ПАСЛЯСЛОЎЕ

ПАСЛЯСЛОЎЕ

14 кастрычніка ў катэдры Камянца-Падольскага, куды першапачаткова адышло нашае войска, было ўрачыста пахавана цела Яна Кароля Хадкевіча. Але гэтае месца не сталася яго апошнім прытулкам. Праз некалькі тыдняў маладая ўдава перавезла труну з нябожчыкам у сваё родавае гняздо — у Астрог на Валыні. Аднак з прычыны ўзніклых спрэчак за цела, а найболыл, мабыць, за маёмасць гетман быў зноў пахаваны толькі наступнай восенню, амаль праз год, у фарным мясцовым касцёле. У часе паўстання Багдана Хмяльніцкага парэшткі нябожчыка вывозілісяў Польшчу, а пасля замірэння на Украіне былі вернутыя назад. У 1722 годзе езуіты перанеслі пахаванне ў новы касцёл у тым жа Астрогу. Аднак у XIX стагоддзі касцёл згарэў i быў зруйнаваны. Зніклі i сляды магілы вялікага палкаводца.

Славу Ян Хадкевіч спазнаў напоўніцу яшчэ пры жыцці. Ён дасягнуў усіх магчымых становішчаў у кіраўнічай герархіі дзяржавы — стараста жамойцкі, віленскі ваявода, палявы, а затым вялікі гетман літоўскі, урэшце, галоўны начальнік усіх войскаў Рэчы Паспалітай, радца Вялікай Рады Княства i сенатар Рэчы Паспалітай. Кароль абдорваў свайго палкаводца ўшанаваннямі i годнасцямі, а таксама шматлікімі зямельнымі ўладаннямі. Дзівіліся поспехам ваяра валадары блізкіх i далёкіх краёў. Мастакі малявалі яго партрэты, карціны з выявамі пераможных бітваў. Праслаўлялі Яна Хадкевіча каталіцкі дзяяч i прамоўца Пётра Скарга i лацінамоўны паэт Мацей Сарбеўскі. Перамозе ў Хацінскай вайне прысвяціў паэму "Асман" харвацкі паэт пачатку XVI I стагоддзя Іван Гундуліч.

Не знайшло супачыну на чужыне цела Яна Кароля Хадкевіча. Блукае па чужых краях i ягоная слава, а на роднай Беларусі ніяк не прызнаюцца да свайго сына. Грэх ён меў вялікі перад савецка-камуністычнымі ідэолагамі — не валодаў пралетарска-сялянскай свядомасцю, бо разграміў паўстанне казакоў i беднаты. Сувораву за Пугачова прабачылі, a Хадкевічу за Налівайку — не.

Нават у першай палове 90-х гадоў, калі ціск абэцэдаршчыны на нашых гісторыкаў часова быў паслабеў, яны па звычцы міналі асобу Яна Хадкевіча. Як міналі i перамогі беларускага войска на палях Інфлянтаў, у вайне з Маскоўшчынай пачатку XVII стагоддзя, у бітве пад Хацінам — гэтыя зусім яшчэ не адгорнутыя старонкі нашае мінуўшчыны.