Мажвідас, Кант і Ваня зь піларамы
Мажвідас, Кант і Ваня зь піларамы
Панцеляймон Панамарэнка
Беларуская інтэлігенцыя ня надта шануе імя колішняга першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Кандратавіча Панамарэнкі. Асаблівых падставаў для любові гэты нашчадак кубанскіх казакоў, на першы погляд, і сапраўды не пакінуў. Змагаўся зь беларускай мовай. Хацеў пасадзіць, а можа, і ліквідаваць Янку Купалу зь Якубам Коласам. Даваў згоду на безьліч арыштаў і прысудаў. Цяжка ўявіць нацыянальна сьведамую бяседу, дзе гучалі б тосты за сьветлую памяць Панцеляймона Кандратавіча.
А вось ты, грэшны, выпіць за таварыша Панамарэнку любіш. З прыемнасьцю куляеш за яго келіх вінца ў Менску і зь яшчэ большым задавальненьнем выцэджваеш пляшку ў тваім родным Полацку. Дзякуй вам, тав. Панамарэнка, за шчасьлівае дзяцінства. Бо, каб ня вы, наша мяжа з Расеяй праходзіла б цяпер за Докшыцамі ды Вушачамі, а самі яны разам з Полацкам, Расонамі, Браславам і Глыбокім былі б “искони русскими” гарадамі. І не існавала б у прыродзе цябе, беларускага пісьменьніка Ўладзімера Арлова, а бласкуняўся б па сьвеце народжаны ў Полоцке, РСФСР, Владимир Орлов, камандзір полацкага спэцназу ў Чачэніі, або карумпаваны і шавіністычна настроены дэпутат Дзярждумы, або які-небудзь “новы рускі”, які падае тварам у талерку з чорнай ікрой і шчасьліва мармыча, што жыцьцё атрымалася.
Асабіста для цябе ўсе цяжкія грахі тав. Панамарэнкі пераважае на шалях гісторыі той факт, што ў 1944 годзе ён занатурыўся і, скарыстаўшы аўтарытэт галоўнага партызанскага начальніка, ня даў “прырэзаць” Полацкую вобласьць да Расейскай Фэдэрацыі, хоць адпаведную пастанову папярэдне ўхваліў сам тав. Сталін. Часам ты даеш волю фантазіі й бачыш, як Панцеляймон Кандратавіч апускае ў сваім кабінэце глухія шторы, налівае дзеля сьмеласьці сто грамаў, азіраецца на бакі, а потым падыходзіць да партрэта правадыра, непрыстойна круціць рукой вакол прычыннага месца і сьцішана, але па-бальшавіцку рэзка кажа: “Х.. табе, а ня Полацак”.
На тое, каб абараніць межы сваёй парцейнай вотчыны на захадзе, духу ў Кандратавіча ўжо не хапіла, і Беласточчыну польскія камуністы ў Масквы выцыганілі. У выніку Беларусь, даробак якой у разгроме фашызму ня меншы, чым у Польшчы ці Францыі (толькі ў дзейнай арміі ваяваў мільён беларусаў) засталася адзінай краінаю-пераможцай, што скончыла Другую сусьветную вайну зь вялізарнымі тэрытарыяльнымі стратамі.
Да гэтых стратаў трэба залічыць і Віленшчыну, аднак тут ужо ніякі Панамарэнка дапамагчы ня мог, бо стаўкі былі нязьмерна вышэйшыя: тады, у 1939-м, ішлося не пра перадзел савецкіх рэспублік, а пра плян інкарпарацыі Летувы, які хтосьці зь ейных палітыкаў трапна разгадаў ляпідарнай формулай: “Вільнюс — мусу, Летува — русу” (“Вільня — наша, Летува — расейская”). Што атрымалася ў гістарычнай пэрспэктыве, добра вядома. І таму празь дзьве гадзіны пасьля Менску ў купэ твайго цягніка зьяўляецца літоўскі памежнік. Працягваючы яму пашпарт, ты думаеш пра тое, што ў Вільні чамусьці няма помніка Сталіну. Зрэшты, некалькі сталінаў стаяць у славутым мэмарыяльным парку паблізу Друскенікаў, якія таксама ператварыліся ў Друскінінкай дзякуючы “бацьку народаў”.
А мо крамлёўскі горац служыў толькі прыладаю ў руках Гісторыі, што, як і кожная жанчына, зазвычай аддае перавагу мацнейшым?
Геркус Мантас
Геркус Мантас быў нобілем з прускай зямлі Натангіі. Зь дзяцінства ён як закладнік выхоўваўся ў немцаў у Магдэбургу. Там паганец Геркус прыняў хрысьціянства і атрымаў адукацыю. Зьдзьмухваючы зь піўных кухляў пену, выхавальнікі прарочылі прусу бліскучую будучыню. Вось што значыць Хрыстовая вера ды эўрапейская асьвета, казалі яны, замілавана згадваючы вечна схіленага над кнігаю Мантаса.
