Стаўленне санацыйнага лагера да беларускага пытання

Пасля майскага дзяржаўнага перавароту 1926 г. былі роблены спробы правесці рэвізію ранейшай палітыкі дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцей. Некалькі палітыкаў з акружэння Юзафа Пілсудскага, між іншым, Тадэуш Галуўка, Леан Васілеўскі, Казімеж Младзяноўскі прапанавалі, каб палітыку нацыянальнай асіміляцыі, як малапаспяховую, замяніць дзяржаўнай асіміляцыяй — больш выгаднай для дзяржавы і не выклікаючай такога супраціву з боку меншасцей. Гэтая палітыка мела давесці да сфарміравання ў грамадзян няпольскай нацыянальнасці пераканання, што Польшча з’яўляецца таксама і іх айчынай. Начальнік Усходняга аддзялення Міністэрства замежных спраў Тадэуш Галуўка прапанаваў, каб у адносінах да беларусаў дзяржава ўздзейнічала шляхам стварання школ з беларускай мовай навучання, культурных устаноў, беларусізацыі Царквы. Гэтыя дзеянні мелі ўчыніць беларусаў устойлівымі на расійскія ўплывы і выключыць прыцягальнасць уздзеяння мінскага цэнтра як у культурным, так і ў палітычным плане. 18 жніўня 1926 г. міністр унутраных спраў Казімеж Младзяноўскі прадставіў «Дырэктывы ў справе адносін урадавых улад да нацыянальных меншасцей». Младзяноўскі прапанаваў правядзенне аграрнай рэформы з улікам інтарэсаў беларускага і ўкраінскага насельніцтва, стварэнне магчымасці пашырэння асветы на нацыянальных мовах гэтых меншасцей, хуткую нармалізацыю юрыдычнага статусу Праваслаўнай царквы.

Восенню 1926 г., у перыяд бурнага развіцця структур Грамады, Леан Васілеўскі прадставіў праект «У справе беларускай палітыкі польскага ўрада ў цяперашняй хвіліне». Прапанаваў ён неадкладную змену палітыкі ў адносінах да беларускага школьніцтва, стварэнне настаўніцкай семінарыі для беларусаў, прыём на працу ў публічных школах настаўнікаў беларускай нацыянальнасці, распрацоўку адпаведных праграм і падручнікаў для школ з беларускай мовай навучання, дапамогу беларускай моладзі ў доступе да польскіх вышэйшых навучальных устаноў, падтрымку беларускім культурна-асветным і выдавецкім установам.

Для рэалізацыі палітыкі дзяржаўнай асіміляцыі, прапанаванай некаторымі прадстаўнікамі пілсудчыкоўскага лагера, патрэбны былі фінансавае забеспячэнне, прыхільнасць крэсавай адміністрацыі і згода Юзафа Пілсудскага. Аднак ніводзін з гэтых фактараў не праявіўся. Пілсудскі лічыў, што найбольш надзейна польскія інтарэсы на крэсах забяспечаць войска і польская школа. Быў ён рашучым прыхільнікам захавання польскай мовы як адзінай дзяржаўнай, абараняў ідэю вайсковага асадніцтва, а большую надзею на захаванне спакою на ўсходзе ускладаў на паліцыю, чым на задавальненне беларускіх культурных і асветных патрабаванняў.

Расправа над Грамадой была дзеяннем згодным са спадзяваннямі нацыяналдэмакратаў і памешчыкаў паўночнаўсходніх ваяводстваў. Ліквідацыя грамадаўскага руху, хаця адсоўвала небяспеку некантраляванага ходу падзей, аднак узмацняла антыдзяржаўныя настроі. Вясною 1927 г. урад зрабіў некалькі жэстаў з мэтай як разрадзіць існуючае напружанне, так і адцягнуць беларускую інтэлігенцыю ад прасавецкіх палітычных структур. Дзяржаўныя чыноўнікі хацелі, каб склалася ўражанне, што лаяльнасць да польскай дзяржавы стварае беларусам лепшыя перспектывы, чым разлічванне на Мінск. У 1927 г. міністр веравызнанняў і публічнай асветы Густаў Дабруцкі ўвёў абавязковую навуку беларускай мовы ў польскіх гімназіях на землях населеных беларусамі, прысвоіў статус публічных школ дзвюм беларускім гімназіям — у Вільні і Навагрудку, дазволіў стварыць 26 школ з беларускай мовай навучання і 49 — двухмоўных. Па загаду міністра Дабруцкага пачалася падрыхтоўка праграм і падручнікаў для школ з беларускай мовай навучання. Беларуская мова, пасля некалькіх гадоў перапынку, зноў была ўведзена ў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю. Апрача таго Апеляцыйны суд панізіў кары турэмнага зняволення для асуджаных правадыроў Грамады. У муніцыпальных выбарах беларусы атрымалі каля 20 % месц у гарадскіх і гмінных радах.

