так паімчаў латашыць Берлін!

Увосень сорак чацвертага пайшоў я ў школу. У другі клас, бо ўмеў чытаць і пісаць. Па-беларуску. Адчынілі і польскую – вядома – католікам, але мы, праваслаўныя, меліся лепей: усянютка разумелі, што кажа настаўніца. Паважаная наша настаўніца Анна Яроцкая, маладая ўдава перадваеннага польскага афіцэра, уплывала на крынкаўскае мужыцтва непаказным панствам спалучаным з пашанаю ды ўвагаю да кожнага. У яе вуснах родная мова набывала высокага тону і гучання. Польскія прошапані пры ёй выглядалі вульгарнымі хамуткамі: білі вучняў і клялі, бы паліцыянты! Хабары бралі. Праўда, мог Курачык адзін з палякаў раўняцца з Яроцкай, задобры на такую дзікую ваколіцу; без харызмы, на жаль.

Жах як не хацелася вучыцца! За маянтковым паркам несціхана выў аэрадром, а што ні вечар у пагоддзе тады паказвалі саветы ваеннае кіно, на шырозным палатне начэпленым на франтон выпаленай бажніцы на Гарбарнай. Пастухі ў полі рвалі знойдзеныя снарады, кідалі ў агонь на бульбянішчах ленты патронаў. На музыках у суботы набівалі сабе морды кавалеры з Пагулянкі і Новай. Мужы – „Хай той бык здохне, якога пабора карова!” – лупцавалі сваіх бабаў, падкіх на стройных лейтэнантаў. Пагарэльцы валачылі лес, нарываючыся на міны. Згвалтаваныя ўласаўцамі ці ўкраінцамі дзяўчаты прыводзілі байстручкоў, з якімі не мелі куды падзецца (потым ужо павыязджалі яны ў Прусы, у той зброд народу, дзе ніхто пра нікога анічога не ведаў).

Сексуальнае выхаванне не ўяўляла праблемы (жарабцы, быкі, кныры, да якіх вадзілі кабылы, каровы ў быдлаванне, мацёры).

І, адначасова, не займала пытанне, адкуль я ўзяўся. Ні трохі.

Далёка мне было да дзесяці гадкоў, калі паявіўся другі браток (першы, Валодзя, памёр немаўлём). А гэтага заўпарціўся я, каб ахрысцілі... Сашам, дэкларуючы матцы, што буду яго няньчыць. Паверыла абяцанкам, не бачачы прасветнае гадзіны ад навальнае работы. Сніліся сны, што – во! – сядаю ў „істрабіцель”; настругаў я іх з паленаў цэлую эскадрылю. Бывала, затаіўшыся ў жытнёвых прамежках, каб вартавыя не прыкмецілі, цікаваў за ўзлётамі і пасадкамі бамбавозаў, бы воўк у кустах ля калёснага гасцінца.

У запоўнач падымалі вэрхал ў разаспанай хаце заначаваўшыя кліенты з далечы. Уедлівы, як муляк, дзядзька з Казловага Луга заенчыў: – Пані-панечка, пасуда валіцца!!! – і ламянуў з лавы на – храпучага на падлозе ля варштата – вучня з Паўночнага Вострава, Валодзіка Грыбка. Адбылася незабыўная паніка: за вокнамі, недзе аж за Крынкамі, стралялі – афіцэры дзеля вівату ў марозны Новы год.

Страшна пілі тады самагонку. Рэдка хто не гнаў яе; нават некаторыя ўдовы. Літроўкі замянялі грошы. Бацька і маці бралі за работу тое, чаго ім не хапала, маючы ўсяго тры гектары зямлі:

у александроўскім палетку, за аношкавіцкім лугам, і на Пляцах, што за жыдоўскімі могілкамі. Прывозілі ім збожжа і мяса, паўпрадукты, як і прыхаваныя яшчэ за першымі палякамі тавары. Найчасцей перлі калоды на новае гумно, хлеў, затым і на новую хату. Аднаго разу нехта пакінуў у кухні вядро сівухі, з якога чэрпалі хто хацеў. Вечарамі ў шаўцоўні кішэла ад падпіўшых мужчын;

у краўчых сэймікавалі кабеты. Я быў у курсе спраў Крынак, саветаў і свету з Англіяй ды Амерыкай.

* * *

Прыйшла вясна, у якую даканалі Гітлера і яго Нямеччыну, а ў Крынкі вярнулася Польшч. Якраз гуляў я з хлопцамі на выгане, калі шашою ад Саколкі прымашыравалі палякі ў рагатых шапках ды з карабінамі, а байцы наставілі на іх свае аўтаматы і не пускалі.

