КАРАНАВАНЫ ЗАБОЙЦА

КАРАНАВАНЫ ЗАБОЙЦА

Царэвіч Пётр Аляксеевіч, што некалі прыціхаў перад вучоным манахам Сімяонам, вырас, узышоў на трон і ўзяўся прасякаць вакно ў Еўропу.

У Паўночнай вайне са Швецыяй хаўруснікам расійскага імператара быў вялікі князь літоўскі Аўгуст II. Кіруючыся на сустрэчу з ім у Біржайскі замак, Пётр I у лютым 1701 года на паштовых падводах праязджаў праз Полацк.

Пасля пажараў і разбурэнняў мінулага стагоддзя горад ужо трохі акрыяў. Колькасць будынкаў у ім набліжалася да тысячы. Прыстойны выгляд набылі замкі. У неба падымаліся адноўленыя цэрквы і касцёлы. Зноў набіралі сілу рамесніцкія цэхі. У Экімані пачыналі рабіць лёгкія рачныя судны — «екіманкі»…

Першае з’яўленне Пятра ў Полацку, калі не лічыць грамавых імператаравых тостаў на абедзе, абышлося ціха. А вось другі прыезд… Лепей бы шляхі расійскага ўладара пралеглі дзе-небудзь убаку. Праўда, тады б сёй-той з полацкіх экскурсаводаў не меў бы магчымасці з правінцыйным гонарам казаць, што «в нашем городе останавливался царь Петр I». Шмат хто і сёння не можа ўцяміць, што мемарыяльная шыльда на адной з прыдзвінскіх камяніц, якая нагадвае пра гэта, зневажае нашу нацыянальную годнасць.

Але ўсё па парадку.

Пачатак XVIII стагоддзя зноў зрабіў Літву-Беларусь тэатрам ваенных дзеянняў. Частка магнатаў, узначаленая Сапегамі, падтрымала шведскага караля Карла XII і дапамагла яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі вялікім князем і каралём Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам Рэч Паспалітая займела адразу двух гаспадароў, паміж якімі таксама разгарэлася вайна. Тым часам скандынавы занялі Гарадзеншчыну. Пётр I накіраваў у Беларусь 70-тысячную армію.

Значныя сілы на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым у лютым 1705 года рушылі да Полацка і сталі за горадам вайсковым лагерам. У чэрвені сюды прыехаў сам цар. Ён жыў то ў келлях Спасаўскага манастыра, што належаў тады езуітам, то ў зграбнай, пабудаванай у 1694 годзе мураванцы недалёка ад Богаяўленскага манастыра, на якой цяпер вісіць мемарыяльная дошка. Сто гадоў таму палачане яшчэ маглі бачыць над вокнамі гэтага будынка ляпную выяву двух геніяў, што трымалі ў руках стужку з лацінскім надпісам: «Petrus Primus. Anno Domini MDCCV» — «Пётр Першы. Год Гасподні1705».

Імператар прабыў у Полацку блізу месяца. Тут ён выдаў маніфест, дзе забараняў шляхце збірацца на з’езды або ехаць у Варшаву на зацвярджэнне новага манарха. Парушальнікаў Пётр абяцаў пакараць як здраднікаў Айчыны і «истребить их имения огнем и мечем». Горад цар меўся ператварыць у велізарную фартэцу, умацаванні якой ахоплівалі б замкі, Вялікі пасад, востраў на Дзвіне і прылеглыя ўзвышшы. На плане Полацка 1707 года драўляных сценаў і вежаў ужо няма, а паказаныя бастыёны з зямлі і каменю. Разам з тым царскі генерал фон Вердэн атрымаў загад: у выпадку набліжэння да горада пераважных сілаў шведаў адступіць толькі пасля таго, як узарве полацкія замкі.

29 чэрвеня, у дзень імянінаў, Пётр прыняў ад айцоў-езуітаў запрашэнне паабедаць у іх у калегіуме. Прывітальную прамову цару, яго сыну Аляксею і князю Меншыкаву казаў рэктар Казімір Бельскі. Дакументы дадаюць, што «при заздравном тосте о благоденствии высокого именинника производилась стрельба из пушек, поставленных на площади пред коллегиумом». Таго разу гаспадары зрабілі на імператара неблагое ўражанне (пазней ён падпіша ўказ, якім забароніць езуітам знаходзіцца ў межах Расіі). Падчас абеду Пётр апавядаў рэктару пра свае падарожжы па розных краінах, а потым міласціва назіраў імшу ў езуіцкім касцёле.

Цар не вылучаўся пабожнасцю. Хоць ён і заходзіў у храмы, зняўшы парык, але не цырымоніўся нават з расійскім духавенствам. Што ўжо казаць пра неправаслаўных! Уніятаў Пётр проста ненавідзеў. У хвіліну шчырасці ён сказаў Аўгусту II, што ў Вялікім Княстве Літоўскім павінны застацца толькі «ваша (значыцца, каталіцкая) і наша царква». У Віцебску цар загадаў пасекчы ўсе абразы з выяваю Ясафата Кунцэвіча. Не спадзеючыся на лепшае і ў Полацку, манахі-базыляне (яны мелі тады мужчынскі і жаночы кляштары пры Сафійскім саборы і Барысаглебаўскі ў Задзвінні) адправілі срэбную труну з мошчамі святога Ясафата ў Жыровіцкі манастыр пад Слонімам.

Сваё стаўленне да тагачаснай веры большасці нашых продкаў імператар засведчыў не дзе-небудзь, а ў кафедральным Сафійскім саборы.

Назаўтра пасля імянінаў Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі, ніштавата выпіўшы, зайшоў у галоўны полацкі храм. Простых вернікаў-уніятаў у Сафіі гэтай парою не было, маліліся адно шасцёра святароў і манахаў. Выгляд рахманых чарнарызцаў, якія ў параўнанні з двухметровым імператарам і прыдворнымі не вылучаліся ні ростам, ні дужасцю, надаваў падпітым візітантам смеласці. Цар гучна запатрабаваў зрабіць яму экскурсію па храме.

Вікарый Канстанцін Зайкоўскі мусіў перапыніць імшу і падпарадкавацца. У кожным алтары цар спыняўся, і святар апавядаў пра паходжанне абразоў, з халадком на сэрцы чакаючы, калі яны падыдуць да выявы Ясафата, якую уніяты ўсё ж не знялі.

Адвесці небяспеку было ўжо немагчыма. «Хто гэтатакі?» — зароў Пётр, убачыўшы знаёмае аблічча полацкага арцыбіскупа. Айцец Канстанцін, не страціўшы мужнасці, распавёў пра жыццё і пакутніцкую смерць Кунцэвіча. «Хто ж яго адправіў на той свет?» — дапытваўся імператар з шалёным агнём у вачах. Вікарый цвёрда адказаў: «Святога айца Ясафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі».