Аднак насунуўся 1260 год, калі палачане супольна з продкамі літоўцаў, латышоў і эстонцаў размалацілі нямецкіх рыцараў каля возера Дурбэ. Вестка пра перамогу суседзяў запаліла сэрцы прусаў. На чале абаронцаў радзімы ад Тэўтонскага ордэну стаў Мантас.
Пасьля першай удалай бітвы гадаванец цывілізацыі ўласнымі рукамі запаліў велічэзнае ахвярнае вогнішча, у якім гарэлі прывязаныя да коней палонныя рыцары. Магчыма, за адным разам Геркусу трэ было спаліць і сваіх хрысьціянскіх настаўнікаў. Але злавіць іх не пашэнціла, і паганскія багі хутка адвярнуліся ад паўстанцкага правадыра. Двухгадовая аблога Кёнігсбэргу скончылася правалам. Значная частка прускага набілітэту за добрыя ганарары перакінулася на бок ордэну. Мантас трапіў у палон, і кат надзеў яму на шыю пятлю, пэдантычна нашмараваную якасным нямецкім мылам.
Прамінула сем стагодзьдзяў, і ў агромністы, як стадола, піўбар на вуліцы Геркуса Мантаса ў Вільні весела забурыліся пяцёра менскіх студэнтаў. Гэта былі сябры створанага на гістарычным факультэце БДУ Клюбу аматараў піва (КАП), які на той час ужо зазнаў перасьлед унівэрсытэцкіх уладаў (“Орлов! В Германии тоже все начиналось с пива!” — разьюшана крычаў дэкан) і працягваў сваю дзейнасьць падпольна або на непадкантрольных рэктару і парткаму абшарах.
Кожны сябра КАПу — каб не было пакутліва балюча за марна пражытыя гады — абавязаны быў спаражніць падчас клюбнага паседжаньня ня меней за дзесяць паўлітровых кухляў або пляшак рытуальнага пітва. Слабакоў чакала выключэньне з Клюбу ды вечная пагарда таварышаў па барацьбе з таталітарызмам.
Літоўскае піва выявілася падступна мацнейшым за тое, што нараджалася на броварах тваёй радзімы, і пасьля сёмага кухлю ты быў надзейна схоплены густым бурштынавым хмелем. Кожны новы каўток увачавідкі павялічваў кансыстэнцыю гэтай дзівоснай субстанцыі, пагражаючы ўрэшце закуць цябе ў ёй, быццам гіганцкую мэтафізычную жамярыцу. Праменьчык сьвядомасьці высьвечваў у цёмным бурштыне асобныя мізансцэны: наведваньне жаночай прыбіральні, бо бракавала змогі дачакацца чаргі ў мужчынскую; брутальную канфрантацыю з бармэнам, якому ты намагаўся растлумачыць, што няма ніякага Наруцісу-Насруцісу, у чый гонар яны назвалі сваю лабусяцкую закуску да піва, а ёсьць нашая адвечная нябесна-блакітная Нарач, дзе маеце права мыць ногі адно вы, спадкаемцы Вялікае Крывіі.
Бунтоўны дух правадыра прусаў несумнеўна знаходзіўся дзесьці блізка, бо ў наступную хвіліну прасьвятленьня ты ўбачыў, як твой сябрук вымагаў ад кампаніі за суседнім сталом публічна пакаяцца й прызнаць, што іхні бл…кі Гардзінас — фантом, а ёсьць наская, бл…ь, Горадня, ці, у горшым выпадку, Гародня.
Разьвітаньне з гасьціннай вуліцаю Геркуса Мантаса бясьсьледна патанула на дне кухляў, сплыло праз брудныя пісуары ў Лету, і ты самаідэнтыфікаваўся толькі ў цягніку, што вёз цябе чамусьці ня ў родны Менск, а ў Гардзінас-Горадню, у навакольлі якой пры канцы ХІІІ стагодзьдзя атайбоўваліся недабітыя крыжакамі прусы-перасяленцы, ня раз згаданыя Лаўрэнцеўскім летапісам як мужныя ваяры ў дружынах Вялікага Княства.