У веснаход шумела вада ў стромкім рове, пад мостам у канцавіне Сакольскай. На камянёх. Выходзячы ў сцюдзёную цемнату дзеля надворку перад сном, я туліўся да глухога плоту ад Манахаў. На раскудлачанай бярозе ля студні Булавы трывогліва ціўкала на вятрыску разбуджаная птушка. Скуголіў Чаркесаў сабака. Маркітаў баран у Рухаймозга. Сачыўся жаўтлявы бляск з вакна бацькавай шаўцоўні, у якой гудзеў гоман мужчынскіх галасоў; стукат малаткоў.

Начамі хадзіла АК, абабіраючы кацапскіх багатыроў. Гэта былі паспалітыя банды каталіцкай галоты; нас не чапалі, відаць, таму, што тут усё віраваў натоўп кліентаў і начлежнікаў, пляткуючых дапазна суседзяў (карцёжнікі збіраліся ў шаўца Чабана). Язык за зубамі, аднак, трымалі.

Дэмакраты ўмацоўваліся. Пасвячы свіней на поўхавых купах каля маянтковай Трансавы, я чуць-чуваў далятаючы ад крынскага места заядлы спеў прыезджых актывістаў „Nie rzucim ziemi, sk?d nasz r?d...” Ажно каторайсь перадрані пастралялі арганізатараў чырвонай улады, разбілі пастарунак, ляснулі армейскага афіцэра ў водпуску, а крамнік Звярынскі пры нагодзе адправіў на той свет канкурэнта (другі запоўз у кусты). На дзіва ўцалеў мой дзядзька Кузьма, русіфікаваны беларусец з-за савецкага кардону, які здурэў стаць сакратаром мясцовай партыйнай ячэйкі ППР. Але, спасу пашукаў гэты вандроўнік лёсу відавочна ў падвойнай ігры...

У слыннай філасофіі т. зв. тутэйшых: усім быць добрым. Падобны прынцып вызнаваў і дзядзька Жукоўскі з хутара Клышаўка.

І хоць днявалі ды пілі ў яго – раней немцы, а цяпер акоўцы, усё роўна прапаў за нішто ды пакутна (ён з жонкаю). Гаспадарку па ім узяў рэпатрыянт; хатняе дабро павезлі вазамі тыя тады лясныя госці, увязаўшы, бы каровы, шлюбную пару дабрадзеяў, каб пабіць ва ўрочышчы Браткі за Сасновікам (хваліўся п’яны хамут з Шудзялава: як стрэльнуў Жуку ў патыліцу, дык вока яму з мазгамі... дрыснула на траву!). У сямейнай традыцыі захаваліся некаторыя звесткі наконт таго забойства. – Адзін з лепей знаёмых Жукоўскаму „давудца” па-сяброўску папярэдзіў быў месяцам да гэтага, што будзе бяда: каб з’ехаў ён у Беласток, пакуль шалее польская завіруха. Лёгка сказаць хутаранцу: кінь поле, стадолу, хлеў, і падайся ў блізкі свет. Шкада! Не разумеў, што не выбачаць яму кантактаў таксама з саветамі. Жыць на самотнай Клышаўцы і не карміць усялякіх партызанаў ды іх актуальных варагоў уперамен мог толькі босы бядак, што еў хлеб з мякінаю. Хутары гараць першыя. Не заўсёды таму, што багатыя.

