ПОЛАЦКАЯ ВАЙНА

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ПОЛАЦКАЯ ВАЙНА

Рака беларускай гісторыі не давала Полацку спачываць у ціхай завоіне, зноў і зноў выносячы яго на самую строму. Так здарылася і ў сярэдзіне XVI стагоддзя.

1558 год. Маскоўскае войска з агнём і мячом уварвалася ў Інфлянты (Лівонію). Напачатку фартуна спрыяла маскавітам, і ім удалося захапіць Нарву і Тарту. Шукаючы падтрымкі, лівонскі магістр прызнаў сябе васалам Вялікага Княства Літоўскага. Палкі гетмана Радзівіла Рудога рушылі на дапамогу лівонцам. Вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст прапанаваў цару Івану ІV узаемна адвесці войскі, ды той меў іншыя планы. «Мы з’яднаем свае сілы, каб Польшча і Літва не выслізнулі ад нас», — пісаў ён нямецкаму імператару. Вайна Інфлянцкая (Лівонская) ператварылася ў вайну Літоўскую.

Царскія ваяводы пляжылі Літву-Беларусь, неслі смерць і здзекі. Князь Андрэй Курбскі хадзіў на Віцебск. «Острог взяли и пожгли, — апавядае маскоўскі летапісец, — и посады у города у Витебска все пожгли и наряд в остроге поимали и людей в остроге многих побили и села, и деревни около Витебска пожгли и повоевали». Апрача касцёлаў Курбскі спаліў дваццаць чатыры праваслаўныя храмы і люта расправіўся з палонам, але цар усё адно пазіраў на яго скрыва, бо пад Невелем князь, маючы пятнаццаць тысяч ваяроў, не здолеў разбідь чатырох тысяч ліцвінаў.

«Уся Літва ёсць вотчына гасудароў маскоўскіх!» — абвясціў Іван IV на саборы, а дваране сказалі: «Мы, халопы царскія, за адну дзесяціну зямлі Полацкага або Азярышчанскага павета галовы скласці гатовыя». Масковія рыхтавалася да вялікага паходу. Напрыканцы 1562 года палкі сабраліся ў Мажайску, і да іх выехаў цар. Яму сніўся Полацк, ютрань у святой Сафіі, срэбныя берагі і залатое дно Дзвіны.

У вядомым рамане В. Костылева «Иван Грозный» намаляваны вобраз цара-бацюхны, які аддана служыць Богу і народу, клапоцячыся пра вызваленне аднаверцаў з чужынскай няволі.

      Іван IV. З гравюры XVI в.

Які ж быў «вызваліцель» напраўду? Каб не здавацца занадта старонным, спачатку дам слова славутым расійскім гісторыкам. М. Кастамараў называў Івана IV «чудовищем, которое лжет в каждом слове», В. Ключэўскі — «зверем от рождения», a С. Салаўёў пісаў што гісторык ніколі не прамовіць такому чалавеку слова апраўдання.

У дзяцінстве цар любіў бавіцца, скідваючы з высокіх дахаў катоў і здзекуючыся з дробнай жывёлы. Гадоў з пятнаццаці пачаў «упускаць» з вышыні таварышаў сваіх дзіцячых гульняў і з асалодаю глядзеў як тыя канаюць. Павянчаўшыся на царства, семнаццацігадовы валадар учыніў нялюдскую расправу над пскоўскімі пасламі, што прыехалі скардзіцца на намесніка, — загадаў сарваць з сямідзесяці немаладых шаноўных людзей адзенне, пакласці іх на каменную падлогу, а сам паліваў ім галовы спіртам і свечкаю падпальваў валасы. Калі цару прывезлі з Персіі слана, ён закамандаваў таму стаць перад памазаннікам Божым на калені. Няшчасная жывёліна, не разумеючы рускай мовы, не паслухалася і была за гэта пасечаная на кавалкі.

Садызм зрабіўся для цара жыццёвай патрэбаю. Ён катаваў колішніх сяброў, уласнаручна зарэзаў у застоліцы князя Абаленскага-Аўчыніна, абарваў жыццё свайго сына… У часы так званай апрычніны царовы слугі цэлы месяц забівалі ў Ноўгарадзе штодня па 500 чалавек. Людзі шэптам перадавалі адзін аднаму, што цар рукі з кішэняў прылюдна не дастае, бо не можа з іх кроў адмыць.

Тады ж на нядаўна захопленых Масковіяй ноўгарадскіх і пскоўскіх землях нарадзілася песня:

У того царя да у Собаки

А окол двора да тын железный,

А на каждой-то на тычинке

По человечей-то сидит головке.

Крывавая тыранія напоўніла краіну даносчыкамі і катамі. «Няхай цар пакажа нам сваіх здраднікаў, а мы самі вынішчым іх», — крычалі памазаніку сталічныя купцы і мяшчане. «На рабы своя, от бога данныя ему, жестокосерд вельми, и на пролитие крови и на убиение дерзостен и неумолим, множество народу от мала и до велика при царстве своем погуби», — сказаў пра цара маскоўскі летапісец. I побач таксама пра яго: «Муж чюдного рассуждения, в науке книжного поучения доволен и многоречив зело».

Багата прысвечаных цару захопленых слоў знойдзецца і ў расійскім фальклоры. Рэкі крыві, войны і захопы чужых земляў успрымаліся як доказы богаабранасці Івана IV, што, маўляў змагаецца з ворагамі ў дзяржаве і за яе межамі. Манархічныя ілюзіі тады канчаткова зрабіліся рысаю расійскага нацыянальнага характару. Менавіта гэты цар пакінуў Расіі ў спадчыну ўжо цалкам сфармаванае самаўладдзе, што трымалася на тэроры супроць свайго народа. (Нядзіва, што Іванам IV захапляўся Сталін.) Нават князёў і баяраў ён прымусіў называць саміх сябе «халопамі». Перабегшы ад свайго гаспадара ў ЛітвуБеларусь, Андрэй Курбскі пісаў Івану, што той «затворил землю русскую, сиречь, свободное естество человеческое, аки в адовой твердыне».

Еўропа глядзела на маскоўскага ўладара як на дэспата, роўнага якому не было ні ў Старым, ні ў Новым свеце. Смешна чытаць у некаторых расійскіх гісторыкаў што цар быў выдатны дыпламат. Наўрад Масковія заваявала ў еўрапейскіх краінах павагу ад таго, што Іван IV абвяшчаў сябе найвышэйшым з усіх каранаваных валадароў. Англійскую каралеву Лізавету «выдатны дыпламат» ахрысціў «пошлою девицей». У свайго суседа шведскага караля Юхана, бацька якога быў просты дваранін, Іван Васільевіч пагардліва дапытваўся ўлісце: «А ты скажи, отец твой Густав чей сын, и с какими государями был в братстве, и какого ты роду государьского?»

Пра нашага манарха Жыгімонта Аўгуста цар казаў: «Паче худеиша худеиших рабов суща». Тым больш, што маскоўскія сваты атрымалі ад вялікай князёўны літоўскай адмову, і цар мусіў ажаніцца з чэркескай князёўнаю, якая, паводле М. Карамзіна, мела дзікі нораў і жорсткае сэрца і яшчэ болей умацоўвала ў душы ў цара зло.

