ДАДАТАК
ДАДАТАК
Герб Яна Кароля Хадкевіча. Складаўся з дзвюх гербавых выяваў — спрадвечнага родавага герба Хадкевічаў “Касцеша” і нададзенага ягонаму дзеду германскім імператарам Карлам V герба “Грыф з мечам”. Гербам “Касцеша” карысталася больш за дзвесце шляхоцкіх родаў Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў Беларусі — Верашчакі, Жабы, Пілсудскія, Статкевічы ды інш.
Кніга пісьменніка і храніста Марціна Бельскага па вайсковай справе (Кракаў, 1569). Ян Хадкевіч знаёміўся з тэорыяй вайсковага майстэрства па працах тагачасных гісторыкаў і выдатных военачальнікаў
Тытульны аркуш “Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага” — збору нормаў, што рэгулявалі дзейнасць найвышэйшага апеляцыйнага суда дзяржавы. Быў у бібліятэцы кожнага беларускага магната
Ляхавіцкі замак. Рэканструкцыя паводле гравюры XVII стагоддзя. Замак быў вялікакняскім уладаннем і даваўся “ў дзяржанне” за службу краю розным магнатам. Ад 1572 да 1621 года ім валодалі Хадкевічы, якія яго разбудоўвалі і мацавалі. Ён лічыўся наймагутнейшай цвердзяй бастыённага тыпу ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Да нашых дзён захаваліся толькі земляныя ўмацаванні, падмуркі ды некаторыя лёхі
Ахоўная зброя гусара першай паловы XVII стагоддзя. У часы Сцяпана Батуры і ў першыя гады панавання Жыгімонта Вазы нашыя гусары былі пераўтвораныя на вугорскі лад у цяжкаўзброеную кавалерыю. Мелі яны металічныя паўпанцыры, шаблі, канчары і доўгія коп’і. Да паўпанцыраў мацаваліся вялікія апераныя крылы для псіхалагічнага ўздзеяння на атакаванага праціўніка
Бітва пад Кірхгольмам 27 верасня 1605 года. Рота беларускіх вершнікаў з музыкантамі на правым крыле і гетманам з тылу пачынае атаку. Фрагмент карціны XVII стагоддзя з замка Саснаж (Sassenage) у Францыі. Гэты твор сярод шэрагу іншых тагачасных выяваў бітвы найбольш рэалістычна перадае яе дынаміку і рэаліі
Загон шведскай пяхоты. Ад сярэдзіны XVI стагоддзя Швецыя ўлучылася ў барацьбу з суседзямі за панаванне ў Прыбалтыцы. У выніку паспяховых войнаў яна да сярэдзіны XVII стагоддзя авалодала бальшынёю прыморскіх тэрыторый. Перамогі каралеўству ў асноўным прыносіла пяхота, найлепшая ў тагачаснай Эўропе
Бітва пад Кірхгольмам. Атака лёгкіх беларускіх вершнікаў на шведскую пяхоту.Фрагмент карціны з замка Саснаж
Бітва пад Хацінам у 1621 годзе. Гравюра XVII стагоддзя
Газета-улётка, надрукаваная ўвосень 1605 года з паведамленнем аб перамозе пад Кірхгольмам над “князем Судэрманскім Каролюсам”, атрыманай “праз ягамосця пана Кароля Хадкевіча, старосту жамойцкага, гетмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага”
Ян Пётра Сапега (1569-1611), староста ўсвяцкі, водца правага крыла войска Хадкевіча пад Кірхгольмам, а таксама загонаў лёгкіх вершнікаў, што вызначыліся ў баях у Маскоўшчыне
Казацкі гетман Пятро Канашэвіч-Сагайдачны (1570—1622). Вызначыўся ў войнах з татарамі, у 1618 годзе з казацкімі загонамі ўдзельнічаў у паходзе Я. Хадкевіча на Маскву, кіраваў гераічнай абаронай табару запарожцаў пад Хацінам (1621), дзе быў цяжка паранены, ад чаго і памёр у Кіеве ў наступным годзе
Табар запарожцаў. Сустрэўшыся з пераважнымі сіламі праціўніка, казакі ладзілі рухомую абарону са счэпленых абозных вазоў
Бітва з татарамі. Дрэварыт XVI стагоддзя. Пад канец XV стагоддзя ў Крыме і на прылеглых стэпах узбярэжжа Чорнага мора ўтварылася моцнае ханства, залежнае ад Турцыі. З гэтага часу крымскія татары распачалі напады на Беларусь і суседнія краіны. Пасля перамог беларускіх войскаў у першай чвэрці XVI стагоддзя іх наступ на запрыпяцкія землі амаль спыніўся
Хацінскі замак. Будаваўся на пачатку XV стагоддзя беларускімі майстрамі, прысланымі Вітаўтам Вялікім. Каля яго муроў атрыманы дзве перамогі над туркамі (1621 і 1673 гг.)
Вялікі гетман Ян Кароль Хадкевіч (1560—1621) — адзін з найбольш славутых палкаводцаў, якія нараджаліся на беларускай зямлі, староста жамойцкі (з 1599 г.), палявы гетман (з 1600 г.), вялікі гетман (з 1605 г.), ваявода віленскі (з 1616 г.). Атрымаў бліскучыя перамогі пад Белым Каменем (1604), Кірхгольмам (1605), Хацінам (1621) і ў шэрагу іншых бітваў
Касцёл у Цімкавічах на Капыльшчыне, збудаваны на месцы бажніцы, у якой Ян Хадкевіч браў шлюб з княгіняй слуцкай Зоф’яй Алелькавіч. У Цімкавічах гетман любіў адпачываць рэдкімі перапынкамі паміж паходамі і бітвамі
Пліта з мармуру і пясчаніку, усталяваная ў 1643 годзе ў адной з бажніц Наваградка кашталянам Янам Рудамінам-Дусяцкім у памяць палеглых пад Хацінам братоў і землякоў. Зараз захоўваецца ў наваградскім фарным касцёле