Другая частка: Эскадрон у акцыі

Другая частка: Эскадрон у акцыі

І.

Жыцьцё эскадрону йшло нармальным шляхам. Інтэнсыўныя заняткі выпаўнялі дні й тыдні. У сутнасьці бадай немагчыма разьмежаваць пэрыяд пераходу эскадрону ў акцыю ад пэрыяду вышкалу. Засяг дзеяньня пашыраўся з кажным днём усё далей ад Наваградка і, зразумела, дробныя сутычкі з партызанамі былі няўхільныя. Тымчасам жыхарства Наваградчыны, а асабліва Наваградка, зжывалася із сваім эскадронам і перажывала нараўні зь ягонымі камандзерамі і жаўнерамі ўсе дасягненьні й няўдачы.

Агулам наваградчане неяк спакойна глядзелі ў будучьню, дарма, што фронт з кажным днём усё больш выгінаўся на захад. На пачатку 1944 году ня было хіба ніводнага чалавека, які, цьвяроза думаючы, верыў у нямецкую перамогу. На чым жа асноўваўся тады гэны супакой наваградчан? Напэўна не на разумовым разважаньні. Гэта проста псыхалягічны мамэнт, выніклы з даверу беларусаў да свайго жаўнера.

— Я ведаю, што немцы вайну прайгралі і за некалькі месяцаў фронт перасунецца на ўсходнія межы Нямеччыны. Але я маю нейкае ўражаньне, што падзеі абмінуць Наваградак. Чаму, сам ня ведаю… Мо таму, што мы маем тут свой эскадрон, — дадаў пасьля колькіх хвілін маўчаньня адзін з урадаўцаў гарадзкое ўправы ў гутарцы зы мною.

Гэта вынік веры ў вадданасьць беларускага жаўнера да свайго народу й Бацькаўшчыны. Гэты прыклад Наваградзкага Эскадрону, чыста беларускай вайсковай адзінкі, даверанай беларускім камандзерам, хоць маленькай і нязначнай у вялікім нацыянальным маштабе, аднак пацьвярджаў праект, настойліва падтрымоўваны галоўнакамандуючым усходнім фронтам фэльдмаршалам Браўхічам: затрымаць фронт на ўсходніх межах Беларусі й Украіны, даць ім поўную свабоду арганізаваць сваё дзяржаўнае жыцьцё, сваю армію, памагчы ім тэхнічна, і пасьля злажыць частку цяжару трыманьня ўсходняга фронту на гэтыя народы. Зразумела, Гітлер, які шукаў на ўсходзе Эўропы калёніяў для нямецкага народу, адкінуў гэны плян і зьняў Браўхіча із становішча галоўнакамандуючага. Гэта дзеялася ў канцы 1941 году. Не ўваходзячы глыбей у сутнасьць гэтага пляну, можна аднак было цьвердзіць на маленькім прыкладзе эскадрону, што беларуская армія, давераная сваім камандзерам, поўнасьцяй справілася б із сваім адрэзкам фронту. 

 Штож да партызанскага руху, дык маем поўныя асновы на тое, каб прыпушчаць, што ў вабставінах незалежнага дзяржаўнага жыцьця, ён калі й існаваў бы, дык быў бы вельмі абмежаваны ды поўнасьцяй адарваны ад шырэйшых масаў беларускага народу. Партызанскі рух у Беларусі быў вынікам спэцыфічных палітычных абставінаў, выніклых зь няведаньня нямецкімі палітычнымі дзейнікамі нацыянальнае праблемы эўрапэйскага ўсходу, як таксама і іхнай палітычнай засьлепленасьці. Поўная адсутнасьць палітычнае праграмы, нялюдзкае абыходжаньне зь мясцовым жыхарствам, прымусовыя вывазы на працу ў Нямеччыну, фізычнае вынішчэньне беларускага народу, адносіны да палонных, голад — гэта ўсё тыя асноўныя мамэнты, што спрычыніліся да вялізарнага росту партызанскага руху ў Беларусі. 

 Парашутаванае партызанскае кіравецтва не знайшло б ніякага водгуку ані сярод масаў беларускага сялянства, ані беларускай інтэлігенцыі. Гэнае кіравецтва было для беларускага народу чужым як па крыві, так і па духу. І калі б яно наткнулася на тэрыторыі Беларусі на гатовую палітычную праграму, што задаваляла беларускі народ, дык наагул увесь бальшавіцкі партызанскі рух памёр бы натуральнай сьмерцяй. 

 Сталін вельмі добра ведаў, чаго хоча беларускі народ, калі, скідаючы сваіх партызанаў, казаў ім:

«Забудзьцеся, хто вы былі. Ад сяньня вы беларускія патрыёты, што змагаюцца за вызваленьне Беларускай Рэспублікі ад нямецкага акупанта».

Савецкая прапаганда, кіраваная на Беларусь у беларускай мове, абяцае падняць Беларусь на ўзровень незалежнай дзяржавы з асобным міністэрствам замежных справаў. Абяцаньні дакладнага выкананьня параграфаў канстытуцыі аб праве выступу з Саюзу Рэспублікаў, паварот да рэлігіі, візія аграрнай рэформы — ўсё гэта аргумэнты, якія не сустрэліся зь ніякім паважным контраргумэнтам, за выняткам плякатаў: «Вас чакае зямля!» Аб гэтым ужо часткова пераканаўся беларускі селянін, бо сотні й тысячы ляглі ў зямлю ад нямецкай кулі. 

 Беларускі актыў аднак верыў яшчэ ў перамогу здаровай палітычнай думкі нямецкіх адказных дзейнікаў. Але мэмарыял за мэмарыялам бязь ніякіх вынікаў губляецца ў нямецкіх архівах. «Перш трэба выйграць вайну, а пасьля пабачым», — быў адзіны адказ немцаў. У іхнай праграме была толькі мэта нэгатыўная: змаганьне супраць бальшавізму. Поўнасьцяй адсутнічала другая і самая асноўная частка: за што.

Што да беларускага народу, дык яму ня было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея — гэта вера ў собскія сілы. Гэта быў адзіны мамэнт, які дамінаваў у Наваградзкім Эскадроне. Ягоныя маладыя жаўнеры былі люстрам народных пачуцьцяў. Іхная дзейнасьць сьветчыла аб гэтым. Дзе толькі пабываў эскадрон, усюды здабываў сэрцы беларусаў. Сяляне пераканаліся, што ня толькі бел-чырвона-белыя сьцяжкі на нямецкіх уніформах эскадрону розьнілі яго ад нямецкага акупанта. Пад гэтымі чужымі ўніформамі хавалася беларускае сэрца.

Жаўнеры гарэлі жаданьнем шырэйшай акцыі. Яны хацелі як найхутчэй ісьціць пастаўленую мэту: стацца запраўднымі абаронцамі свайго народу. На працягу студзеня й лютага плянава рабіліся маршы ў ваколіцы Наваградка, але ўжо ў поўным баявым парадку, з набітымі кулямаётнымі стужкамі ды дыскамі.

Першая маленькая сустрэча з ворагам была ў Сяльцы, падчас ночных заняткаў. Ціхая зімовая ноч. Эскадрон бясшумна мінае Сялец. Пярэдняе забясьпячэньне зьнікае ў густым лесе. Дрэвы, здаецца, дрэмляць, прыкрыўшы свае галіны пухам сьнегу. Гэтую цішыню парушае толькі раўнамерны скрып сьнегу пад нагамі жаўнераў. Раптам начную цішыню праразае сухі адрывісты рогат «фінкі» і тут-жа, у вадказ, некалькі паасобных стрэлаў ды ў сьлед за імі ўжо паважней адказаў «дзехцяр».