Не Грозным, а Жахлівым называлі яго на паняволеных землях.

Будучы «вызваліцель» павёў палкі з Мажайска на Тарапец, потым на Вялікія Лукі і Невель, а адтуль лясной і цеснай дарогаю — на Полацк.

Вайна Літоўская зрабілася Полацкаю.

3 Іванам Жахлівым ехалі казанскія цары Аляксандр і Сімяон, царэвічы Ібак, Тахтамыш, Бекбулат ды Кайбула, дванаццаць думскіх баяраў, пяць акольнічых і шаснаццаць дзякоў. Калі верыць маскоўскім пісцам, цар вёў 200 тысяч конніцы, 60 тысяч пяхоты і 80 тысяч абозных людзей. Гісторыкі лічаць такія лічбы моцна завышанымі і пагаджаюцца на 60 тысяч усяго воінства, але ўсё роўна гэта была велізарная сіла: здавалася, на Полацк вырушыла ўся Масковія. Войска мела 200 гармат, у тым ліку чатыры вялікія сценабітныя і 36 камне і вогнекідальных. Са збройнымі людзьмі ішло шэсць тысяч грабароў — правіць дарогі. Гарматы, порах, кулі ды іншы вайсковы рыштунак цягнулі на сабе 40 тысяч «чорных людзей» (цар ашчаджаў коней). Першую сценабітную гармату везлі на змену болей за тысячу чалавек, другую — тысяча, трэцюю — дзевяцьсот…

31 студзеня 1563 года гэтая арда спынілася на дзвінскіх берагах. Перад ёю ляжаў найбагацейшы горад Вялікага Княства і яго галоўная цвярдыня — з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і васемнаццаццю храмамі.

Насупраць полацкіх умацаванняў адразу падняліся зробленыя ворагам за тры вярсты ад горада абложныя туры, праз сцены паляцелі ядры і агонь. Над месцам паплылі клубы чорнага дыму.

Невялічкая ў параўнанні з непрыяцелем залога (гарнізон) здавацца тым не менш не збіралася. Палачане нават задумалі адбіць у маскавітаў гарматы і аднае начы ўчынілі вылаз. Некалькіх тутэйшых жыхароў, што прывезлі ад цара граматы з прапановаю скласці зброю і служыць «истинному государю», абаронцы пакаралі смерцю як здраднікаў.

Невядома, колькі яшчэ трывалі б аблогу нашы продкі, каб не памылкі ваяводы Станіслава Давойны. Першы раз ён спудлаваў, выправіўшы з Полацка дзве тысячы сялянаў, што ўмацоўвалі сцены. Ваявода хацеў паменшыць колькасць едакоў ды паспрыяў не сабе, а ворагу. Царскія людзі палавілі сялянаў і прымусілі іх паказаць лясныя ямы з гарадскімі запасамі збожжа. Другі раз Давойна схібіў, калі адвёў абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадамі. Пад прыкрыццём густога дыму стральцы ўварваліся ў места і перацягнулі туды гарматы. У той дзень палоннымі сталі 11 тысяч навакольных сялянаў, што хаваліся за полацкімі сценамі. Цар раздаў палон князям, баярам ды «приказным» людзям, і няшчасных пагналі ў Масковію.

Варожая артылерыя стаяла ўжо зусім блізка ад замка. Апрача таго, маскавіты падвялі падкоп і ўзарвалі вялікі парахавы прыпас, ад чаго выгарала трыста сажняў сцяны.

Татары з царскага войска злавілі двух «літоўцаў» — Марка Іваніча і Фядка Хлябовіча. Тыя распавялі, што на падмогу Полацку ідзе гетман Мікалай Радзівіл і што ён даў каралю слова выратаваць места ад ганьбы. Аднак гетман не адважыўся на бітву. Дый на што ён мог разлічваць са сваімі трыма з паловаю тысячамі жаўнераў і дваццаццю гарматамі? Тым часам маскоўскае воінства нішчыла Полацкую зямлю, выпальваючы ад Дзісны да Дрысы вёску за вёскай.

14 лютага цар загадаў князю Васілію Сярэбранаму біць з вогненных гарматаў, і за пяць гадзін да світання полацкая фартэца загарэлася. Абаронцаў душыў дым, харчовыя запасы канчаліся, надзей на Радзівіла ўжо не было. Пасля сёмага варожага прыступу ваявода Давойна, віленскі ваяводзіч Ян Ілябовіч, полацкі епіскап Арсені і лепшыя людзі ад шляхты выйшлі з замка і папрасілі літасці. Полацкая шляхта і 500 «каронных рыцараў» адмовіліся здавацца і адбіваліся яшчэ некалькі дзён, аднак лёс горада быў вырашаны.

Цар дакляраваў ваяводу і праваслаўнаму епіскапу, што пакіне кожнаму палачаніну волю і маёмасць. Давойна выступіў з фартэцы з усім войскам і артылерыяй, прайшоў паміж двума шыхтамі стральцоў і стаў на вызначанае месца. Пасмяяўшыся з веры ў яго абяцанкі, цар Іван акружыў палонных моцнай аховаю і загадаў пяць дзён не даваць ім есці. Гарадскі скарб і ўласнасць купцоў, шляхты ды ўсіх заможных жыхароў ён прысабечыў і адаслаў у сваю сталіцу. Мірных месцічаў выгналі ў поле і таксама ўзялі пад варту.

18 лютага пераможца ўехаў у горад, прыняў тытул князя полацкага, слухаў палудніцу ў Сафійскім саборы і напісаў свайму мітрапаліту Макарыю: «Се нынче исполнилось пророчество, что вознесет Москва руки свои на плеща врагов ея. Господь наш Иисус Христос истинный бог наш излиял на нас недостойных великого дара несказанную свою милость, вотчину нашу град Полтеск нам в руки дал».

Палоннае войска і гараджанаў пайменна перапісалі, і цар узяўся чыніць суд. Абяцаную волю атрымалі толькі польскія рыцары, якіх надзялілі сабалінымі футрамі ды залатымі манетамі і адпусцілі на радзіму. Яны мусілі паведаміць каралю Жыгімонту, што маскоўскі валадар вайны не прагне, а хоча адно вярнуць «свае» Валынь, Галіччыну і Літву-Беларусь да самае Вільні.

Ваяводу Давойну з жонкаю і дзецьмі, епіскапа Арсенія, віленскага ваяводзіча Глебавіча, знаных полацкіх шляхцічаў Неміровіча, Корсакаў, Ешманаў ды іншых цар адправіў у Масковію. Ваяводзіха Пятронія з роду Радзівілаў у палоне сканала, а самому Давойну праз чатыры турэмныя гады ўдалося выкупіць сябе і сям’ю за дзесяць тысяч чырвонцаў.

Палоннымі абвясцілі ўсіх палачанаў. Шляхту, мяшчанаў і тых, хто хаваўся ў месце, Іван загадаў вязаць і гнаць на ўсход. Удзельнік вайны італьянец Аляксандр Гваніні, які быў віцебскім камендантам, у сваёй «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» паведамляе, што маскоўскі цар вывеў з Полацка 50 тысяч нявольнікаў. Гісторык Мацей Стрыйкоўскі (ён на той час таксама служыў у Віцебску) дадае, што гналі іх не па-хрысціянску, а як юдзеяў да Вавілона: і кабет, і дзяцей вялі злыганых вяроўкамі і абыяк апранутых. Людзей амаль не кармілі, і яны сотнямі паміралі на зімовых дарогах ад голаду і марозу.

Мала каму з палоннікаў лёсіла вярнуцца дадому. Тых, хто не застаўся ў сумётах, развезлі па розных гарадах і маёнтках. 665 палачанаў па царовым наказе зарэзалі ў вязніцах. Камусьці пашанцавала вырвацца на волю і неяк уладкавацца на чужыне. Полацкія шляхцічы Бурцавы і Курчэевы згадваюцца, напрыклад, у ліку першых будаўнікоў Уфы. Сярод удзельнікаў сібірскага паходу Ермака быў казак Корсак, які пражыў доўгае жыццё і на мяжы XVII стагоддзя напісаў Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. У сувязі з гэтым адзначым дзве істотныя акалічнасці: Корсакі — старадаўні полацкі шляхецкі род, а Есіпаўскі летапіс запачаткаваў усё сібірскае летапісанне.

А вось яшчэ адзін трагічны чалавечы шлях, пачаты ў доме над Дзвіною. У адзьдзеле рукапісаў Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Пецярбургу захоўваецца «Псалтыр» 2-й паловы XVI стагоддзя, дзе можна прачытаць: «Написана сия книга рукою многогрешного и недостойного раба божего Ивана полоняника полоцкого в заключении и во двоих путах связанного на Волоку Ламском».

У здранцвелым горадзе ўсталёўваліся новыя парадкі. Заваёўнікі панішчылі полацкае рыцарства, якое адмовілася перайсці на службу да тырана. А той вынаходзіў ахвярам усё новыя катаванні. Палоннаму іншаземцу-найміту Андрэю Гесэ цар за адмову служыць яму загадаў адстрэліць абедзве рукі па локаць, выкалаць адно вока і выпаліць палову барады, а потым адвезці з сям’ёю ў Маскву і трымаць там да смерці.

У месце жыло нямала юдзеяў. Ім, ад старых да немаўлятаў, выпала страшная доля — загінуць пад лёдам Дзвіны і Валовай азярыны. Пскоўскі летапіс апавядае: «Которыя были в городе люди жидове, и князь великий велел их с семьями в воду в речную вметати и утопили их». Такі самы лёс напаткаў католікаў. Царскія татары пасеклі шаблямі манахаў-бернардзінаў і пусцілі дымам іх храм. У 1940 годзе ў час гістарычна-этнаграфічнай экспедыцыі на Прыдзвінні Юрка Віцьбіч запісаў у Полацку паданне, паводле якога Іван Жахлівы ўласнаручна тапіў полацкіх бернардзінаў у Валовым возеры. У той дзень апошні раз маліліся Богу і браты-дамініканы. Пазбаўлялі жыцця ўсіх, хто хрысціцца не па-праваслаўнаму. Пасля той разні ў горадзе з’явіліся першыя мясцовыя каталіцкія святыя — пакутнікі Адам, Дамінік і Пётр, што загінулі ад стралецкіх шабляў.

Паданне кажа, што ў Полацку, калі трэба было змацаваць грамату пячаткай, цар выганяў усіх прэч, каб не бачылі, як з яго рук капае кроў. А маскоўскі летапісец выводзіў: «Божиим же неизреченным великим милосердием и государьскою теплою верою к Богу и его государьским умыслом в Полотцску и в остроге ротмистров и королевских дворян и всяких воинских людей и черных из наряду много бесчисленно побили. И мы благодарим Бога и приснодевую Богородицу, заступницу христианскую о даре их великом и будем молить их и святых великих чудотворцев за государя царя и великого князя Ивана и за его царицу великую княгиню Марью и за детей его царевича Иоанна и царевича Федора, дабы и впредь даровал нам победу над всеми врагами зримыми и незримыми и давал мир и тишину со всеми странами и на пользу всему православному христианству».

Напрыканцы лютага палачане пачулі хоць нейкую палёгку: цар накіраваўся дахаты. Пакідаючы горад, ён, як сведчаць дакументы, загадаў сваім ваяводам: «Равы паправіць, старыя пачысціць і новыя пакапаць, каб былі стромыя ды глыбокія; у астрозе за Палатой паглядзець, і якое месца выгарала, тое да ладу прывесці, сцяны тры або чатыры зрабіўшы, і зямлёю засыпаць, і стральніцы ды вежы дзеля сценнага бою парабіць; есці ў сухмень усім за местам у полі варыць, апрача адных баяраў і ваяводаў. А літоўскіх людзей прыезджых і тутэйшых, і шляхту, і баяраў і чорных людзей адных у замак не пускаць, а калі ў які дзень урачысты на вялікае свята папросяцца да Сафіі прамудрасці Божай, тады іх пусціць, але не разам усіх, а купкамі малымі, але асцярогу ў месце ўчыніць і паўсюль стральцоў дабавіць. А ведаць баярыну князю Пятру Іванавічу Шуйскаму браму Усціцкую, а баярыну князю Васілію Сямёнавічу Сярэбранаму браму Вялікую, а Пятру Сямёнавічу Сярэбранаму — Сафійскую, а баярыну Івану Васільевічу Шарамецьеву — Багародзіцкую. А гараднічым Васілію Галавіну і Васілію Замыцкаму хадзіць па начах з ліхтаром, мяняючыся, па ўсіх вартах і места замыкаць, а ключы да баярына князя Шуйскага адносіць».

Горад ператварыўся ў велізарнае пажарышча. Згарэла ўся ўмацаваная частка — астрог, дзе было тры тысячы двароў. Гарэлі полацкія вёскі. Сялянаў вялі ў няволю або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў. Захопнікі занеслі з сабой чуму, што касіла жыхароў Прыдзвіння ў 1563, 1566 і 1567 гадах. Не хапала святароў, каб адпяваць нябожчыкаў.

У рукі да маскавітаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора з цудоўнымі Скарынавымі выданнямі. Царскія дзякі разглядалі іх са здзіўленнем і засцярогаю: ці не ад д’ябла тое штукарства? У Вялікім Княстве Літоўскім друкарні існавалі ўжо сорак гадоў. У Масковіі свая друкаваная кніга дзякуючы Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу (абодва, дарэчы, ліцьвіны-беларусы) з’явіцца толькі праз год пасля захопу Полацка.

Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і колішнія вольнасці, царскія служкі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. (Можа, тады мы і страцілі неацэнны Полацкі летапіс?)

Полацкіх збройнікаў, меднікаў, кавалёў змушалі задарма працаваць на цара. Раз-пораз найлепшых майстроў адпраўлялі пад вартаю ў Маскву. На дарогах панаваў разбой.

Яшчэ нядаўна багатая зямля пусцела і галела. Маршалак Вялікага Княства Астах Валовіч назваў тады Прыдзвінне «няшчасным полацкім краем, дзе ад бяды страпянуўся і абудзіўся стары Рубон».

