Прадмова да другога выдання
Прадмова да другога выдання
Прырода скупа адмерыла чалавеку сумлення, і супольствы людзей адвеку па-драпежніцку забіваюць і душаць адно аднае, каб падмацавацца чужымі здабыткамі і выгадаваным чалавечым рэсурсам. Нікому дасюль не ўдалося стаць выключэннем, і Беларусі - з прычыны геаграфічнага становішча - тым болей. Кроніка падзеяў нашай гісторыі сведчыць, што змест жыцця народа праз стагоддзі складала найперш фундаментальная патрэба - застацца ў жывых. Часцяком проста на біялагічным узроўні, апошнія гадоў з двесці ў дадатак - і як самастойны этнас. А ўсё астатняе адсюль вынікала.
Вядомае тысячагоддзе беларускай гісторыі адкрываецца гэтакай трагічнай падзеяй - зруйнаваннем Полацка і вынішчэннем першай княжацкай дынастыі ў 980 годзе. З таго дня безупынныя намаганні суседзяў падпарадкаваць нашыя землі праходзяць праз усе стагоддзі беларускага жыцця крывавым следам. Мяняючы формы агрэсіі, гэты націск не спыняецца і на мяжы 3-га тысячагоддзя. Апроч знешняга меў месца, як было і ёсць паўсюдна, ціск вышэйшых станаў на тых, з чыёй працы яны жывуць. З гэтага вынікалі паўстанні і грамадзянскія войны, калі вырэзвалі самі сябе. Таксама і рэпрэсіі як мера вынішчэння актыўнага пласту народа і запалохвання рахманых былі добра зведаныя Беларуссю, асабліва пры царскай уладзе, нямецкай акупацыі, пры савецкім і постсавецкім рэжымах.
Не менш за генацыд адбіліся на нашай гісторыі дзяржаўныя здрады, якія ўсталяваліся ў жывую традыцыю і генетычна пазбавілі вышэйшыя станы, потым так званую палітычную эліту інстынктыўнай прагі дзяржаўнай самастойнасці. Улада з гэтакай заганай мыслення непазбежна задавольвалася ганебнай роляй паслужлівага калабаранта.
Шмат войнаў, паўстанняў, рэпрэсіяў пазначаны ў «Спісе...» радком, хоць змяшчаюць безліч трагічных падзеяў. Дзеля пералічэння ўсіх патрэбная шматтомная Энцыклапедыя Смутку, якая ніколі не будзе поўнай, бо пра мноства даўніх і нядаўніх чалавечых трагедый ведае толькі Бог. За кожным радком «Спіса...» ахвяраваныя радзіме жыцці герояў, загубленыя бязвінныя жыцці, плач удоваў і сіротаў, спаленыя хаты, неспраўджаныя задумы. Усё гэта - чыннікі, якія важка ўплывалі на наш светапогляд. Колькі часу мы яшчэ праіснуем як самастойны беларускі народ, а не пад гэтай назвай ужо ў якасці асіміляванай біямасы дзеля павялічэння рэсурсаў чарговага саюзнага захопніка - залежыць ад нашага розуму, самапавагі і гонару. А гэта такія якасці, якіх заўжды значна меней, чым глупства, недасведчанасці і пакоры.
Усе ілюстрацыі выконваюць сціплую ролю ўказальнікаў на тыя мемарыяльныя лакуны, якія варта запоўніць, каб не чуцца калекамі на памяць.