Клён

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Клён

Ён даведаўся, што памрэ, у той самы дзень, калі карані ўпершыню пасля зімовага нябыту, спачатку насцярожана, а потым усё больш прагна пацягнулі з адталае зямлі яе бунтоўныя п’янкія сокі, і тыя пабеглі вышэй і вышэй, да галін і галінак, да сучка, што з восені ўчэпiста трымаў выпетраны бурштынавы лісток, які можна будзе скінуць толькі тады, калі пупышкі радасна і ўрачыста пырснуць новай пяшчотна-клейкаю зелянінай.

Салодкая дрыготка прабегла па ўсім яго агромнiстым целе, і клён прачнуўся. Ён страпянуў веццем і ўсцешана ўбачыў са сваёй высачыні тое, што сніў усю доўгую завейную зіму: жоўта-блакітную, як ясны восеньскі дзень, хату, сядзібу, усю невялікую, багатую на сады вёску, поплаў з белымі плямамі гусей і няроўны лілавата-зялёны мур лесу, дзе ён, клён, калісьці нарадзіўся і адкуль прыйшоў летась ласы на садавіну вожык, прыйшоў ды, зладзіўшы ў ямцы непадалёк кубло, так і застаўся ў садзе зімаваць — порсткі колкі клубочак, маленькую кволую цеплыню якога клён адчуваў скрозь сон у зімовую халадэчу.

Захмялелы малады вецер, напоены таемнымі напаўзабытымі ляснымі пахамі, лашчыў ягоныя галіны. У небе цурчэў цененькі струменьчык жаўруковае песні, а ўнізе, пераходзячы ад яблыні да яблыні, гаспадар збіваў шастом чорныя леташнія гнілякі, і ад гэтага маўклівага карчавітага чалавека ў зашмальцаванай скуранцы ішло лагоднае цяпло.

I раптам клён адчуў нешта нядобрае, дыхнула холадам, як быццам на сонца набегла хмара. Але неба было чыстае. Клён зірнуў долу і згледзеў каля сябе суседа.

— Здароў, сусед! — пачуў ён глухаваты голас гаспадара, які закурваў, ссунуўшы на патыліцу велікаватую кепку.— Што добрага скажаш?

— А тое скажу, што каціная ў цябе, сусед, памяць. Яшчэ на Каляды абяцаў гэтую махіну спусціць, а ўжо, между прочым, хутка Вялікдзень.

— Чым жа ён табе замінае? — памяркоўна спытаў гаспадар.— Вішню глушыць, дык абірай маю, хоць сабе вунь тую, акурат твая.

Магутнае клёнава цела на імгненне зрабілася нейкім страшэнна лёгкім, нібы карані пакінулі трымаць яго і нават слабы ветрык мог кінуць яго вобзем і пакаціць, пакаціць некуды туды, дзе няма ні вясны, ні сонца, няма нічога.

— Ты мне зубы не загаворвай,— зноў пачуўся надтрэснуты суседаў голас.— Не па закону гэта. Стаіць на мяжы, а ўвесь цень, между прочым, на маіх сотках. I карэнне ўсё там. Каторы год бульба па гарэху родзіць.

— Колькі мяхоў не дабіраеш? Бяры ў мяне.

— Ты са мной не жартуй.— Клён бачыў, як суседаў твар пакрысе наліваецца чырванню.— Я цябе па-добраму прашу, па-суседску.

Гаспадар дыміў цыгарэцінай, пазіраючы некуды ўбок.

— Болей паўтараць не буду,— з пагрозаю прамовіў сусед і пасунуўся да сваёй сялібы. Кажанаваты, клышаногі і даўгарукі, ён быў падобны да мядзведзя-недаростка, апранутага ў ватнік і разбітыя валёнкі з галёшамі. На паўдарозе сусед азірнуўся і з прыдыханнем выгукнуў:

— Не спілуеш — мы на цябе лейцы знойдзем! Я, между прочым, вецеран калхоза!

Ён праклыпаў міма, і на клён зноў павеяла нечым настылым.

А да гаспадара подбегам кіравалася гаспадыня — невысокая круглявая кабета ў плюшаўцы.

— Што гэта Сымончык прыходзіў? Зноў?

— Але.— Гаспадар кінуў недакурак і затаптаў яго ботам.

— Не дам!