Пра драматычныя падзеі тых дзён жыхарам Вялікага Княства Літоўскага паведамлялі лістоўкі-аднаразоўкі, якія мы маем права лічыць правобразам беларускіх газет. У Бадлейнскай бібліятэцы славутага Оксфарда дапытлівы чытач можа адшукаць «Навіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьем, тыранством, мордованьем мест, замков добываньем, веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьем релацыей Его Мілості Гетмана В. К. Л. княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкаго, 1563», а таксама яшчэ адно тагачаснае выданне — «Новіна іста а правдіва о добытьі тыраном московскім места Полоцкаго, 1571».

Страта фарпоста еўрапейскай цывілізацыі і жорсткасць, з якой маскоўскі цар расправіўся з абаронцамі і мірным насельніцтвам найбуйнейшага ліцьвінскага-беларускага горада, выклікалі гучны рэзананс у іншых краінах. «Лятучыя лісткі» з апісаннем полацкай трагедыі выходзілі па-нямецку, чэшску, англійску, французску, галандску, лацінску ў розных гарадах Еўропы ад Любека да Ліёна. Найбольш арыгінальным сярод тых спецвыпускаў першых еўрапейскіх газет іх даследчык Генадзь Сагановіч называе выдадзеную ў Нюрнбергу «Вельмі страшную новую газету пра Маскавіта, які некалькі дзён таму з дзікім тыранствам захапіў і падавіў Полацк — высакародны горад і фартэцу Літоўскай зямлі…». Гэтае вершаванае апавяданне, напісанае інфлянцкім немцам Ёганам Райнгардам, мае падзагаловак — «Жаласны плач горада Полацка».

Некаторыя выдаўцы побач з тэкстамі друкавалі партрэты маскоўскага цара, часта ў выглядзе турка, а адзін з выпушчаных у горадзе Аўгсбургу «лятучых лісткоў» прапаноўваў заходняму чытачу нават выяву штурму горада.

Заваёўнікі ні дня не пачуваліся ў бяспецы. На месцы спаленага пасада на захад ад адбудаванага Верхняга замка яны рукамі палачанаў паставілі Ніжні. (Цяпер там стадыён «Спартак».) Ён меў дзесяць ці адзінаццаць вежаў з дубовага бярвення. Паміж дзвюма суседнімі вежамі цягнулася сцяна з гарадзён, у адной з якіх рабілі малую стральніцу для ручной агняпальнай зброі і вялікую — дпя гарматы. Зверху на сценах месціліся крытыя баявыя пляцоўкі, адкуль у аблогу можна было страляць, скідваць камяні, ліць вар і смалу. У паўднёвай частцы замка была сажалка з крыніцаю, дзе пазней утварылася так званае Папова балота. У замку жылі толькі царскія ваякі, ад чаго і паходзіць яшчэ адно яго найменне — Стралецкі. (Полацкая тапаніміка дагэтуль захавала дзве тагачасныя назвы: Стралецкую вуліцу і вал Івана Грознага — ім быў абнесены Ніжні замак.)

Два замкі злучаліся ўздымным мостам. Моцнай фартэцаю з драўлянай сцяной і глыбокім ровам стала Запалоцце. 3 Верхняга замка туды пры самым вусці Палаты вёў драўляны мост на палях. 3 Ніжняга выходзіла на Віцебск дарога, што звалася Крывічанскай. (Чаму б не аднавіць у гарадской тапаніміцы і гэтую назву?)

Пад маскоўскія залогі ў наваколлі ўзводзіліся новыя замкі. Аўтар «Запісак пра Маскоўскую вайну» Рэйнгольд Гейдэнштэйн піша: «На пскоўскай дарозе на паўвыспе паміж рэкамі Дрысаю і Нішчаю, супроць літоўскіх фартэцаў Дзісны і Дрысы маскавіты пабудавалі фартэцы Сокал і Нешчарду на возеры з тою ж назваю, Сітна па дарозе на Вялікія Лукі, потым Казьян на рацэ Обалі і Усвят на суднаходнай рацэ з тым самым назовам, што зліваецца з Дзвіною каля Суража. Казьян супроцьстаяў Уле, Усвят — Віцебску і Суражу. На левым баку Дзвіны цар пабудаваў у вусці аднайменнай ракі Туроўлю, а на месцы, вельмі ўмацаваным і абкружаным з усіх бакоў вадою (на возеры Суша за трыццаць вёрст ад Туроўлі), узведзеная фартэца Суша, што пагражае Літве». Апрача таго, ён дадаў да пералічаных замкаў Красны, «які таксама ляжыць на высокім месцы ў накірунку да Літвы».

У снежні 1563-га ў Полацкай зямлі надарылася нечуваная залева. Паводка з гучным, як гарматныя залпы, трэскам узламала лёд, і караблі па Дзвіне хадзілі да самых Калядаў. Тым часам Жыгімонтавы паслы спрабавалі ў Маскве на паўгода замірыцца з царом. Як зазвычай, з абодвух бакоў выстаўляліся велізарныя прэтэнзіі, але ўрэшце Іван IV перадаў літоўскаму пасольству, што можа падпісаць мір і на дзесяць гадоў, абы аддалі Маскве Лівонію і Полацкую воласць. Да гэтага цар дадаў яшчэ колькі слоў у сваім дыпламатычным стылі: «Не хоча мне кароль царскага імені даваць — вольнаму воля! Не маю патрэбы ў тытуле, бо ўсім вядома, што род мой ад рымскага кесара Аўгуста». Паслы не сталі спрачацца наконт генеалогіі, але прызнаць Полацка за Масквою не захацелі.

Вайна працягвалася. Царскія палкі падчас перамоваў ужо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і Смаленску. Полацкаму намесніку Пятру Шуйскаму было наказана выступіць да Оршы і, сустрэўшыся паблізу яе з ваяводамі Сярэбранымі-Абаленскімі, выпальваючы Літву, ісці на Менск і Наваградак.

Шуйскі з 25-тысячнай раццю рухаўся, быццам па сваёй зямлі: дазоры наперад не пасылаў, панцыры і зброю вёз на санях — і быў за гэта жорстка пакараны. Найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл, што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і каля вёскі Іванск на беразе Улы раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні стаць у палкі. Надвечар царскія ваякі, кінуўшы абоз, пабеглі.

Пераследаваць і дабіваць захопнікаў Радзівілу дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага. Ад куляў, шабляў і дзідаў палегла дзевяць тысяч чужынцаў і столькі ж патанула. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў. Мацей Стрыйкоўскі паведамляе, што ў 1580 годзе падарожнікі яшчэ бачылі на месцы бітвы кучы непахаваных костак.

Цела князя Шуйскага знайшлі ў рацэ. Радзівіл урачыста ўехаў на яго кані ў Вільню, а царскага ваяводу з пашанаю пахавалі таксама ў царкве Багародзіцы. Вызваліўшыся з палону, Станіслаў Давойна марна намагаўся абмяняць парэшткі Шуйскага на прах сваёй жонкі, які так і не вярнулі.