Гэтага хапіла, каб цар выцяў немаладога святара пудовым кулаком. Зайкоўскі ўпаў і Пётр пачаў біць ляжачага вікарыя кіем, а потым секчы шабляй. Меншыкаў выхапіў палаш і адным ударам забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага — той якраз прымаў перад алтаром блажэннага Ясафата прычасце. Беручы прыклад з раз’юшанага гаспадара, афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Юзафа Анкудовіча і Мялеція Кандратовіча. Святыя глядзелі з абразоў, як па храме плыве крывавая ручаіна.

Старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага царовы служкі забралі ў свой лагер і ўсю ноч катавалі, патрабуючы паказаць, дзе схаваны саборны скарб. Уранні айца Якуба павесілі. У пятлі сканаў і зранены вікарый Зайкоўскі. Уратаваўся ад каранаванага ката з памагатымі адзін Юзаф Анкудовіч — толькі з тае прычыны, што яго палічылі забітым. Целы пяцярых ахвяр, паводле волі Пятра, спалілі, а попел развеялі над Дзвіной, каб магілы пакутнікаў не сталі месцам паломніцтва.

Забойства святара — найцяжэйшы грэх перад Богам, а калі яно ўчыненае яшчэ і ў храме, падчас набажэнства… Пётр I прэтэндаваў на ролю цывілізаванага манарха, але дзікунскае злачынства ў Сафійскім саборы выстаўляла яго сапраўдным азіяцкім тыранам. Трэба было неяк спыніць непажаданыя размовы пры еўрапейскіх дварах, і на свет нарадзіўся падпісаны царскай рукою мемарыял — выдатны ўзор таго, як у царскай імперыі ва ўсе часы з чорнага бессаромна рабілі белае:

«Униатские духовные непрестанно с неприятели шведы и сапежинцы (прыхільнікі Сапегаў — У.А.) имеют тайную корреспонденцию и опасныя намерения противу войск царского величества… Однако ж его царское величество, уничижая те их злобы и снося великодушием своим, никакой противности им учинить не повелевал. Но последи, егда случилось его величеству итти мимо их костела и желая видеть их церемонии, пошел с несколькими знатными особами двора своего, тогда помянутые злочестивые не токмо его величества с подобающего честью не приняли, но наипаче со всяким безчестием… Еже царское величество, однако ж, по благоутробию своему снес и пришед к некоторому ту паче прочих украшенному образу, вопрошал их: «Чей то образ?» Но сии злочестивцы ругательно отвещали, что сей образ священномученика их Иосафата, котораго де ваши единоверцы еретики и богоотступники и мучители, как и вы, убили. За которую мерзкую хулу возъярився, повелел его царское величество при себе тогда обретающимся людям оных хульников и уличенных изменников взять и привесть за арест для осуждения, изшед сам вон от сих богомерзких. Но оные, видя наших малолюдство, начали сим его царского величества людям противитися и кричать о помощи, так что еще иные к ним из их причету на монастыре со оружием пристали, хотя их отбить, и в том супротивлении некоторых из его царского величества людей ранили; за что оные, озлобясь, начали сами сих злодеев не щадя рубить, так что четыре из них, против воли царского величества, смертельно ранены и померли, избавя себя по отчуждению от достоиной смертной безчестной казни… Сие есть такое истинное возвещение того случая, еже всякому ко известию да служит, дабы клеветники того, ко вреду его царского величества высокой справедливости и приятственных к Речи Посполитой поступков, не могли инако розглашати».

Каб пазбыцца сумнеўнай славы забойцы духоўных асобаў, Пётр пад уплывам свайго хаўрусніка Аўгуста II і з аглядкаю на рымскага папу выдаў полацкім базыльянам універсал на вольную адправу набажэнства і вызваленне кляштарных маёнткаў ад усялякіх павіннасцей. Паводзіны імператара і яго людзей сведчаць, чаго быў гэты дакумент варты. Параненых манахаў, што прыбеглі ў дзень злачынства ратаваць вікарыя ды архімандрыта, цар зняволіў, а Сафію і базылянскія кляштары аддаў на рабаванне салдатам. Тыя выцягнулі з храма ўсе каштоўнасці і тры тысячы злотых, а начальніку полацкага гарнізона прыйшоў загад скаргі «богомерзких» грэка-католікаў не разглядаць.

Выступіўшы перад сабранаю ў Полацк беларускай шляхтай, імператар папярэдзіў: няхай уніяты і надалей не чакаюць літасці. Тут царскае слова не разыходзілася з чынам. Узімку 1707 года да полацкіх айцоў-базылянаў прыйшлі журботныя навіны з Менска. Расійская кавалерыя абчысціла там жаночы уніяцкі манастыр святой Тройцы (ад яго пайшла назва сённяшняга Траецкага прадмесця). Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (цяпер пляц Волі) ды іншых храмаў і кляштараў. Па слядах гэтых рабаўнікоў ішлі царскія казакі і калмыкі. Здабычы засталося мала, таму казакі палезлі і ў цэрквы да аднаверцаў. Менскае праваслаўнае брацтва заклікала месцічаў да зброі, і рабаўнікі атрымалі адпор на Нямізе.

Ад такіх саюзнікаў Беларусь за гады Паўночнай вайны зазнала гора не меней, чым ад шведаў. Продкі апынуліся паміж двух агнёў, і разабрацца, які пячэ мацней, было нялёгка. Нядзіва, што віцябляне прызналі новым валадаром Станіслава Ляшчынскага і таемна паслалі шведскаму каралю сем тысяч талераў. Даведаўшыся пра «здраду», Пётр даў казакам і калмыкам каманду падпаліць места Віцебскае з усіх бакоў. Згарэлі замкі, ратуша, чатыры касцёлы і дванаццаць цэркваў.

Наогул расійскі імператар і яго вяльможы трымаліся на Літве-Беларусі не як хаўруснікі, а як акупанты або, у лепшым разе, глядзелі на яе, быццам на сваю вотчыну. Магілёўскі ігумен Арэст пакінуў запіскі пра побыт у горадзе князя Меншыкава. Яны дазваляюць уявіць, як тое магло адбывацца і ў Полацку.

Князь і вялікая світа ехалі ў Магілёў з азіяцкаю пышнасцю на вярблюдах і мулах. Каб залагодзіць небяспечнага госця, магістрат сустрэў яго хлебам-соллю, бочкаю вугорскага віна і багатымі дарункамі. Усё было марна. Афіцэры па-гаспадарску сталі на пастой у дамах у заможных месцічаў, а князь з дваром уладкаваўся ў замку і запатрабаваў ад горада ўзяць на сябе поўнае, «ад вялікіх да малых патрэбаў», забеспячэнне расійскага войска.

