1. Паходжаньне беларускага народу

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

1. Паходжаньне беларускага народу

Выясьняючы гэтае пытаньне, трэба ведаць, што паходжаньне беларускага народу ёсьць нячыста славянскае, а мяшанае. Перад прыходам у Беларусь славянскіх беларускіх плямёнаў, яе насялялі ценькай просланьню г. зв. балты, а на поўначы часткава фіны. Гэты субстрат растапіўся ў славянскім беларускім элемэньце, але пакінуў шмат сваіх астачаў так у нашай духовай, як матарыяльнай культуры. Пад напорам беларускіх славянскіх плямёнаў балты часткава падаліся на поўнач, дзе зьмяшаліся зь фінамі й гэткім парадкам паўсталі сяньняшні жмудзкі й латыскі народы. Народу, які мог-бы сяньня ўважаць сябе за прадстаўніка чыстых балтаў, няма. Ды культуры й наагул мінуўшчыны балтаў сяньня маюць прэтэнзіі i беларусы, і жмундзіны, i латышы кажны ў сваім засягу. Калі скончыўся працэс поўнага растапленьня балтаў у Беларусі ў славянскім беларускім элемэньце, сказаць трудна. Аўтар уважае, што канцом яго трэба лічыць канец ХIII ст.

Гаворачы аб беларускіх славянскіх плямёнах трэба да ix залічаць нятолькі крывічоў, радзімічаў i дрыгавічоў, але северанаў, вяцічаў i драўлянаў. Што да першых трох — дык справа ясная, што да северанаў i вяцічаў, дык тут маем нятолькі сьвядоцтва летапісца (радзімічы, северане, вяцічы «один обычай имяху»), але і грунтоўную працу праф. Растаргуева; што да драўлянаў — дык апрача іхняе мінуўшчыны іхнюю беларускасьць сьвярджаюць навейшыя досьледы й між імі ўкраінца Ганцова.