На пачатку лютага таго ж 1564 года адбылася яшчэ адна важная для далейшага ходу вайны бітва. Пад Оршай авангард войска Маскоўскай дзяржавы, якім камандаваў ваявода П. Сярэбраны (аўтар «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскі піша, што маскавітаў было 50 тысяч), сутыкнуўся з войскам Вялікага Княства на чале з Ф. Кмітам-Чарнабыльскім і Ю. Осцікавічам. Заваёўнікі палічылі, што ім супроцьстаяць асноўныя збройныя сілы нашай дзяржавы, якія выйгралі бітву на Уле, і паспешліва адступілі, у выніку чаго паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй была адноўленая ваенная раўнавага.

Раз ’ятраны разгромам на Уле і ўцёкамі ў Літву князя Андрэя Курбскага, цар шукаў спачыну ў крыві. Штодня перад Крамлём ставілі плахі, ён выязджаў, як сам князь цемры Вельзевул, у чорным уборы на чорным кані і глядзеў, як каты па роспісу караюць смерцю знакамітых людзей. Найбольшую радасць Іван чуў чынячы расправу над полацкім палонам. Аднаго разу проста ад бяседнага стала цар і застоліца кінуліся ў крамлёўскія сутарэнні, дзе сядзелі вязні. Здаволіліся адно тады, як перабілі болей за сотню бяззбройных, знясіленых людзей, а потым вярнуліся да сталоў — дапіваць. Вядома, што ў той разні полацкі шляхціч Быкоўскі выхапіў у цара з рук дзіду, але сілаў на тое, каб адправіць тырана ў магілу, ужо не хапіла.

Увосень таго самага 1564 года да Полацка падступіла войска Радзівіла і Курбскага. На прапанову здавацца царскі ваявода Пётр Шчанятаў ведаючы, што да яго ідуць палкі з Вялікіх Лукаў адказаў гарматнымі стрэламі. Баючыся акружэння, гетман зняў аблогу і пераправіўся на левы бок Дзвіны. Пасля гэтага на працягу пятнаццаці гадоў значных баявых дзеянняў у полацкім наваколлі не было. Час ад часу адбываліся адно памежныя сутычкі. Напрыклад, аддзел Бірулі (між іншым, продка знакамітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі) разбіў у 1566-м пад Сітнам чатыры сотні стральцоў, захапіў 120 цяжкіх стрэльбаў-гакаўніц, а саму фартэцу спаліў.

Зацішша доўжылася, пакуль вялікім князем літоўскім і каралём польскім не быў абраны сяміградскі ваявода вугорац (венгр) Стэфан Баторы, або, як яго называлі ліцьвіны-беларусы, Сцяпан Батура. Стаўшы на чале дзяржавы, ён да скону дзён так і не вывучыў ні польскай, ні беларускай мовы і размаўляў з падданымі толькі па-лацінску, ці праз перакладчыка. Гэты недахоп кампенсаваўся тым, што Батура быў выдатны палітык (дарэчы, ён вучыўся ў Падуанскім універсітэце) і таленавіты палкаводзец. Каранаваўшыся, ён прысягнуў заўсёды асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя маскоўцамі землі.

Іван IV адгукнуўся на каранацыю зняважлівымі словамі, што сам ён, маўляў не царом сябе і не памятае, бо зрабіўся манархам «по божию изволению, а не многомятежному человечества хотению». Заява крамлёўскага тырана не збянтэжыла Батуру. У Полацкай вайне набліжалася развязка.

Чэрвень 1579 года адзначаны прыездам вялікага князя з Вільні ў Свір, дзе вайсковая рада пастанавіла авалодаць Полацкам, «ключом Лівоніі і самой Літвы». Батура выдаў два маніфесты: да жаўнераў і да народа, дзе абвясціў што падымае меч на цара, а не на мірных жыхароў, якіх будзе літаваць і мілаваць.

На пачатку жніўня яго палкі падыходзілі да горада. Войска падымалася берагам уверх па Дзвіне, і царскі гарнізон, каб запалохаць непрыяцеля, забіваў у горадзе палонных а знявечаныя целы прывязваў да плытоў і пускаў па плыні.

У Дзісне Батура пераправіўся цераз Дзвіну па зладжаным з чаўноў пантонным мосце. Рухацца далей было цяжка, бо прыдзвінскія палі за гады чужой улады зараслі густым лесам. Вугорская пяхота ішла наперадзе, робячы прасекі і насцілаючы дарогу праз балоты. Ліцьвінскія-беларускія вайсковыя аддзелы вялі ваявода троцкі Сцяпан Збаражскі, ваявода полацкі Мікалай Дарагастайскі і кашталян полацкі Юры Зяновіч. Неўзабаве да іх далучылася дзевяць сотняў ліцьвінскай-беларускай конніцы на чале з менскім кашталянам Янам Глябовічам. Прыбылі таксама добраахвотнікі з Украіны, сярод якіх вылучаўся сын героя Аршанскай бітвы 1514 года князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі з аддзелам адборных коннікаў.

11 жніўня 40-тысячнае шматмоўнае войска ўзяло Полацк у аблогу. Падрабязнае апісанне тых падзей пакінулі польскія храністы Мацей Стрыйкоўскі ды Марцін Бельскі і каралеўскі сакратар Рэйнгольд Гейдэнштэйн.

Непрыкметна аб’ехаўшы горад з канцлерам Янам Замойскім і ваяводам Каспарам Бекешам, Батура расставіў збройную сілу наступным чынам. На правым фланзе бераг Дзвіны насупроць Запалоцця занялі Бекешавы вугорцы. Ліцьвіны-беларусы Мікалая Радзівіла стаялі ад Дзвіны да бязлюднага Спасаўскага манастыра. За Палатою ад манастыра да Валовага возера размясціліся палякі з велікакняжацкаю стаўкаю. Левы фланг ад возера да Дзвіны трымалі нямецкія палкі. Аблога пачалася з артылерыйскага абстрэлу Запалоцкага пасада. Стральцы пакінулі яго і перабраліся па мосце ў Верхні замак. Адступаючы, яны з чатырох бакоў падпалілі пасад, дзе жыло мірнае насельніцтва, і за колькі гадзін Запалоцце дашчэнту выгарэла.

Каспар Бекеш (дарэчы, вальнадумца, які не вызнаваў ніякай рэлігіі, і асабісты сябар вялікага князя) бамбардаваў Верхні замак, але ядры адно прабівалі сцены, не разбураючы іх. Не меў поспеху і абстрэл ядрамі, папярэдне распаленымі на агні. Знаходзілася нямала смельчакоў, якія, набраўшы сухіх смаляных дроў, пераходзілі ўброд Палату, пад градам куляў і бярвення караскаліся да замкавых сценаў і падпальвалі іх. Абаронцы спускаліся па вяроўках, гінулі адзін за адным, ды ўсё ж паспявалі патушыць агонь. Аддаючы належнае ворагу, Батура пісаў, што «маскавіты ў абароне фартэцаў стойкасцю і мужнасцю пераўзыходзяць усе іншыя нацыі».

Цар Іван паслаў пад Полацк адборную частку войска з ваяводамі Барысам Шэіным і Фёдарам Шарамецьевым. Тыя дайсці да горада не здолелі і спыніліся ў замку Сокал, адкуль нападалі на дзісненскую дарогу, па якой каралеўскім палкам падвозілі правіянт.

Полацкая аблога была неверагодна цяжкая. Штодня ліло з неба, і па войску паўзлі чуткі, нібыта дождж пасылаюць чараўнікі, якіх у Масковіі надзіва багата. У сваім намёце не мог знайсці сухога месца нават вялікі князь і кароль. Абозы з харчам захрасалі ў глыбачэзнай гразі, коні падалі ад знямогі, і ў лагеры абложнікаў запахла голадам. Польская ды вугорская пяхота ела дохлых коней, немцы хварэлі на крываўку. Найбольш стойка трымаліся ліцьвіны-беларусы: ім прыспорвала сілы прага помсты за сваю здратаваную зямлю.

Жаўнеры не хацелі болей пакутаваць і рваліся на прыступ: здабыць Полацк або загінуць. Батура меў свой план. Герольды апавясцілі ўказ: хто падпаліць замак так, каб яго ўжо не патушылі, атрымае па-каралеўску шчодрую ўзнагароду. Дзесяткі ваяроў узброіліся вязкамі сухой лучыны і падаліся да полацкіх сценаў. Фартуна ўсміхнулася нейкаму львоўскаму майстру-медніку, які апрача лучыны цягнуў на плячах кацёл з жарам. Ён падпаліў кутнюю вежу, адкуль вецер перакінуў моцнае полымя на сцены. Гэта здарылася ў першы за ўсю аблогу сухі і сонечны дзень.

Сцяпан Батура надаў параненаму стрэламі герою шляхецкую годнасць, прозвішча Палацінскі (ад ракі Палаты) і адпаведны герб: працятая стралою рука з паходняй.

Гарнізон думаў пра капітуляцыю і дзесяць маскавітаў спусціліся са сцяны на перамовы. Бекеш паслаў пяцярых парламенцёраў да Батуры, але вугорскія жаўнеры пасеклі іх, бо разлічвалі на багатую здабычу, а таму хацелі не добраахвотнай здачы горада, а прыступу.

За дзень значны кавалак замкавай сцяны згарэў. Вялікі князь адклаў вырашальны бой да раніцы, аднак Батуравы суайчыннікі, падагрэтыя аповедамі пра полацкія скарбы, не маглі больш утаймоўваць сябе і самахоць пайшлі на прыступ. Яны тройчы за ноч кідаліся на Верхні замак і тройчы адкочваліся назад. У запале штурму прычынілася крывавая сутычка паміж імі і палякамі.

Уначы абложнікі пусцілі чырвонага пеўня яшчэ на адну вежу і падкапаліся ўсутыч да сценаў. Ваявода Пётр Валынскі паведаміў, што залога складзе зброю, калі Батура захавае ўсім жыццё. Вялікі князь паабяцаў даць свабодны праезд таму, хто захоча вярнуцца дахаты, і права вольна жыць у Полацку таму, хто пажадае застацца.

Іншыя царскія ваяводы і пастаўлены Масквою епіскап Кіпрыян паспрабавалі ўзарваць Верхні замак, але самі ж стральцы не дапусцілі гэтага. Баючыся кары за здачу горада, ваяводы і ўладыка зачыніліся ў Сафійскім саборы, адкуль пераможцы выводзілі іх жывасілам. Разам з Верхнім замкам здаўся і Стралецкі.

У маскоўскіх Разрадных кнігах пра капітуляцыю горада запісана так: «Король Стефан Полотск взял изменою, потому что изменили воеводы, что были худы, а милы были им жены, а как голов и сотников побили, то воеводы город сдали, а сами били челом королю в службу с детьми, с людьми и со стрельцы. Всего воинского люду в Полоцке было 6000».

Сярод тых, хто вызначыўся пад сценамі Полацка ў 1579-м, быў запарожскі казак Карніла Перавал, які даслужыўся ў войску Вялікага Княства Літоўскага да ротмістра. Адрэкамендаваны вялікаму князю і каралю, ён папрасіў сабе спадчыннае шляхецтва і атрымаў герб з выяваю нацятага лука са стралой. Праз дзесяць гадоў Карніла ад шматлікіх ранаў выйдзе ў адстаўку і нажыве сыноў Рыгора і Багдана, запачаткаваўшы славуты род Перавальскіх, якія па часе стануць на польскі капыл звацца Пржавальскімі. Ажаніўшыся з ліцьвінскай-беларускай шляхцянкаю Хрысцінаю Гасціловіч, Рыгор атрымае за ёю ў пасаг прыдзвінскія маёнткі Раманава, Замерына і Скуратава пад Віцебскам, дзе і цяпер жывуць нашчадкі ротмістра Карнілы.

Еўропа адгукнулася на вызваленне Полацка новымі «лятучымі лісткамі». Адзін з іх, выдадзены ў 1579 годзе ў Нюрнбергу і знойдзены нядаўна ў Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха, мае для нас асаблівую каштоўнасць, бо ў ім змешчаная расфарбаваная гравюра, дзе адлюстраваныя ўсе асноўныя падзеі аблогі горада. Аўтар (ім мог быць прыдворны картограф, геаметр і гравёр Батуры Петэр Франк) дастаткова праўдзіва перадае і выгляд мясцовасці, і размяшчэнне войскаў. На гравюры відаць, як на пляцы за полацкімі сценамі царскія людзі яшчэ катуюць палонных, але па драўляным мосце цераз Палату ўжо бяжыць наша пяхота, а з гарадской брамы выязджае частка маскоўскага гарнізону, каб здацца на міласць вялікага князя і караля, які едзе насустрач пераможаным са свайго лагера. 3 усходу цяжкая абложная артылерыя абстрэльвае замак, а ўздоўж правага берага Палаты з разгорнутымі сцягамі наступаюць палякі, вугорцы і ліцьвіны.

31 жніўня Сцяпан Батура ў сваім намёце дзякаваў Богу за пасланую ўдачу. Памаліцца ў Сафіі пераможцы не маглі, бо там яшчэ ляжала безліч непахаваных трупаў і трываў жудасны смурод.

Войска вялікага князя ўзяло ў Полацку трыццаць гарматаў, трыста гакаўніц, блізу шасці сотняў даўгіх рушніц-мушкетаў. У лік трафеяў трапіла прарэджаная заваёўнікамі, але ўсё роўна найбагацейшая ў Вялікім Княстве бібліятэка Сафійскага сабора. Сакратар Батуры Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў, што ў вачах людзей адукаваных яна мела не меншую каштоўнасць, чым уся астатняя здабыча. Апрача летапісаў у ёй было шмат твораў айцоў грэцкае царквы, у прыватнасці «Нябесная і царкоўная іерархія» Дыянісія Арэапагіта — першага афінскага епіскапа, якога перавярнуў у хрысціянскую веру сам апостал Павел. Большую частку гэтых кніг нібыта пераклалі на славянскую мову святыя Кірыла і Мяфодзі. У кніжнай скарбніцы маглі быць аўтографы Усяслава Чарадзея і фаліянты, перапісаныя рукою Еўфрасінні.

