ПОЛАЦКІ САФІЙСКІ САБОР

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ПОЛАЦКІ САФІЙСКІ САБОР

Велічнай белакрылай чайкай лунае над  рачнымі хвалямі, купаецца ў іх, глядзіцца, як у люстэрка, Полацкі Сафійскі сабор. Здаецца, знарок выпырхнуў на дамінуючы пагорак, каб сваім святым блаславеннем атуляць беларускую зямлю. Каб адусюль бачыцца спаконвечным сімвалам мудрасці і шчырасці нашых продкаў, поклічным арыенцірам на шляху да  духоўнасці і самапавагі.

А яшчэ высока ўзнесла Сафійка галаву дзеля таго, каб перагуквацца са сваімі адзінавернымі сёстрамі – Сафіяй Кіеўскай і Сафіяй Наўгародскай. Так, відаць, задумана было творцамі гэтых перлін архітэктурнай дасканаласці, каб тры славянскія народы мелі адзін духоўны накірунак, каб не збочылі ў невядомасць, не зніклі, не растварыліся ў сусвеце. Але было і суперніцтва – за сваю самаіснасць, за велічнасць кожнай зямлі, за права быць самастойным і дужым княствам, якое можа не толькі фізічна абараняць сябе, але духоўна загартоўвае свой народ.

Мо лёсу было так заўгодна, што першая згадка пра Сафійскі сабор звязана з Еўфрасінняй Полацкай, якая стала патронкай зямлі беларускай. У Жыціі прападобнай можна знайсці словы пра беларускую Сафійку. Мяркуецца, што храм створаны ў другой палове ХІ стагоддзя. У той час князем Полацкай зямлі быў Усяслаў Брачыславіч – адзін з самых славутых і знакамітых яе ўладароў, які стаў і героем “Слова пра паход Ігаравы”.

Магутны Рагвалод – заснавальнік полацкай княскай дынастыі, быў прадзедам Усяслава. Знаная далёка за межамі  беларускай зямлі Рагнеда – ягоная прабабка. У летапісах засведчана легенда, нібыта Усяслаў нарадзіўся ў сарочцы, таму ў жыцці яму ва ўсім было спрыянне. Ён набыў неверагодна шырокую ваенную славу, стаў вядомы многімі карыснымі дзеямі дзеля дабра княства. Народ назваў яго Чарадзеем, або Ваўкалакам.

У сярэдзіне ХІ стагоддзя Усяслаў загадаў узнесці  над рачным люстэркам храм, які быў бы не менш велічны за Кіеўскі і Наўгародскі, а заадно сведчыў бы пра незалежнасць Полацкай дзяржавы і магутнасць самога князя. Храм Святой Сафіі ў Кіеве ўзвялі пры Яраславе Мудрым, які з’яўляўся сынам полацкай Рагнеды, унукам полацкага Рагвалода, дзядзькам Брачыслава Полацкага – бацькі Усяслава.

Усяслаў не толькі прыгожую Сафійку пакінуў на памяць пра сябе, але і даказаў сваё верхавенства над вялікай колькасцю славянскіх зямель. Нават далёкая чарнаморская Тмутаракань падпарадкоўвалася Полацкаму княству. Аўтар “Слова пра паход Ігаравы” засведчыў значнасць створанага Усяславам, згадаўшы Сафійскі сабор: “Тому в Полотске позвониша заутренюю рано у Святыя Софеи в колоколы: а он в Кыеве звон слыша”.

Відавочна, правобразам для стварэння Полацкай Сафійкі, як і для  Кіеўскай і Наўгародскай, стала Сафія Канстанцінопальская. Полацкі храм удала ўвабраў галоўныя іхнія адметнасці – гарманічнае спалучэнне архітэктурнай выразнасці і велічы. Але ён меў і асаблівасці, звязаныя з умелым выкарыстаннем мясцовых прыродных умоў, з полацкай архітэктурнай школай. Натуральныя камяні ў ягонай аснове нагадваюць, што сабор вырастае непасрэдна з роднай зямлі, змацаваны яе жыццядайнымі сокамі. На адным з іх нават захаваліся імёны муляраў: Давыд, Таўма, Мікула, Капес.

Сваёй саборнасцю святая Сафія, якую называлі  Прамудрасцю Божай і ў гонар якой ўзводзілі храмы, імпанавала Усяславу Чарадзею, бо для яго саборнасць мела  важнейшае значэнне. У Прытчах Саламонавых пра тое сказана: “Не премудрость ли взывает? И не разум ли возвышает голос свой? Она становится на возвышенных местах, при дороге, на распутиях; она взывает у ворот при входе в город, при входе в двери: «к вам, люди, взываю я, и к сынам человеческим голос мой! Научитесь, неразумные, благоразумию, и глупые – разуму… Примите учение мое… потому что  мудрость лучше жемчуга, и ничто из желаемого не сравнится с нею”.

У гэтых словах ключ да разумення памкненняў Усяслава, ягонага жадання ўзвысіць Полацкую зямлю праз збудаванне Сафійскага сабора. Як сонца сваім дабрадзейным святлом і цяплом сагравае зямлю і дае ёй жыццё, так купалы Сафійкі нагадвалі сонейка, якое паўстае з-за гарызонта цемры і неразумення, каб моцай ісціны сваёй дужасць веры ўзвысіць і ўмацаваць чалавека, асвятліўшы яго фізічнае жыццё духоўным высакародствам.

Цягам доўгай гісторыі Сафійскі сабор мяняў сваё прызначэнне ў адпаведнасці са зменай рэлігійных  накірункаў. “Святая Софаа каменна, о седма версех” не здолела захаваць свае золатагаловыя купалы, ранейшы архітэктурны воблік. Перанесла шмат перастварэнняў. Апошняя архітэктурная перабудова адбылася ў 1738 – 1750 гадах. Сёння храм дэманструе сваю першасную веліч толькі праз апсіды, фундаменты, рэшткі сцен у лёхах, што беражліва захоўваюцца з таго летапіснага часу.

І мо нездарма спачывае побач з велічнай Сафійкай не менш знаxная гістарычная памятка – адзін з Барысавых камянёў, які ў народзе назвалі Барыс-Хлебнік. Як  своеасаблівы сімвал-напамінак пра сувязь часоў і  падзей, пра  імкненне нашых продкаў не толькі да хлеба надзённага, але і хлеба духоўнага.

Побач з Полацкім Сафійскім саборам варта прымружыць вочы, каб прымроіць летапіснага Усяслава Чарадзея, пачуць звон ягонага пераможнага мяча. Да сэрца дойдуць прарочыя словы Сафіі – Прамудрасці Божай. Разам з велічнай і легкакрылай Сафійкай можна ўзляцець у паднябессе -- да вышынь духу і духоўнасці, якія спавядалі нашы далёкія продкі і як самае найдарагое багацце перадалі нам: каб помнілі, каб аберагалі, каб верылі і шанавалі як самы галоўны запавет і сэнс жыцця.