ПЕРАМОЖАЦ АКУНЯ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ПЕРАМОЖАЦ АКУНЯ

Чатыры з лішнім тысячы гадоў назад. На адным з мядзельскіх азёр

Лепшага рыбака, чым Другак, сярод хлопцаў прыазёрнага паселішча не было. Возера i рака тыя ж самыя i вуды ва ўсіх аднолькавыя, а вось у Другака i клюе часцей, i рыба за кручок хапаецца большая.

А яшчэ ён налаўчыўся лавіць рыбу i рукамі, ныраючы пад карчы, пад абрывісты бераг або абмацваючы густыя водарасці. I часам цягаў такім спосабам плотак ці язёў больш, чым іншы няўдаліца вудай. Праўда, можна было па памылцы засунуць руку ў нару да вадзянога пацука...

Зайздросцяць Другаку суседскія хлопцы, а некаторыя навыдумлялі, што гэта дзядуля шапнуў яму чароўнае слова, якім можна прывабіць рыбу.

Толькі ніякага такога слова Другак не ведае. Проста ён вельмі любіць быць каля вады i вывучыў усе звычкі рыбы: i калі жыруе, i якую казюрку ці чарвяка больш падабае, i якія ёй прынаднейшыя мясціны. Таму вось i не вяртаецца з рыбалкі з пустымі рукамі.

Але сёння... Гэта ж трэба, каб так не пашанцавала! Насадзіў на касцяны кручок самага тлустага чарвяка, расправіў, каб не заблыталася, моцную лёску, ссуканую з валасоў хваста ляснога каня, i закінуў вуду ў рэчку пад чаромхавы куст, дзе крыху закручвала ваду i паміж водарасцямі была нейкая прагаліна.

Доўга i не чакаў. Рыбіна глынула спажыву амаль адразу ж i дала нырца ў глыбіню — паплавок толькі боўтнуў i знік пад вадою. Другак мацней ухапіўся за вудзільна, яно ажно выгнулася пад цяжарам здабычы, але... на бераг выцягнулася адна лёска, без рыбіны i нават без кручка. Стрыжань кручка, праўда, застаўся, зазубень жа быў адламаны.

Другак асцярожна зірнуў у ваду i прыкмеціў, як паміж водарасцей плавае вялізны акунь — чарвяк яму спадабаўся. Бачна, чакаў другога. Хлопчык прывязаў да лёскі запасны кручок, начапіў яшчэ тлусцейшага чарвяка. I ўсё паўтарылася спачатку — рыбіна зноў адламала зазубень i глынула разам з чарвяком...

У сапсаваным настроі Другак паглядзеў у бакі. На беразе рэчкі сцішана сядзелі з вудамі іншыя хлопчыкі. Бліжэйшыя краем вока цікавалі за ім. Некаторыя, здавалася, нават пасміхаліся.

Хлопчык скруціў вуду i падаўся да возера. Пачынала прыпякаць.

Рыба i так зараз не будзе брацца, да таго ж не было запасных кручкоў. Другак паплаваў каля трыснягу, а потым лёг на прыбярэжны цёплы пясок. Чакаў, пакуль сонца падымецца ў самую вышыню. Тады рыба пачне хавацца пад карчы9 у траву.

Не цярпелася, бо прыкрае здарэнне з кручкамі не давала супакоіцца. Нарэшце рыбакі з вудамі на плячах i з нізкамі рыбы на лазовых дубцах перайшлі мелкаводдзе каля вытоку рэчкі з возера i падаліся ў паселішча.

Другак перачакаў, калі апошнія хлапчукі зніклі за прыбярэжнымі вербамі, i вярнуўся на рэчку да таго ж чаромхавага куста. У прагаліне паміж водарасцямі было пуста. Акунь адпачываў недзе ў схованцы, ператраўляючы спажыву i другаковы кручкі.

Хлопчык скінуў рубашку, зайшоў вышэй па цячэнню ад куста некалькі крокаў i даў нырца. Цячэнне паволі зносіла ўніз, i ён уважліва аглядаў пад вадою кожны корч i вымоіну ў беразе. Пад каранямі чаромхі прыкмеціў пячорку, a ў ёй тоўсты акунёвы нос, Рыбіна драмала.

Ніжэй куста Другак, як паплавок, выскачыў на паверхню — не хапала паветра. Вылез на бераг, аддыхаўся. Затым нырнуў яшчэ раз. Зараз плыў проста да вымоіны пад чаромхай. Асцярожна прасунуў у яе руку i ўхапіўся за слізкае цела акуня. Рыбіна магутным рыўком тузанулася са сваёй схованкі i кінулася ў глыбіню, цягнучы за сабою хлопчыка, які не адпускаў рук. Другак боўтаў нагамі, стараючыся зачапіцца за які корч. У лёгкіх не хапала паветра, i, як толькі рыбак адпусціў адну руку i пачаў выграбаць на паверхню, акунь крутануўся яшчэ мацней i вырваўся.

Змучаны, абколаты вострымі плаўнікамі акуня, Другак доўга сядзеў на беразе, адпачываючы. Рукамі хлопчык мог лавіць рыбу не горш чым вудаю, але зараз вельмі ж буйная трапілася. Адпачыўшы, хлопчык накіраваўся ў паселішча.

— А дзе ж рыба? — здзівіўся бацька.

— Сарвалася...— неахвотна адказаў хлопчык.— Дай, тата, кавалак старой сеткі. Хачу зрабіць сачок на акуня.

Вярнуўшыся на рэчку, хлопчык асцярожна, каб не плёскаць, апусціўся ў ваду. Учапіўшыся адной рукой за чаромхавы корань, другой падвёў сачок да пячоркі з акунём. Затым засунуў у акунёвую схованку палку, i адтуль, прама ў сачок, кінулася рыбіна. Хлопчык перахапіў сетку каля кольца, i здабыча апынулася ў пастцы. Яна ўжо не магла даць волі дужым плаўнікам i пацягнуць рыбака ўглыб. Другаку даволі легка ўдалося вынырнуць на паверхню і, чапляючыся за галіны куста, выбрацца на бераг. Да грудзей ён моцна прыціскаў сачок з рыбінай.

Хлопчык паважна ішоў праз паселішча, несучы за спіною сачок, у якім яшчэ зрэдку біў хвастом акунь.

Падыходзілі суседзі, мацалі рыбіну i прыгаворвалі:

— Вось малайчына, такога акуня злавіў!

A хлопчыкі беглі следам i прасілі:

— Дай пранесці!

Але Другак не звяртаў на ix увагі.