Літоўскі транзыт
Сёньня твой маршрут пралягае ў адваротным кірунку: ты едзеш на гістарычную радзіму Геркуса Мантаса і, стоячы ў вагонным калідоры, вывучаеш расклад руху цягніка, што выправіўся з братняга Харкава. Найменьні ўкраінскіх станцыяў хочацца сьпяваць: Любоцін—Багадухаў—Смародзіна—Багамля—Басы—Віры—Белаполе… Выбіваецца хіба што прыпынак Шчорс, названы ў гонар героя, якога ты з акцябрацкага веку вечна блытаў зь яшчэ адным героем грамадзянскай вайны ды іншаземнай інтэрвэнцыі, сынам сонечных малдаўскіх Кодраў таварышам Лазо. Ты ніяк ня мог запомніць, каго зь іх праклятыя самураі спалілі ў паравознай печы. Блытаніна скончылася, калі ў цябе зьявіўся надзейны старэйшы сябра-камсамолец, што ўпершыню пачаставаў цябе вэрмутам і развучыў з табой вясёлую рэвалюцыйную песьню пра тое, як “бьется в тесной печурке Лазо”.
Маральны прагрэс безнадзейна забуксаваў недзе паміж грэка-пэрсыдзкімі й Пунічнымі войнамі. Геркус Мантас паліў сваіх эўрапейскіх патронаў, японскія інтэрвэнты выкарыстоўвалі ў якасьці паравознага паліва тав. Лазо, а заходнія эмісары даводзілі да масавых самаспаленьняў рахманых расейскіх старавераў. Праўда, вусьцішная навіна пра гэты аспэкт шматстайнай дзейнасьці заходніх эмісараў яшчэ чакае цябе ў горадзе тваёй мары, куды нясьпешліва паўзе зачуханы ўкраінскі цягнік.
Назвы беларускіх станцыяў таксама не перапаўняюць рот гаркавай асцой: Чырвоны Бераг—Бярэзіна—Смаргонь—Гудагай. Няблага. Вылузваецца Мінск (знаёмы ўзбэк данядаўна лічыў, што твая сталіца зусім маладая — атрымала імя ад “мінаў”).
У Літве цягнік амаль не спыняецца, але дзякуючы айчынным радыё й тэлебачаньню ты ведаеш, што дагледжаныя, добра асьветленыя гарадкі, якія праплываюць за вакном, толькі парадны фасад, за якім хаваюцца беспрацоўныя, нацыяналісты і, вядома, заходнія эмісары. А шчасьце было так блізка: пасьля апошняй вайны нарадзілася ідэя далучыць захопленую саветамі частку Ўсходняй Прусіі да БССР, прычым не анклявам, а праз тэрытарыяльны калідор улучна з Друскенікамі. Магчыма, тав. Панамарэнка ці нехта зь ягоных наступнікаў ужо аблізваліся. Ды вось ударылі ў хамут літоўскія таварышы.
Гэтыя лабусы за пяцьдзясят гадоў добра даліся Крамлю ў знакі. Аднаго разу Калінінградзкую вобласьць ад шчырага сэрца захацелі падараваць ужо не беларусам, а ім — разам з усім мільёнам “русскоязычных”, 200-тысячнай вайсковай групоўкаю і без усякіх сумнеўных калідораў. А ў Вільні зноў не зразумелі. Іначай векапомныя падзеі каля тамтэйшай тэлевежы ў 1991 годзе здаваліся б цяпер дзіцячымі забаўкамі кшталту піянэрскай гульні “Зарніца”.
Тым часам за вокнамі цягніка актуалізуецца “расейская” частка раскладу. У горадзе Несьцераве табе спрабуюць загнаць за пяць даляраў палову курыцы і тры бульбіны. Прыкладна гэткія ж цэны трымаюцца ў Чарняхоўску, Знаменску і Гвардзейску.
У Калінінградзе дзьме моцны ўсходні вецер. Пацепваючыся ад холаду, ты выходзіш на пэрон, па якім ступала нага Штырліца й Бормана, і напружана ўглядаесься ў туманлівую далеч.
Не, паўз вагон ідзе не пахорцісты гітлераўскі афіцэр — валачэ ногі мізэрны мужычок, сапраўды падобны да “ўсесаюзнага старасты”. Цябе наведвае думка, што імя праграмуе лёс — і чалавеку, і гораду. Але расслабляцца рана: у тваім Менску ты таксама ў любы момант можаш прыйсьці на плошчу імя Калініна і ў маўклівым захапленьні пастаяць каля помніка падлаватаму бальшавічку з 4-кляснай адукацыяй, што адмовіўся і ад уласнага прозьвішча, і ад жонкі, якую начальнік лягеру любіў выклікаць з бараку ў афіцэрскую лазьню, каб пацерла яму сьпіну.
Скарына і герцаг Альбрэхт
Да помніка Скарыну ў тваім Менску ты ня прыйдзеш. Адрозна ад “усесаюзнага старасты”, Скарына скончыў не чатыры клясы вясковае школы, а замежны ўнівэрсытэт, а такія гістарычныя пэрсанажы знаходзяцца ў тваёй роднай улады на заслужаным вечным падазрэньні. Нельга нават выключыць, што помнік беларускаму першадрукару раней, чым у Менску, зьявіцца ў горадзе, куды прывяла цябе твая вандроўная цыганская душа. А вінаваты ў гэтым будзе тутэйшы герцаг Альбрэхт.