«3 прычыны загаду, — піша ігумен Арэст, — дастаўлялі князю віно венгерскае і французскае бочкамі, мёд і піва варамі, капусту і соль бочкамі, штодзённа вала жывога, колькі дзесяткаў бараноў, гусей і курэй статкамі і чародкамі, хлеба сітнага і ружовага на ўсякі дзень па 100 булак, гарэлкі простай і наліўкі моцнай меркамі, мыла на мыццё бялізны па колькі дзесяткаў фунтаў на тыдзень, рыбы прасольнай вазамі, а жывой — колькі магчыма было даставаць, рыбы вяленай пудамі, вострыя прыправы, разынкі, міндаль па колькі дзесяткаў фунтаў, жалеза на каванне коней і акоўку караванаў пудамі, мукі пшанічнай найлепшай меркамі, рыбы асятрыны цэлымі асетрамі і пасечанымі, рыбы саміны на колькі дзесяткаў фунтаў, калачы печаныя штодзённа былі дадзеныя, за выключэннем святочных дзён, штодзённа таксама бліны грачаныя па колькі дзесяткаў і масла каровіна. А таксама, калі чаго-небудзь здарыцца не паставіць, тады магістрацкія асобы браны пад варту і экзекваваны, штрафаваны».

Магілёў дачакаўся і падзякі за гасціннасць. Горад, што лічыўся тады адным з найпрыгажэйшых у Еўропе, быў разрабаваны і дашчэнту выпалены. На працягу месяца па царовым загадзе былі таксама спаленыя Орша, Быхаў, Мсціслаў… Менавіта Пётр загадаў знішчыць замак Белы Ковель у Смалянах пад Оршай, руіны якога і сёння нагадваюць пра нашага «саюзніка».

Цар Пётр пакараў і саму святую Сафію. Адразу па забойстве пяці святароў, храм апячаталі і зрабілі вайсковым складам. Тут трымалі амуніцыю, а часам і коней. Полацкі грэка-каталіцкі ігумен Лаўрэн пісаў у Рым папу: «Не толькі кляштар дагэтуль заняты маскавітамі, але нават сама кафедральная царква, апаганеная зверскім забойствам манахаў, пазбаўленая столькі гадоў магчымасці адпраўляць святыя малітвы і даваць святое прычасце верным уніятам, бо ў выніку выгнання адтуль манахаў з яе выкінулі ўсе царкоўныя рэчы». Праз два стагоддзі Аляксей Сапуноў знойдзе ў архіве Полацкай духоўнай кансісторыі запіс пра тое, што пятроўскі камендант Озераў забраў цудатворны абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі «в серебряной, позолоченной ризе, украшенный крупными драгоценными камнями».

Гэты факт рабавання пацвярджаецца і полацкім інвентаром 1712 года: «Чудотворный Образ Пресвятой Девы, находившийся в Кафедральной церкви Полоцкой, увезен комендантом Озеровым в Смоленск».

У сутарэннях сабора мясцілася царскае парахавое сховішча.

Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра. I такая іскра ўспыхнула 1 траўня 1710 года, якраз напярэдадні — дзіўнае супадзенне! — адыходу з Полацка расійскіх войскаў.

Выбух знішчыў сцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў калоны і скляпенні. Куродымныя руіны трыццаць гадоў стаялі на Верхнім замку, выклікаючы ў сэрцах у палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія страты роднай зямлі.

За Паўночную вайну трохмільённы беларускі народ скараціўся на восемсот тысяч.

Зрэшты, першы расійскі імператар, як вядома, не цырымоніўся і са сваімі падданымі. «Дабы защитить Отечество от врагов, Пётр опустошил его больше всякого врага», — пісаў Васіль Ключэўскі.

У палітычным запавеце цар адкрыта сказаў, што народ трэба трымаць у беднасці, бяспраўі і непісьменнасці, каб лягчэй выкарыстоўваць і «расходовать» яго на дзяржаўныя патрэбы.

Сучасны расійскі гісторык Ігар Буніч наогул бачыць у асобе Пятра крывавага маньяка. Згадваючы шматлікія пакаранні смерцю (напрыклад, насельніцтва сібірскага горада Тараўца, «уличенное в расколе», воляю цара было ўсё цалкам, улучна з немаўлятамі, пасаджанае на палі), Буніч падае і такі факт: «У прысутнасці імператара дваццацідвухгадовай дзяўчыне (прыдворнай красуні Марыі Гамільтон. — У. А.), нягледзячы на яе маленні, адсякаюць галаву. Пётр бярэ мёртвую галаву з эшафота, цалуе яе ў вусны, нечакана для ўсіх падымае над натоўпам і пачынае чытаць лекцыю з анатоміі, тлумачачы, «какая жила в голове для чего предназначена»».

У Полацк вярнулася толькі малая частка месцічаў, рассеяных ліхалеццем па свеце.

У 1716 годзе сойм Полацкага ваяводства паслаў у Вільню дэпутацыю з просьбаю вызваліць горад ад падаткаў. Ён так збяднеў, што абраныя праз дзесяць гадоў бурмістры не мелі за што паехаць на зацвярджэнне да войта. Даваеннай колькасці насельніцтва Полацк дасягнуў адно ў 70-я гады XVIII стагоддзя, калі ў ім зноў налічвалася блізу тысячы дамоў.

1738 год у полацкіх аналах пазначаны пачаткам адбудовы святой Сафіі. Нялёгкі клопат усклаў на сябе уніяцкі арцыбіскуп Фларыян Грабніцкі — ужо за адно гэта ён варты нашай удзячнасці. На запрашэнне ўладыкі Фларыяна з Вільні прыехаў вядомы ў Вялікім Княстве дойлід Ян Глаўбіц.

Перад выбухам парахавога сховішча Сафія мела выгляд храмафартэцы з прысадзістымі вежамі. У 1750 годзе сабор канчаткова набыў добра знаёмае нам сучаснае аблічча і стаў выдатным помнікам архітэктуры так званага віленскага барока. Я. Глаўбіц і кіраўнік муляраў Б. Касінскі ўштукавалі ў новы храм падмурак і часткі сценаў ранейшай Сафіі — не столькі дзеля эканоміі, як з павагі да старажытных дойлідаў а яшчэ — каб паказаць пераемнасць уніяцтва ў дачыненні да праваслаўя.

Новы сабор павінен быў сцвярджаць самастойнасць і сілу уніяцкае веры.

Ад яруса да яруса імкнуць у вышыню вежы, якія робяць усю велічэзную спаруду зграбнай і лёгкай. У суладнасці са знешнім абліччам — унутранае: багатая ляпніна, васьмікалонны алтар. 3 блакітнага нябеснага астраўка над ім глядзіць Тройца: Хрыстос і Саваоф, над якімі ўвасабленнем Святога Духа лунае голуб.

