Камуністы і прыхільнікі лаяльнасці

Дзейнасць Грамады прабаваў працягваць Беларускі дэпутацкі сялянска-рабочы клуб «Змаганне», створаны пры садзеянні камуністаў у палове 1928 г. Галоўную ролю ў гэтай арганізацыі адыгрывалі дэпутаты Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Флягонт Валынец. У адрозненне ад Грамады, «Змаганне» па загаду Камінтэрна пачало барацьбу з іншымі беларускімі арганізацыямі ў Польшчы, абвінавачваючы іх у нацыяналізме, згодніцтве і кулацтве. Дварчаніну не ўдалося дабіцца поспеху Тарашкевіча і стварыць такі ж магутны грамадскі рух, якім была Грамада. Перашкаджала гэтаму апатыя, якая апанавала беларусаў пасля забароны Грамады. Таксама ўлады, якія пільна сачылі за праявамі беларускай актыўнасці, паспяхова тармазілі развіццё «Змагання».

У лістападзе 1925 г. пасля выхаду групы Тарашкевіча з Беларускага пасольскага клуба дэпутаты Фабіян Ярэміч і Васіль Рагуля стварылі Беларускі сялянскі хаўрус (БСХ). Меў ён быць процівагай і альтэрнатывай левай Грамадзе. БСХ у сваёй праграме змяшчала ўсе ранейшыя патрабаванні Беларускага пасольскага клуба. Дальнабачнай мэтай БСХ мела быць незалежная Беларусь, бліжэйшай — культурная аўтаномія для беларусаў у Польшчы.

У 1926 г. дзеячы БСХ разам з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі стварылі Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК), які ставіў сабе за мэту змену эканамічнай сітуацыі беларускага насельніцтва. Нягледзячы на супрацьдзеянне ўлад, да 1930 г. узнікла 60 аддзяленняў Інстытута ў розных мясцовасцях Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў. Пад апекай БІГІК працавала 37 бібліятэк. Дзеячы Інстытута падтрымоўвалі развіццё рамяства, засноўванне сельскагаспадарчых кааператываў, стварэнне машынных станцый на вёсках, арганізавалі сельскагаспадарчую асвету, прапагандавалі меліярацыю, у выніку якой сяляне маглі прыдбаць дадатковыя плошчы ўгоддзяў. Інстытут праіснаваў да студзеня 1937 г. і быў распушчаны рашэннем віленскага ваяводы па прычыне выдуманага абвінавачання ў антыдзяржаўнай дзейнасці.

Найбольш памяркоўную праграму сярод беларускіх партый, якія дзейнічалі ў ІІ Рэчы Паспалітай, прадстаўляла Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Гэтая арганізацыя дзейнічала з 1917 г. пад назвай Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, пазней Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці. Цэнтрам беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху была Вільня. Дзейнасць хрысціянскай дэмакратыі абапіралася перш за ўсё на каталіцкім духавенстве і касцельных арганізацыях. Самымі вядомымі дзеячамі гэтага руху былі ксяндзы: Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Люцыян Хвецька. Хрысціянскія дэмакраты асновай грамадскага парадку лічылі хрысціянскую рэлігію. У нацыянальных пытаннях падкрэслівалі права кожнага народа на самавызначэнне. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, патрабавалі свабоду беларусам у Польшчы на прынцыпе канстытуцыйнай роўнасці ўсіх грамадзян. Патрабавалі яны правядзення аграрнай рэформы, устанаўлення больш справядлівага грамадскага ладу і паўсюднага доступу да асветы на роднай мове. Хрысціянскія дэмакраты крытычна ставіліся да БССР не толькі за атэізацыю, але і за філасофскія асновы іхняга грамадска-юрыдычнага парадку, у якога аснове ляжала класавая барацьба і дыктатура пралетарыяту.

У 1926 г. партыя прыняла назву Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і стала не толькі каталіцкай, але і агульнанацыянальнай палітычнай арганізацыяй. Галоўнай мэтай БХД стала стварэнне аб’яднанай і незалежнай дзяржавы. У адрас Каталіцкага касцёла і Праваслаўнай царквы ставіліся патрабаванні ўвядзення багаслужбаў і пропаведзей на нацыянальнай мове, беларусізацыі праваслаўнага і каталіцкага духоўных семінарый у Вільні.

Супраць дзейнасці БХД выступалі дзяржаўныя і касцельныя ўлады. Дзяржаўная адміністрацыя не магла перанесці ўздзеяння ксяндзоў на станаўленне беларускай нацыянальнай свядомасці сярод католікаў. У польскай дзяржаве Касцёлу была адведзена іншая роля — пашырэнне польскасці сярод беларускага люду. Таму з пункту гледжання польскіх улад прапаведаванне Божага слова на беларускай мове было зусім непатрэбнае. Паўсюдна канфіскаваўся прэсавы орган БХД «Крыніца», а ксяндзы, якія пропаведзі гаварылі на беларускай мове, падвяргаліся паліцыйным рэпрэсіям.

У 1926 г. віленскі архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі адмысловым цыркулярам забараніў католікам чытаць беларускую «Крыніцу», а духавенству — чытаць пропаведзі па-беларуску і быць чальцамі БХД. У канцы дваццатых гадоў паўсюднай практыкай сталі пераносы ксяндзоў беларускай нацыянальнасці ў цэнтральныя ваяводствы і замена іх польскімі духоўнымі.

У 1935 г. Рада БХД перайменавала партыю на Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, фармальна адмаўляючыся ад канфесійнага характару.

Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне (ПБДА), якое дзейнічала ў 1927–1931 гг., прабавала браць прыклад ад БХД. У праграме ПБДА рэлігійныя акцэнты пераважалі над нацыянальнымі. Партыя перш за ўсё хацела абараняць інтарэсы праваслаўя, пратэставала супраць стаўляння Царквы ў залежнасць ад дзяржаўнай улады, адбірання храмаў і царкоўнай маёмасці, патрабавала ажыццяўлення прынцыпу роўнасці ўсіх веравызнанняў. Толькі ў далейшым плане ў праграме партыі ставіліся пастулаты забеспячэння культурных і моўных правоў беларусаў.

Іншую канцэпцыю змагання за беларускія нацыянальныя інтарэсы прадстаўляла група дзеячаў, якія гуртаваліся вакол Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага. Абодва палітыкі былі калісьці звязаныя з Грамадой, але падчас судовага працэсу ім не былі даказаны сувязі з пасланцамі Камінтэрна. У 1930 г. з некалькіх невялікіх грамадскіх, асветных і выдавецкіх арганізацый стварылі яны таварыства, якое прыняло назву Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (у скарачэнні: Цэнтрсаюз) і пачалі выдаваць газету «Наперад». Цэнтрсаюз і яго кіраўніцтва неўзабаве сталі называць «беларускай санацыяй», «паланафіламі». Атакавалі іх хрысціянскія дэмакраты, камуністы і іншыя беларускія групоўкі за згодніцтва і кантакты з урадавымі коламі. Дзеячы Цэнтрсаюза зыходзілі з прадпасылак, што ў дадзены момант адзіным вырашэннем для беларускіх арганізацый з’яўляецца аб’яднанне на глебе культурна-асветнай працы з народам. Адмаўляліся яны ад палітычных пастулатаў і барацьбы з польскімі ўладамі на населеных беларусамі землях. Луцкевіч увесь час бачыў магчымасць рэалізацыі беларускіх нацыянальных памкненняў у палітычных умовах ІІ Рэчы Паспалітай. Быў ён перакананы, што змаганне з Грамадой і іншымі беларускімі арганізацыямі, якое вёў урад, адбывалася ў рамках барацьбы з камунізмам. Цэнтрсаюз займаўся засноўваннем бібліятэк і чытальняў на вёсках, распаўсюджваннем літаратуры пад агульнай назвай «Сялянская бібліятэка», якой змест быў прыстасаваны да інтэлектуальнага узроўню чытача і якая ўсяведамляла яго ў галіне сельскай гаспадаркі і беларускай культуры.

Луцкевіч імкнуўся стварыць праўрадавы беларускі цэнтр, альтэрнатыўны да віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта, у якім пераважалі дзеячы БХД. Удалося яму прыцягнуць да Цэнтрсаюза Беларускі студэнцкі хаўрус, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі настаўніцкі хаўрус, Беларускае дабрачыннае таварыства, Беларускі гаспадарчы хаўрус, Аб’яднанне беларускіх жанчын, бацькоўскія камітэты беларускіх гімназій у Вільні, Навагрудку і Клецку. Імпазантнай была таксама выдавецкая дзейнасць Цэнтрсаюза. Гэтая арганізацыя, так як і ўсе іншыя беларускія партыі пасля 1927 г., не мела аднак большай грамадскай падтрымкі.

З Цэнтрсаюзам супрацоўнічаў іншы грамадавец Фабіян Акінчыц. У маі 1931 г. адышоў ён аднак ад арганізацыі Луцкевіча, абвінавачваючы яго ў скрытным спрыянні камунізму. Неўзабаве Акінчыц пачаў ствараць сваю партыю — Віленскую беларускую групу «Адраджэнне». На старонках выдаваемага ім «Народнага звону» заклікаў беларусаў быць лаяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, асуджаў беларускіх камуністычных дзеячаў за здраду нацыянальным ідэалам. Не знаходзячы грамадскай падтрымкі Акінчыц на нейкі час спыніў сваю дзейнасць. У 1935 г. разам з Уладзіславам Казлоўскім стварыў Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю (БНСП) і пачаў выдаваць газету «Новы шлях». Восенню 1935 г. апублікаваў на яе старонках праграму партыі, якая была спробай перанесці нямецкую фашысцкую ідэалогію на беларускі грунт. БНСП у сапраўднасці мела нямнога супольнага, апрача назвы, з партыяй Гітлера. Такая прапанова для сялянскага грамадства прадстаўлялася надта кур’ёзна. Усё-такі ў канцы трыццатых гадоў з’явіўся план увядзення ў гульню за Беларусь яшчэ аднаго фактара — гітлераўскай Нямеччыны.

