РАДЗІВІЛЫ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

РАДЗІВІЛЫ

Сёння радзівілаўскі Нясвіж -- ціхі і разважны гарадок. Аж не верыцца, што зусім нядаўна ён быў беларускім Парыжам, цэнтрам вірлівага культурнага і палітычнага жыцця Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Пыхлівым магнатам імпанавала, што пра іх казалі: кароль каралём у Варшаве, а ў Нясвіжы – Радзівіл. Палітычная ўлада Радзівілаў падмацоўвалася ваеннай і эканамічнай магутнасцю, культурнай выкшталцонасцю. Усё адно да аднаго годна клалася ў чароўны куфэрак здабыткаў, упляталася ў агульны сувой знатнасці роду. Што ж да паходжання прозвішча Радзівілаў, то адзінага меркавання на гэты конт  не існуе. Адны даводзяць, што нехта з іх радзіў Гедыміну, дзе і як заснаваць Вільню, за што і быў уганараваны знакамітым на дзве дзяржавы польскім прозвішчам. Іншыя выводзяць яго з літоўскіх каранёў.

У 1512 годзе Ганна з Кішкаў у якасці пасагу прынясла Нясвіж Янушу Радзівілу Барадачу -- маршалку гаспадарскаму, сябру польскага караля і вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка. Януш збудаваў тут крэпасць, горад абкружыў земляным валам. Мікалай Радзівіл Сіротка, які здзейсніў паломніцтва ў Святую зямлю, наведаў Італію і “захварэў” там на італьянскія манеры, у 1583 годзе запрасіў у Нясвіж знакамітага архітэктара Яна Марыю Бернардоні. Пачалося будаўніцтва велічнага мураванага замка-палаца, а непадалёку ад яго першага на нашай зямлі барочнага шэдэўра -- езуіцкага касцёла з пазнейшымі непаўторнымі размалёўкамі на біблейскія тэмы.

Дарэчы, Радзівілам шанцавала на трапныя мянушкі, якія замацаваліся так трывала, што многіх уладароў замка інакш і не называлі, як Мікалай Стары, Юрый Геркулес, Мікалай Руды, Мікалай Чорны, Мікалай Сіротка, Крыштоф Пярун, Міхал Казімір Рыбанька, Пане Каханку.

Сваім набыткам і скарбам князі таксама любілі даваць экзатычныя назвы. Згадайма хоць 12 вялікіх і дагледжаных залаў замка: Мармуровая, Залатая, Блакітная, Каралеўская з партрэтамі польскіх каралёў, Гетманская з выявамі польскіх і літоўскіх гетманаў, Сенатарская, Пасольская і г.д. У Альбе, што непадалёк ад Нясвіжа, знаходзіліся летні палац “Суцяшэнне”, дом для асабліва набожных вернікаў “Пустэльніцтва”.

Некалі лічылася, што Нясвіжскі замак быў першым па сваіх ваяўнічых магчымасцях у Вялікім княстве Літоўскім. А шмат хто з ягоных гаспадароў праславіўся выдатнымі вайсковымі здольнасцямі, смела і адчайна абараняў свае землі. У радзівілаўскім Нясвіжы знаходзіліся магутныя гарматы ХVІ стагоддзя,  якія трапілі пасля ў многія гарады Еўропы. Гэтыя даўнія помнікі ліцейнага рамяства з адмысловымі ўпрыгожаннямі Радзівілы назвалі гучна і мудрагеліста: Сава, Саламандра, Гідра, Кракадзіл, Цэрбер, Цырцэя, Папугай.

Першымі ў Вялікім княстве Літоўскім па сваіх багаццях таксама былі Радзівілы. Каля дваццаці тысяч унікальных тамоў, у тым ліку старадрукаў і рукапісных кніг, налічвала Нясвіжская бібліятэка. У грунтоўным архіве захоўваліся каштоўныя дакументы з гісторыі Вялікага княства і Польшчы.

Густоўна падабраныя зборы партрэтаў, абразоў, скульптуры, калекцыі саксонскага фарфору, зброі, вырабы мануфактур, палацавыя каміны, размалёўкі, інкруставаная мэбля, скураныя і палатняныя шпалеры, пазалочаны шкляны посуд і шмат што іншае ўпрыгожвала замак, мусіла сведчыць пра магутнасць і значнасць Радзівілаўскага роду. Радзівілы стварылі балетную і музычную школы, драматычны і балетны тэатры, прыдворны аркестр, кадэцкую акадэмію. З імі звязаны выраб знакамітых Слуцкіх паясоў, дзейнасць Смаргонскай мядзведжай акадэміі, друкарняў у Бярэсці і Нясвіжы.

Радзівілы любілі выдзеліцца сярод роўных, падкрэсліць сваю адметнасць і значнасць. Як сапраўдныя гаспадары дзяржавы, яны мелі загарадную рэзідэнцыю – збудавалі ў Альбе шыкоўны палац, разбілі парк, выкапалі сажалкі і каналы, стварылі нават марскую флатылію, якая ўдзельнічала ў паказе гасцям узяцця Гібралтара. Калі ў 1785 годзе Нясвіж наведаў польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Караль Станіслаў Радзівіл, званы Пане Каханку, сустрэў караля ў старым выцвілым уборы. Здзіўленаму высокаму госцю хітра патлумачыў: “Пане Каханку! Лёгка Вашай вялікасці ўбірацца ва ўсё новенькае, калі вы і сам новенькі. А я, каб ушанаваць вас, апрануў свой старэйшы кунтуш, які цэлыя стагоддзі служыў маім продкам!”

 А што да легенд, паданняў і небыліц, то яны незлічонымі маністамі атуляюць замак і яго гаспадароў. Пра “гарбаты” саркафаг, у якім нібыта пахавана князёўна, якая зімовым вечарам уцякла ад нарачонага замежнага прынца да каханага хлопца з просталюдзінаў. У чаканні яго прысела на лаўку і замерзла, не ведаючы, што яе абранніка схапілі княскія слугі.

Пра  вялізны камень, названы Пярсцёнкам Марысі, і вадаспад “Слёзы Марысі”. Легенда таксама звязвае іх з трагічным каханнем людзей, не роўных па багаццю. А ў гонар Марысі заснаваны знакаміты і адзін з багацейшых у Беларусі Нясвіжскі парк.

Пра Чорную даму Барбару Радзівіл – польскую каралеву, жонку Жыгімонта ІІ Аўгуста. Гэта яе не зацела бачыць побач са сваім сынам ягоная маці – ганарыстая і ўладная Бона Сфорца. Аднак моцнае каханне Барбары і Жыгімонта прабілася праз усе перашкоды. Не справілася яно толькі з няўдзячнай помслівасцю. Атручаная па загаду капрызлівыай каралевы, Барбара увасобілася ў прывід Чорнай дамы. З таго часу яна пасялілася ў Нясвіжскім замку і штоночы абыходзіць пакой за пакоем у пошуках свайго каханага. Ды нідзе не можа знайсці. Тады яна хаваецца ў глыбокія падзямеллі-лёхі, каб наступнай поўначчу зноў выправіцца ў безвыніковыя пошукі. Так доўжыцца ўжо больш за чатыры з паловай стагоддзі.