ЧАРТАРЫЙСКІЯ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ЧАРТАРЫЙСКІЯ

Да вядомых родаў, чыя дзейнасць не абмяжоўвалася выключна беларускай зямлёй, належыць княскі праваслаўны род Чартарыйскіх. Нашчадкі вялікага князя літоўскага Альгерда Гедымінавіча карысталіся гербам “Пагоня”. Родавы маёнтак знаходзіўся ў Чартарыйску, што на рацэ Стыр Луцкага павета. У канцы ХVІ стагоддзя сталі католікамі.

Пачатак роду паклаў сын Альгерда Канстанцін. Сын Канстанціна Васіль, які знаходзіўся пры двары караля польскага і найвышэйшага князя літоўскага Ягайлы, пакінуў пасля сябе сыноў Івана, Аляксандра і Міхаіла. Гэта яны арганізавалі ў 1440 годзе змову супраць вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. Як і многія іншыя, лічылі, што кароль паводзіць сябе надзвычай жорстка, не апякуецца інтарэсамі Княства. Вырашылі пазбавіць яго жыцця. Да Чартарыйскіх далучыліся ваяводы віленскі Доўгірд і трокскі Лелуш.

Была ноч перад Вербнай нядзеляй. Жыгімонт Кейстутавіч знаходзіўся ў малельні свайго Старатрокскага замка. Даўно ўжо князь нікому не давярае, жыве насцярожана і адзінока. Толькі прыручаная мядзведзіца можа свабодна хадзіць па пакоях.  Але і яна не адчула ніякай бяды. А небяспека была ўжо блізка. Пад покрывам цемры ў Троках з’явіўся абоз з сенам – ажно 300 падвод. На кожнай хавалася па пяць воінаў. Адны заехалі на двор, іншыя акружылі замак. Аляксандр Чартарыйскі і кіеўскі баярын Скабейка падышлі да капліцы. Дзверы зачынены. Чартарыйскі заўважыў любімую каралеўскую мядзведзіцу, і здагадка прыйшла адразу. Князь пашкрабаў па дзвярах пазногцямі – як мядзведзь. Жыгімонт загадаў адчыніць. Чартарыйскі і Скабейка ўвайшлі ў малельню. Што і як там адбывалася, пра тое дагэтуль спрачаюцца гісторыкі. Адно вядома – душа князя адляцела на неба.

Пачалося следства. Ад пакарання Івану давялося хавацца. І толькі  вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч дараваў яму. Іван вярнуўся на Валынь, служыў пры двары вялікага князя Свідрыгайлы. Аляксандр жа ўцёк у Маскву. Там далучыўся да Дзмітрыя Шамякі, які быў у сварцы з вялікім князем маскоўскім Васілём ІІ Цёмным, сынам Соф’і Вітаўтаўны. За жонку Аляксандр узяў дачку Шамякі княжну Марыю. Атрымаў пасад намесніка ў Пскове, пазней у Вялікім Ноўгарадзе. Аднак ад прысягі маскоўскаму князю адмовіўся, вярнуўся ў Княства. Ад яго пайшла лагойская лінія Чартарыйскіх.

Міхаіл пасля забойства Жыгімонта з’ехаў у Венгрыю. Меў асаблівы давер ад караля польскага Уладзіслава Варненьчыка з роду Ягелонаў, выконваў яго адказныя даручэнні. Калі кароль згінуў у бітве з туркамі ля балгарскай Варны, Міхаіл вярнуўся на свае землі.

Перакрыжаваныя шлюбы параднілі Чартарыйскіх з многімі вядомымі родамі. Напрыклад, дачка віленскага кашталяна, падканцлера Вялікага княства Літоўскага Казіміра Чартарыйскага Канстанцыя ў 1720 годзе стала жонкай генерал-лейтэнанта польскага войска Станіслава Панятоўскага.  Неўзабаве яны набылі маёнтак Воўчын – цяпер вёска ў Камянецкім раёне. На многія дзесяцігоддзі ён стаў цэнтрам палітычнага, культурнага і грамадскага жыцця.

Тут нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Канцлер Вялікага княства Літоўскага Міхаіл Фрыдэрык Чартарыйскі збудаваў у Воўчыне ў стылі барока велічны ансамбль-рэзідэнцыю на 36 пакояў. Шматлікія водныя аздобы надавалі палацу падабенства да французскага Версаля. У палацы працавала капэла, выступалі вядомыя артысты, музыканты, паэты, мастакі. У Воўчыне гасцілі  міністры, паслы, іншыя вядомыя людзі з усіх краёў. Тройчы на год тут праводзіліся вялікія кірмашы.

Чартарыйскія маглі прэтэндаваць нават на каралеўскі пасад. Гэткую прапанову атрымаў Адам Казімір Чартарыйскі. Але ён адмовіўся на карысць свайго стрыечнага брата Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Права на высокую пасаду Адаму давалі грунтоўная адукацыя, выдатныя палітычныя якасці і арганізатарскія здольнасці. Сам ён нарадзіўся ў Гданьску, за жонку меў багатую дачку паморскага ваяводы графа Яна Ежы Флемінга Ізабэлу Дароту. У яе гонар бацька назваў пабудаванае ля Ваўкавыска мястэчка Ізабэлін.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнткі Адама Казіміра апынуліся ў Аўстрыі. Ён з’яўляўся фельдмаршалам аўстрыйскага войска. Аднак трапіў у палон да князя Іосіфа Панятоўскага, стаў падданым Польшчы, яму даверылі пасаду маршалка варшаўскага сейма. Калі пакінуў палітычную дзейнасць, жыў у Пулавах (цяпер Люблінскае ваяводста). Займаўся літаратурнай і тэатральнай крытыкай,  палітычнай публіцыстыкай, пісаў камедыі. У 1817 годзе з’ехаў у Галіцыю, а Пулавы аддаў сыну Адаму.

Адам яшчэ ў дзяцінстве, якое праходзіла ў Воўчыне, марыў здзейсніць тры вялікія справы: напісаць багатырскую паэму, атрымаць перамогу ў вялікай бітве і ўратаваць Польшчу. І дабіўся свайго. За ім замацавалася слава вядомага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, бібліяфіла, асветніка. Стварыў Адам і свае літаратурныя творы, сярод якіх кнігі мемуараў “Бард польскі”, “Мемуары князя Адама Чартарыйскага”, “Жыццё Юльяна Урсына-Нямцэвіча”.

Як і іншыя Чартарыйскія, Адам вельмі любіў падарожнічаць, наведаў шмат краін. Падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Пасля паразы ў якасці добраахвотнага палоннага разам з братам паехаў да Кацярыны ІІ, каб вярнуць адабраныя ёю ўладанні. Наладзіў прыязныя адносіны з расійскім імператарам Аляксандрам І, стаў яго блізкім дарадцам.

Быў паслом Расіі ў Сардзініі. Меў план адраджэння Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў іхніх ранейшых межах. З’яўляўся міністрам замежных спраў Расіі, членам Дзяржаўнага савета, сенатарам.