Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю

Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю

Паважныя спадары Рэдакцыя!

У нумары 29-м вашае газэты вы ўмясьцілі стацьцю пад загнётам «Справа кансалідацыі». Тамака вы пішаце, што ўсе людзі хочуць, каб «рэдакцыя ўзяла на сябе ініцыятыву кансалідацыі ўсяго беларускага грамадзянтсва на чужыне й распачала ў гэтым кірунку на сваіх балонках адпаведную акцыю».

Гэтыя радкі нас вельмі ўсьцешылі. Або-ж і праўда, калі азірнуцца навокал, па ўсіх чужых селішчах, то скрозь людзі жывуць, як браты, а ў нас — не. А чаму, гэтага ня ведаем.

Як шчэ за старымі грашыма прыяжджаў на наш хутар араталь зь Міхайлаўкі, то ён казаў, што ўва ўсіх нашых неладох вінаватая шопка й крывічы, бо яны ў нейчы бок цягнуць. Наш Ксавэры тады моцна пакрыўдзіўся, чаму яго да віны чапляюць і быў ужо рукавы закасаў, каб выцяць араталя, але той пачаў бажыцца й клясьціся, што ён ня меў на мэце каго-небудзь з прысутных абразіць і што ён гаварыў не пра нашага Шопку Ксавэрага, а зусім пра інакшае, а пра якога шопку — гэтага не сказаў.

А пазьней прыехаў да нас прамоўца зь Вялікага Двара, дык той, наадварот, прамаўляў, што ўсё ліха ад зарубежнікаў, якія таксама цягнуць у нейчы бок.

А быў у нас яшчэ адзін маладзян, студэньцік з Марынгораду, дык той крычэў, што ўсе вінаватыя — і адныя, і другія, а ўвесь паратунак у правільным кірунку. І гэты кірунак ён нават на дошцы крэйдай крэсьліў.

— Вось гэтая крывая лінія, — кажа, — гэта ёсьць крывічы, а гэтая, што я цяпер крэсьлю, ламаная лнія — гэта будуць зарубежнікі, а вось я вяду цяперака пасярэдзіне простую лінію, якая ні ад якіх лініяў не залежыць, — гэта й ёсьць правільны кірунак, па якім мы павінны йсьці да дасягненьня нашых агульнанацыянальных незалежніцкіх… а далей забыліся, што казаў.

Ведама, ён студэнт, дык лініі крэсьліць умее. Але-ж нам, спадары рэдакцыя, ад гэтага не лягчэй. Бо калі на дошцы або на паперы й накрэсьлены розныя лініі, то калатня ўсё роўна йдзе. І чаму мы, беларусы, мусім цярпець і гэтую калатню зносіць, калі нехта вінаваты або ў розныя бакі цягне? Гэта няправільна.

І вось, спадары рэдакцыя, як ужо прайшло шмат часу, а на вашых балонах тае акцыі яшчэ ня відно, то мы й узялі на сябе зачын пасунуць наперад справу кансалідацыі. А калі вы, спадары рэдакцыя, думаеце, што гэта праца лёгкая, то вы мыляецеся. На шляху да кансалідацыі ляжаць вялікія завалы. А вось-жа: пакуль мы зьбілі свой пяток, то колькі было галасу й звадак. Калі мы сабраліся на першы кансалідацыйны сход і наш прафэсар (але на бацькаўшчыне ён прафэсарам шчэ ня быў) нам выклаў, што такое кансалідацыя, то пачалі прыгадваць усе старыя крыўды. Янка Самасей успомніў Сьцяпану Кацапаву, як той пазычыў тры нямецкія маркі й скруціў. Піліп Канапельскі ўпікнуў Тараса Бурбалку за тое, што той яго з пасады сьпіхнуў, як быў нейкім старшынём, а пасадзіў свайго сябрука. Калісь даўно Піліп Канапельскі падаў якуюсь цыдулу на Ксавэрага Шопку, і гэта ўспомнілі. А ў Кацапава й Шопкі на той дзень былі бабы пасварыліся, дык і гэта стаяла перашкодай на дарозе да кансалідацыі. Было й шмат драбніцаў, але мы, спадары рэдакцыя, ўсё гэта перацярушылі і адвеялі перад агульнай ідэяй. Гэтым зачынам, мы ўпяцёх зьбілі моцны таўкач і будзем далей рушыць справу.

Але, спадары рэдакцыя, як мы ня маем ад вас ніякіх інструкцыяў, то просім паведаміць, што нам рабіць з нясьведамымі і як іх прыцягнуць да кансалідацыі? Ёсьць у нас такі Якуб Чапурнэцкі, то калі ён пачаў чытаць лісту скансалідаваных і дайшоў да прозьвішча Верабжя Рыгора, то сказаў:

— Стой! З гэтым я ня буду кансалідавацца, і яго трэба аджуціць.

А калі мы спыталіся чаму, бо Верабей у нас хлопец сьведамы, маральны й гарыць на працы, то ён кажа, таму, што Верабей — усходнік. А мы на гэта кажам: дакуль- жа ён будзе ўсходнік, калі ўжо сем год як з поўнага апалоніка заходнюю культуру сёрбае й караватку носіць, а Ксавэры ўчора сам бачыў, як Верабей капялюха таргаваў. На гэта Якуб нічога не адказаў, але ў лісту не ўпісаўся.

А ёсьць у нас другі такі гарбуз — Язэп Пстрычкоўскі, дык той ня хоча ісьці на лісту кансалідацыі, бо ня любіць заходнікаў: надта-ж яны фанабэрыстыя, кажа, а няма чаго. Просім спадароў рэдакцыю прапусьціць гэтых несьвядомых у газэту, як яны шкодзяць нашай кансалідацыі. Бо мы і ўвесь народ гаворым так: калі адзін быў пад Пілсудзкім, а другі пад Сталінам, то хіба не аднолькава абодвух таўклі? А калі каторага троху менш выцялі, то гэтым фанабэрыцца ня сьлед, не па-нацыянальнаму гэта.

Усё-ж з народам у нас справа ідзе лягчэй: пасварацца трохі, пагамоняць і пагодзяцца. Але што рабіць, спадары рэдакцыя, зь некаторай нашай інтэлігенцыяй, якая ўсё на палітыку бже? Калі мы прыйшлі да аднаго інтэлігента (на бацькаўшчыне ён у гміне пісарам быў), дык той спытаўся, на якой пляцформе мы хочам скансалідавацца. І як мы сказалі, што гуртуемся на шырокім дэмакратычным апірышчы, то ён штосьці пачаў круціць носам і ўсьміхацца. «Бачыце, паважаныя спадары, — кажа, — я заглядаюся на дэмакратыю адмо-о-оўна… Шырокая дэмакратыя, паважаныя грамадзяне, рэч до-о-обрая… нядрэ-энная… але для народу дасьпе-елага, а нашае грамадзянства, бачыце, яшчэ недасьпе-елае… слабо-оее-е». І гэтак ён цягнуў ката й ўсьміхаўся. Так мы яго й пакінулі. Хай дасьпявае.

Другі інтэлігент, таксама амаль прафэсар, дык сказаў, што ён пагодзіцца на кансалідацыю з намі, але каб усе мы яго слухаліся.

— Як скажу, — кажа, — слова, то й закон, і ніякіх дыскусіяў, бо я, — кажа, — адзін усё ведаю, а ніхто нічога ня ведае.

І калі мы прыгадалі, што ёсьць-жа на сьвеце дэмакратыя, то ён выгнаў з хаты.

А яшчэ адзін інтэлігент казаў нам, што ён можа кансалідавацца толькі на нейкіх парытэтных пачатках. А як мы спыталіся, што гэта такое, то ён адказаў: як вы прыйшлі ўпяцёх, то й я выстаўлю пяцёх. А што ён можа выставіць, спадары рэдакцыя? Увесь народ за намі йдзе, а за ім — нікога.

А ёсьць яшчэ інтэлігенты надта зацятыя. «Не магу з гэтым скансалідавацца! — крычэў адзін такі. — Ён мяне памыямі абліваў і ка?паў на мяне ў розныя ўстановы. Ніколі не дарую!».

І наагул, некаторыя інтэлігенты вельмі зласьлівыя й ніяк яго не ўгамоніш. «Варагі, - крычыць, — усе варагі!» Ну што з такім рабіць? А як пасварацца іхныя бабы, то тады й мужыкі зацяліся на цэлыя гады. Ня так, як у нас: сяньня пасварыліся, а заўтра ўжо й пагадзіліся.

Так што, спадары рэдакцыя, дайце інструкцыю, што рабіць з такой інтэлігенцыяй і ці браць яе ў кансалідацыю?

А яшчэ, спадары рэдакцыя, просім растлумачыць нам, што такое крывічы й што такое зарубежнікі? Ці гэта асобныя народы, ці можа якія загранічныя партыі, бо на Бацькаўшчыне мы гэтага ня чулі. А як мы хадзілі зь лістою на кансалідацыю, то часьцяком у нас пра іх пыталіся, а мы й самі ня ведаем. Удаваліся мы да нашага прафэсара, каб той нам разьясьніў, дык ён цьвердзіць, што крывічы й зарубежнікі — гэта два асобныя народы. «Крывічы, — кажа, — гэта народ, які за тысячу гадоў жыў на нашай Бацькаўшчыне, а зарубежнікі — гэта народ, які панаехаў на нашую зямлю з-за рубяжу, таму ён і завецца зарубежнікамі».

Але прафэсару мы не даем веры. Бо ў нашым селішчы ёсьць два родныя браты зь вёскі Прудок, што на Заслаўшчыне, дык аднаго зь іх людзі дражняць зарубежнікам, а другога — крывічом. Пасьля ёсьць у нас яшчэ хлапец, якога на пачатку дражнілі зарубежнікам, пасьля крывічом, а цяпер зноў дражняць зарубежнікам. Дык гэта не выглядае, каб былі розныя народы. Просім разьясьніць.

З другога боку, што рабіць з функцыйнымі — ці браць іх у кансалідацыю, ці не? Бо ў нас быў такі функцыйны Грэчка Пятрусь і з намі быў скансалідаваўся, а як у яго функцыю забралі, то сказаў, што пойдзе ў апазыцыю, бо тут, кажа, усе варагі заселі.

Наагул, спадары рэдакцыя, просім акуратна пячатаць інструкцыі, як весьці кансалідацыю, бо ўжо й у нашым пятку можа пайсьці мутаніна. Янка Самасей, прыкладам, пачынае гаварыць, што трэба браць толькі шчырых і нязломных, а рэшту ўсіх гнаць і біць. Ксавэры Шопка дамагаецца, каб на лісту ўпісываць усіх, абы ён быў беларусам, а Піліп Канапельскі кажа, што галоўнае трэба налягаць на маральны бок і браць тых, якія ня пжюць і нават ня кураць, а ў нас такіх няма. Так што, спадары рэдакцыя, яшчэ раз просім дайце нам інструкцыі.

А яшчэ просім: насьвятліце на вашых балонах, як ідзе справа кансалідацыі па іншых селішчах і ці ўсё там гладка? Да нас дайшлі весткі, што і ў Міхайлаўцы няма салідарнасьці, бо як пачалі дзяліць фундуш, дык там паўсталі ажно чатыры франты й абзываюць адзін аднаго варагамі й чорнай сотняй. У Ветрагораўцы ізноў-жа ня зусім гладка. А ў Бродах, хоць там і дыктатура, але ўжо ўтварылася некалькі моцных апазыцыяў. Ды й у вашым Вялікім Двары, як мы дачуліся, ані няма ладу. Талаку сабралі вялікую, а малаціць нечага. Ды й то кажны ў цапы падаваць пнецца, хоць і ня ўмее. Дзе-ж тут будзе парадак і згода ў працы? Апішыце пра гэта ў газэце й дайце нам правільны кірунак. І хай сабе там адзін у вадзін бок цягне, а другі — у другі, а мы й надалей будзем працаваць у дружным сяброўскім спажыцьці, еднасьці, згодзе, салідарнасьці й лучнасьці. Няхай жыве!

А ліст гэты пісалі жыхары беларускага хутару ў мяшаным ДП селішчы Марнэнлёсэн наступныя: Янка Самасей, Тарас Бурбалка, Сьцяпан Кацапаў, Піліп Канапельскі й Шопка Ксавэры.

Заўвага. Зьмяшчаем гэты ліст, па-першае, з гледзішча на ягоную арыгінальнасьць, а па-другое, гэты ліст сьведчыць, што нашае шырокае грамадзянства ўсё яшчэ няправільна разумее пытаньне кансалідацыі й што гэтая справа патрабуе глыбейшага высьвятленьня й далейшага валкаваньня.