Яшчэ да лета сорак пятага пачаўся завоз ад чубарыкавага войска, што бронтала з Германіі, чакаючы пропуску цераз граніцу Савецкага Саюза; пралягла яна ўрэшце рэшт за стадоламі Юрчыкаў на Гродзенскай. Салдатня цягнула з сабою фургоны нямецкага дабра, назапрагаўшы гаматных бельгійскіх коней, што ў славянскіх хлявісках не змяшчаліся. Аказалася вось – пагранічнікі з таго боку бязлітасна лупяць нават ручныя гадзіннікі. Узняўся затым вэрхал гандлю з „таварышчамі”, так сказаць: бартэрны. Бацька набыў мне здатны дамскі роварчык, даўшы за яго гарэлкі, сала, гарачых боханаў з печы. А ягоны швагер набраўся, бы жаба балота, золата дочкам на вяселле, якое хутка яму... заіржавела. Чабаніха падхапіла шанц за дзве бутэлькі, ад зайшоўшага да яе лейтэнанта, гатовага збыць цёплы плашч суконны, адпароўшы пагоны (праз гадзіну адабралі ёй яго іншыя, прыпалохаўшы наганам). Найхітрэй старгаваў Патэж з Кальварыі, упёршы русакам паўскрынкі літровак з даваеннымі польскімі наклейкамі манаполькі; напоўненыя былі крынічнай вадою і залакаваныя з адбіткам грашовага арла. Столькі выдаткаваўся ён на матацыкл, на якім шчасліва драпануў да сваякоў у няблізкай вёсцы. Смаркаты Ёзік злакоміўся на каняку, бы гара, які неўзабаўку здох яму, прыдушыўшы авечкі за катухом. Спрабавалі гешэфтаў з ваякамі і мясцовыя палятухі, але з віскам пераканаліся, што даўшыся пад палаткаю аднаму мусіла такая нацярпецца ўроскід па чарзе з дзесяццю... Без падбаўкі аплаты або і зусім задарма, калі прошапаніла ды фанабэрыла. Плявалася ўсюды мацюгаватая Голая Фэлька, агіду якой я пакуль што не цяміў (да гвалтаў на дзіцячых вачах усё ж не даходзіла).

Ад тых абозаў я меў палёгку з кормам паршукам. „Конскія яблыкі”, рабыя ад неператраўленага аўса, смакавалі і даволі пераборлівай мацёры.

Беларускія класы ліквідавалі і мус было ісці ў польскія. Неўзабаве захадзілі з вуліцы на вуліцу, з хаты ў хату камісарскія агітатары, каб беларусы выязджалі ў Расею, бо „зьдзесь будзет Польша”. Ціснулі на бацюшку Савіча, з разлікам, што следам за ім здымецца ў нейкі вырай уся парафія... Не на таго яны напалі. Дурылі галаву і нам, але бацька, даўшы рады немцам, тым лаўчэй абалваніў тых ганучнікаў, здольных ано махляваць. Абяцаючых без аніякага толку.

Тлумачыў ім: – Таварышчы, нашто вам гэты вываз, ну, думайце самі!? Забяроце нас да сябе, нада будзя хату там каждаму даць, а ў вас жа ўсё папалена! Нада будзя хлебам карміці, а ў вас жа сваім не стаёт. Нада будзя работу, а ў вас жа нет чым плаціць, страна зьніштожаная. Зачэм вам гэта бяда на галаву, у вас жа сваіх людзей неізьвесна куды дзяваць, хаця Расея вяліка, но пустая, бяда зь бядою ў ёй, а вы яшчо і нас хаціце зваліць на свае змораныя плечы... Мы вам у вас плакаць будземо!

А яны: – Эта ты напрасна так гаварыш, пан: всё вам у нас будзет, дажа свіней сваіх заберош...

Маці на тое: – Ага, забярэш, каб калхозьнікі пакралі!..

Бацька спалохана перапыняў яе: – Не слухайця, таварышчы, дурную бабу! (І да іх) Я вам кажу: нашто вам гэта наша бяда?! Мы вас очань шкадуем, і таму эта наша бяда хай ужэ на палякаў валіцца, тагды вам лучша з вайны адбудавацца.

Саветы: – Вас палякі здзесь душыть будут, как раньша.

Бацька: – Э, таварышч, хто толькі нас не душыў, а мы жывем. Хай душаць палякі, дамо рады. Затое Расеі лягчэй будзя...

У Крынках кішма кішэла загранічнікаў, уцекачоў з тых вёсак, якія спачатку адыйшлі да СССР. З Вялікіх Азяранаў, Парэччаў, Юраўлянаў, Ласінянаў... Кватаравалі яны ў сваякоў, парабкавалі. Рамашэвіч рабіў моцныя калёсы. Як ні кідалі іх вобземлю, ні зрушыліся. З ім супражыў азяранец Кучынскі, і абодва прыбраліся ставіць нам новую хату, цяперашнюю, на жыдоўскіх пажарышчах. Марудна цясалі, абы доўга, бо не мелі куды падзецца. Сваяцкі нам Гарбуз, афіцэр Белай Гвардыі, пісарыў у паўпісьменнага войта Нэваля. Хто ведае, ці не ад такое ганьбы распіваўся... Хама Нэваля ў рэвалюцыю нашпарыў бы ён бізуном!