— Гэта мусіць нашы, гэта мусіць нашы, — пачуўся ціхі шэпат у радох эскадрону.

Пачуўся тупат жаўнера: пры выхадзе зь лесу перадавое забясьпячэньне сустрэлася з ворагам: трое саней з партызанамі. Яны ўцяклі ў кірунку Мотчы.

— Першы зьвяз далучыць да пярэднага забясьпячэньня. Кірунак Мотча. Перашукаць вёску і варочацца назад. Трэйці зьвяз: затрымацца ў Сяльцы і падрыхтаваць кватэры для першага. Другі зьвяз забясьпечыць пастой.

Ізноў усё пакрыла цішыня. Стратаў ня было ні з нашага боку, ні з боку партызанаў. Усю ноч солтыс Сяльца зь яшчэ колькі сялянамі правёў у сяброўскай гутарцы з камандзерам і жаўнерамі.

— Каб не эскадрон, дык сяньня ўначы нехта заплаціў бы жыцьцём, а мо й я сам. Дзякую вам, хлопцы. Шкада, што ня можаце застацца даўжэй…

Першыя чатыры месяцы 1944 году былі выпаўнены падобнымі большымі ці меншымі выбегамі ў тэрэн. Ваколічныя вёскі Лагадкі, Рутка, Ваўкавічы, Куравічы, Попкава, Лазьневічы, Жданавічы, Асмолава, Каменка былі чарговымі аб’ектамі нашага эскадрону. У сакавіку паасобныя зьвязы выяжджалі ў паветы, дзе ў гэтым часе падрыхтоўвалася і праводзілася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, загаданую Беларускай Цэнтральнай Радай.

БЦР мела пачаткава пераняць у свае рукі цывільнае судоўніцтва, школьніцтва, і пазьней адміністрацыю. Гэны твор быў вынікам нямецкіх няўдачаў на фронце і партызанскага руху, які ўсьцяж рос. Немцы думалі, што змогуць задаволіць незадаваленьне беларускіх масаў гэтым «эрзацам» улады. У практыцы аднак палажэньне не зьмянілася. Назначаныя на акругі Акруговыя Намесьнікі ня мелі практычна большага значэньня, як дасюлешнія кіраўнікі Самапомачы, ці Мужы Даверу. Немцы не хацелі выпускаць лейцаў з сваіх рук. Там, дзе мясцовы актыў здабыў сабе сякую-такую пазыцыю, там яе і ўтрьмаў: там дзе яе ня было, не памог і гэны штучны наватвор.

Абвешчаная мабілізацыя ў БКА выклікала шмат камэнтараў. Калі ставілася пад сумлеў мэтазгоднасьць фармаваньня эскадрону з гледзішча агульнага палітычнага палажэньня і ў васаблівасьці палажэньня на франтох, дык тым больш паўставала пытаньне дамэтнасьці падрываньня беларускіх масаў да згары асуджанага на няўдачу пачыну. Не на гэтым аднак месцы крытычны агляд таго пэрыяду ды й гэта было б адыходам ад тэмы. Мабілізацыя была агалошаная. Набор у БКА праводзіўся па ўсіх куткох Беларусі ў засягу цывільнае ўлады. Практычна яна абмяжоўвалася па пунктах, неапанаваных партызанскім рухам.

Камандзер Наваградзкага Эскадрону, які спаўняў адначасова функцыі Акруговага Намесьніка, у паразуменьні зь мясцовым актывам наважыўся скарыстаць з гэтае нагоды, каб пашырыць эскадрон да велічыні баталёну. З гэтай мэтай былі адкамандыраваныя на паветы, а найменна ў Любчу й Карэлічы, паасобныя зьвязы ці групы дзеля выбару лепшага элемэнту ў батальён, а таксама дзеля забясьпечаньня ходу мабілізацыі. У Любчу было адкамандавана каля 30 жаўнераў на чале з лейтэнантам К. У ліку падахвіцэраў быў таксама Д., малады, палкі й энэргічны жаўнер, што выйшаў з кадраў наваградзкае сэмінарыі. Партызаны даволі часта непакоілі ваколічныя вёскі. Апошнім часам яны сыстэматычна грабілі Падзагор’е, Воўкаразь і нат Далятычы. Мясцовая паліцыя й нямецкая жандармэрыя запрапанавалі лейт. К. супольную акцыю. Ня надта ахвотна ехалі эскадронаўцы на супольную акцыю, асабліва з гэтымі апошнімі, але пусьціць іх самых, дык наробяць яшчэ больш шкоды, чымся карысьці.

Лейт. К. дае сваю згоду. Распрацоўваецца супольны плян дзеяньня. Аб’ект: Воўкаразь. Наш зьвяз пайшоў дарогай на Зarop’e, паліцыя й жандары на Далятычы. Кантакт мелі навязаць на вышыні зарасьляў на ўзгорку, на паўночны захад ад Загор’я. Ужо ў Загор’і чуліся стрэлы. Паліцыя ўвязалася ў бой з партызанамі. Наш зьвяз, мінуўшы вёску, разгарнуўся ў баявы парадак да наступу.

— Паадзіночна скокамі наперад маарш! — пакацілася па лініі. Спраўна пасоўваўся ланцуг эскадронаўцаў наперад. Стрэлы з боку ворага пачалі радзець. Было відаць, як партызаны адзін па адным зьнікалі за ўзгоркам.

— На ўзгорак бягом маарш! …Прыгнуўшыся, з заціснутымі стрэльбамі ў руках, рынуліся эскадронаўцы на ўзгорак. Партызаны ў міжчасе хаваліся ў забудовах Воўкаразі. Зьвяз хутка дасягнуў вёскі. Партызаны зьніклі ў ляску за вёскай. Далейшая пагоня была бессансоўнай.

— Рукі ўгару! — пачулася раптам на адным панадворку. З-за хаты паказаўся партызан з паднятымі рукамі, а за ім двух нашых жаўнераў. У міжчасе ўвайшлі ў вёску немцы й любчанская паліцыя.

Усе сталі вакол камандзера зьвязу, які выпытваў палоннага.

— Скуль ты?

— З Бору, — быў адказ.

— Чаму пайшоў у партызаны? — пытаў далей лейтэнант.

— Падчас апошняе акцыі немцы спалілі вёску. Шмат пастралялі цывільнага жыхарства, якое нічога супольнага з партызанамі ня мела. Іншых забралі на працу ў Нямеччыну, а некаторым удалося ўцячы ў лес. Я быў паміж гэтых апошніх.

Вакол запала глыбокае маўчаньне.

— Я не бальшавік, — нясьмела пачаў зноў палонны, — я быў першы, які супрацівіўся калектывізацыі. Я ненавіджу бальшавікоў, але хто дасьць мне сяньня ахову? Усяроўна прыходзіцца гінуць. Толькі ня мучце, — папрасіў ён глуха.

У міжчасе прыбліжыўся вахтмайстар зь любчанскай жандармэрыі.

— Ah, Gefangener, gut, gut,[11] хлопцы. Давай яго сюды, мы зь ім расправімся.

У лейтэнанта загарэліся вочы.

— Падахвіцэр Д., — гукнуў ён, — адкажы вахтмайстру!

Падахвіцэр Д., відаць зь вялікай натугай, але стрымана паінфармаваў, што гэта палонны не жандармэрыі, а наш, ды што мы маем асобныя інструкцыі адносна абыходжаньня з палоннымі. — Гэта наш палонны і мы зробім зь ім, што нам спадабаецца, — закончыў ён цьвёрда.

— Was werden sie denn mit ihm tun?[12]

— Павесім за…, — весела ўжо адказаў Д.

— О, гут, гут, — задаволена адказаў немец. У міжчасе лейтэнант працягваў гутарку з палонным.

— Мы ня немцы, — казаў ён, — мы беларускія жаўнеры. Палонных не расстрэльваем. Мы не змагаемся супраць беларускага народу. Нашая мэта, гэта вольная ад усіх акупантаў Беларусь. Перадумай аб гэтым, раскажы сваім сябром. Шлях да нас для цябе заўсёды адчынены. Ідзі з Богам. Але памятай, каб твая рука ніколі не паднялася супраць твайго брата-Беларуса. Ідзі!

Палонны не разумеў. Ён нясьмела адступаў назад, паглядаючы неспакойна ўбок немцаў. Ён ня верыў сваім вушам. Пот сьцякаў па ягоным твары. Раптам ён кінуўся бегчы, і па нейкім часе зьнік у бліжэйшых кустох. Гэтай сцэне прыглядаліся жыхары вёскі, якіх у міжчасе загадаў сагнаць вахтмайстар. Бяз слова прыглядаліся яны. Вахтмайстараў твар набег крывёй.

— Sofort das Dorf abbrennen. Hier sind alle Partisanen. Anstekken[13], — зароў ён дзікім голасам.

Падахвіцэр Д., схапіўшы вахтмайстра за грудзі, выціснуў цераз сьцятыя вусны:

— Ня ты будаваў і ня ты спаліш. Zurrucktreten, oder ich schiesse![14] — дадаў ён па-нямецку тонам, які ўжо не пакідаў ніякага сумлеву што да далейшых кансэквэнцыяў. Пасьля хутка адскочыў узад і адцягнуўшы ручку «дзехцяра», накіраваў рулю ўбок немцаў. Грозна заляскалі замкі эскадронаўцаў. Аргумэнт здаваўся дастаткова пераконвальным. 

 Немцы й паліцыя паволі аддаляліся ў бок Любчы. Неяк дзіўна ціха стала на вуліцы вёскі. Жыхары глядзелі на сваіх жаўнераў шырока адчыненымі вачыма. Раптам з грамады пачуўся плач жанчыны. Плач гора й шчасьця. Плач беларускай маці: 

 «Сынкі мае, вы-ж нашы дзеткі, вы-ж нашы збаўцы…»

Далейшыя словы ўтапіліся ў вагульнай мітусьні. Сяляне абдымалі жаўнераў. Зь іхных вачэй зьзяла радасьць і шчасьце. Нашага лейтэнанта яны на руках унесьлі ў хату.

II.

Аднэй сакавіковай раніцы прыйшла ў Наваградак навіна, што палякі перайшлі Нёман і занялі шкляную гуту ў Бярозаўцы. Гэта была першая паважная акцыя польскіх партызанаў зь Лідчыны ў Наваградзкай Акрузе. Тут трэба даць колькі словаў паясьненьня адносна польскага партызанскага руху ў тых ваколіцах. 

 Пачатак польскага руху датуецца прыблізна з пачатку 1942 году. Асноўнай ягонай базай была якраз Лідчына. Жыхарства Лідчыны ў сваёй аснове амаль стопрацэнтна беларускае, ня лічачы невялікае колькасьці асаднікаў і былых польскіх урадаўцаў, насланых польскім урадам у часе існаваньня польскае дзяржавы. Жыхарства гутарыць прыгожай беларускай мовай і не зважаючы на надлюдзкія палянізатарскія высілкі польскага ўраду, яно засталося ў сваёй аснове беларускае. Аднак дзякуючы таму, што ў пераважальнай бальшыні было яно каталіцкага веравызнаньня, польскія сьвятары мелі тут шырокае поле дзеяньня. Выкарыстоўваючы свой духоўны сан і глыбокую традыцыйную рэлігійнасьць беларускага народу, яны вязалі паняцьце веравызнаньня з нацыянальнасьцяй. Зразумела, гэная акцыя не закранала сьведамай часткі беларускай інтэлігенцыі, якая бачыла ўсю пэрфіднасьць тактыкі польскага клеру, але сярод шырэйшых масаў гэта пакінула ці малы сьлед. Тыя нешматлікія беларускія каталіцкія сьвятары, якім нейкім цудам удалося здабыць сьвятарскі сан, залежалі ад польскай каталіцкай герархіі, якая пры першай праяве нацыянальнай дзейнасьці гэткага сьвятара высылала яго ў польскія асяродкі.

Вось гэная акцыя польскага клеру і падрыхтавала падатны грунт для польскіх партызанаў у Лідчыне. У часе нямецкае акупацьгі палякі захапілі ўсе ключавыя адміністрацыйныя і гаспадарскія становішчы. Яны абставілі немцаў сваімі перакладнікамі, засноўвалі польскія школы. Касьцёлы сталіся асяродкамі польскае акцыі. Беларускія патрыёты прадстаўляліся палякамі як камуністы, былі перасьледаваныя нямецкім СД. 

 Наваградзкая Акруга старалася дапамагаць у меру магчымасьцяў беларускаму актыву Ліды, высылаючы туды першым чынам маладых настаўнікаў. Трэба адцеміць, што яны прарабілі там вялізарную нацыянальную працу. 

 Нельга не адцеміць той фізычнай і духовай апоры для беларусаў Лідчыны, якую ім даў чыгуначны баталён, зарганізаваны ў Наваградку капітанам Сажычам, ды высланы ў Ліду. Зразумела, што насельніцтва Наваградзкае Акругі зь непакоем сачыла за падзеямі ў Лідчыне. Кажны новы атэнтат палякаў на беларускі актыў выклікаў хвалю абурэньня й жаданьне помсты. Змаганьне аднак было тым цяжэйшае, што пачынаючы ад канца 1943 году польскія партызаны зьмянілі тактыку й спынілі змаганьне супраць немцаў, дамовіўшыся з апошнімі на супольную акцыю супраць чырвоных партызанаў. Немцы давалі ім зброю, амуніцыю й уніформы, а таксама пакрывалі іх крымінальныя вычыны ў дачыненьні да беларускага жыхарства.

Зусім зразумела, што заняцьце шкляной гуты ў Бярозаўцы палякамі выклікала абурэньне сярод наваградчан. Жаўнеры эскадрону дамагаліся неадкладнага дзеяньня. Гульня немцаў была тут ясная: палякі занялі гуту із згодай нямецкіх уладаў, якім належала адначасна аслабіць эскадрон.

Для эскадрону сутычка з добра ўзброенымі палякамі, нат пераможная, была нявыгадная. Аднак пакінуць палякаў на «сваёй» тэрыторыі было абсалютна недапушчальна. На нарадзе камандзераў зьвязаў з камандзерам эскадрону было пастаноўлена здабыць гуту, але раней папрабаваць прымусіць палякаў пакінуць гуту бяз бою. Каманду пераняў ст. лейт. С. Цэлы дзень кіпела рыхтоўля да маршу. Папаўняліся стужкі «максімаў», набіваліся дыскі «дзехцяроў». На сьвітаньні эскадрон выйшаў у паход. Каля паўдня перад жаўнерамі зарысаваліся коміны гуты, а на найвышэйшай зь іх вісеў польскі сьцяг. Заціснуліся рукі на стрэльбах.

Зьвязы занялі вызначаныя пазыцыі. Мінамёты і на той час адзіная супрацьпанцырная гармата з гатовай да бою абслугай чакалі на загад каб пачаць бой.

Ст. лейтэнант С. меў гатовы плян. Ліст да камандзера польскага аддзелу ляжаў у ягонай кішані. У ім было сфармуляванае ўльтыматыўнае дамаганьне неадкладнага адступу палякаў за Нёман. С. падклікаў аднаго селяніна і даручыў яму перадаць ліст собскаручна камандзеру польскага аддзелу. Палякам было дадзена дзьве гадзіны часу. Камандзер глянуў на гадзіньнік. Роўна поўдзень. Ён дапісаў нешта ў ліст, заклеіў і перадаў селяніну. За некалькі часінаў той ужо быў каля першых забудоваў вёскі. Два польскія жаўнеры выскачылі з-за хаты насупраць яго і неўзабаве зьніклі ў забудовах.

Памаленьку пасоўваецца стрэлка гадзіньніка. Жаўнеры гараць нецерпялівасьцяй. Ніхто ня верыць у мірнае палагоджаньне канфлікту. У іхных вачох устаюць постаці дзесяткаў і сотняў забітых беларускіх патрыётаў. Тыпічны праяў рыцарскасьці польскіх партызанаў: данос у СД або куля ў плечы.

Стрэлка мінае першую гадзіну. Камандзеры зьвязаў маюць апошнюю нараду з С.

— Пачынаем пунктуальна ў дзьве гадзіны. Другі зьвяз павінен заняць як найхутчэй мост цераз Нёман. Пакінуць адну дружыну і атакаваць Бярозаўку з паўночнага боку. Трэйці зьвяз пад прыкрыцьцём мінамётаў і цяжкіх кулямётаў зойме першыя забудовы. Першы зьвяз у рэзэрве. На белую ракету заняць першыя забудовы ўправа ад гуты! — палі апошнія словы С.

Гадзіна 1,45. На дарозе паказваецца постаць селяніна. Адначасна польскі сьцяг на коміне гуты паволі апушчаецца. За некалькі часін камандзер трымае ліст у руках:

Палякі пастанавілі адступіць за Нёман. Роўна а 2-й гадзіне эскадрон увайшоў баявым парадкам у гуту. Тэлефанічная сувязь з Наваградкам была навязана неадкладна. І паплыла па дроце радасная вестка аб бяскрывавай перамозе эскадрону. Маланкай разьнеслася вестка па Наваградку. Ягоныя жыхары ўспрынялі яе з энтузіязмам.

«Малайцы хлопцы. Палякі здрэйфілі. Гэта ім не з-за вугла страляць. Эх, брат, каб такіх эскадрончыкаў з сотню ў Беларусь. Сьпярылі б і белых і чырвоных, ды й немцы йначай засьпявалі б». 

Гэтым вечарам падобныя гутаркі чуліся бадай у кажнай беларускай хаце. Тымчасам эскадрон заняў гуту. На комін усьцярэбліваецца жаўнер. За колькі часінаў разгарнуўся на ветры бел-чырвона-белы сьцяг і залунаў у праменьнях сонца. Як на каманду вырвалася з маладых грудзей «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» і падхопленае ветрам паняслося далёка за Нёман. Дзесь зь бесканцовасьці пачулася рэха: «…у крывавых муках мы адродзім жыцьцё Рэспублікі свае …»

На наступны дзень палякі прыслалі дэлегацыю з прапановаю наладжаньня сустрэчы камандзераў польскіх партызанскіх аддзелаў у Лідчыне з ахвіцэрамі эскадрону. Як месца сустрэчы, яны запрапанавалі адзін хутар каля двух кілямэтраў ад Бярозаўкі. З кажнага боку будзе трох дэлегатаў. Адны й другія павінны забавязацца прыйсьці бяз эскорты і толькі з бакавой зброяй. Мэта сустрэчы: шуканьне паразуменьня між двума бакамі ў супольным змаганьні супроць чырвоных партызанаў. Ст. лейт. С. пасьля кароткае нарады даў сваю згоду. Трэба сказаць, што пры наяве ведамых падступных мэтадаў палякаў, такая сустрэча была больш чым рызыкоўная і вымагала вялікай адвагі нашых камандзераў. Ст. лейт. С. у таварыстве лейт. М. і падахвіц. У. роўна а дванаццатай гадзіне выйшаў на ўмоўленае месца сустрэчы. Дзьве дружыны ў поўнай баёвай гатоўнасьці былі вызначаны на ўсялякую непрадбачаную эвэнтуальнасьць. На хутары сустрэў нашых камандзераў маёр Рогэр (так ён прынамся прадставіўся). Перад быстрым аднак вокам падахвіцэра У. не схаваўся аддзел польскіх партызанаў у сіле каля 30-х чалавек, што залёг ў кустах мэтраў 300 ад хутару. Ён паінфармаваў аб гэтым камандзераў. Маёр Рогэр, зразумеўшы сказанае, зрабіў выгляд, што ён аб гэтым нічога ня ведаў, і што гэтыя жаўнеры апыніліся там безь ягонага ведама. Ім ён даў загад неадкладна пакінуць раён хутару.

Атмасфэра была даволі напружаная. Паміма добрага абеду і самагону, гутарка ня клеілася. Нашы адмовіліся піць. Нарэшце палякі прыступілі да справы. Пасьля доўгага ўступу аб міжнароднай сытуацыі ды няўхільным прыходзе бальшавікоў, яны імкнуліся пераканаць, што польскі лёнданскі ўрад будзе мець дастаткова ўплываў на міжнародныя падзеі, каб захаваць Польшчу незалежнай дзяржавай у старых межах ды што для беларусаў адзіны выхад — гэта супрацоўніцтва цяпер з палякамі. Гэта будзе дастаткова ацэнена апошнімі, і ў будучыні належна ўзнагароджана ў шырэйшым нацыянальным маштабе. На вуснах С. паявілася дабратлівая нядвузначная ўсьмешка.

— За нашой вольносьць і вашой, ня так? — папытаў ён.

— Як сен цешэн жэ пан мне зрозумял, власьне о то ходзі, — ускрыкнуў радасна маёр, пасьпяшаўшыся з выснавамі.

— Вось у гэтым і справа, — ужо паважна адказаў С. — Нельга ашукваць два разы на тую самую прынаду. Гэта не бярэ. Зрэштай такога характару гутаркі павінны весьціся ў дзяржаўным маштабе. Вашую вольнасьць мы пазналі і нацешыліся ёю дастаткова за дваццаць гадоў вашага панаваньня. Маем годзе. Прапаную гутарыць больш аб нашых лякальных справах. Мне ведама, што вы атрымоўваеце зброю ад немцаў. Мы таксама. Мы змагаемся супраць чырвоных партызанаў. Вы ад некаторага часу таксама павярнулі зброю супраць бальшавікоў. Але ёсьць адно «але»: вы змагаецеся першым чынам супраць беларусаў, вынішчаючы нацыянальна сьведамы элемэнт, які ў канчальным выпадку таксама як і вы змагаецца супраць бальшавікоў. Не за немцаў, але за лепшую будучыню свайго народу. Нашая мэта — незалежная Беларусь. Зразумела, што пажадана, каб нашыя народы жылі ў добрасуседзкіх дачыненьнях, але дзеля гэтага трэба ўжо сяньня палажыць да гэтага асновы. Вашая праступная тактыка адносна беларусаў у Лідзкай акрузе ў ніякім выпадку ня спрыяе гэтай мэце. Дайце выясьненьні што да забойстваў беларусаў.

Маёр быў выразна занепакоены.

— Бачыце, цяжка ўтрымаць дысцыпліну ў партызанскім жыцьці. Гэта былі выпадкі, зробленыя бязь ведама галоўнага камандаваньня. Вы разумееце, што існуюць паасобныя нездысцыплінаваныя банды, і нам цяжка мець над імі кантролю. Але ў нас ёсьць загад не чапаць беларускага насельніцтва. Вы павінны гэта зразумець…

— Так, я добра разумею і раблю з гэтага адпаведны выснаў: нельга дагаворвацца аб супольнай акцыі з камандзерамі, якія ня маюць аўтарытэту над сваімі жаўнерамі. З майго боку наступная прапанова: вы павінны неадкладна спыніць тэрарыстычную акцыю супраць беларускага актыву. Даём вам час да перакананьня нас у вашых добрых намерах. Прапаную пасьля аднаго месяца сустрэцца зноў. У выпадку аднак, калі тэрарыстычная акцыя паўторыцца, мы будзем змушаны адказаць тэрорам на тэрор і пачнем сыстэматычную акцыю вынішчаньня палякаў на тэрыторыі Наваградзкае Акругі. Я скончыў. 

 Разьвітваючыся, С. дaдaў:

— Прапаную Вам да сяньня вечара вывесьці ўсе вашы аддзелы за Нёман, каб ухіліцца ад непатрэбных сутычак.

Увечары нашая дэлегацыя, расказваючы аб сустрэчы, знайшла поўную падтрымку ў занятым у гутарках з палякамі становішчы.

Месяцы сакавік і красавік у вялікай меры былі прысьвечаны коннаму вышкалу жаўнераў. Эскадрон атрымаў коні ў палавіне сакавіка. Вышкалам заняўся лейт. Д-а, добры кавалерыст, які задзіўляў нас уcіx сваімі вычынамі на кані. Гэта быў незраўнаны жаўнер. Перад уступленьнем у эскадрон ён быў кіраўніком карэліцкай паліцыі і адзначыўся ў баёх з партызанамі. Колькі разоў ранены, ён рабіў уражаньне чалавека, якога кулі не бяруць, бо ніразу пасьля раненьня, нат паважнага, не пайшоў у больніцу. Ён ведаў сабе цану і таму канфлікт зь мясцовай жандармэрыяй, якой падлягала паліцыя, быў няўхільны. Пасьля аднэй вострай дыскусіі, у якой яго абразіў жандар, ён не паўстрымаўся, і выцяў яго па твары, і каб не сябры, застрэліў бы яго на месцы. Пасьля гэтага факту быў арыштаваны й вывезены ў наваградзкую турму, скуль уступіў у эскадрон.

III.

Набліжалася 25 сакавіка. На гэны дзень была вызначаная прысяга. Дзьве сястры М-а, аднаго з эскадронаўцаў, зрабілі прыгожы сьцяг з вышытай Пагоняй і гэрбам Наваградка. На чорным трыкутніку пры дрэўцы надпіс: Першы Беларускі Эскадрон.

Наваградак рыхтуецца да вялікай урачыстасьці — прысягі. Лейт. Д-а інтэнсыўна рыхтуе маладых кавалерыстау. Ён хоча, каб прынамся адзін зьвяз выступіў конна.

25 Сакавіка. У Наваградку сьвяточны настрой. На галоўны пляц выходзяць калёны сэмінарыстау, прагімназіі, паліцыі, беларускага батальёну пад нямецкай камандай. Таксама й жыхарства гораду масава накіроўваецца на наваградзкі рынак. 

 Эскадрон выстраіўся на Горадзенскай вуліцы да параднага маршу. Загучэлі гукі вайсковага маршу. Падае каманда. На чале калёны сьцяг эскадрону, на які будуць складаць прысягу маладыя жаўнеры. Парадны марш вядзе сам камандзер эскадрону. Зьвяз за зьвязам, роўным крокам набліжаецца эскадрон да трыбуны. Камандзер узыходзіць на трыбуну, на якой ужо знаходзяцца адказныя беларускія кіраўнікі ды прадстаўнікі нямецкіх уладаў. Гукі музыкі заглушаюцца воплескамі й спантанічнай маніфэстацыяй сымпатыі наваградчан да эскадрону.

Эскадрон выстраіўся перад трыбунай у рады да прысягі. Перад ім сьцяг эскадрону. Штандаровая тройка, трох рослых юнакоў, стаіць фронтам да эскадрону. З радоў выступае трох жаўнераў — па адным ад кажнага зьвязу. Падае каманда:

— Да прысягі!

З адкрытай галавой і горда паднятым чалом, із сьмелым і ясным позіркам стаяць жаўнеры. Паважны настрой аўтаматычна перадаецца і прысутным. Усе здымаюць шапкі і сканцэнтравана чакаюць урачыстага мамэнту.

«Прысягаю…»

«Прысягаю,  ? як рэхам паўтарылі жаўнеры, — у ймя Бога верна служыць свайму народу й Бацькаўшчыне».

Звонка гучаць словы прысягі з вуснаў жаўнераў. У левай руцэ палатно сьцягу, правай тры пальцы паднятыя ўгару. Гэны дзень застанецца заўсёды жывы ў успамінах кажнага, хто яго перажываў.

Настаўніцкая сэмінарыя запрасіла эскадрон на ўрачыстую акадэмію. Былыя вучні — сяньняшнія жаўнеры, настаўнікі, сяньняшнія вучні і прышлыя жаўнеры — усё гэта сцэмэнтавалася ў вадну неразлучную сям’ю, споеную аднэй ідэяй, заключанай у сымболіцы Акту 25 Сакавіка.

IV.

Па паветах мабілізацыя ў поўным разгары. У Карэлічы быў высланы падахвіцэр М. — былы студэнт права віленскага ўнівэрсытэту, зь дзьвюма дружынамі дзеля аховы забясьпечаньня спраўнага ходу і выбару жаўнераў у плянаваны батальён. 

 Аднаго дня кіраўнік павету паведаміў М., што ў вёсцы Красна партызаны перашкаджаюць людзям прадстаўляцца перад мабілізацыйнай камісіяй. М. хутка выстраіў сваю групу й накіраваўся ў бок Краснае. 

 Партызаны зрабілі засаду ў першых забудовах. Падпусьціўшы групу М. на 50 мэтраў ад вёскі, яны адчынілі па іх густы агонь. Эскадронаўцы ўпалі на зямлю. Гладкае поле. Ніякіх магчымасьцяў прыкрыцьця. Наш «дзехцяр» хутка адказаў, але шансы былі няроўныя. Партызаны ў добрым прыкрыцьці, нашы ў чыстым полі. М. хутка ар’ентуецца ў сытуацыі. Праз траскатню стрэлаў чуваць ягоны голас: «Падрыхтаваць гранаты!» 

 А пасьля колькі хвілінаў:

«У вёску бягом маарш!..»

Падарваўся сам і за ім ягоная група. Раптам зваліўся, падняўся зноў, вьшусьціў з правай рукі «фінку», схапіў у левую пісталет, зноў паміж першых. Агонь ворага сьціх. Нашыя занялі вёску, людзі маглі свабодна йсьці ў Карэлічы.

— Перамаглі, хлопцы. Слаўна было, — сьмяючыся казаў М. І толькі цяпер жаўнеры заўважылі, што ён быў ранены ў плячук. З рукава сьцякала кроў. Ён стараўся трымацца на нагах, але хутка асунуўся. Зрабілі правізарычныя насілкі, знайшлі воз і адвезьлі свайго камандзера ў Карэлічы, а адтуль у Наваградак. Рана выдавалася нецяжкая, але пры адсутнасьці адпаведных лекаў хутка наступіла заражэньне крыві і М. памёр у Наваградзкай больніцы. Першая ахвяра эскадрону на аўтар Бацькаўшчыны.

 Пахіліўся штандар. Труна апусьцілася ў магілу. Цішьшю прарэзалі тры разьвітальныя сальвы. Эскадрон разьвітваўся із сваім сябрам. Глуха грукацела зямля аб труну. Гэны гук ўпіваўся ў сэрцы сяброў. Яшчэ адна, але ўжо ціхая прысяга — памсьціць свайго сябру. Вырасла новая магілка на вайсковых могілках Наваградка. «…На крыві народу вырасьце магутнае дрэва…» І гэтае дрэва будзе звацца Беларуская Сувэрэнная Дзяржава.

Неяк у гэты дзень завітаў у эскадрон барон фон Энгэльгард — немец з Латвіі. Ён вырас сярод беларусаў і палюбіў іх. Ягоныя пробеларускія сымпатыі выразна прабіваюцца ў ягонай кнізе «Weisruthenien», якое карэкту ён рабіў якраз у гэтым часе. Ён любіў эскадрон і быў ягоным частым госьцем. У гэты дзень ён быў прыгнечаны паховінамі М. Гутарылася на розныя тэмы і зразумела скончылася тэмай змаганьня з партызанамі. Раптам, зьвяртаючыся да камандзера эскадрону, ён сказаў:

— Я маю добры плян змаганьня з партызанамі. Гэтую праблему можна ліквідаваць добра й хутка.

Позіркі прысутных падняліся на яго.

— Сабраць усіх немцаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі, палавіну расстраляць, а палавіну выслаць на фронт. А на іх месца паставіць беларусаў, — выпаліў ён злосным тонам. Пры гэтым устаў і выйшаў.

Нас ня трэба было пераконваць у праўдзе ягоных словаў. Гэта была ідэя, за якую ён у 1941 годзе змагаўся ў Міністэрстве Ўсходніх Справаў, дамагаючыся шырэйшай аўтаноміі аж да незалежнасьці для Беларусі. За гэта заплаціў ён сваім становішчам і быў пераведзены ў Наваградак на становішча звычайнага лясьніка.

V.

У міжчасе йшла падрыхтоўка да фармаваньня батальёну. Немцы звольнілі былыя польскія кашары ў Скрыдлеве. Камандзер эскадрону падбіраў афіцэрскія кадры. Вялікай дапамогай у гэтым часе быў капітан б. царскай арміі Ф. Родзька. Ён фактычна пераняў на сябе абавязкі заступніка акруговага намесьніка, якім быў Рагуля, і да гэтага чыста адміністрацыйныя справы плянаванага батальёну.

Адносіны паміж немцамі і эскадронам нацягваліся штораз больш. Немцы выпрабоўвалі розныя спосабы, каб скампрамітаваць камандзера эскадрону ў вачох Гэнэральнага Камісара, якому беспасярэдня эскадрон быў падпарадкаваны. Яны ведалі, што камандзер эскадрону мае кантакты зь некаторымі партызанскімі аддзеламі, але ня мелі довадаў. А кантакты былі. Прыкладам зь Віктарам, камандзерам паважнага партызанскага аддзелу. Віктар быў лейтэнант савецкай арміі, які пасьля ўцёкаў бальшавікоў зь Беларусі застаўся працаваць у вёсцы Багудзенка ў Г. Ён быў беларус з Смаленшчыны і моцна ненавідзеў бальшавікоў. Калі ж немцы пачалі заганяць у лягеры ўсіх былых палонных, ён разам зь іншымі апыніўся ў лесе. Пачаткова пасыўныя, пасьля арганізаваныя парашутаванымі камандзерамі, ня маючы іншага выхаду, яны паддаліся савецкаму камандаваньню. Віктар меў аддзел сілай каля 300 чалавек. Адзначаўся ён вялікай рыцарскасьцяй у вадносінах да ваколічных жыхароў і ня было выпадку, каб ягоны аддзёл грабіў ці забіваў безбароннае цывільнае жыхарства. На перамовы зь ім была высланая сэмінарыстка Г. Была вызначаная асабістая сустрэча дзеля плянаваньня супольнае акцыі. Аднак гэтыя перамовы праніклі да партызанскага штабу і Віктар быў пачаткова перанесены ў іншыя ваколіцы, а пасьля расстраляны партызанамі.

Аднаго дня камандзер эскадрону застаў у сваім памешканьні былога вучня сэмінарыі Г-а, які лічыўся загублены ад пэўнага часу. Вось гэны вучань прынёс ліст ад аднаго зь ведамых партызанскіх аддзелаў з рознымі нявіннымі прапановамі, дамагаючыся неадкладнага пісьмовага адказу. Камандзер аднак адмовіўся даць пісьмовы адказ, просячы перадаць, што ён згодны сустрэцца, але аб часе і месцы паведаміць сваечасова. Колькі тыдняў пасьля аказалася, што ліст быў высланы не партызанамі, а лідзкім СД у паразуменьні з наваградзкай жандармэрыяй. Яны спадзяваліся мець пісьмовы адказ, наяўны довад кантакту з партызанамі.

Тымчасам вышкал эскадрону пасоўваўся шпарка наперад. Цяжкавата прыходзілася часам пасьля штодзённых заняткаў на кані. Партызаны ж з кажным днём усё больш правакавалі эскадрон. Не абыходзілася і без дацінкаў, скіраваных пад адрысам камандзера і ягоных маладых сяброў. Аднаго дня, калі вучні сэмінарыі варочаліся з Карэлічаў у Наваградак, іх перахапілі партызаны з аддзелу слаўнага Міцькі. Яны цікавіліся сілай і ўзбраеньнем эскадрону. Пасьля Міцька прасіў перадаць камандзеру эскадрона, каб ён перад тым, як сустрэцца ў баі зь ім, выцер малако з вуснаў і прыдбаў лішнюю зьмену хусьця. Ня доўга яму прыйшлося чакаць на гэтую сустрэчу.

VI.

У канцы красавіка эскадрон атрымаў новы транспарт амуніцыі і папаўненьне зброяй. У паветры вычувалася шырэйшая акцыя. Настрой эскадрону падняўся. 27 красавіка цэлы дзень йшла інтэнсыўная падрыхтоўка да даўжэйшага маршу. Куды? На як доўга? — Ніхто ня ведаў. 

 Нарэшце доўгачаканы дзень. Ураньні 26-га красавіка грукат конскіх капытоў разбудзіў наваградчан. Заспаныя твары паказваліся ў вокнах. Жаўнеры ім прыветліва махалі рукамі. Усе яны знаёмыя, родныя, блізкія сэрцу жаўнераў.

— Эскадрон выходзіць на акцыю, — казалі адзін другому.

— З Богам, хлопцы, вяртайцеся зь перамогай! — кідалі яны ўздагон эскадрону.

Эскадрон накіраваўся на Баранавіцкую вуліцу. Мінае апошнія хаты гораду. За Кораставам камандзер заклікаў да сябе камандзераў зьвязаў і дружынаў.

— Першы этап: Гарадышча. Там начуем. Найбольш небясьпечны адрэзак сяньняшняга этапу, гэта Сьвітазь. Уехаўшы ў Сьвітазянскі лес, пярэдняе забясьпечаньне перашукае дакладна лес углыб. Пільна забясьпечыць бакі. Не забывайцеся, што фронту няма. Мы ўваходзім у чыста партызанскі раён.

Камандзеры вярнуліся да сваіх зьвязаў і дружынаў. Хуткім трухтам адна дружына высунулася наперад. Зь ёю лейт. Д-а — з такім забясьпечаньнем страху няма. Эскадрон крануўся зь месца. Спакойна, бязь ніякага інцыдэнту даехалі да Валаўкі. Ужо пярэдняе забясьпечаньне выехала на горку пад валяўскую царкву, мінула яе. Адзін з жаўнераў застаўся, а пры ім нейкі дзядок. Калі камандзер зраўнаўся зь ім, жаўнер склаў рапарт, што гэты дзядок хоча бачыць камандзера. Камандзер прыблізіўся да старога.

— У чым справа, бацька?

— Не забівайце мяне толькі, я нічога не вінаваты. Мне даручылі партызаны перадаць вам вось гэты ліст, — сказаў дрыжачьм ад страху голасам стары.

Камандзер уважліва прачытаў ліст. Пасьля голасна засьмяяўся і сказаў старому:

— Перадай партызанам, што мы ня ў іхны тэрэн едзем, а ў свой собскі. Калі-ж нам стануць на дарозе, дык зумеем маскоўскіх валацугаў прыняць з дарогі.

Як пасьля выявілася, партызаны перасьцерагалі эскадрон перад уваходжаньнем у іхныя раёны. На нікога гэта не зрабіла ніякага ўражаньня. Эскадрон прадаўжаў свой марш. Здалёк на гарызонце зарысаваўся цёмнай лініяй сьвітазянскі лес.

VII.

У радох эскадрону заціхлі гутаркі. Кажны дакладна ўяўляў небясьпеку, што чакала іх наперадзе. Шаса парасла зельлем: даўно ўжо гэтая терыторыя лічылася партызанскай і толькі добра ўзброеныя «Geleitzug’i» наважваліся часамі яе праяжджаць.

З правага боку збліжаўся выцягнутым галёпам ганец.

— Два партызанскія конныя патрулі пасоўваюцца паралельна да нас і накіроўваюцца ў сьвітазянскі лес, — адрапартаваў ён камандзеру.

— Ня ўвязвацца ў бой з дробнымі аддзеламі. Пры ўваходзе ў лес зьменшыць адлегласьць да зрокавага кантакту з эскадронам, — загадаў той.

Было відавочна, што ён не хацеў увязваць эскадрону ў бой. Мэтай гэтага маршу ня была баёвая акцыя, а хутчэй дэманстрацыя сілы ды ўзьняцьце маралі жыхарства, запужанага як Немцамі, так і бальшавіцкімі партызанамі. І вось, ня гледзячы на даволі нахабныя правакацыі з боку партызанскіх патрулёў, з нашага боку ня паў ніводзін стрэл. Тымчасам пярэдняя ахова збліжалася да лесу. Камандзер павольна апусьціў руку, і эскадрон затрымаўся.

— З ко-о-оней! — пачулася каманда. — Кулямёты на стачовішчы! 

 Замітусіўся эскадрон. Неўзабаве коні былі адведзеныя ў бясьпечнае месца, і эскадронаўцы ляжалі на вагнявых становішчах.

Пярэдняя ахова схавалася ў лесе. Зьніклі таксама й бакавыя, заглыбіўшыся ў гушчу сьвітазянскага бору. Наступіла цішыня, поўная чаканьня. Камандзер не адрываў вачэй ад біноклю. Урэшце зь лесу вынырнуў жаўнер — дарога вольная!

Эскадрон паволі ўехаў у бор. Міжволі падымалася рука, каб скінуць шапку, апыніўшыся ў гэтай сьвятыні натуры. Сэрца білася моцна ў грудзёх, напоўненых гамай розных пачуцьцяў. Здавалося, што хопіць падняцца на страмёнах, каб дастаць гордыя верхавіны соснаў.

Стук конскіх капытоў па шасе прыклікаў жаўнераў да рэчаіснасьці. Ганец ад лейт. Д-кі паведамляў, што дарога вольная, ды што пяпэдняя ахова на выгадных становішчах за возерам; на працілеглы край лecу высланы патруль.

Цераз прагаліны лесу ўсьміхнулася блакітная глядзь Сьвітазі, гэтага цудоўнага, таемнага ляснога вока.

— Камандзер, камандзер, — пачулася з розных бакоў, — затрымаемся тут хоць на часінку!

— Трымаць зрокавы кантакт з аховамі, — ужо неяк менш празаічна сказаў той. — Дзесяць хвілінаў адпачынку.

Жаўнеры былі ўжо пры возеры. Адны пілі крыштальна-чыстую ваду, другія паілі коней, іншыя з асалодаю змывалі сабе твар ад дарожнага пылу.

Сьвітазь хавалася ад вачэй эскадрону за гушчай лесу. Яшчэ раз усьміхнулася возера прагалінамі лесу на разьвітаньне ды зьнікла ў гушчы бору.

Неўзабаве выехалі зь лесу. Здалёк, направа ад дарогі віднеліся папялішчы Парэчча, спаленага п’янай нямецкай жандармэрыяй. Вастрыём нажа ўбіваліся ў сэрцы жаўнераў напоўразваленыя каміны. Людзей ня было відаць: калі й засталіся дзе якія, дык і тыя хаваліся ў лясох. Узброены жаўнер ніколі ім нічога добрага не прарочыў.

Увечары гэтага ж дня эскадрон уяжджаў у Гарадышча. Жаўнеры былі паднечаны яшчэ сьвежымі ўражаньнямі. Яны дзяліліся сваімі перажываньнямі з дарогі. Пазьней мела месца сяброўскся сустрэча зь мясцовьм беларускім актывам. Усе цікавіліся жыцьцём эскадрону, плянамі на будучыню, ходам мабілізацыі ў наваградзкай акрузе. Выменьваліся думкамі, спасьцярогамі й дазнаньнямі. Не абыйшлося й бяз крытычных заўвагаў.

— Зразумела, плян ваш нязвычайна сьмелы, сказаў адзін з старэйшых ахвіцэраў гарадышчанскага батальёну, зварочваючыся да ахвіцэраў эскадрону, — але ня ведаю, ці ня лішня вы тут кіраваліся пачуцьцямі. Ён мог ужо, або можа хутка скончыцца загубай красы наваградзкай моладзі. Вонкавы эфэкт прыгожы, але канкрэтная карысьць — сумляюся, ці надта вялікая.

— Нельга кіравацца толькі розумам, — адказаў лейт. М.

— Паколькі камандзер адказвае ў першую чаргу за жаўнераў, дык у яго павінен розум браць верх над пачуцьцямі. Пачуцьці й энтузіязм патрэбны для жаўнера, але павінны быць выключаны ў камандзера, або прынамся іх роля зрэдукавана да мінімум.

— З гэтым цяжка пагадзіцца, не здаваўся лейт. М. — Што варты разумны й разважны ахвіцэр, але без энтузіязму? Ён хутка страціць духовы кантакт з жаўнерам і адарвецца ад яго.

— Гэта нязвычайная праблема, — умяшаўся ў гутарку камандзер эскадрону. — Трэба ўмець спалучыць энтузіязм з развагай, а гэта нялёгкая рэч. У эскадроне як жаўнеры так і камандзеры — усе маладыя, усім ім хапае энтузіязму, праўда, магчыма й за кошт халоднага розуму. Але ж ў сяньняшні час, пры сяньняшнім палітычным і франтавым палажэньні, можна кіравацца вылучна развагай? Нас асудзяць за бязьдзейнасьць, вычэкваньне лепшых мамэнтаў, а вычэкваньне й бязьдзейнасьць раўназначна з духовай сьмерцяй адзінкі й народу. Энтузіязм жа парывае да акцыі.

— А што, калі гэты неразважны энтузіязм спрычыніцца да сьмерці цьвету нашае моладзі, не дазволіўшы ёй даць зь сябе ўсяго тога, што ад яе мы можам спадзявацца?

Падахвіцэр У-іч, яшчэ нядаўны вучаць сэмінарыі, умяшаўся ў гутарку. Ён ужо даўно шукаў зручнага мамэнту, каб выказаць сваю думку.

— Ці ж былі б мы сяньня Беларусамі, каб нашыя мінулыя пакаленьні, страціўшы сваю дзяржаўную незалежнасьць, злажылі рукі ды чакалі зручнейшых мамэнтаў дзеля рэалізацыі нашай канчальнай мэты? Ці ж пралітая кроў Каліноўскага й яго сучасьнікаў не давала й не дае нам сяньня сілы да далейшага змаганьня? Ці-ж магчымы быў бы Акт 25-га Сакавіка бяз тых нязьлічоных, неразважных часта, пачынаў нашых бацькоў ды дзядоў? Ці ж быў бы ён магчымы бяз энтузіязму як беларускіх масаў, так і тагачасных кіраўнікоў? 

? Магчыма, — працягваў ён ужо больш спакойна, — што наш сяньняшні высілак дарэмны на кароткую мэту. Магчыма гісторыя забудзецца аб гэтым малым эпізодзе — нашым эскадроне. Але паколькі гэты эскадрон зьяўляецца маленькай часткай вялізарнага, магчыма неразважнага, але энтузіястычнага высілку ўсяе сучаснае беларускае моладзі, дык аб гэтым гісторыя не прамаўчыць. Гэты сяньняшні энтузіязм будзе маленькай можа, але неабходнай цэглінай пры будове Незалежнай Беларусі.

У У-ча іскрыліся вочы, гарэлі шчокі. Ягоныя словы й тая духовая сіла, якая праменявала ад яго ў гэны мамэнт, былі дастаткова пераконвальнымі. Стала ціха пасьля слоў маладога жаўнера.

Яшчэ ў гэты самы вечар нямецкая жандармэрыя папярэдзіла aфіцыяльна камандзера эскадрону, што ён ня можа разьлічваць на іхную дапамогу паза засягам гарадышчанскага гарнізону. Яны паясьнілі, што вёска Ясенец — кілямэтраў тры ад Гарадышча — ужо ў засягу партызанаў. У Паланэчцы пост паліцыі разьбіты. Аж да Міра ніякага апорнага пункту. Эскадрон павінен лічыць толькі на свае сілы. Аб гэтым апошнім мы ведалі загадзя…

На сьвітаньні эскадрон ужо стаяў гатовы да выезду. Раніца была прыгожая. Сьцюдзёны вецярок праймаў дрыжыкамі вырванае із сну цела. Нязвычайна рэзкім здаваўся стук конскіх капытоў па бруку местачка, што спала яшчэ глыбокім сном.

Камандзер даваў апошнія настаўленьні: 

 «Сяньня мусім асягнуць Мір. Пойдзем праз Паланэчку, Серамовічы, Малыя й Вялікія Жухавічы. Ахова — ухіляцца бою з малымі патрулямі. Трэба быць асабліва ўважнымі, бо праціўнік мог ужо зарыентавацца ў прадбачаным намі маршруце. Як пярэдняя, так бакавыя і задняя аховы — ня траціць зрокавага кантакту з эскадронам. У выпадку неспадзяванай атакі, не адступайце без загаду: эскадрон павінен мець час заняць выгадныя пазыцыі. З Богам, сябры!» — дадаў ён.

Праз колькі часінаў эскадрон у поўным баявым парадку рухаўся ў кірунку Паланэчкі. Ранішняе сонца прыветліва глядзела на маладых жаўнераў. Ізноў склонная да рамантызму беларуская натура аддавалася лятуценьням. Але мамэнтамі іхныя вочы загараліся іншым блескам: папялішчы й разваліны хутароў ды вёсак, сьлед праступнай бальшавіцкай і нямецкай акупацыі, прыклікаў іх да рэчаіснасьці.

Пярэдняя ахова хавалася ў Паланэчцы. Сьляды нядаўнага бою былі яшчэ зусім сьвежыя. Беларуская паліцыя змагалася да апошняга патрону з удзесяцёра большай сілай партызанаў. Мала каму ўдалося выйсьці з жыцьцём. Бальшыня згінула ў няроўным змаганьні. Некаторыя захавалі апошні патрон для сябе, каб ня трапіць жывымі ў бальшавіцкія рукі. Жыхары Паланэчкі перажылі ня менш жудасныя дні. Пасьля партызанскай навалы прышлі каральныя нямецкія аддзелы. Зноў пацярпелі нявінныя сяляне: каго расстралялі на месцы, каго схапілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. 

 Пакаралі партызанаў…

Таму ня дзіва, што сяляне панура глядзелі на незнаёмы аддзел войска.

— Цяпер гэтая свалата. Уначы адны, удзень другія. Ніколі няма супакою ад іх, — можна был б прачытаць у іхных вачох.

Памалу аднак іхныя твары разьясьняліся. Бел-чырвона-белыя сьцяжкі і ветлівыя ўсьмешкі жаўнераў рабілі сваё.

— Гэта ня немцы! — пачулася ў грамадзе. — Свае, дальбог свае!

З грудзей жаўнераў вырвалася песьня: 

 «У гушчарах затканых імглою… Беларусь, Беларусь залатая…»

— Свае! Эскадрон! Рагуляўцы! — штораз весялей чулася з грамады.

Кароценькі адпачынак. Жаўнеры частуюць сялянаў цыгаркамі. Дзецям раздаюць цукеркі, старанна адкладаныя дзеля гэтай мэты. Жанчыны частуюць малаком і пахучым чорным хлебам, печаным на сьвежым аеры.

— Куды ты з малаком сваім пхаешся, — адазваўся адзін вусаты дзядзька гадоў каля пяцьдзесяцёх. — Ім трэба малака ад шалёнай каровы, — хітра міргаючы жаўнерам, дадаў ён, дастаючы з-за пазухі пляшку самагонкі.

— Вып’ем хлопцы, а то й так немцы ці партызаны забяруць.

Жаўнеры крыху разгубіліся. Урэшце адзін здабыўся на адказ:

— Дзякуем, дзядзька, шчыра дзякуем, але нам нельга. Перад намі вялікая дарога. Хто ведае што нас яшче чакае ўперадзе. Лепш мець цьвярозую галаву. Вось ад малачка ды хлеба дык не адкажамся, — каб ня скрыўдзіць селяніна адмовай, злагодзіў ён.

Дзядзька шырака адчыніў вочы й зьдзіўлена глядзеў на жаўнераў. Ён прывык толькі й чуць: «Давай самагонку!» А гэтыя адмаўляюцца…

— Эх, хлопцы, вы нейкія іншыя ад другіх… — ен стаяў, ня ведаючы, куды дзець пляшку.

— Мы дзядзька, узялі зброю не па тое, каб грабіць, але каб бараніць сваіх.

— Цяжка вам давядзецца, хлопцы, — нейк задумана сказаў селянін. Аднак словы жаўнера падзеілі на яго відавочна.

— На ко-о-оней… — пачулася здалёк.

— Ну што-ж, нам ужо пара, — сказаў жаўнер і працягнуў руку. Шчыльна прыстала да яе мазольная долонь селяніна.

У Серамовічах эскадрон спыніўся на полудзень. І тут, як усюды, лёд першага недаверу хутка быў пераламаны. Жаўнераў акружылі групкі сялянаў. Пасыпаліся пытаньні. Эскадронаўцы адказвалі, выясьнялі, дыскутавалі.

— Мы хочам мець сваю дзяржаву, — чулася, прыкладам, з аднаго боку. — Хочам, каб на нашай зямлі былі гаспадарамі мы, нашы дзеці, як некалі нашы дзяды ды прадзеды…

VIII.