Цёплая палевая афарбоўка сценаў урачыста спалучаецца з пазалотаю і белым колерам алтароў. Напрыканцы ХIX стагоддзя гзымсы (карнізы) галоўнага алтара яшчэ былі ўпрыгожаныя скульптурамі святых. У 1752-1768 гадах побач з саборам падняліся, утвараючы з ім адзіны ансамбль, трохпавярховыя карпусы мужчынскага базылянскага кляштара, знішчаныя ўжо ў XX стагоддзі.

Адноўленая, а дакладней, нанова пабудаваная Сафія шмат пабачыла. Была здратаваная Унія, прыйшлі праваслаўныя, якія, між іншым, занядбалі храм да таго, што ў час пераносу мошчаў святой Еўфрасінні набажэнствы там адбываліся толькі адзін месяц на год.

За савецкім часам сабор служыў то збожжасховішчам, то архівам. Была ідэя стварыць там музейную экспазіцыю, але пасля палічылі, што для музея Полацку хопіць і разоў у дзесяць меншай лютэранскай кірхі.

У Другую сусветную вайну вежы Сафіі зрабіліся арыенцірамі для артабстрэлаў і бамбавання, у выніку якіх амаль дазвання быў разбураны гістарычны цэнтр горада, што потым спісалі на нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адраджэнне Сафіі да новага жыцця палачане святкавалі ў 1983-м, калі храм стаў канцэртнаю залай. Цяпер тут выступаюць славутасці з усяго свету, а на першым канцэрце ў выкананні мінскага ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле» гучалі творы эпохі барока, створаныя уніяцкімі кампазітарамі ў XVII стагоддзі.

За ўзнёслыя пачуцці, што ахопліваюць нас сёння ў храме, мы павінны дзякаваць і Яну Глаўбіцу, і аўтару праекта рэстаўрацыі Валерыю Слюнчанку. (Паводле яго ж праектаў у Полацку аднаўляліся Богаяўленскі і Крыжаўзвіжанскі саборы.) Поруч з беларускімі рэстаўратарамі ў Сафіі працавалі спецыялісты ў ляпніне з Летувы і арганныя майстры з тагачаснай Чэхаславакіі.

Паміж праваслаўнымі і ўніятамі раз-пораз узнікаюць спрэчкі, каму з іх у будучым быць у саборы гаспадарамі. На маю ж думку, Сафійскі сабор павінен належаць нам усім. Вернікі розных канфесій маглі б у вялікія святы па чарзе адпраўляць набажэнствы, як гэта робіцца ў ерусалімскіх храмах, а атэісты прыходзілі б у храм высокага мастацтва. Толькі тады Сафія будзе не яблыкам разладу, а сімвалам адзінства і велічы Полацкай зямлі, сімвалам адраджэння ўсёй Беларусі.

Тут, у саборы, дзе лекуе душу сімфонія архітэктуры і колераў, музыкі і скулыітуры, нескладана перанесціся праз два з паловаю стагоддзі і ўбачыць, як каля амбоны прыпыніўся ў задуменні Фларыян Грабніцкі. Ён застаўся ў гісторыі будаўніком новага храма і дбайцам пра ўнію, чалавекам цвёрдым інезалежным, які не баяўся змагацца нават з усемагутнымі езуітамі.

Бацькам будучага полацкага уніяцкага ўладыкі, народжанага ў 1684 годзе, быў беларускі шляхціч з Полацкага ваяводства. Пасля Віленскага універсітэта Фларыян атрымаў ступень доктара багаслоўя. У трыццаць два гады стаў біскупам віцебскім, у трыццаць пяць заняў полацкую арцыбіскупскую кафедру. Яго з пашанай прымаў папа Бенядыкт XIII.

Тамсама, у Рыме, палачанін блізка сышоўся з кардыналам Ламберціні, якога потым абралі папам пад імем Бенядыкта ХIV. Сведчанне іх сяброўства — выдадзеная гэтым папам у 1747 годзе (тады Ф. Грабніцкі быў узведзены ў сан мітрапаліта) гэтак званая «Полацкая» індульгенцыя. Яна давала вызваленне ад усіх грахоў і пакаранняў тым, хто «на працягу якогане-будзь года дванаццаць разоў наведае прызначаныя мясцовым біскупам сем алтароў у Полацкай мітрапалітавай Сафійскай царкве ва ўстаноўленыя біскупам дні і шчыра памоліцца пра мір хрысціянскіх валадароў, выкараненне ерасяў і ўзвышэнне Рымскай царквы». У канцы індульгенцыі папа Бенядыкт дадаваў: «Такое пілігрымства роўнае таму, калі б нехта асабіста наведаў сем алтароў у базіліцы князя апосталаў (гэта значыць, у саборы святога Пятра. — У. А.) у Рыме».

Грабніцкі паспяхова і мірна перавёў у унію праваслаўных жыхароў Барысава. Ён быў адной з галоўных дзейных асобаў на царкоўным саборы ў 1720 годзе ў Замосці. Сабор вядомы тым, што ўніяты пагадзіліся на ім з некаторымі рымскімі дагматамі: пра сыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Бацькі, але і ад Бога-Сына; пра бязгрэшнасць рымскіх папаў; пра невядомы праваслаўным чысцец, дзе душа ачышчаецца ад грахоў, каб трапіць у рай. Было таксама ўстаноўленае свята ў гонар святога Ясафата Кунцэвіча. Пасля сабору ва уніяцкіх храмах пачалі здымаць іканастасы. Да адыходу ад праваслаўя не столькі прычыняліся намаганні Рыма, колькі штурхала агрэсіўная палітыка, якую вялі ў дачыненні да Літвы-Беларусі праваслаўныя расійскія цары. У той час пераважная большасць палачанаў, як і ўсіх беларусаў, малілася Богу ўжо ва ўніяцкіх храмах.

Уладыка Фларыян нястомна клапаціўся пра ўмацаванне базылянскага ордэна, і гэта прывяло яго да барацьбы з полацкімі езуітамі. Мітрапаліт лічыў, што кароль і вялікі князь літоўскі Сцяпан Батура перадаў ім маёмасць праваслаўных манастыроў незаконна. Доўгі судовы працэс, паводле адных звестак, уладыка выйграў а паводле другіх — прайграў і быў абавязаны заплаціць 60 тысяч злотых судовых выдаткаў. Спрэчку канчаткова вырашыў папа — загадаў абодвум бакам захоўваць «вечнае маўчанне».

Памёр мітрапаліт у 1762 годзе ў сваёй рэзідэнцыі ў Струні пад Полацкам. У апошні шлях уладыку праводзіў увесь горад. Месцам яго пахавання стаў храм Сафіі, з чыёй амбоны Грабніцкі выступаў з пранікнёнымі казаннямі.

Гісторыя ўладыкі Фларыяна атрымала нечаканы працяг у XX стагоддзі. У 1913 годзе будаўнікі знайшлі замураваную ў сцяне сабора з левага боку ад алтара труну з прахам высокай духоўнай асобы. Па горадзе папаўзлі розныя чуткі, паляцелі тэлеграмы ў Пецярбург. На агляд знаходкі ў Полацк прыехаў прадстаўнік Віцебскай вучонай архіўнай камісіі Аляксей Сапуноў.

Нішу адчынілі ў прысутнасці святароў, мясцовых краязнаўцаў, гарадскога галавы і паліцмайстра. У драўлянай, абабітай брунатным аксамітам труне са срэбным пазументам ляжаў чалавек у мітрапаліцкім уборы. На грудзях у яго быў срэбны з пазалотаю крыж з гнёздамі пад рэліквіі, на правай руцэ — залаты пярсцёнак з сердалікавым каменем. Выразаны на ім герб дакладна паўтараў герб з пячаткі «стаўленай граматы» 1747 года, што пачыналася словамі: «Флориан Гребницкий, Божиею и Святого Апостольского Римского Благодатию, Архиепископ Полоцкий, епископ Витебский, Мстиславский, Оршанский и Могилевский, Трону Папесскаго Ассыстент», а канчалася подпісам: «Флориан, Архиепископ Полоцкий рукою власною». Дзеля сучасных аматараў пошуку старадаўніх скарбаў дадам, што пярсцёнак, нагрудны крыж і астатнія каштоўныя рэчы з пахавання А. Сапуноў забраў у архіўную камісію.

На календары была сярэдзіна XVIII стагоддзя.

Два разы на год у Полацку па-ранейшаму збіраліся кірмашы. На іх гралі самадзейныя і прафесійныя аркестры, якія былі ў шмат якіх беларускіх гарадах і мястэчках. Людзей пацяшалі выхаванцы Смаргонскае акадэміі — так называлася радзівілаўская муштроўня мядзведзяў, адкуль павадыры вадзілі бурых цыркачоў па дарогах Еўропы, даходзячы да Парыжа. Касалапыя танцавалі мазурку, паказвалі, як вяртаецца з хрэсьбінаў дзячок, як дзеляць чубы падпітыя наведнікі Бэркавай карчмы, і мноства іншых абразкоў з паўсядзённага жыцця, ад якіх усе браліся за жываты.

Гледачоў збіраў і народны лялечны тэатр — батлейка, ці, як яе называлі ў Прыдзвінні, жлоб. Гэта была даволі складаная канструкцыя, якая знешне нагадвала двух’ярусную царкву з трыма купаламі. У адных вакенцах публіка бачыла лялькі, у другіх, заклееных прамасленай папераю, рухаліся цені. У жлобе ставілі біблейныя сцэны — уцёкі ў Егіпет, падарожжа вешчуноў, паход цара Ірада.

Да кірмашовых і святочных дзён прымяркоўвалі спектаклі школьныя тэатры. Дарэчы, на Полаччыне, у Забельскім дамініканскім калегіуме (вёска Валынцы цяперашняга Верхнядзвінскага раёна) у 1789 годзе была пастаўленая першая беларуская аперэта — «Апалон Заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас».

Полацкія кірмашы былі ўжо не такія багатыя і шматлюдныя, як некалі. Горад займеў магутнага канкурэнта — Санкт-Пецярбург. Даўней купцы глядзелі на Полацк, як на мэту свайго падарожжа, цяпер ён стаўся толькі прыпынкам на шляху ў новую расійскую сталіцу.

Тым не меньш, наша Прыдзвінне яшчэ заставалася значным партнёрам Рыгі і іншых гандлёвых цэнтраў. Меркаваць пра тагачасны асартымент экспарту дазваляе пашпарт, выдадзены ў лютым 1719 года падскарбіем і земскім пісарам Вялікага Княства Літоўскага Міхалам Катлом знаёмаму нам арцыбіскупу Фларыяну Грабніцкаму. Полацкі ўладыка атрымаў дазвол сплавіць у Рыгу два «ўласнаручна нагружаныя» (чым, на жаль, не сказана) стругі, а назад уверх па Дзвіне падняць на гэтых стругах 20 ластаў солі, дзве піпы (выцягнутыя бочкі) віна з дзіўнаватаю назваю «Секта», чатыры бочкі віна заморскага або французскага, дзесяць скрынак шкла, 100 штаб жалеза, 30 паставоў сукна-люндыша і розных усходніх прыправаў на 500 злотых. Праз два месяцы падскарбі даў гандлёвы пашпарт віцебскаму кашталяну Марцыяну Агінскаму, які падрыхтаваў да сплаву ў Рыгу на шасці стругах і дзевяці шкутах 160 бунтоў[14] пянькі, 600 бочак канаплянага семя, 20 бунтоў фрахтовай купецкай пянькі і 200 бочак семя льнянога…

Весткі з суседняй дзяржавы прыходзілі пераважна застрашлівыя. Вакол Масквы лютавалі разбойнікі. Урад вёў сапраўдную вайну са стараверамі, якіх палілі, выкопвалі з магіл і кідалі сабакам. Паспаліты люд не меў чым пасаліць лусту хлеба, дый самога хлеба было ў адшчык. Пятрова «дщерь» імператрыца Лізавета рвала языкі тым, хто сказаў неасцярожнае слова пра яе ці пра выпісанага ёю сабе на замену немца.

Пётр III завёў у войску палачную дысцыпліну. За дробную правіну салдат мог атрымаць смяротную «норму» ў дзве-тры тысячы ўдараў. Цар не толькі выбіваў душы са старых грэнадзёраў, але і лупцаваў прыдворных, прычым самых знакамітых — Нарышкіных, Строганавых. Шляхціч Вялікага Княства Літоўскага не прысніў бы такога і ў страшным сне, бо войска ў нашай дзяржаве было прафесійнае, а дваранства — свабодным станам, а не «холопами государевыми».

У Рэчы Паспалітай манархаў выбіралі, у Расіі — забівалі. Пятра III прыхільнікі Кацярыны браты Арловы зарэзалі кінжалам, а потым яшчэ, дзеля пэўнасці, і душылі. Твар у нябожчыка так учарнеў, што, калі яго выставілі перад пахаваннем у Аляксандра-Неўскай лаўры, людзі ў глаху адхістваліся ад труны: там ляжаў не імператар, а чарнаскуры эфіоп. Пецярбуржцы шапталіся, быццам хаваюць не цара, а яго арапа-камердынера. Народу «высочайше» паведамілі, што «бывший император волею Божьей внезапно скончался от геморроидального припадка и прежестокой боли в кишках». Спыняцца каля дамавіны было забаронена, гэтаксама як і сумнявацца ў афіцыйным тлумачэнні смерці. Парушальнікі пазбаўляліся языка і навечна ехалі ў Сібір.

Дадзім права сказаць пра тагачасныя парадкі ў імперыі расійскаму даследчыку Тэльбергу, які ў 1912 годзе выдаў кнігу «Законность в России». «При московских царях, — піша ён, — круг политических преступлений допускал широкое толкование. К ним относилось все, что таковым считал носитель верховной власти… Извещение о «государьских лиходеях» почиталось нравственным долгом. Постепенно политический извет обрел черты обязанности, подкрепленной угрозой: уклонившегося от доноса «казнити смертию безо всякия пощады». Если жены и дети «тех изменников про тое измену ведали, и их по тому же казнити смертию. А буде кто изменит, а после его в московском государстве останутся отец или мати, или братья родные и неродные, или дядья или иной кто в роду, да буде допряма сыщется, что они про измены ведали, и их казнити смертию»». Злачынцаў трэба было хапаць хутка і таемна — «ночным временем, чтобы никому не было ведомо».

Ад царскіх законаў і ад голаду, ад прыгоннага ўціску ў Вялікае Княства з Расіі штогод уцякалі тысячы людзей. Цэлымі сёламі ў суседнюю талерантную краіну перасяляліся стараабрадцы. Шмат з іх асела на Полаччыне, напрыклад, у вёсцы Жарцы, дзе і цяпер жывуць іх нашчадкі, якіх дагэтуль называюць маскалямі. Вядома, што ў 1763 годзе ў адным толькі Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага жыло блізу 50 тысяч уцекачоў з адарванай ад нашай дзяржавы ў 1667-м беларускай Смаленшчыны.

Пра гэта савецкія «герадоты», зразумела, маўчалі, старанна вышукваючы нешматлікія прыклады перасялення ў адваротным напрамку або проста падтасоўваючы факты. Між тым расійскі гісторык С. Салаўёў піша, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ўрад імператрыцы Лізаветы Пятроўны вымагаў ад сойма Рэчы Паспалітай вярнуць мільён (!) уцекачоў. Але дыпламатычныя дэмаршы ў імперыі ва ўсе часіны былі другарадным палітычным сродкам. У 1735 годзе царскі палкоўнік Сыцін напаў на памежны літоўскі-беларускі горад Ветку, дзе сяліліся стараверы, захапіў 14 тысяч уцекачоў і пагнаў іх на здзекі назад у Расію. Гэты рэйд быў не адзіны. Як бачым, калі звярнуцца да фактаў, выдумка аб нечуваным прыгнёце праваслаўных у Рэчы Паспалітай увачавідкі распаўзаецца па швах.

3 другой паловы XVIII стагоддзя ў расійскіх архівах захавалася багата дакументаў, у якіх царскае чынавенства і памешчыкі памежных губерняў тлумачаць падставы шматтысячных перасяленняў сваіх сялянаў у Літву-Беларусь. Пскоўскія землеўладальнікі бачылі прычыну ў тым, што «в России крестьяне подвержены как государственным податям, так и прочим разным отягощениям». Дваране суседняга з Полаччынай Апочацкага павета ўдакладнялі: «…всем в России живущим крестьянам ведомы литовские поведения, что всякии их житель по их вольности имеет винную, соляную продажу и что у них набора рекрутского не бывает, равно и сбора для платежа казенных податей». На пачатку свайго царавання Кацярына II атрымала ад сенатара П. Паніна дакладную запіску з падрабязным пералікам «обстоятельств, делающах поползновения к побегам из России»: «строгость духовенства к раскольникам»; наборы рэкрутаў ды іх утрыманне, як скаціны, «до отправления к полкам»; «ничем не ограниченная помещичья власть с употреблением подданных в работы, не только превосходящае примеры ближних заграничных жителей, но частенько у многих выступающих из сносности человеческой»; «возвышение цен без уважения ближнего заграничного примеру соли, без коей никто питаться не может» і гэтак далей. Значыцца, хітравалі тыя памежныя памешчыкі, якія даносілі ў Пецярбург, што іх халопы ўцякаюць «безо всякого от владельцев своих отягощения и безо всяких на то резонов», ды яшчэ і «клевещут на господские тяглы».

Жыхарам Полацка цяжка было даць веры аповедам купцоў ды расійскіх перасяленцаў пра норавы пецярбургскага двара.

Новая імператрыца Кацярына II каханкаў нібыта мяняла хутчэй, чым уборы. Казалі — і гэта была праўда, — што ў палацы побач з яе апачывальняй ёсць адмысловы пакой, дзе ўвесь час напагатове чакае свае хвіліны нехта з фаварытаў. Спіс іх бясконцы: ад братоў Салтыковых з арыстакратычнага роду да каханка на адну ноч — якога-небудзь бамбізы-грэнадзёра, ці грубніка Чарназубава, які аднойчы ўначы запаліў пагаслы камін, а потым на просьбу царыцы сагрэў яе яшчэ і ў ложку, за што ўранні атрымаў званне палкоўніка, спадчыннае дваранства, прозвішча Цяплоў, 10 тысяч прыгонных і загад неадкладна пакінуць Пецярбург.

Кацярына разлічвалася з каханкамі з дзяржаўнай казны, а таму грошай не шкадавала. Казалі, у аднаго з чарговых фаварытаў — Корсакава (яго сваяк сенатар Рымскі-Корсакаў на пачатку мінулага стагоддзя валодаў вёскаю Бяздзедавічы, што побач з сучасным Наваполацкам) — раніцою пасля першай ночы з царыцаю страшэнна сапсаваўся настрой. У шуфлядзе стала ён знайшоў нібыта адно 100 тысяч асігнацыямі, а чуў што Пацёмкіну за тыя самыя паслугі імператрыца адразу адваліла мільён. Удзельнік забойства Пятра III Рыгор Арлоў зарабіў графскі тытул, а таксама званні сенатара, генерал-ад’ютанта, генерал-аншэфа і гэтак далей. Узяўшы з дзяржаўных сродкаў два мільёны «на паляпшэнне артылерыі», палову ён прагуляў з выляжанкамі, а другую падараваў Кацярыне, якая за гэта расстаралася яму тытул князя Рымскай імперыі.

Безумоўна, жыццё імператрыцы не абмяжоўвалася алькоўнымі забавамі. Яна мела добрую адукацыю, пакінула даволі цікавыя літаратурныя і гістарычныя творы, ліставалася са слыннымі вальнадумцамі Вальтэрам і Дзідро.

Зрэшты, услаўленне свабоды ў лістах да знакамітых французаў не замінала царыцы канчаткова запрыгоніць сялянаў, якіх пры ёй пачалі называць рабамі. Яна забараніла вучыць мужыкоў і іх дзяцей грамаце. Раб, паводле закону, не мог скардзіцца на рабаўладальніка. Расійскія памешчыкі мелі права ссылаць сялянаў у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, на заўсёды разлучаючы маці з дзецьмі, мужа з жонкаю. Пецярбургскія і маскоўскія газеты друкавалі аб’явы аб продажы, дзе людзі стаялі ў адным пераліку з пародзістымі сабакамі. Памешчыца Салтычыха вытанчанымі катаваннямі звяла са свету 127 прыгонных дзяўчат. Іх пахаваў не паведамляючы ўладам, поп з яе вотчыны. Кацярынінскія фаварыты ў атрыманых маёнтках заводзілі больш цывілізаваныя парадкі. Румянцаў напрыклад, забараніў даваць сваім рабам болей за 1700 бізуноў.

Імператрыца нецярпліва ставілася да ўкраінцаў: запрыгоніўшы іх, яна зачыніла ўсе школы, якія былі амаль у кожным сяле. Аднак раз-пораз з-пад яе пяра выходзілі і надзвычай дэмакратычныя ўказы накшталт загаду мужчынам і жанчынам мыцца ў лазнях не разам, як раней, а паасобку. Або накшталт дазволу мастакам вольна заходзіць у народныя лазні, каб вывучаць чалавечае цела «по живым моделям».

Скінуўшы Людовіка XVI, французскія рэвалюцыянеры-рэспубліканцы папрасілі ў царыцы партрэт — на знак яе спачування вальтэр’янскім ідэям. «Самая аристократическая из европейских императриц никогда не пошлет своего портрета людям, свергнувшим монархию», — пагардліва адказала яна.

Расію душыла самаўладдзе, чый партрэт мужна намаляваў Аляксандр Радзішчаў: «Чудище обло, озорно, огромно, стозевно и лаяй». Рэч Паспалітая была, па сутнасці, шляхецкай рэспублікай. Гэта падкрэслівала сама назва: найменне «рэч паспалітая» цалкам адпавядае лацінскаму res publica.

Шляхты ў Вялікім Княстве адносна да ўсяго жыхарства было значна болей, чым у іншых еўрапейскіх дзяржавах: 10-12 працэнтаў. Пераважная яе частка належала да так званай засцянковай або шарачковай, што мела герб і права насіць шаблю, але не мела прыгонных. Пра такога шляхціча Упадзімір Караткевіч пісаў, што ён араў сваё поле «высакародна», а гной з хлява на палетак вёз, уторкнуўшы побач з сахаром дзедаўскую шаблю. Тым не менш, значная частка нашых продкаў была асабіста незалежная і магла вырашаць мясцовыя і дзяржаўныя справы, засядаючы на павятовых, ваяводскіх і дзяржаўных соймах.

Не будзем ідэалізаваць шляхецкую дэмакратыю: яна мела і адваротны бок — анархію. Раней сойм Рэчы Паспалітай прымаў пастановы большасцю галасоў, аднак з 1652 года ўступіла ў дзеянне права «liberum veto» — «вольнае забараняю» (рашэнне прымалася толькі ў выпадку аднадушнага галасавання). Які небудзь падкуплены лепельскі шляхціч гарлаў «Вета!», і пастанова не праходзіла.

У 1652-1764 гадах былі сарваныя сорак чатыры соймы з васьмідзесяці. Калі разгаралася спрэчка паміж магнацкімі групоўкамі, дэпутаты пускалі ў ход зброю і колькі дзяржаўных мужоў зазвычай перасяляліся на той свет. Шабельным звонам часта канчаліся і павятовыя ды ваяводскія соймікі. Каб дасягнуць патрэбнага аднагалосся, збітую апазіцыю выкідвалі праз дзверы, але «Вета!» гучала з вокнаў, а адзін полацкі шляхціч прымудрыўся вярнуцца ў залу пасяджэнняў ваяводскага сойма праз камінны дымаход.

Статут 1588 года, што дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім, быў непараўнана больш прагрэсіўны, чым законы Расійскай імперыі, ды выкананню яго нормаў часта замінала феадальнае самавольства. У сваіх уладаннях магнаты трымалі ўласныя войскі і нярэдка вялі з фамільнымі ворагамі сапраўдныя войны. Шляхта, гледзячы на гэта, учыняла напады на суседзяў — пра адзін з іх распавёў у «Пане Тадэвушы» Адам Міцкевіч. Такія наезды, ад якіх пакутавалі найперш сяляне, былі ў XVIII стагоддзі звычайнаю з’яваю і ў Полацкім ваяводстве. Пра амаль поўную незалежнасць багатых беларускіх родаў ад караля і вялікага князя гаворыць тагачасная прымаўка: «Кароль у Варшаве, а Радзівіл у Нясвіжы».

Да ўсяго іншага Рэчы Паспалітай не шанцавала з манархамі. Памёр колішні хаўруснік Пятра I у Паўночнай вайне Аўгуст II. На троне мог замацавацца Станіслаў Ляшчынскі, за якога выступала і Полацкае ваяводства, аднак гэты прэтэндэнт не задавальняў Санкт-Пецярбург. У Літву-Беларусь зноў прыйшло расійскае войска. Як досыць дасціпна пісаў у сваіх дэпешах адзін тагачасны царскі генерал, «присутствие наших солдат придает соответствующее направление мыслям здешних жителей».

Апрача таго, на лёсе Полацка і Прыдзвіння чорнай пячаткаю адбіліся голад ды паморкі 1741-1746 гадоў. А яшчэ — спрадвечнае полацкае няшчасце — пажары. На працягу XVIII стагоддзя горад гарэў пяць разоў — у 1708, 1738, 1750, 1757 і 1770 гадах.

Царскія штыкі ўзвялі на варшаўскі трон Аўгуста III. Новы вялікі князь і кароль з амаль трыццаці гадоў валадарання жыў у дзяржаве гады два, прыязджаючы сюды адно на паляванні і соймы, а астатні час бавіў у роднай Саксоніі. Ён не лічыў патрэбным вывучыць мову хоць бы аднаго з падуладных народаў, затое не шкадаваў іх грошай на карціны для славутай цяпер Дрэздэнскай галерэі.

За часам Аўгуста III краіна трыццаць гадоў жыла без войнаў. Але гэты шанец не быў выкарыстаны на ўмацаванне дзяржавы. Рэч Паспалітая (а ў ёй найперш Літва-Беларусь) перастала быць полем бітваў, аднак ператварьтася ў прахадны двор для іншаземных армій. Яшчэ ў 1717 годзе Расія дабілася згоды сойма Рэчы Паспалітай на сваю ваенную прысутнасць і апеку «над ладам дзяржавы».

Адначасова працягвалася зацятая барацьба магнацкіх родаў, якія былі нярэдка цалкам пазбаўленыя патрыятычных пачуццяў і не толькі варагавалі між сабою, але часта служылі інтарэсам варожых дзяржаў. Дробная ж шляхта, збітая з панталыку магнацкімі ўсобіцамі, усё больш уяўляла сабою небяспечную непадуладную нікому стыхію. Магутны некалі будынак Рэчы Паспалітай быў спрэс паточаны шашалем. Караля-немца гэта не абыходзіла.

А на свет ужо прыйшоў беларус па крыві Станіслаў Панятоўскі, што стане апошнім у гісторыі вялікім князем літоўскім і польскім каралём.

Жыццёвы шлях Станіслава дзіўным чынам пераплёўся з лёсам Кацярыны II. Яны пазнаёміліся, калі тая яшчэ не займала трона, спадабаліся адно аднаму і зрабіліся каханкамі. Абаіх натхняла, здаецца, сапраўднае пачуццё. Шмат каму з сучаснікаў і ў голаў не прыходзіла назваць Кацярыну прыгожай. А вось Панятоўскі пакінуў у сваіх нататках такі яе партрэт, ад якога не адмовілася б любая красуня. Пазнаёмімся з ім, бо ў наступным раздзеле нам давядзецца гуляць побач з імператрыцаю (праўда, ужо пастарэлаю) па полацкіх вуліцах. «Яна брунетка з асляпляльна белаю скурай — піша будучы кароль пра будучую царыцу. — Бровы ў яе чорныя і вельмі доўгія, нос грэцкі, рот як быццам кліча да пацалунка, рост я назваў бы высокім, талія тонкая, лёгкая хада, мілагучны голас і вясёлы, як і характар, смех. Яна лёгка пераходзіць ад гарэзлівай гульні да сур’ёзнай табліцы лічбаў, якія яе зусім не палохаюць». Перад Калядамі 1758 года будучая царыца нарадзіла ад свайго Стася дзяўчынку, але дзіця неўзабаве памерла.

Кацярына і Станіслаў кахаліся. Кароль Аўгуст III збіраў карціны і слухаў музыку. А гадзіннік гісторыі ўжо пачаў адлічваць апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай.

Польскія гістарыёграфы любяць традыцыйна называць яе краінаю Двух Народаў. Мы цудоўна ведаем, што гэта не так. Добра вядома тое і нашым заходнім суседзям. Самі ж польскія крыніцы падаюць звесткі, згодна з якімі ў межах Рэчы Паспалітай у 1772 годзе жылі 7,5 мільёна беларусаў і ўкраінцаў, 5,5 мільёна палякаў, 2,1 мільёна яўрэяў 1,9 мільёна літоўцаў (жамойтаў) і 200 тысяч расійцаў.

За Аўгустам III Полацк заставаўся галоўным горадам усходняй Беларусі па колькасці уніяцкага, каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Падарожнік бачыў тут самавітыя будынкі базылянскага, езуіцкага, дамініканскага, францысканскага і бернардзінскага кляштараў і храмаў. Кожны ордэн меў свае навучальныя ўстановы, дзе лідэрства ўпэўнена трымаў езуіцкі калегіум. Дзяўчынак-шляхцянак прымалі пансіёны пры кляштарах базылянак і марыявітак. На Дзвіне, паміж местам і Экіманскаю слабодкай, яшчэ існаваў востраў, дзе гаспадарылі езуіты.

Тым часам Кацярына зрабіла Станіслава Панятоўскага вялікім князем і каралём. Забягаючы наперад, зазначым, што яна ж, урэшце, і пазбавіла яго кароны, разарвала на часткі яго дзяржаву, а самога загадала арыштаваць.

Але да гэтага заставалася яшчэ тры дзесяцігоддзі, у якія Рэч Паспалітая паспрабуе разгарнуць крылы, рыхтуючыся ўзляцець, але ў вырашальны момант ёй не хопіць сілаў.

Завітаўшы на пачатку валадарання Станіслава Аўгуста ў Варшаўскі замак, мы маглі б стаць сведкамі славутых «абедаў па чацвяргах», куды вялікі князь і кароль запрашаў інтэлектуальную эліту. Сярод гасцей бывалі і прафесары Полацкага калегіума. Запрошаныя сядалі разам з манархам за круглы стол, што падкрэслівала роўнасць прысутных. Панятоўскі аддаваў перавагу французскай кухні ў яе спалучэнні з лепшымі рэцэптамі старапольскай і старабеларускай. Сярод падаваных страваў былі буракі з вушкамі, кілбасы, вяндліна, пікантныя марынады. Ганаровае месца ў меню абавязкова займала ўлюбёная гаспадарова смажонка з бараніны, якую слуга выносіў на вялізным срэбным сподзе з воклічам: «Баран!» Пры жаданні ў заслугу Панятоўскаму можна залічыць тое, што ў адрозненне ад гасцей ён наталяў смагу не цудоўнымі гішпанскімі вінамі, а свежай крынічнай вадой. Прычым гэта было не толькі традыцыяй «абедаў па чацвяргах». Узышоўшы на трон, Станіслаў Аўгуст абвясціў вайну надзвычай пашыранаму ў Рэчы Паспалітай пры яго папярэдніках п’янству. Нельга сказаць, што змаганне з Бахусам атрымала ўсеагульную падтрымку. Тагачасны паэт Ігнацы Красіцкі вуснамі аднаго са сваіх герояў звяртаўся да вялікага князя з такімі словамі:

Ты адвучыў ліцвінаў весяліцца…

А каб табе ні разу не напіцца!

3 другога боку, знаўца і відавочца той эпохі Лукаш Галембёўскі з ухвалаю пісаў: «За цвярозым Станіславам Аўгустам у выніку лепшага выхавання, высакароднейшых прыкладаў і ўзнёслых пачуццяў п’янства спыняецца».

На вялікі жаль, гэта была адзіная выйграная нашым апошнім манархам кампанія.

Выкарыстоўваючы эканамічную знясіленасць краіны ў выніку шматгадовых войнаў, а таксама феадальную анархію і змаганне розных магнацкіх груповак за ўладу, Кацярына II усё часцей умешвалася ў справы суседняй дзяржавы, дзе амаль бесперапынна стаялі расійскія войскі. Яны пакуль што падтрымлівалі былога каханка яе вялікасці, ды фінал драмы быў зусім блізка.

Пецярбург. 5 жніўня 1772 года. Расія, Прусія і Аўстрыя падпісваюць канвенцыю пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Кацярына забірае сабе ўсходнюю Беларусь з той часткаю Полацкага ваяводства, што ляжала па правы бок Дзвіны.

Полаччына на паўтара стагоддзя трапіла ў кіпцюры двухгаловага царскага арла. Гэта будзе час жорсткага прыгнёту, але разам з тым і час змагання за мову, культуру, за будучую незалежнасць.