— Не дурніся, Ганна. Не будзем праз дзерава з чалавекам заядацца. Які ні ёсць, а сусед.

— Не дам!

 Гаспадар перамаўчаў.

— Ну што маўчыш, як той клён?

— Прыедуць хлопцы, трэба пілаваць.

I клён зразумеў, што гэта — апошняе слова.

Начамі, калі вёска засынала кароткім вясновым сном, ён успамінаў.

Клён усё памятаў. Яму здавалася, што ён памятае яшчэ той час, калі быў семкай-крылаткай на галіне свайго разлогага бацькі з шырознымі далонямі лісцяў.

Ён памятаў той далёкі-далёкі дзень, калі ў лес прыйшоў чалавек з рыдлёўкаю і, асцярожліва падкапаўшы кволыя карэньчыкі, панёс яго ў вёску, каб стаць яго першым гаспадаром.

Клён падымаўся ўжо вышэй хаты, калі аднойчы прачнуўся ад ляманту сваёй першай гаспадыні і ўбачыў, як нейкія людзі вывелі гаспадара на падворак, збілі з ног і доўга, з асалодаю дратавалі яго ботамі, раз-пораз выгукваючы: «Бе-ла-рус! Пся крэў!» Яны забралі гаспадара з сабою, і клён больш не ўгледзеў яго на дарозе, якою вярталіся з горада.

Яго цяперашні гаспадар быў тады белагаловым накольнікам, з якім ён дзяліўся ўвесну сваім салодкім сокам. Яны раслі разам. Яны разам бачылі, як аднаго дня паўз вёску, у той бок, куды ўвечар апускаецца сонца, ішлі танкі з чырвонымi зоркамi і як праз два гады стуль паўзлі іншыя танкі з чорнымі павукамі. Клён памятаў, як гарэла вёска і ў начным чарноцці хаты цвілі велізарнымі і жудаснымі чырвонымі кветкамі.

Але найчасцей яму чамусьці прыгадваліся тыя дзіўныя патайныя ночы, у якія малады гаспадар пільнаваў сад у пастаўленым пры самым камлі будане і штоночы з цемры ўзнікала зграбная, як рабінка, дзявочая постаць. Гаспадар браў дзяўчыну за рукі, яны сядалі поруч на шаматлівае сена, і клён узрушана і шчасліва адчуваў сябе сведкам нейкай найвышэйшае таямніцы і, поўны нязвыклага хвалявання, баяўся нават шапацець лістотаю.

А пасля ў яго зялёнай засені падвешвалі ў летнія дні калыску: спярша са старэйшым, Волесем, а тады з малодшым, Вацем. Потым тыя навучыліся лазіць па ім, і клён неяк светла і падмалоджана чуў цеплыню іхніх дзіцячых рук, слухаў іх падобныя да шпачыных галасы і гадаў, каторы з малых стане яго трэцім гаспадаром.

Ён памятаў і дзень, як услед за старэйшым братам з пашарпанаю валізкай выправіўся ў вялікі свет малодшы, Вацік, і ён, клён, зразумеў, што трэцяга гаспадара ўжо не прычакае.

Клён усё памятаў.

Суботняга вечара клён пачуў, як гаспадар з сынамі выйшаў на ганак падыміць перад сном.

— Кляновіку яшчэ няма? — Было цёмна, але клён адразу пазнаў голас Ваціка.

— Не падсочваў...— неахвотна адгукнуўся гаспадар, і клён здагадаўся, што гаспадар яшчэ не казаў сынам пра тое.

— Магазін у вас, ацец, заўтра адкрыты? — Гэта старэйшы, Волесь.

— Робіць. Купіць што хочаш?

— Піўца трэба будзе ўзяць.

— Возьмеш...— і, памаўчаўшы, гаспадар сказаў: — Работа, хлопцы, ёсць на заўтра. Клён пілаваць будзем.

— Нашто яго пілаваць? Хай стаіць, красав?ц,— пазяхаючы, азваўся Волесь.

— Навошта, тата? — прамовіў Вацік.— Гэта ж па дзеду памятка.

— Сымончыку ён як бяльмо на воку. Скардзіцца гразіўся...

I клён зразумеў, што гэта будзе заўтра.

Раніца была ясная, але стылая ад ночы, і жаўрукі заліваліся на ўсю шчырасць, грэючыся ад цяпельцаў сваіх песенек. Клён слухаў іх і чакаў.

Судьбе не раз шепнем:

Мерси боку...

— Ну пачалі, ці што,— абарваў на паўслове сваю песню Волесь.— А то першачок скісне.

Клён заўсёды здзіўляецца, слухаючы старэйшага гаспадаровага сына. Яму здаецца, што гэта не Волесь, а нейкі іншы, адно падобны да яго бялявы хлапчук калісьці ціха, употайкі размаўляў з ім, клёнам, апавядаючы пра свае дзіцячыя радасці і крыўды, пра ровар, які бацька абяцаў яму купіць да дня нараджэння, як быццам гэта нехта іншы горкімі слязамі плакаў пад ім, калі гаспадар спляжыў у садзе старую грушу...

А гаспадар марудзіў, то пазіраючы пад ногі, то мераючы яго, клён, вачыма.

Вацік падняў пілу да плечука, стрэльнуў усцяж палатна вокам і з прыхаванаю надзеяй сказаў:

— Не возьме.

— Возьме! Давай, ацец! — прыспешыў Волесь, забіраючы пілу.— Як гаварыцца, раней сядзем, раней выйдзем.

Клён чакаў. Ён не баяўся, бо пражыў дастаткова для таго, каб не страшыцца смерці. Ён чакаў, уяўляючы, як карані яшчэ будуць роспачна гнаць з зямлі салодкі сок, а шырокае пнішча ўжо ўсцешана і густа абсядуць задаволеныя стракатыя мятлушкі, але ён ужо не пабачыць гэтага, бо сталёвыя зубы ўгрызаюцца ўсё глыбей і глыбей, штоімгненне абрываючы некалькі нітачак-повязяў, якія яшчэ лучаць яго з зямлёю, з жыццём.

— Вунь і памочнічак ідзе.— Волесь выпрастаўся і ацёр з ілба пот.

Да пільшчыкаў цюпаў сусед.

— Ага, надумаліся ўсё ж.— Ён секануў рубам далоні па стаўбуры, і гэты дотык здаўся клёну страшнейшым за пілу.

— А што, дзядзька Сымон, у вас ужо не вітаюцца? — спытаўся Вацік.

— Здароў, здароў, сусед. Нешта ты ніяк па-гарадскому, между прочым, гаварыць не навучышся.

Вацік не адказаў.

— Давай пацягаю,— задаволена прапанаваў сусед Волесю.

— Прашу,— з гатоўнасцю адгукнуўся той.

— Не трэба.— Вацік пераняў у брата пілу.

— Іш ты, пеўнік малады!..

— Ішоў бы ты, Сымон...— сказаў гаспадар.

— Глядзіце, каб на свае соткі завалілі.

 Сусед з блукліваю ўсмешачкай на твары пацягнуўся прэч.

— Куды гэта маць падзелася? — мяняючы праз колькі хвілін бацьку, запытаў Волесь.

— У Тэклінай дачкі ў адведках,— азваўся гаспадар.

— Знайшла дзень. Не каб чэсным тружанікам чарку паднесці, не адхадзя ад касы.

Клён убачыў, як Вацік адпусціў пілу, разагнуўся, збіраючыся штосьці сказаць, але толькі плюнуў. А старэйшы брат, муркаючы сабе пад нос, нават не змеціў нічога, і клёну падумалася, што ён так і не паспее зразумець, што адбылося з Волесем.

Повязяў з каранямі амаль не засталося.

Вось перарвалася апошняя нітачка, і клён адчуў, што ў ягоным целе ўжо няма бязлітаснага сцюдзёнага жалеза. Некалькі імгненняў, і ён страціць прытомнасць, каб ніколі больш не вярнуцца да яе. Але якраз у тым баку, куды яго ўсё мацней хіліла, пад шапкаю жухлага леташняга лісця спаў вожык, і клён з астатніх сіл трымаўся.

— Давайце хутчэй! — Голас Ваціка зазвінеў.— Не магу глядзець, як ён спілаваны стаіць.

Гаспадар з сынамі ўпёрся ў стаўбур трыма жардзінамі, і апошняе, што адчуў клён, была вострая шкадоба да невінаватага вожыка...

— Кубы два дроў будзе,— сказаў старэйшы сын, паляпаўшы па камлі. Але клён ужо не пачуў настыласці, якая ішла ад шырокай Волесевай далоні.

1982