УРОКІ ГІСТОРЫІ

УРОКІ ГІСТОРЫІ

Дык чаму нас можа навучыць сучасная гісторыя? Таму, што таталітарны лад можа быць адкрыццём адной з наймагутнейшых трывожных магчымасцяў чалавека і грамадства. Гэты лад адкрывае цёмнае, злачыннае, барбарскае аблічча таталітарызму. Ён нам адкрывае, да чаго чалавек здольны, кім ён можа стаць. Гэта нам паказваюць не кніжкі, а знішчаны ландшафт, гаспадарчая бяда, смерць незлічоных ахвяраў, спусташэнне ў целах і душах. Хто можа паручыцца, што ўсё гэта не адродзіцца ў якой-небудзь іншай форме, калі людзі не будуць уважлівымі і пільнымі?

Адчуваецца пэўная аналогія паміж сітуацыяй народаў Усходняй Эўропы і сітуацыяй нямецкага грамадства пасля Другой сусветнай вайны. Быў такі ж, а можа й больш панішчаны край, такая ж размытая, цяжкая для прыняцця віна, якая можа павесці да самараспаду. Але падабенства на гэтым канчаецца. У нас ніхто не забараніў камуністычныя партыі як злачынныя арганізацыі. Для нас ніхто не арганізуе нюрнбергскага працэсу над злачынцамі. Нам ніхто не падрыхтуе план Маршала (які, насуперак сцверджанням савецкіх гісторыкаў, дапамог Заходняй Эўропе стаць на ногі).

Мы мусім зрабіць гэта самі. І мусім мець надзею, што нашы пакуты не былі дарэмнымі, не застануцца забытымі і змогуць стаць укладам у мудрасць нашай будучыні.