Павялася мода садзіць садкі. У садаўнічага Ганацкага на Акопах купілі мы пару яблынькаў. Знайшлося ім месца ў закутку вузкага і пераходнага падворка (за намі пабудаваўся быў бацькаў брат Грыша). Я не мог прычакаць, калі дрэўцы прымуцца расці! Падліваў іх ці не штодзень, аж нехта сказаў, што пагніюць ім ад таго карані. Завёў кролікаў-трусоў, якім прыносіў дзяцеліну з прыгумення ды падкрадваў моркву на чужых загонах; падпільнавала мяне цётка з Плянтанскай – дагнаць не дагнала, і шчасце, што не апазнала. Набліжалася тым часам зіма і былі б клопаты з імі, але, аднойчы, усіх выдушыў тхор. Неразважліва, бо я ў роспачы высачыў ягоныя крывавыя слядцы, – вялі ў блізкую крушню. Выбілі тхарыны вывадак да нагі ўпалоханыя за свае куры і качкі гаспадары.

Яновічы не чыталі па-польску. Не лічылі гэта патрэбным. Пісьманосец Клімовіч з Касцельнай хварэў на інтэлігента і настаяў выпісаць „Rolnik Polski”. За газету браўся я, дэкламуючы з яе паведамленні са свету крынкаўцам, прыходзячым „на майсы” ў шаўцоўню, дзе несціхана балбатаў радыёпрыёмнік „Філіпс”, набытак ад савецкіх марадзёраў. Электроўню ўжо, здаецца, сяк-так адбудавалі... Слухалі наогул песні з Масквы, адкуль перадавалі іх як бы бесперапынна; у вядомы момант знаходзіў бацька Лондан з сігнальным у эфіры бубнам: Nadajemy wiadomo?ci dobre czy z?e, ale zawsze prawdziwe...

Загранічнікі што ні вечар спадзяваліся абвесткі, што Англія з Амерыкай ужо-ўжо пойдуць вайною на бальшавікоў. Сімпатыкі АК – таксама. А кацапы маўчалі, час ад часу падміргваючы адзін аднаму. Мяне дадаткова здзіўляла тое, што нічога не кажуць у радыё пра палітыкаў, пра якіх поўна ў маёй газеце: ні слова пра Хурхіля, а ўсё пра якогасьці Чэрчыля, і няма дэ-Гаўле, ёсць дэ-Голь, можа брат дэ-Гаўля?.. Наведваліся з заказамі абутку – з матчынай радні ад Гарадка, з аповедамі, як у тым старонні ганяюць прэч банды, хто гранатамі або і вінтоўкамі. Наслухаўшыся, я склаў каліграфічным пісьмом лістоўку з тытульнымі словамі „Не забывайце, беларусы, што ў нас сталіца Мінск...” Сцібрыўшы клею ў чаляднікаў, замацаваў яе ў месячную ясноту на тэлеграфным слупе каля таго ж моста (удзень тае паперы ўжо не было). Стасько Шамрухевіч намякаў мне пасля, каб гэта я так, засранец, апошні раз... Яму было пад васемнаццаць, на сем-восем больш. Тоячыся ад яго, намаляваў я акварэлькамі мапу Беларусі і схаваў яе ў куфар (унікальны сённячы экспанат).

Пакуль увялі абавязковы прадмет рускай мовы, вучылі французскай. Пані Сасноўская з ваўкавыскіх двароў. Яна чамусьці ўпадабала маю маці, начапіўшыся купляць у яе хатнія абеды. Ніколі не здымала рукавічак, гэтак жа ў жніўную спёку. І заўсёды ў капялюху са штучнымі кветкамі. У шырозным плашчы. Уся ў чорным адзенні, удовіным. За клямку бралася двума пальцамі, перш абгарнуўшы яе паперкаю або ватаю. Асцерагалася заразы. Ежу чэрпала апалонікам сама з гаршкоў; гідзілася тлустым мясам, ныдзгала, напаўняючы сваю пасуду. Далікатна дзякавала і выходзіла, дастойна простая. Плаціла мэблікамі палацавага ўжытку, тканінамі заморскага вырабу, шалямі, шыкоўнымі сукнямі, якімі пасля ашаламляльна фарсіла ў царкве мая мацерка. Сасноўская прэзентавала сабою прыклад жыццёвае бяздарнасці, але французіць, відаць, здолела б у самім Парыжы. З ейных урокаў запамяталася слоўца „ляпіпітр”, ад якога сінелі хлопцы і заліваліся чырванню дзяўчаткі, бо нагадвала яно вульгарную назву інтымнай жаноцкасці... Смяшыў і франкафонскі акцэнт, інтанацыя, усё роўна што растапыранага п’янюгі ў лапухоўі.