Блізу двух стагодзьдзяў у Караляўцы гаспадарылі рыцары-тэўтонцы. Альбрэхту Брандэнбурскаму суровыя рыцарскія статуты надакучылі, як рэдзька з поснага мэню, і ў 1525 годзе ён конча пастанавіў, што застанецца ў гісторыі апошнім вялікім магістрам Тэўтонскага ордэну і першым манархам новай сьвецкай краіны. Падмахнуўшы паперу пра скасаваньне Ордэнскай дзяржавы, Альбэрт турнуў з Прусіі тэўтонскую адміністрацыю, але тая, дарэчы, не разгубілася і ў Вене, дзе няблага пачуваецца й цяпер, маючы вельмі прыстойны офіс зь ня менш прыстойным барам.
Герцаг быў чалавек адукаваны. У Нямеччыне выпіваў з Марцінам Лютарам і Філіпам Мэлянгтанам. Прачытаў тузін кніжак і заснаваў у Кёнігсбэргу славутую “Срэбную бібліятэку”. Паклікаў да сябе эўрапейскіх навукоўцаў і асьветнікаў. На адмысловае сардэчнае запрашэньне Альбрэхта Брандэнбурскага на пачатку 1530 году адгукнуўся доктар вольных мастацтваў і мэдыцыны Францішак Скарына. А нікому не вядомы малады Марцін Мажвідас тады яшчэ ціскаў па сваім жмудзкім завугольлі дзевак і ня сьніў, што дзякуючы Скарыну патрапіць у энцыкляпэдычныя даведнікі.
У Караляўцы знакаміты друкар доктар Францыскус мог з прыемнасьцю сустракацца зь іншым славутым гадаванцам Ягелёнскага ўнівэрсытэту Мікалаем Капэрнікам. Пагатоў абодва прывезьлі ня толькі сьветлыя згадкі пра Кракаў, але і набытую ў Італіі схільнасьць да к’янці ды іншых карысных славянскай душы чырвоных вінаў: адзін студыяваў там мэдыцыну, а другі зь першага заходу атрымаў ступень доктара ў лекарскіх навуках.
Аднак задушэўнага сяброўства паміж Капэрнікам і Скарынам не атрымалася. Аднойчы першы (вядома ж, з таемным спадзевам на друкаваньне) падсунуў другому свой пульхны манускрыпт пад назваю “Пра абарачэньне нябесных сфэраў”. Але Скарына прагарнуў колькі старонак ды кажа: “Не дуры, ты, Мікола, людзям паспалітым галавы, а напішы лепей што-небудзь на пахвалу Богу ў Тройцы адзінаму і прачыстай яго мацеры Марыі”. Вось тады, маўляў, твой трактат у нашыя выдавецкія пляны і ўключым, а магчыма, урвем і дзяржаўную датацыю на сацыяльна значную літаратуру.
Карацей, Капэрнік пакрыўдзіўся і зьехаў у Фромбарк. Аднак ты зрабіў бы недаравальную памылку, палічыўшы з гэтае прычыны Скарыну абскурантыстам. Проста той быў якраз не ў гуморы, бо пасварыўся з самім Альбрэхтам. Па-першае, герцаг загабызіўся пераймяноўваць Маскоўскую залю свайго замку ў Літоўскую, быццам бы й не даваў васальнае прысягі вялікаму князю і каралю Жыгімонту Старому. Па-другое, ідучы ўчора да манарха, Скарына завярнуў на хвіліну ў катэдральны сабор і з болем у сэрцы ўбачыў, як нейкія мікрацэфалы зафарбоўвалі на сьценах старажытныя фрэскі, прычым яшчэ й вычвараліся: пакінулі наастачу грудзі Марыі Магдалены ды мужчынскую годнасьць сьвятога першапакутніка Стэфана. “Што ж гэта вы, мудакі, чыніце?” — ня вытрымаў беларускі гуманіст. А мікрацэфалы скаляцца: нам, маўляў, сам герцаг зь лютаранскім біскупам загадалі гэтую цяжкую спадчыну каталіцызму на х... замаляваць.
Скарына прыйшоў да Альбрэхта і пачаў гаворку ў тым духу, што яго вялікасьць займаецца, далікатна кажучы, х… ведае чым, і што ці ня лепей, заместа зьнішчэньня ўнікальных фрэсак, адчыніць нарэшце ў месьце alma mater. А герцаг зноў завёў старую катрынку: маўляў, народ пакуль не сасьпеў; студыёзусы адразу возьмуцца п’янчыць ды вадзіць у хмызьнякі па-над ракой Прэголяю чужых жонак, а то і — страшна падумаць — юных цнатлівак. Тут гуманіст чамусьці спахмурнеў. Магчыма, успомніў адну тутэйшую маладзіцу, што пачала яго, доктара ў лекарскіх навуках, даймаць зусім не цікавымі вучонаму такога рангу паведамленьнямі, што ўжо трэці месяц не была, як казалі продкі, на хусьцёх.
У выніку Францішак Скарына зьехаў у тым самым годзе назад у Вільню. А герцаг Альбрэхт неўзабаве так засумаваў па адукаваным палачаніну, што адчыніў усё ж у Кёнігсбэргу ўнівэрсытэт, студэнт якога Мажвідас, натхніўшыся перакладам Скарыны, выдаў першую літоўскую друкаваную кнігу “Простыя словы катэхізму” — роўна праз трыццаць гадоў пасьля нашага “Псалтыру”.
“Сабор Канта”
Колькі разоў, блукаючы сярод выдмаў у блаславёных ваколіцах Ніды, ты ўглядаўся ў асмужаную далеч Куршаўскае касы і зьбіраўся калі-небудзь праехаць рэшту гэтага стокілямэтровага пасу пяску і лесу, каб убачыць недзе на даляглядзе ўзьведзены ў 1332 годзе гатычны катэдральны сабор, дзе хавалі ордэнскіх грасмайстраў, а пазьней — герцагаў. Сабор, дзе маліўся і знайшоў апошні зямны прыстанак чалавек, розум якога ня мог спасьцігнуць дзьвюх рэчаў — зорнага неба над ім ды маральнага закону ў ім самім.
Ты ўрэшце дасягнуў сабору іншым маршрутам — не праз прасоленыя ветрам і густа заселеныя зьверыною выдмы і пералескі, а праз гарады Знаменск і Гвардзейск. Верагодна, таму сабор здаецца табе храмам, збудаваным іншаплянэтнікамі на ўскраіне калгаснага поля.
На другім баку поля тубыльцы паставілі больш звыклы для іхнай архітэктурнай традыцыі кароўнік. Але, маючы перад вачыма сабор, будаўнікі кароўніка таксама імкнуліся ў неба і зрабілі сваю спаруду 20-павярховай, назваўшы яе Домам саветаў. Праўда, ні саветы, ні каровы ўлазінаў за дваццаць прамінулых гадоў так і ня справілі, бо насамрэч сабор узводзілі якраз тубыльцы, а вось кароўнік — жыхары плянэты з абсалютна іншай культурай. На іх гістарычнай радзіме гэткія будынкі зазвычай ставіліся на месцы старажытных замкаў. А тут якраз ад ХІІ стагодзьдзя ацалеў замак — толькі бяры і ўзрывай... Узарваць узарвалі, а вось закласьці дынаміт у падмуркі паленаваліся (а можа, проста “скамунізьдзілі”), за што тыя не прамінулі аддзячыць, пусьціўшы праз увесь дваццаціпавярховік шырокую расколіну.
Ты падыходзіш да магілы Імануіла Канта, рухаючыся так, каб незаселены кароўнік заўсёды заставаўся за сьпінай.
Портык з дванаццацьцю калёнамі з чырвонага туфу. Шаравата-ружовы граніт надмагільля. 1724—1804. Табе хочацца засяродзіцца на Вечнасьці, але думаецца ўсё адно пра кароўнік.
Дзясятую частку жыцьця, падчас Сямігадовай вайны, калі Кёнігсбэрг акупавалі царскія войскі, Кант быў расейскім падданым. Прычым, зусім не намінальна.
Канту мроілася прафэсарская катэдра Кёнігсбэрскага ўнівэрсытэту, і ён пісаў вернападданіцкія лісты царыцы Лізавеце Пятроўне, мянуючы яе “найвыдатнейшаю з усіх жанчынаў”. Зрэшты, у жанчынах аўтар “Крытыкі чыстага розуму” і “Мэтафізыкі нораваў” разьбіраўся відавочна горш, чым у катэгарычных імпэратывах. Кажуць, гадоў да сарака філёзаф наагул не дакранаўся да жанчыны (калі не лічыць мамкінай цыцы), а калі вучні наладзілі яму ініцыяцыю, назваў любоўны акт “безьліччу мітусьлівых, вартых жалю рухаў”. (Не, нездарма Освальд Шпэнглер заўважыў, што цяжка знайсьці іншае, апрача тэорыі Канта вучэньне, настолькі пазбаўленае сонечнага сьвятла.)
Згаданы момант Кантавай біяграфіі ты наважваесься ўдакладніць у экскурсаводкі разьмешчанага ў саборы музэю. Дзяўчына малюе на твары зьбянтэжанасьць, і ты суцяшаеш яе: каб яна нарадзілася сучасьніцаю філёзафа, шанцаў заседзецца да пятага дзясятку ў цнатліўцах той проста ня меў бы.
Стэнд за плечыкамі ў экскурсаводкі паведамляе, што тут, у Кёнігсбэрскай бібліятэцы, захоўваўся перададзены згодна з тастамэнтам Багуслава Радзівіла славуты Радзівілаўскі летапіс, ці не адзіная ўсходнеславянская хроніка, якая дайшла да нас у аўтэнтычным выглядзе. Але грымнула Сямігадовая вайна, і Радзівілаўскі летапіс “был возвращен в Россию”.
Настрою гэтая канстатацыя табе не дадае, і ты сувора пытаесься ў музэйнай фэі, няўжо яна сапраўды згодная з Кантам наконт безьлічы мітусьлівых рухаў. “Мужчина, — адказвае апранутая ў цёплыя калготкі фэя, — если вам нечего делать, то можете оставить свой отзыв”. Ува ўсім пачутым табе падабаецца адно першае слова. “Спасибо, женщина”, — адгукаесься ты і чытаеш у кнізе водгукаў апошні запіс: “Посетив собор Канта, у нас остались приятные воспоминания. Вера Б. Света Б.”.
Ты задуменна пазіраеш на прысутнага ў залі калегу Бартосіка, які ажно сьвеціцца, даведаўшыся з экспазыцыі, што ў Калінінградзкай вобласьці знаходзіцца 80 (цікава, чаму, да прыкладу, не 180) адсоткаў сусьветных запасаў бурштыну. Народжаны ў далёкім і таямнічым расейскім горадзе Рыбінску, калега відавочна перажывае нацыянальны гонар за гэткія няслабыя запасы.
Цябе раптам падхоплівае гарачая хваля братніх інтэграцыйных пачуцьцяў, і вось ужо Вера Б. і Сьвета Б. не самотныя, бо побач зь імі ў кнізе водгукаў зьяўляюцца Дзіма і Вова — таксама з аднолькавым прозьвішчам Б.
“Каралявец”
Так называецца калінінградзкае Таварыства беларускай культуры, якое даўно ўжо адышло б у гісторыю, каб не старшыня Ігар Шаховіч ды не ягоная жонка Натальля.
Ігаравы продкі паходзяць з старажытнай полацкай вёскі Кушлікі, паблізу якой у 1661 годзе беларускі аддзел Жыромскага разьбіў царскага ваяводу Хаванскага, узяўшы трафэямі 130 баявых варожых сьцягоў. За стагодзьдзе да таго, у час Інфлянцкае вайны, наш аддзел на чале зь Бірулем, продкам знакамітага мастака, разграміў у тых мясьцінах чатыры сотні маскоўскіх стральцоў і захапіў 120 цяжкіх стрэльбаў-гакаўніц. А яшчэ раней у Кушлікі прыяжджаў на вакацыях палавіць на смажаную жабу самоў ды папіць дабрэннай тамтэйшай самагонкі студэнт Скарына.
У сьвятле гэтых неабвержных фактаў цалкам лягічна выглядаюць і “Пагоня” на харугве “Караляўца”, і тое, што Ігар з Натальляй гандлююць не майткамі ці пракладкамі “Always”, а трымаюць у горадзе кнігарню.
Публіка на вечарыну “Караляўца” зьбіраецца стракатая, але збольшага прыемная, хоць і далекаватая ад клопату, якім жыве прэзэнтаваная табою і Дзімам Б. шматпакутная Бацькаўшчына.
Вы знаёміцеся зь дзяўчаткамі-цымбалісткамі, якія не гавораць па-беларуску, затое могуць урэзаць “Лявоніху”, а потым яшчэ й “Сем сорак”, што так любіў твой полацкі сусед дзядзя Грыша Цымэрман, а цяпер любіць ягоны сын, а твой сябар дзяцінства Вова. На Каляды ён, зрынуты нечалавечай тугою, на хвіліну пакінуў у спакоі палестынскіх тэрарыстаў, каб патэлефанаваць табе й распавесьці пра тое, што ў яго там рэзка пахаладала да +26, і ён падхапіў катар. З гэтым ты яго душэўна павіншаваў, бо ведаеш, што катар — ня самае горшае з таго, што можа падхапіць Вова пры тэмпэратуры +26.