Аднак хваля энтузіязму, выкліканая вясною 1927 г. новай палітыкай улад у адносінах да беларусаў, хутка апала. У 1928 г. урад спыніў пошукі новых вырашэнняў у беларускім пытанні, а лакальная адміністрацыя атрымала права самастойна фарміраваць нацыянальную палітыку. Не ўзніклі планаваныя новыя беларускія школы, закрылася гімназія ў Радашковічах, а палітычныя вырашэнні штораз часцей замяняліся рэпрэсіямі ў адносінах да сапраўдных і ўяўных камуністаў. Увядзенне такой палітыкі аблягчалі яшчэ весткі з БССР, дзе пачалося змаганне з беларускім нацыянальным рухам. З пункту гледжання прыхільнікаў нацыянальнай асіміляцыі тое, што дзеялася ў Савецкай Беларусі, было карысным для Польшчы. У такой сітуацыі спынялася ўздзеянне на беларускую інтэлігенцыю ў Польшчы канкурэнтнага мінскага цэнтра, які самым сваім існаваннем тармозіў рэалізацыю ўсялякіх асіміляцыйных планаў. На ўсходнім баку рыжскай мяжы пашыралася зона расійскіх уплываў, якой трэба было проціпаставіць суцэльную культурную і нацыянальную польскую прастору.

На пачатку трыццатых гадоў аб характары дзеянняў дзяржавы ў адносінах да беларусаў рашалі ўжо такія палітыкі санацыйнага лагера як міністр унутраных спраў Феліцыян Славой-Складкоўскі ці палескі ваявода Вацлаў Костэк-Бярнацкі. Гэты апошні ў красавіку 1933 г. прапанаваў надзяліць урад надзвычайнымі паўнамоцтвамі, якія дазволілі б ачысціць Польшчу з «адкідаў грамадства і шкоднікаў», якіх дзейнасць перашкаджала хуткай асіміляцыі беларускіх мас. У лістападзе 1933 г. праект вырашэння беларускага пытання на сваёй тэрыторыі прадставіў ваявода навагрудскі Стэфан Свідэрскі. Ягоны план прадугледжваў паступовае абмежаванне колькасці існуючых ужо беларускіх культурных, асветных, гаспадарчых, і палітычных устаноў ды недапушчэнне да ўзнікнення новых. Праект ваяводы Свідэрскага, пасля адабрэння яго міністрам унутраных спраў Славоем-Складкоўскім, быў перададзены на рэалізацыю паасобным старастам. У 1934 г. была ліквідавана Навагрудская беларуская гімназія, а ў некалькіх школах было забаронена карыстацца беларускай мовай, хаця былі ў іх захаваны ўсе тадышнія юрыдычныя нормы ў гэтай галіне.

Паспяховасць асіміляцыйнай палітыкі ў адносінах да беларусаў мелі каардынаваць Камітэт па справах нацыянальнасцей і Навуковая камісія па вывучэнні Усходніх зямель. Абедзве ўстановы рэкамендавалі выхоўванне «несвядомага беларускага люду» на лаяльных грамадзян. Пасвойму такое выхоўванне разумела крэсавая паліцыя. Арышты і здзекі над сялянамі, якія падазраваліся ў дзейнасці на шкоду дзяржаве, найчасцей давалі адваротны вынік, чым планавалася. Страх быў паўсюдным пачуццём у адносінах да польскага паліцыянта, чыноўніка, суддзі і настаўніка.

У кастрычніку 1936 г. Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала праект паскарэння нацыянальнай асіміляцыі беларусаў. На пачатку снежня гэтага ж года забаронена была дзейнасць Таварыства беларускай школы, а 22 студзеня 1937 г. — Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Фармальна да студзеня 1938 г. у Вільні існаваў яшчэ Беларускі нацыянальны камітэт, але і гэтую арганізацыю спачатку абвінавацілі ў нанясенні шкоды ў галіне абароны і адзінства польскай дзяржавы, а пасля распусцілі. У 1938 г. фактычна не было ў Польшчы ніводнай рэальнай беларускай арганізацыі. Партыя Акінчыца, хаця фармальна існавала, была зусім незаўважальнай у публічным жыцці. Напярэдані ІІ сусветнай вайны польскі ўрад зрабіў надта многа, каб на беларускім баку на доўгія гады зніклі ўсялякія прапановы супрацоўніцтва з палякамі. Прынятая амаль усімі польскімі ўрадамі тэза, якая адмаўляла існаванне беларусаў як палітычнага фактара, аказалася згубнай для дзяржавы.