У жыдоўскай бажніцы ладзілі школьныя акадэміі „з нагоды” і неадлучныя ад іх вучнёўскія канцэрты. Пані Кулакоўская рыхтавала на артыстку сваю лялечку з даволі ардынарным па бацьку тварыкам. Нязменна дэкламавала гэтая песта Krakowiaczek jeden, mia? konik?w siedem, hop sa-sa, hop sa-sa... Яе кракаўскі строік асацыяваўся з папуасамі. Фатаграфаваў асабіста Кулакоўскі, мала, што высокі пад неба... Меў ён выгляд немца на савецкіх фільмах, і пакрыкваў, зрэшты, бы ўнтэр: Cicho, byd?o!

Эх, танцы на Пакрову! Пад бажнічнаю амфілядаю рэзаў на гармоні – цыганскай пароды – Лёнік з Новай, за якім млелі паненкі. А ў польку падсвістваў, бы чорт на сухой вярбе... Пыліла забава, што людзей не пазнаць! Тады ўрываўся шалёны Тадзік з Пагулянкі і камандаваў: – Stop muzyka, bi? budu! Бабы ўзнімалі вэрхал: – А каб ты аблез, Тадзік! Кавалеры дзыгалі без аглядкі ў расхлябешчаныя вокнішчы. Яны добра ведалі, што прыйшоў ён не адзін; у цёмных сенях маячылі ўзброеныя польскія пагранічнікі Тадзікавага швагра-паручніка; нагамі сукаталі мазурыкі ад нецярплівасці да мардабою. Тым, хто не паспеў вышмыгнуць, неўзабаве даставалася ад іх укаплех карабінавымі прыкладамі. Грэлі па гарбе і задніцы, што аж не змяшчалася назаўтра срака ў нагавіцах. Панны па-рыцарску заставаліся недатыкальнымі.

Пагулянцы верхаводзілі ў крынскіх атракцыях. Памалу, аднак, загасаў бандыцкі фальклор у гэтым колішнім фабрычным квартале. Даўжэй трымаліся патаемкі для аматараў „водкі і поткі”.

Мяне ахапіла цудатворная манія быць інжынерам-аграномам яшчэ да заканчэння пачаткоўкі (хадзіць у сярэднюю, затым у вышэйшую – падалося марнай стратай часу). Зубрыў напамяць цэлыя старонкі агранамічных парадаў у тым „Рольніку...”, а некаторыя практычна рэалізаваў у хляве і агародзе. Куры несліся і ўзіму, але, на жаль, пасыпаліся на мяне двойкі ад настаўнікаў, што закончылася нежартоўнымі дзягамі і вакацыйнай папраўкай з хабарамі педагогам.

Першая спроба выйсці ў жыццё наўпрасты не ўдалася. Абдумваў наступную.

* * *

Ажно не верыцца, што калісьці адзін аднаго забівалі за мяжу! У веснавое ворыва ўздымаўся гевалт у палетках Александроўкі, Аношкавіка або ў бок Разбойніка. За лішнюю баразну. Да заюшанасці лупцаваліся Антыфоны, мажныя мужчыніскі; па-бабску галасілі Сямы. І тыя і тыя браты родныя; між чужымі не так даходзіла да мардабояў. Гэтае правіла відаць і ў агульнаграмадскім жыцці: наймацней ненавідзім блізкіх.

Сённяшнім днём адшукаў я злашчасныя палоскі, на якіх бярэцца расці тым часам самасейны маладняк. Ахапіла мяне задуменне, бы над нечай магілаю... За маёй памяці за тую зямлю пралівалі кроў, а цяпер яна, вось, анікому не патрэбна. Дзеці – плойма Антыфонянак і Антыфончыкаў ці Сямак – пахаваўшы склератычных бацькоў, разбегліся па свеце. Унукі, пэўна, і чуць не чулі пра мужыцкія бітвы дзядоў за дадатковую скібу раллі. Спецыяльна пацікавіўся я іх маладым лёсам – амаль ніхто не ўсядзеўся хаця б у Беластоку; пішы на амерыканскія, нямецкія, бельгійскія адрасы. У Канаду пасылай пісьмы. Міф Амерыкі, які памятаю, – гэта нешта па-шакаладнаму пахкае, блішчастае, адэкалоннае, а ежа абавязкова сальная, патэльня скварак з вярхом, збан смятаны на стале, печаныя індзюкі, салодкае гультайства ды манна з нябёсаў. – Ого, Амэрыка, а брат ты мой! – пагаворваў Смаркаты Ёзік. – У Амэрыцы, а брат ты мой, жыць і не паміраць!

Палова маладых Крынак ужо ў Амерыцы. З тых хатаў, у якіх не мелі хлеба да Вялікадня. Яны адтуль, з таго раю, і не паяўляюцца тут. Нават дзеля хвальбы ўдачаю. Вельмі магчыма, што не прызнаюцца там да родавага паходжання ды крынкаўскай цэркаўкі або касцёліка. Раз нехта сапраўды прыехаў быў летам – брат без новай жонкі ў Чыкага і яго сястра без новага мужа, але з чорнаскурым дзіцянём на руках. Не сентыментальныя гэта адведкі – у галоты айчына тамака, дзе грошы; каб быць патрыётам, трэба перш заможнасці, беспраблемнасці быту. Зляцеліся яны хаваць удаву матку і збываць будынкі. На паніхідзе мардатыя мужыкі вытрэшчваліся на яе негранё. – Адкуль яно ў цябе такое? – дапытваліся, пахаваўшы нябожчыцу. – Well, адкуль?! – абурылася з ангельскім акцэнтам унучка мясцовага задрыпаніка. – З тых варот, што ўсёй народ! – успомніла афарызм зацюканай маці, нараджаўшай штогод па дзіцяці. – Not offend!

Я выбег успамінамі на паўвеку дапераду. Іначай нельга, каб зразумець пераломныя саракавыя.

Я і мае равеснікі паслі кароваў і авечак. Не для заробкаў, а таму, што басота выперлася ў Беласток і на Прусы. На ўсе Крынкі аднаго знайшлі пастуха, Супруна з Новай. Знюхаўшы сваю унікальнасць, ён запатрабаваў варункаў – трэба смакаты ад гаспадыняў і памочнікаў. Клялі Супруна, але згаджаліся. А калі жаніўся, закідалі яго падарункамі, каб шлюбная лойка не павалакла разяву некуды ў фабрычны Шлёнск. Бываць з ім на пашы ў Доўгім Лузе не было сонна – распавядаў пра пасцельныя выпадкі з бабаю ўночы. Я, дзесяцігодак, мала што з таго цяміў, прадчуваючы, аднак, якуюсьці таямніцу кшталту „Мцыраў” Лермантава, кнігавіцу якога час-часом пачытваў на гарышчы, дабраўшыся да матчынага куфра. Сексуальнае ўсведамленне з’явілася ўва мне позна, апынуўшыся ўжо ў рэдакцыі „Нівы”, калі аказалася, што жанчыну варта мець не толькі, каб гатавала і мыла яна бялізну, цыравала шкарпэткі (пра гэта раскажу пасля).

Даволі парадаксальнае ўсё тое, узважыўшы, што ад малога бачыў я жарэбныя кабылы, мацёры, кныроў, сабак на сучках, трусоў у тлумным сексе... У чатырнаццаць прыснілася сваячка ў капусце. Ананізм лічылі тады страшным. Мала таго: хадзілі чуткі, што ад яго сохнуць мазгі і ўсенька канчаецца пакутнай смерцю. Сорам каму сённячы казаць пра тое: засмяяцца не рассмяецца, а падумае, што табе – дах паехаў! Пасля поначнай дыскатэкі ў Крынках учора я пратаў са свайго траўніка рознапамерныя прэзерватывы. У гэтым мястэчку, у якім у маю маладосць кавалеры не зусім ведалі, чаму жэняцца яны; здараліся „цэлкі” пасля двух гадоў ад шлюбу (як потым я дазнаваўся).

Крынкі цікавыя мне яшчэ і тым, што ў іх бытуе сярэднявечча з наважытнасцю, прычым у неблагой гармоніі. Нядаўна глядзеў пажар стадолы Чэся, яўна падпаленай ягоным цесцем, якому ён не дагадзіў. Цесць дзівіўся потым следствам паліцыі; не ўшанавала гэтага ганаровага падпалу. Упершыню ў жыцці я ўбачыў – пры іншай нагодзе – як банда дзяўчат нашпарыла шайку хлопцаў. Блізу двухметровага росту дзеўка акірачыла паваленага на траву півошнага танцора, з лёскатам угрэўшы яму па мухаедах. – Popami?tasz mnie, skurwysynie!

Валасы падняліся на лысіне! За маімі часамі дзяўчаты маглі не больш, як плакаць і прасіцца. Калі якой мы баяліся, дык такой,

у якой бацька меў „белую гарачку” ды пудовыя кулакі.

Найлягчэй малаціўся авёс. У маразечу. Цяжка выбівалася цэпам жыта. Бацька не дазваляў мне веяць – чамусьці не мог я добра махнуць, каб зерне ляцела на канец таку, пасля на сярэдзіну, а мякіна і амеці поблізу. Веерам, – у чым і ўвесь спрыт. Блыталася ў мяне. Затое няблага даваў рады супражыць нават у „тры цапы” (даходзіў да нас Валодік-Намеснік з Кальварыі). Хутка, аднак, слабеў ад стомы пільнавацца тае жанглёркі; згубіўшы чуццё рытму, умомант узнікала малацельная катастрофа, можна было дастаць дубінаю па шапцы. Атрымоўваў я бяспечнае заданне: – Бяры ровар і завязі мяшок ячменю да Рудніка, хай змеле восыпкі свінням.

Бацька, будучы паслаўляным шаўцом, не любіў гаспадаркі. Не думаў займацца ёю, абуваючы паўпавету. Яго здзіўляла ППР, рабочая партыя, якая па-дурному зніштажала кожнага, хто працаваў і багацеў. Цёпла ўспамінаў былую Нямеччыну, таксама з рабочай уладаю ды з чырвонымі сцягамі (са свастыкай, замест сярпа і молата). Зруйнаваў Яновічаў начны наезд на нашу хату ўбоўцаў з Саколкі, тадышняга УОПу: забралі гару скураў, падэшваў, негатовых і гатовых ботаў, чаравікаў, туфляў. І ніколі не аддалі. Назаўсёды запамятаўся па-мужчынску скавытлівы плач майго бацькі, спрабаваўшага выенчыць літасць у бандзюкаватых хамаў у скураных плашчах ды з аўтаматамі напагатове. Ад таго рабунку польскіх чэкістаў мы вярнуліся да плуга і гною.

Крынкаўцы гаварылі ўласным жаргонам. – Шайс гэта ўласьць! Капут працавітым людзям! Рыхтык камісар Сруль! Бог вэг! Лаханда ідзе, майсы і ўрра!! Давай ім шпэк, шнапс і сваю бабу ў пасцель!

Згадвалі вершык з саракавога, калі саветы начапілі ў першамай партрэціска Сталіна на ратушы; нехта прыкалоў тады яму пад вусы прыцемкам кавалец шпэку ды картку: Stalinku, Stalinku, jedz s?oninku. Dwadzie?cia lat gospodarzy?, ni razu nie zaskwarzy?! Сышчыкі НКВД не напалі на след аўтара тэксту, хоць пісьменных палякаў у нас у тую пару злічвалася на пальцах аднае рукі... Знайшлі б жартаўніка, але радасць, вось, прапала ў народзе (і ў даносчыкаў?) ад вывазаў на Белыя Мядзведзі, і ад апусцелых крамаў. Удадатак мэнчыла ў тарговыя чацвяргі навалочаная басота з шырокім горлам: – Таварышчы і жэншчыны, уступайце ў калхозы, а будзеця ў іх жыць, як у бога за сьпіною! Усё вам будзя, калхозьніку па карове, дзецям па карзіне ляндрынак, кавалерам па велясыпедзе, дочкам па паркалёвай сукенцы, бабам па парасяці... – хвалілі камунізм агітатары, не даўмеўшыся, што ў Крынках кожны даўно мае гэткі дабрабыт, (акрамя ландрынак і равароў).

Калі тое было? Шэсцьдзесят гадоў назад. Сяджу ў тых жа Крынках і ўяўляю сабе, што тубыльцы, слухаючы той болбат, мусілі сінець ад ціхага рогату. І шкадаваць прапаўшую Польшч, хоць і панскую.

У тую савецкую вясну відацьме навек адхацелася тутэйшым беларусам яднання з Беларуссю. Каму ахвота пакідаць лепшае ды лезці ў горшае? Справа, мабыць, не толькі ў бясхлебнасці мінскай рэспублікі. Разам з перспектывай голаду валілася на нас сюды безразумная і, адначасова, разбойная ўлада. Свайго роду адбыўся прыход грабежнікаў. Палякі, праўда, нікога не гладзілі па галоўцы, але яны ўсё ж прытрымліваліся якогасьці закону; у саветаў пра ўсянютка вырашаў таварышч-начальнік, згодна этыкі банды. Такі мог цябе і застрэліць у кутку. Таму нямецкая акупацыя потым нас так вельмі не ашаламляла, як у глыбі Польшчы.