Былы марскі капітан татарын Адам Якубоўскі родам з твайго Прыдзьвіньня на выдатнай беларускай мове апавядае, як аднойчы ў Кейптаўне сустрэўся зь мільянэрам на прозьвішча Шапіра і пасьля першага ж кілішку запытаўся ў суразмоўцы, ці ўмее той па-беларуску. Слугі-зулюсы зноў і зноў падавалі на тэрасу віскі зь лёдам, а белыя паны размаўлялі на незразумелай мове, у якой часта сустракалася дзіўнае слова “Шаркоўшчына”, і гаспадар чамусьці плакаў, аднак загаду атруціць або зарэзаць госьця так і ня даў.
Дачка казанскіх татараў Эльміра бязь лішніх цырымоніяў уручае табе свой рэклямны праспэкт, адкуль вынікае, што, апрача опэрных арыяў і мурынскіх сьпірычуэлс, шчодра адораная Алагам гадаванка Казанскае кансэрваторыі гатовая да плённага супрацоўніцтва па дваццаці іншых пунктах, сярод якіх і загадкавы: “развлекательная и популярная программа”.
Яшчэ адзін марак у адстаўцы пры канцы сустрэчы сардэчна дзякуе вам, выказваючы перакананьне, што такія маладыя й высокаадукаваныя маладзыя людзі, як ты і Дзіма Б., дапамогуць у сьціслыя тэрміны збудаваць “саюзную дзяржаву”.
Супрацоўнік абласной адміністрацыі, ледзь пасьпеўшы набыць тваю кнігу “Адкуль наш род”, ужо выказвае першую прэтэнзію: чаму эсэ пра “нехарошага” Язафата Кунцэвіча ёсьць, а вось аб праваслаўным Афанасію Філіповічу — ні слова? Ці не таму, што апошні супрацоўнічаў з маскавітамі і заклікаў цара распачаць вайну з Рэччу Паспалітай? Менавіта таму, адказваеш ты. Супрацоўнік, як выяўляецца, мае гістарычную адукацыю і лічыць недаравальным трымаць свае багатыя веды пры сабе.
Ты мусіш вытрымаць шквал сьвежых ідэяў і фактаў. У прыватнасьці, дазнаесься, што існуе агульнаруская прастора. Што яе ўтвараюць тры галіны адзінага рускага этнасу: велькаросы, маларосы і беларусы. Што ня ўсё так “чыста” з Тадэвушам Касьцюшкам. Што беларусы ня раз “устраивали массовую взаимную резню на религиозной почве”. Што зусім няблага, што ў Расеі, адрозна ад Беларусі, не было эпохі Рэнэсансу, якая запаліла тысячы страшных вогнішчаў. Што ў Расеі ўлада пакарала сьмерцю толькі чатырох царкоўных раскольнікаў, а безьліч іншых загінулі, даведзеныя да масавых самаспаленьняў заходнімі эмісарамі.
Наастачу калега вырашае прасьвяціць цябе ў тым сэнсе, што сапраўднае прозьвішча Геркуса Мантаса — Манто, а летувісы самачынна, відаць, не параіўшыся з таварышамі з агульнарускай прасторы, дадалі свой канчатак. Ясна, што тут, як і з Касьцюшкам, ня ўсё чыста.
Ты не дыскутуеш, табе проста пацешна ўяўляць, што адказаў бы гэтаму зацятаму служку Кліё адзін вядомы ўсім уладальнік дыплёму пра гістарычную адукацыю.
Супрацоўнік нэрвуецца: “Вы хотите сказать, что Ваша Беларусь была в Европе, а потом пришла российская орда?” Ты пагаджаесься: “арда” — дакладнае слова.
Угнаеньні
Сёньня раніцай у цябе ўзьнікла было адчуваньне, што трапіў у нейкі сёмы абласны цэнтар Беларусі. Прыкладна такая самая архітэктура мікрараёнаў і выспы недаруйнаванага гістарычнага асяродзьдзя. Прыкладна такая ж колькасьць беларускамоўных. Гэткая ж беларуская гасьціннасьць тваіх гаспадароў…
Увечары ты ўжо канчаткова і ўсьцешана перакананы, што знаходзісься ў іншай краіне.
І рэч ня ў тым, што ў цябе дома такіх супэрмаркетаў яшчэ няма нават у сталіцы. І ня ў тым, што на выхадзе з гэтай цалкам эўрапейскай паводле маштабу ды асартымэнту крамы можна трапіць у калюжыну паўмэтровай глыбіні, бо дарогаў калінінградзкага кшталту ў вас няма, здаецца, ужо і ў райцэнтрах.
Рэч у тым, што дома любая, няхай і тройчы расейскамоўная аўдыторыя цябе выдатна разумее, і калі ты кажаш, што першае беларускае слова, якое зачаравала прывезенага ў Гомель расейскага хлопчыка Дзіму Бартосіка, было пачутае з радыёпрадуктара слова “ўгнаеньні”, публіка імгненна адгукаецца ўсьмешкамі і настройвае сваё ўспрыманьне на адпаведную хвалю. А тут таму, хто цябе разумее, часу на ўсьмешку ды “настройку” проста бракуе: скубуць дапытлівыя суседзі, для якіх што “ўгнаеньні”, што “fertilіzer”, — аднолькавая тарабаршчына.
Наяўнасьць у шматстайных беларуска-расейскіх стасунках таямніцы “ўгнаеньняў” безумоўна суцяшае. І пакуль Дзіма Б. тлумачыць, што ўгнаеньні бываюць арганічныя і неарганічныя, ты аддаесься развагам пра тое, да якога з гэтых відаў належыць пахкі прадукт, што дзень пры дні выдаюць “на гор?” ідэалягічныя транспартэры тваіх родных радыё і тэлебачаньня.
Ваня зь піларамы
Гэта быў зьбіральны назоў. “Ванямі зь піларамы” твой тата менаваў навалач, што спаўзлася ў Полацак з усяго Савецкага Саюзу. Калі ты вучыўся ў першай клясе, улады зноў зачынілі адноўлены за немцамі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр, і “ваняў” сялілі ў былых кельлях.
У манастырскім саборы “вані” нарабілі перабоек і трымалі сьвіней ды трусоў. Сабор сьмярдзеў, рохкаў, пішчэў. Калі гаспадары кідалі згаладалым трусам абярэмак вецьця, тыя ўсчыналі такі жудасны вэрхал, што здаваліся ня мірнымі траваяднымі, а гіенамі ды каётамі. А сьвіньні ўяўляліся вам, навакольнай блазноце, наагул пачварамі, гатовымі ўмомант схрумстаць ня толькі цябе, малога беларускага (дзякуючы тав. Панамарэнку) хлопчыка Вову, але і самога дзядзьку Калістрата, што прыехаў зь Сібіры, дзе нястомна мачыў зьвяроў і людзей.
Ды насамрэч сьвіньні ў “ваняў зь піларамы” вырасталі зусім дробныя. “Сёньня звалілі, а заўтра зьелі”, — казаў твой тата. Затое дзеці ў іх гадаваліся спраўныя: учэпістыя й злыя, як ваўчаняты, яны пачыналі з суседзкіх садоў, потым нешта кралі на гарадзкім рынку, траплялі на ўлік у міліцыю і поўным ходам рыхтаваліся трапіць на нейкую абжытую дзядзькам Калістратам “зону”…
Сьветлыя згадкі дзяцінства апаноўваюць цябе ў цёплым і ўтульным купэ цягніка “Калінінград—Гомель”, дзе грэе нават індывідуальны пакунак зь бялізнай, на якім напісана: “Беларуская чыгунка”. За шклом зьяўляюцца і адплываюць у невараць гарадкі з убогімі хрушчобамі й сьпічакамі гатычных кірхаў або вырастаюць у зьдзірванелых палях сьляпыя панэльныя шматпавярховікі, пад якімі хаваюцца ад амэрыканскіх спадарожнікаў армейскія камандныя пункты.
Ты пяшчотна разьвітваесься зь Верай Б. і Сьветай Б. Ты думаеш: яны — найлепшае з таго, што можа даць цывілізацыі гэтая тэрыторыя, якая не нарадзіла ніводнага, хоць крыху вядомага расейскага пісьменьніка ці мастака, і нават мясцовы бэстсэлер — гістарычны даведнік “Дорогами Ульмеригии. Путешествие по прусским землям” — напісаў маскоўскі гісторык.
Учора ты чуў, што раней ці пазьней сюды абавязкова вернуцца спрадвечныя гаспадары — немцы. (А хто ў такім разе прусы?) Яшчэ цябе пераконвалі, што празь нейкія дзесяць гадоў тут будзе незалежная Балтыйская рэспубліка.
Тваю душу мала абыходзяць праблемы гэтай тэрыторыі, як і ейнае мэтраполіі, асуджанай, як і любая імпэрыя, на канвульсіі й канчатковы развал. Ты хочаш, каб празь нейкія дзесяць гадоў там, дзе ты жывеш, была незалежная Беларусь. Але і прыхільнік вяртаньня немцаў, і балтыйскі незалежнік, і абласны чыноўнік, што бароніць тут агульнарускую прастору, — усе разам мірна сядзелі з табой за адным сталом, чакаючы адказу. І ты пранікся і даў ім адну параду.
Магчыма, яны нават скарыстаюцца зь яе і сапраўды прачытаюць апавяданьне Рэя Брэдбэры “Былі яны смуглыя і залатавокія” — пра тое, як зямныя перасяленцы атабарыліся на берагах марсіянскіх каналаў і што з гэтага атрымалася.
Сакавік, 2002