Пасля ліквідацыі нацыянальнага руху праблемай стала існаванне Праваслаўнай царквы, якая не надта добра прылягала да тэзы аб польскасці ўсходніх крэсаў. У 1924 г. ураду ўдалося давесці да аб’яўлення аўтакефаліі і вывядзення праваслаўя ў Польшчы з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Аднак увядзенне аўтакефаліі адбылося наперакор абавязваючым працэдурам. Адкрыта крытыкавалася яна часткай епіскапаў і праваслаўнага духавенства ў Польшчы. Праваслаўная царква, у выніку навязвання ёй чарговых юрыдычных актаў, якія рэгулявалі яе ўнутранае жыццё, апынулася ў поўнай залежнасці ад адміністрацыйных улад.

У дваццатых гадах вялося многа судовых працэсаў паміж Каталіцкім касцёлам і Праваслаўнаю царквою за храмы, могільнікі, зямлю, якія раней належалі уніятам. Да 1937 г. дзяржаўныя ўлады да маёмасных спрэчак паміж абодвума веравызнаннямі ставіліся даволі памяркоўна. У 1937 г. маршал Эдвард Рыдз-Сміглы пачаў аднак новы этап дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да Праваслаўнай царквы, які меў паскорыць паланізацыю яе вернікаў. Там, дзе праваслаўнае насельніцтва лічылася падатлівым на польскія ўплывы (Віленшчына, Гродзеншчына, Беласточчына), вырашана пашырыць яе шляхам паланізацыі рэлігійнага і прыцаркоўнага жыцця. Там, дзе насельніцтва адкідала польскую культуру і мову ў царкоўным жыцці (Холмшчына, Валынь), вырашана прымусіць яго «вярнуцца да веры бацькоў» шляхам разбурэння храмаў і забароны выконваць святарам душпастырскую паслугу. Летам 1938 г. падвяргліся знішчэнню або былі адабраны ў праваслаўных каля ста сакральных аб’ектаў, што выклікала нават пратэсты Лігі Нацый.

На беларускім грунце станоўчы вынік дала палітыка фарміравання польскай нацыянальнай свядомасці сярод праваслаўных пры дапамозе царкоўных структур. Маладыя святары, выпускнікі Багаслоўскага аддзялення Варшаўскага універсітэта, сталі сапраўднымі місіянерамі польскасці сярод беларусаў. У палове трыццатых гадоў па ініцыятыве дзяржаўных улад узнік арганізаваны рух «праваслаўных палякаў». У 1935 г. у Беластоку было створана Таварыства праваслаўных палякаў імя Юзафа Пілсудскага. На другі год такія таварыствы паўсталі ў Гродне, Слоніме, Ваўкавыску і Навагрудку. Неўзабаве цэнтрам гэтага руху стала Гродна, сядзіба епіскапа Савы (Саветава), які шэфстваваў гэтай дзейнасці. 1 лютага 1938 г., у дзень імянінаў прэзідэнта Ігнацы Масціцкага, гродзенскае Таварыства праваслаўных палякаў вырашыла далучыцца да Лагера нацыянальнага аб’яднання. Епіскап Сава загадаў падначаленаму яму духавенству навучыцца польскай мове і прымаць удзел у дзейнасці польскіх палітычных і грамадскіх арганізацый. Пачаліся працы па падрыхтоўцы літургіі на польскай мове. Па жаданні дзяржаўных улад на Гродзеншчыне, Беласточчыне і Віленшчыне былі чынены спробы ўвядзення пропаведзей на польскай мове і спявання царкоўнымі хорамі на заканчэнне літургіі польскіх патрыятычных песень. Такія дзеянні вялі толькі да кампраметацыі кліру. Вернікі тады найчасцей масава пакідалі храмы.

У лістападзе 1938 г. у епіскапскі сан былі рукапаложаны два вайсковыя капеланы ў званні палкоўніка, якія лічылі сябе палякамі: Цімафей (Ежы Шрэтэр) і Мацвей (Канстанцін Сямашка). Гэтыя епіскапы разам з гродзенскім епіскапам Савам пачалі інтэнсіўную працу ў карысць змены культурнага вобліку Праваслаўнай царквы ў Польшчы. Вайна спыніла працэс станаўлення Праваслаўнай царквы ў Польшчы чыннікам, які ўспамагаў будову польскага нацыянальнага жыцця ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай.