ДЭФАРМАЦЫЯ ПАМЯЦІ
ДЭФАРМАЦЫЯ ПАМЯЦІ
Мэтаю сістэмы быў усеагульны кантроль за дзейнасцю і думкамі людзей. Парушыліся ўзаемадачыненні чалавека з часам. Чалавек пры гэтым траціў арыентацыю і разгубляўся.
Вобраз мінулага дэфармаваўся з гледзішча палітычных і ідэалагічных патрэбнасцяў. Тым болей што свядомасць фармуюць не толькі гісторыкі (якія дапамагалі містыфікаваць гісторыю), але і пісьменнікі і публіцысты, ідэолагі і палітыкі, агітатары і прапагандысты, якія карысталіся набыткам прэпараванай гістарычнай навукі ў духу сваіх уяўленняў.
Як пісаў гісторык А. Некрыч, партыйная ўстаноўка палягала ў тым, каб стварыць новую калектыўную памяць народа, дашчэнту выкінуць успаміны пра тое, што адбывалася ў рэчаіснасці, выкінуць з гісторыі ўсё, што не адпавядае ці проста зняпраўджвае гістарычныя прэтэнзіі камуністычнай партыі.
Гэтая ўстаноўка галосна нідзе не выказвалася. У мафіёзных структурах, а, згодна з назіраннем Густава Герлінг-Грудзіньскага, партыя адпавядала такой структуры, рашэнні апранаюцца ў імглістую форму, не фармулююцца выразна. Таму нікога з завадатараў схапіць за руку нельга. Падпарадкаваны сам адгадвае думкі свайго шэфа, ніколі не выказаныя напрасткі.
А вынік? Нацыя, якая страчвае памяць, страчвае сумленне. Злачынствы, учыненыя грамадству, застаюцца непакаранымі.
Ачыстка калектыўнай памяці праводзілася перш за ўсё шляхам фізічнага знішчэння жывых сведкаў гісторыі. Сістэматычны тэрор знішчыў паслойна інтэлігенцыю — захавальніцу народнай памяці, улучаючы ўсіх прадстаўнікоў буржуазных партый. За імі пайшлі эсэры, потым марксісты-меншавікі і ўрэшце марксісты-бальшавікі.
Пасля гэтага пачаліся рэгулярныя чысткі сярод новага пакалення гуманітарыяў. І кожны раз народ пазбаўлялі ад часткі ягонай калектыўнай памяці, ад часткі ягонай гісторыі. Замест гэтага насаджалася памяць пра тое, чаго на самой справе не было, — штучная памяць [9].
Мінулае ці адмянялі, ці вярталі, і чалавека пакідала бачанне ў ім трывалай апоры. Улада спыняла час, бо рух часу таіў у сабе перамены. У чалавека кралі час і памяць. Было ўсё роўна, што гаварылася, што абяцалі яшчэ ўчора. Хлусня станавілася непакаральнаю. Адсутнасць памяці адкрывала перад хлуснёю шырокае поле дзейнасці.
Толькі з упадкам камунізму мы вярнуліся ў свет гісторыі. Гэта можа гучаць дзіўна, бо, уласна кажучы, марксізм быў аглядам гістарычнага свету, пабудаваным на разуменні чалавека, якія ўпісваўся ў гістарычны працэс, і на дэтэрмінізме, які гэтым працэсам кіруе. Але калі камунізм стаў панавальным і адзіна слушным светапоглядам, ён увёў сапраўдную феадальную стабільнасць, затрымаў гісторыю.
Яшчэ павінна адбыцца апошняя, канчатковая барацьба між злодзеямі памяці і абкраданымі імі нацыямі, грамадствамі і асобамі.