Лёс Сафійскае бібліятэкі — яшчэ адна таямніца нашага мінулага. Пасля 1579 года згадкі пра яе знікаюць. Сёння вядома адно некалькі былых полацкіх кніг і рукапісаў, што знаходзяцца ў замежных кнігазборах. Дзесяць рукапісаў на славянскай мове (у тым ліку «Зборнік» 1500 - 1501 гадоў) захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, а «Евангелле вучыцельнае» XVI стагоддзя — у бібліятэцы Львоўскага універсітэта.

Дзе ж астатнія?

Арыгінальны адказ дае гістарычна-фантастычная аповесць «Лабірынты», што належыць пяру Вацлава Ластоўскага.

Герой аповесці, аматар беларускае старасвеччыны, сустракаецца на пачатку мінулага стагоддзя з калегамі з полацкага археалагічнага гуртка. Знаўца мясцовых сутарэнняў і лёхаў апавядае госцю: «Кажуць, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход, крокаў шэсцьдзесят даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі… Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, у сярэдзіне абітых скурай. 3 гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец…»

Потым размова перакінулася непасрэдна на славутую Сафійскую бібліятэку і яе долю ў часы Івана Жахлівага і Сцяпана Батуры. «Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэтая была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах». Адзін з прысутных уласнымі вачыма чытаў у архіве віцебскай лютэранскай кірхі, што «ігумен Бельчыцкага манастыра перад аблогаю горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы. А ёсць там, казаў ён, летапіс Полацкага княства, пісаны рукой св. Еўфрасінні, праўдзівы экзэмпляр «Повести временных лет», далей — уласнаручныя пісанні братоў Кірылы і Мяфодзія, візантыйскія хранографы»… Зразумела, што потым герой аповесці трапляе ў полацкія лабірынты і трымае пералічаныя скарбы ў руках.

Фантастыка фантастыкай, а існаванне пад сярэднявечным Полацкам шматлікіх лёхаў — гістарычны факт. Іх даследаваў у 1864 годзе расійскі мастак і археолаг Дзмітры Струкаў. У бібліятэцы Віленскага універсітэта захоўваецца складзены ім план і нататкі пра падземнае падарожжа. 3 колішняга езуіцкага сабора святога Стэфана (тады ўжо праваслаўнага Мікалаеўскага) адна лёха прывяла Струкава прыкладна да таго месца, дзе стаяў помнік воінам 1812 года (далей быў завал), другая ішла ў накірунку да Дзвіны.

Прыкладна тады ж, у 1865-м, беларускі гісторык і археолаг Ксенафонт Гаворскі (у свой час ён быў выкладчыкам Полацкай духоўнай семінарыі) змясціў у выдаваным ім у Вільні гістарычна-літаратурным часопісе «Вестник Западной России» апісанне Барысаглебаўскага манастыра, якое працягвае тэму таямнічых полацкіх сутарэнняў. «Паводле агульнага ў горадзе падання, пад паўночнай сцяной царквы св. Параскевы знаходзіліся дзверы ў падземны ход (тунель), пракладзены ў старажытнасці пад ракою Дзвіною да Верхняга замка і царквы св. Спаса… Слядоў такіх дзвярэй (атвора) цяпер не відаць. Але полацкія старажылы апавядаюць, нібыта неўзабаве пасля 1812 года манахі Барысаглебаўскага манастыра наважыліся знайсці гэты ўваход, што і ўдалося ім каля паўночнай сцяны храма, і нібыта дзякуючы доўгаму шасту яны ўпэўніліся ў існаванні падземнага хода ў накірунку да Дзвіны, але з прычыны надзвычай благога і шкоднага паветра, якое ішло з гэтага хода, мусілі зноў засыпаць яго зямлёю. Народная пагалоска падазравае існаванне ў згаданай лёсе незлічоных скарбаў, як быццам схаваных там полацкімі князямі і баярамі з прычыны нашэсця на Полацк татараў, па іншых звестках — літвы, а па іншых — лівонскіх рыцараў».

Каб ужо не вяртацца потым да загадкавай гісторыі падземных хадоў, што нібыта ідуць пад Дзвіною, злучаючы полацкія манастыры і храмы, пагаворым пра іх больш грунтоўна.

У 1920 годзе, калі гарадское Задзвінне было акупаванае польскімі войскамі, падземнымі хадамі зацікавіўся раскватараваны ў Полацку асобы адзьдзел 15-й бальшавіцкай арміі. Яго займала праблема: якім чынам польскія шпегі так хутка перадавалі звесткі праз лінію фронту? 3 асабістаў і прадстаўнікоў гарадской камісіі аховы помнікаў старасвеччыны і мастацтва была створаная пошукавая група, да якой прыкамандзіравалі ўзвод сапёраў. У гэтую групу ўваходзіў полацкі краязнавец Іван Дэйніс, што пакінуў успаміны пра пошукі ў сваім рукапісе «Полоцк в XX веке. 1905 - 1967» (захоўваецца ў фондах Полацкага гістарычна-культурнага запаведніка). Шукальнікі лёхаў абследавалі сутарэнні ўсіх храмаў, капліц, манастыроў і кляштараў на абодвух баках Дзвіны. Паўсюль прастуквалі сцены і кожнае падазронае месца дзяўблі ламамі і кіркамі. «Пошукі выявілі, — піша Дэйніс, — што ніякага падземнага хода пад Дзвіною няма, гэтаксама як і няма лёхі з-пад Мікалаеўскага сабора ў Струню».

Аднак пасля гэтай скептычнай высновы рукапіс яшчэ мацней заінтрыгоўвае чытача. Мяркуйце самі. «Выяўлена, што з-пад Мікалаеўскага сабора да Дзвіны сапраўды вядзе лёха, спачатку высокая і шырокая — можна ісці ўдваіх і не згінацца. Ход пачынаўся з паўднёвага адсека сутарэння, пад паўднёвымі дзвярыма сабора… Сцены хода змураваныя з цэглы, столь — цаглянае скляпенне, у якім сям-там зробленыя квадратныя люкі, закладзеныя дошкамі. У правай сцяне хода, калі ісці наперад да Дзвіны, была бакавая цагляная труба, заплылая пяском і зямлёю. Гэты ход быў завалены пад будынкам кадэцкага корпуса… Завал быў пракапаны, і ўжо меліся цераз пракоп паўзці, як зноў адбыўся абвал, калі дзеля праверкі ўгору засунулі рыдлёўку. Адкапаўшы завал… зноў патрапілі ў такі самы ход, але хутка ён закончыўся і перайшоў у вузкую лёху з цэглы, што вяла кудысьці ўніз. Прабіўшы скляпенне вялікай лёхі, мы апынуліся ў кладоўцы флігеля, размешчанага ў садзе за сцяною кадэцкага корпуса, што ідзе раўналежна вуліцы Леніна. Пачалі спуск па гэтай трубе, па ёй можна было толькі паўзці… Неўзабаве мы пачулі шум вуліцы: галасы, крокі, грукат калёсаў, потым зноў запанавала цішыня, і ў хуткім часе ход закончыўся земляным завалам».

Пошукавая камісія вырашыла, што яна мае справу з дрэнажнай сістэмаю, закладзенай у свой час спрактыкаванымі езуіцкімі будаўнікамі дзеля адводу грунтавых вод і засцярогі ад плывуноў. 3 гэтай думкаю пагадзіўся і гісторык Аляксей Сапуноў, да якога звярнуліся па кансультацыю. Паспяховую дзейнасць польскіх выведнікаў растлумачылі тым, што перад адыходам чырвонаармейцы не перарэзалі тэлефоннага кабелю, што звязваў горад цераз Дзвіну.

Магчыма, усё менавіта так і было. А магчыма…

Але спярша яшчэ адна вынятка з Дэйнісавых успамінаў. «У Мікалаеўскім саборы, напярэдадні яго зруйнавання, быў знойдзены таемны ход у паўночнай сцяне. Ён вёў у схоўку пад саборам, дакладней пад ягоным уваходам. Схоўка зачынялася жалезнымі дзвярыма з вісячым замком. Пра гэтае сутарэнне і жалезныя дзверы хадзілі паданні, але знайсці ўваход у яго ў 1920 годзе нам не пашчасціла. Калі пра схоўку даведаліся ўлады і калі яны трапілі туды, дзверы аказаліся ўжо адчыненымі і за імі нічога не знайшлі…

Можна меркаваць, што езуіты выкарыстоўвалі гэтыя хады-дрэнажы дзеля пранікнення ў любы будынак езуіцкай акадэміі, што яны маглі мець сутарэнні, дзе трымалі ворагаў і злачынцаў а таксама захоўвалі скарбы.

Мы знайшлі дрэнажную сістэму эпохі езуітаў у Барысаглебаўскім манастыры. Адна труба выходзіла на бераг ракі Бельчыцы. У абследаваных лёхах мы сустрэлі шмат надпісаў, прозвішчаў і імёнаў, відаць, кадэтаў з Полацкага корпуса, а ў малой лёсе, што ішла да Дзвіны, знайшлі стражніцкую нагайку — спіральную спружыну са свінцовым шарыкам на канцы. 3 гаворак са старымі палачанамі, якія служылі ў кадэцкім корпусе, вядома, што кадэты любілі лазіць у сутарэнні і хавацца ў іх, таму дырэктар корпуса Ваўлін загадаў заваліць ход пад корпусам і замураваць лёхі ў корпусных падзямеллях пад саборам… Адсек падвала сутарэння пад саборам, адкуль пачынаўся ход, быў ізаляваны ад астатняга памяшкання і атынкаваны. Тут, згодна з паданнем, — пакуль сабор быў касцёлам — захоўваліся мошчы каталіцкага святога Андрэя Баболі… Накіраванасць некаторых хадоў на ўсход спарадзіла легенды пра лёхі ў Струню, дзе была загарадная рэзідэнцыя полацкіх уніяцкіх біскупаў, а спускі да Дзвіны — пра падземныя хады пад ракою з выхадам у Барысаглебаўскі манастыр або ў Экімань».

Нельга ўтрымацца і ад цытавання яшчэ адных найцікавейшых успамінаў на гэтую тэму, надрукаваных у 1992 годзе ў першым нумары часопіса «Полацкі летапісец». Аўтар успамінаў палачанін па нараджэнні Міхаіл Андрэеў — літаратар і мастак, што надае яго сведчанням (яны падмацаваныя графічнымі малюнкамі) асаблівую каштоўнасць.

«У Полацку, годзе прыкладна ў 1926-1927, будучы яшчэ хлапчуком, я пачуў ад старажылаў, што ад Мікалаеўскага сабора (ён знаходзіўся на тым месцы, дзе цяпер стаіць дом з адздзелам ЗАГС) ёсць падземны ход, пракладзены пад Дзвіною на другі яе бок, у царкву, што месцілася перад цяперашняй псіхіятрычнай лякарняю.

Гаворачы пра гэты ход, старажылы апавядалі гісторыі, як цяпер разумею, шмат у чым легендарныя. Напрыклад, сцвярджалі, што лёха мае лабірынты, у якіх назаўсёды знікалі людзі; што няпрошаных гасцей там нібыта чакаюць пасткі ў выглядзе прыкрытых адмысловым чынам ямаў; што ў падзямеллі можна сустрэць памяшканні з каванымі дзвярыма, зачыненымі на масіўныя замкі… Апавядалі, што камусьці ўдалося адчыніць адны такія дзверы. Калі туды зайшлі, дык быццам убачылі плоскі камень, на якім стаяла струхлелая дамавіна са шкілетам, а на грудзях у яго — масіўны залаты крыж.

У Полацкай гарадской бібліятэцы мне ўдалося знайсці кнігу (назву і аўтара не памятаю), у якой даволі падрабязна расказвалася пра гэты ход. Не ўсё з пачутага мною пацвярджалася ў кнізе, але галоўнае пацвярджалася: лёха існуе!

Я задумаў асабіста ўпэўніцца ў яе наяўнасці. Разам з адным равеснікам мы пачалі збірацца ў нашую «экспедыцыю» (падрыхтавалі паходні, шпагат і г. д.).

Гэта было ўзімку. Мы выправіліся да Мікалаеўскага сабора… праніклі ў сутарэнне. Яно аказалася не надта высокім. Скляпеністая столь абапіралася на досыць шырокія — верагодна, блізу 4 метраў — квадратныя ў плане слупы, якія стаялі непадалёку адзін ад аднаго і ўтваралі сабою як быццам асобныя адсекі.

Мы доўга блукалі па адсеках, шукаючы ўваходу ў падзямелле. У адным месцы заўважылі пралом у сцяне ў сярэдзіну слупа. Зазірнуўшы туды, убачылі, што слуп пусты і ў ім на зямлі валяюцца чалавечыя косці, у тым ліку і чарапы. Мы пралезлі ў пралом і сярод касцяных рэшткаў знайшлі чэрап і сцегнавую костку, якая калісьці была зламаная і няроўна зраслася. Насавая і вочная яміны ў чэрапе былі залітыя свінцом. Гэтыя знаходкі мы ўзялі з сабою.

Пошук падземнага хода працягваўся. Нарэшце ў адной секцыі мы ўбачылі сцены, спісаныя вугалем, фарбамі, крэйдаю і г. д. Запомніўся надпіс прыблізна такога зместу: «Здесь были кадеты…», затым — прозвішчы і дата. (Калі не падводзіць памяць: 1910 г.)».

Нарэшце ў той секцыі, што была падножжам паўднёвай званіцы, сябры знайшлі ўваход у лёху. «Гэта быў калідор, — працягвае Андрэеў — з прыкметным нахілам у бок Дзвіны. Сцены і столь выкладзеныя чырвонаю цэглай. Падлога — земляная, шчыльна ўтрамбаваная. (Магчыма, пад пластам зямлі — цэгла?) Шырыня лёхі — прыблізна 130-140 см, вышыня такая, што да столі можна дастаць рукой. На столі было мноства кажаноў.

Мы прайшлі па лёсе, як мне цяпер здаецца, метраў 300-400. Ход быў просты, без паваротаў і адгалінаванняў. Нарэшце мы дасягнулі таго месца, дзе столь аказалася абрынутай і знаходзілася ў вадзе. Прайсці далей было немагчыма…»