* * *

Крынкі – на прасцяцка-савецкі манер – не паважалі і не паважаюць тутэйшую ўладу, і, натуральна, яна іх. У нас уладары па-бальшавіцку заўсёды падпітыя, праўда, акрамя двух кароткіх перапынкаў – начальнік гміны Касінскі не запіваўся на людскім відавоку, а за войтам Ціруком, потым, кожны мужыкаваты панок баяўся нават дакрануцца да чаркі. Таму той і той хутка прапалі ў простанародныя выбары ды перавыбары, бо ў цвярозага начальства нельга дабіцца дзярлівых шанцаў (апошні перад цяперашнім войт, хоць і касцельны, тыднямі піў па хатах). Некаторых, як казалі, цянгловая гарэлка без пары звяла са свету; адзін з іх, наймацнейшы бамбіза, дастаў усё ж хваробу Бюргера і застаўся зусім без ног. Мяшок з горлам і сракаю.

Пры камуністычным тым Касінскім у мястэчку пабудавалі вадаправод, а пры абстыненцкім Ціруку – каналізацыю. За часамі Нэваля, пасляваеннага яшчэ войта, які хадзіў у доўгім вазацкім кажусе і калываючыся ад перапою, Крынкам аднялі гарадскія правы, якія мелі з 1569 г.; зруйнавалі ў іх дзеля цэглы жыдоўскія і камунальныя муры, таксама тыя не надта папаленыя ў фронт. Настрой паспалітых рабункаў: дзяўблі кіркамі ўсенька прыдатнае ў нечым, каменне з фундаментаў, тратуары або і брук. Афіцыйна гаварылася пра вываз будаўнічых матэрыялаў на адбудову Варшавы. Адзінае, чаго не здолелі спляжыць нэвальчыкі, дык гэта унікальнага плана крынкаўскага места і шасцікутнага рынка ў ім; геаметрыя не паддаецца молату і лому.

Уцалелі ад развалу драўляныя будынкі ўсякіх Іцкаў, якія спехам пазаймалі, уцякаючы сюды, ваенныя пагарэльцы з вёсак, што адышлі да саветаў (пераважна з Парэччаў і хутароў у Лапіцкіх горах). Анісімовічы з найінтэлігентнейшай Гродзенскай вуліцы выратавалі салідныя сцены выпаленай школы на блізкіх Акопах і, каб вярнуць яе да жыцця, узяліся патрашыць даўняе-прадаўняе гмашэннае збудаванне ў двары дэ Вір’яна, выцягваючы адтуль чырвоныя ад смалы бэлькі ды рэшту век-вечных матэрыялаў. Пасля запаўцелі яны ахаваць вялізны сад драпануўшага пана і гектары ягоных сажалак. Але, на гэтым іх грамадзянская актыўнасць скончылася. Не вытрымалі націску бандытаватага мястэчка: яблыні і грушы зладзеі мала з каранямі не павырывалі, а карпаў кашамі кралі. Усевалад Анісімовіч, больш вядомы як Дзядзька Валодзя, пастараўся быў аб наган сабе ды што ён мог ім зрабіць, акружаны хмараю лайдакоў. Само местачковае мужыцтва, хоць не так драпежнае, як тая парэцкая навалач, было, аднак, надта сярлівае, каб арганізаваць з яго нейкую сілу. Падрастаючыя Анісімовічанкі ды Анісімовічыкі затым паперлі ў белы свет, плюнуўшы на клубуючае хамства з вашыма за каўнерам.

Падзеяй стаўся прыезд у школу рыжых дабрадзеяў са Шведскага Чырвонага Крыжа. З’явіліся яны ў пыльных завулках афіцэрскім джыпам, з польскай перакладчыцай каля шафёра. Устаялася была сухая пагода, а лясныя банды ўжо не хадзілі; з Крынак пазабіралі ўбоўцы ў турмы шмат-каго з іхных ненаедных супражнікаў і таму апаў страх; з дзяцьмі папрыходзілі і бацькі, глядзець, як малым робяць акулярыстыя чужакі прышчэпкі ад сухотаў. Настаўнікі папрыводзілі натоўпы вучняў з людністай тады ваколіцы. Потым, на працягу навучальнага года, трэба было ў перапынкі між урокамі абавязкова глынуць штодзень сталовую лыжку рыбінага тлушчу, закусваючы малюсенькай, бы гузік ад пальта, шакаладкаю, таксама дарункам скандынаваў галодным і хваравекім дзікунам на славянскім усходзе. На гэтай дапамозе сёй-той з закерзонскіх злосных педагогаў з шляхтаватых засценкаў з-пад Ваўкавыска выразна прыбагацеў. Паратунак бедным, зрэшты, усюды і заўсёды праходзіць праз кішані тых, каму і без таго няблага.