БНСП апрача лозунгаў аб нацыянальным адраджэнні, аб’яднанні ўсіх этнічных беларускіх зямель і перадачы памешчыцкай ды калгаснай зямлі беларускім сялянам заяўляла таксама пра нацыяналізацыю лясоў і натуральных рэсурсаў ды змаганне за прыняцце пад увагу беларускіх нацыянальных інтарэсаў праваслаўным і каталіцкім духавенствам.

У арганізацыі Акінчыца і Казлоўскага амаль не было грамадскай базы. Мабыць, таму як адзіная беларуская партыя пратрымалася яна да 1939 г. Астатнія беларускія арганізацыі або былі распушчаны ўладамі ў другой палове трыццатых гадоў, або спынілі дзейнасць у выніку самазнішчальных расколаў, якія зрэшты інспіраваліся дзейнасцю польскіх дзяржаўнах чыннікаў.

Найбольш уплывовай і моцнай партыяй, якая дзейнічала ў беларускім асяроддзі, была Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Была яна аўтаномнай арганізацыяй у складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП), якая, так як і іншыя партыі гэтага тыпу, заставалася ў поўнай залежнасці ад Камуністычнага інтэрнацыянала (Камінтэрна) з сядзібай у Маскве. Хаця КПЗБ прадстаўляла інтарэсы Савецкага Саюза, мела яна сярод беларусаў некалькі тысяч прыхільнікаў. Яе галоўным козырам было адмаўленне польскай дзяржаўнасці. Сяляне пра камуністаў ведалі толькі тое, што яны з’яўляюцца прыхільнікамі Расіі (СССР паўсюдна трактаваўся як сінонім і працяг Расіі), якая ў культурным, рэлігійным і псіхалагічным плане была беларускай праваслаўнай грамадскасці бліжэйшая чым Польшча. Праваслаўным называў сябе амаль кожны рашучы беларускі атэіст. Пра тое, што дзеялася на ўсходнім баку рыжскай мяжы, амаль не было вядома. Весткі пра калектывізацыю ўспрымаліся найчасцей як выдумкі польскай прапаганды. Большасць чальцоў КПЗБ складалі беларускія сяляне. У партыі былі таксама палякі, яўрэі, расіяне, якія жылі на тэрыторыі чатырох паўночна-ўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. Прыналежнасць соцень тысяч сялян да камуністычнай партыі, якая прадвяшчала дыктатуру пралетарыяту і калектывізацыю зямлі, можна толькі параўнаць да ўдзельніцтва ў жыцці рэлігійнай секты. Адмова існуючай рэчаіснасці стварала чальцам партыі прыцягальную мадэль паводзін у адносінах да зненавіджанай сістэмы. Папулярнасць КПЗБ не была вынікам прываблівасці яе праграмы, але склаўшайся эканамічнай сітуацыі і псіхалагічных патрэб беларускай грамадскасці. У аграрным пытанні КПЗБ зрэшты не мела ніводнай праграмы. Лозунгі, якія заклікалі сялян не плаціць падаткаў, не пагашаць даўгоў, не адрабляць шарваркаў з увагай успрымаліся беларускім насельніцтвам, паколькі жыло яно ў складаных сацыяльных абставінах. Аднак былі яны немагчымыя для выканання, бо спробы іх рэалізацыі выклікалі рэпрэсіі з боку дзяржаўнага апарату.

У адрозненне ад беларускіх партый КПЗБ мела сродкі на прапаганду і бягучую дзейнасць. Таму нават зняволенне правадыроў партыі не спыніла яе дзейнасці. Ізаляваных дзеячаў звычайна замянялі новыя.

Згодна дырэктывам Камінтэрна КПЗБ імкнулася пранікнуць ва ўсе беларускія грамадскія, палітычныя, гаспадарчыя, асветныя і культурныя арганізацыі. Прысутнасць камуністаў у структурах гэтых арганізацый найчасцей была прычынай іх ліквідацыі. Гэты метад улады прымянялі з такім размахам, што ў 1937 г. беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы практычна замерла. У 1938 г. КПЗБ як секцыя Камуністычнай партыі Польшчы была Камітэрнам распушчана, а яе правадыры, якія апынуліся на тэрыторыі СССР, былі абвінавачаны ў супрацоўніцтве з польскай выведкай.

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК